Рада БНР: Рэферэндум 1996 года стаў вырашальным этапам канстытуцыйнага перавароту ў Беларусі

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі з нагоды 20-й гадавіны канстытуцыйнага рэферэндуму выступіла з заявай, у якой заклікае ўлады Беларусі да правядзення датэрміновых свабодных і дэмакратычных выбараў ва ўсе органы ўлады.

"У гэтыя дні спаўняецца дваццаць гадоў пасля сумнавядомага рэферэндуму, які быў праведзены ўладамі Беларусі ў 1996 годзе. Рэферэндум быў арганізаваны і праведзены з істотнымі парушэннямі тагачаснага беларускага заканадаўства, што робіць ягоныя вынікі юрыдычна нядзейснымі. Ён стаў вырашальным этапам канстытуцыйнага перавароту, здзейсненага групай асобаў на чале з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам", — адзначаецца ў заяве.

На думку яе аўтараў, рэферэндум стаў фармальным прыкрыццём для канчатковага знішчэння дэмакратычных здабыткаў Беларусі канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў. Беларускае грамадства і беларускі парламент былі канчаткова пазбаўленыя кантролю над выканаўчай уладай, быў нанесены ўдар па мясцовым самакіраванні, а перанос Дня Незалежнасці Беларусі стаў чарговым ударам па беларускіх нацыянальных каштоўнасцях. Беларусь была ператвораная ў апошнюю дыктатуру на Еўрапейскім кантыненце, якою яна застаецца вось ужо 20 гадоў, лічаць прадстаўнікі Рады БНР.

Падкрэсліваецца, што "канстытуцыйны пераварот 1995—1996 гадоў прывёў да міжнароднай ізаляцыі Беларусі, паставіў яе ў надзвычай высокую залежнасць ад Расіі, пазбавіў перспектыў еўрапейскай інтэграцыі, што прадстаўляе непасрэдную небяспеку дзяржаўнаму суверэнітэту Беларусі". "Гэтая небяспека зрабілася асабліва востраю пасля падзеяў ва Украіне ў 2014 годзе", — падкрэслівае Рада БНР.

Пры гэтым арганізацыя адзначае "дэструктыўную ролю Расійскай Федэрацыі ў перавароце 1995—1996 гадоў". "Расійская Федэрацыя ў асобе прэзідэнта Барыса Ельцына, кіраўніцтва ўрада, Дзяржаўнай думы і Рады Федэрацыі аказала непасрэдную падтрымку ўсталяванню аўтарытарнага рэжыму А.Лукашэнкі, праігнаравала яскравыя факты парушэння правоў чалавека і дэмакратычных стандартаў уладамі Беларусі тады і ў наступныя гады", — сказана ў заяве.

На думку прадстаўнікоў Рады БНР, "вяртанне Беларусі на шлях будавання дэмакратычнай прававой дзяржавы, з якога яна збочыла ў 1996 годзе, ёсць жыццёвая неабходнасць і найважнейшы прыярытэт з пункта гледжання беларускіх нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў".

Рэферэндум 24 лістапада 1996 года быў праведзены з ініцыятывы Лукашэнкі. Паводле яго вынікаў былі ўнесеныя змены ў Канстытуцыю, якія апроч іншага працягнулі тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі на два з паловай гады. Вынікі рэферэндуму не былі прызнаныя сусветнай супольнасцю — Еўрасаюзам, ЗША, АБСЕ, іншымі міжнароднымі структурамі.

Рада БНР называе сябе беларускім урадам у выгнанні, "найвышэйшай установай і адзіным праўным прадстаўніцтвам суверэнных правоў беларускага народа‚ выяўленых у праватворчым Акце 25 сакавіка 1918 года‚ зафіксаваным Трэцяй устаўной граматай БНР". Рада БНР працуе ў краінах, дзе ёсць яе прадстаўнікі: у ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і інш.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение