8 фактаў, якія нам неабходна ведаць пра былога прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса

Ніколі не браў адпачынку, стаў донарам, пісаў вершы – што вам варта ведаць пра найбуйнейшага палітыка Ізраіля, які паходзіць з нашага рэгіёна.

Фота euroradio.fm.

1. Чалавек, якім захапляецца ўвесь свет, нарадзіўся у мястэчку Вішнева на Валожыншчыне 2 жніўня 1923 года.

У год нараджэння Сямёна Перскага, будучага Шымона Перэса, у Вішневе жыло каля 200 яўрэйскіх сем’яў. Яго бацька працаваў лесніком і зрэдку бываў дома. Таму Сямён прывязаўся да дзеда – вясёлага шаўца, знатака святой кнігі Торы і яўрэйскай паэзіі. Дзед, па словах Перэса, быў крыніцай мудрасці.

Ён прыгадвае: «Мае бацькі не былі артадоксамі, я быў. Аднойчы, калі ў Шабат я пачуў, што бацькі слухаюць радыё, я зламаў яго».

Усе вішнеўскія яўрэі былі сіяністамі і марылі трапіць на святую зямлю Палесціны. У 1931 годзе такі выпадак выпаў бацьку Сямёна. А праз два гады, разбагацеўшы на гандлі збожжам, і адчуўшы, што цвёрда стаіць на нагах, ён выклікаў да сябе жонку і дзяцей. Вясной 1933 года маці з Сямёнам і яго малодшым братам Гіршам далучылася да галавы сям’і.

2. Знакаміты палітык пісаў вершы.

Сямён на ўсё жыццё палюбіў паэзію. У дзевяць гадоў у Вішневе напісаў свае першыя вершы. Некаторыя з іх ён паслаў Хаіму Нахману Бяліку – вялікаму нацыянальнаму паэту. Бялік адказаў хлопчыку, адзначаючы яго адоранасць.

Ён аўтар артыкулаў і кніг на палітычныя тэмы. Перакладаў літаратурныя творы.

Фота Bymedia.net.

3. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру.

Заслугі Перэса перад Ізраілем і светам прызнаюць як сябры, так і сапернікі.

Перэс пачаў палітычную кар’еру яшчэ ў канцы 1940-х, у камандзе легендарнага ізраільскага прэм’ера Бэн-Гурыёна. Пасля ён прызначаўся міністрам абароны, кіраўніком МЗС, двойчы выконваў абавязкі прэм’ера. Але «зорны час» Перэса – гэта 1993 год, тады ён быў «другім нумарам» у камандзе Іцхака Рабіна.

Дзякуючы намаганням Перэса Ізраіль падпісаў пагадненне з Арганізацыяй вызвалення Палесціны, з Ясірам Арафатам. Год пазней Перэс, Рабін і Арафат становяцца нобелеўскімі лаўрэатамі. Яшчэ праз год Рабіна заб’юць.

«Я веру ў тое, што мір настане ў самым блізкім будучым, нягледзячы на ўсе цяжкасці і праблемы. Таму што ў ізраільцянаў і палесцінцаў няма іншай альтэрнатывы, акрамя як жыць у згодзе», – кажа Шымон Перэс. 

4. Двойчы прыязджаў у роднае Вішнева – у 1998 і 2004 гадах.

15 студзеня 1998 года Сямён Перскі, а цяпер ужо славуты на ўвесь свет палітык і міратворца Шымон Перэс зноў піў ваду з вішнеўскай студні.

Фота Bymedia.net.

5. Быў амаль на ўсіх галоўных пастах Ізраіля.

Быў на кіраўнічых пасадах міністэрстваў абароны, фінансаў, інфармацыі, замежных спраў, рэгіянальнага развіцця. Ён некалькі разоў прайграваў сваім апанентам у барацьбе за пост прэзідэнта, але ў 2007 годзе ўсё ж стаў ім. Пасля прысягі ён заявіў, што Ізраіль павінны выконваць міратворчую ролю.

6. Пасля смерці стаў донарам.

Як паведамляе Reuters, ён ахвяраваў рагавіцы вачэй для трансплантацыі таму, хто мае ў іх патрэбу.

7. Ніколі не браў адпачынку.

Бі-бі-сі прыгадвае словы палітыка: «Людзі ідуць у адпачынак – пустая трата часу. Мне ўжо 90, і я ніколі не быў у адпачынку».

8. За год да смерці, у 92 гады, ён прыехаў у Кіеў, дзе выступіў з надзвычай мудрай прамовай.

Фота Bymedia.net.

Вось некаторыя ўрыўкі (тэст цалкам дае «Наша ніва»):

– Да гэтага часу я кажу маладым хлопцам або дзяўчатам: сябры, у вас ёсць значна больш, чым вы думаеце. Не лянуйцеся. У вас ёсць значна больш, чым зямля вам можа прапанаваць. Вы можаце вырабляць рэчы, якія не дадзеныя вам. Гэта ўрок для ўсіх.

– Патэнцыял ва ўсіх людзей – вельмі вялікі. Але ўсе яны трошкі гультаяватыя. Калі хочаце чагосьці дамагчыся, трэба працаваць. Першае – людзі павінны былі стаць мужнымі і храбрымі. Яны павінны былі зразумець, што ў нас няма выбару – мы павінны толькі перамагчы. Калі мы хоць адзін раз прайграем – усё.

– Што вы хочаце памятаць? Усе зробленыя вамі памылкі? На гісторыю нельга абапірацца. Гісторыкі былі вестунамі каралёў і тых, хто быў пры ўладзе – яны казалі тое, што трэба.

– Мяне пытаюцца часам: калі азірнуцца назад, якімі былі вашы самыя вялікія памылкі? Я адкажу: мы думалі, што ў нас вялікія мары. А цяпер разумеем, што яны былі не такімі ўжо вялікімі. Трэба марыць пра большае. Чым большая ваша мара, тым большага вы даможацеся.

– Яшчэ людзі пытаюць мяне, як заставацца актыўным. Гэта вельмі проста. Лічыце у галаве вашы дасягненні і мары. Калі вашых мараў больш, чым дасягненняў – значыць, вы ўсё яшчэ маладыя. Калі наадварот – вы старыя.

Фота Bymedia.net.

Біяграфія

1923. Шымон Перэс (Сямён Перскі) нарадзіўся ў Вішневе Валожынскага павета.

1934. Сям’я эмігрыруе ў Палесціну.

1945. Ажаніўся з Соні Гелман, якая пазбягала публічнасці. У Перэса два сыны і дачка.

1977. Становіцца лідэрам працоўнай партыі «Авода» і прэм’ер-міністрам Ізраіля.

1984. Прэм’ер-міністр першай паловы перыяду кіравання кааліцыйнага ўрада партыі «Авода» разам з партыяй «Лікуд».

1986. Прадстаўнік прэм’ер-міністра ва ўрадзе Іцхака Шаміра.

1988. Міністр фінансаў у новым кааліцыйным урадзе.

1992, чэрвень. Міністр замежных спраў.

1993, 13 верасня. Падпісвае мірнае пагадненне ў Осла.

1994, 10 снежня. Атрымлівае Нобелеўскую прэмію міру разам з палесцінскім лідэрам Ясірам Арафатам і Іцхакам Рабіным.

1995, лістапад. У сувязі з забойствам Рабіна становіцца новым прэм’ер-міністрам.

1996, 21 мая. Прайграе выбары на пасаду прэм’ер-міністра Бэнджаміну Нетаніяху.

2007–2014. Прэзідэнт Ізраіля.

28 верасня 2016 года пайшоў з жыцця пасля інсульту.

«Рэгіянальная газета»