Амэрыканскі рэдактар Алексіевіч: «Я ня ведаў, што можна спаць на печы»

На гэтым тыдні пачынаецца амэрыканская паездка Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Напярэдадні дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук наведаў выдавецтва Random House у Нью-Ёрку, якое выпусьціла кнігу «Час second hand», і гутарыў з рэдактарам кнігі Сэмам Нікалсанам.

Выдавецтва Penguin Random House — самае вялікае ў сьвеце, з аб’ёмам продажаў больш за чатыры мільярды даляраў — упершыню выпусьціла кнігу аўтара зь Беларусі. На вокладку вынесены словы Нобэлеўскага ляўрэата 2003 году Джона Кутзээ « Зачароўвае… Аркестар Алексіевіч выконвае багатую сымфонію расейскіх галасоў, якія расказваюць свае гісторыі любві і сьмерці, радасьці і бяды«. Тэкст ад выдавецтва таксама апісвае кнігу музычнай — і «расейскай/рускай» — тэрміналёгіяй: «magnum opus, сымфанічная вусная гісторыя распаду Савецкага Саюзу і нараджэньня новай Расеі». У рэклямных матэрыялах, адрасаваных амэрыканскаму чытачу, паняцьці «Расея, рускі, расейскі» часта выкарыстоўваюцца як сынонімы «Савецкі Саюз, савецкі, пост-савецкія краіны, народы» — без увагі на гэтыя важныя для эўрапейцаў і саміх герояў кнігі адрозьненьні. Як спрабавалі патлумачыць мне ў Нью-Ёрку, гэта ідзе ня столькі ад няведаньня ці патрабаваньняў маркетынгу, колькі ад асаблівасьці самой амэрыканскай культуры, якая базуецца не на мове ці нацыянальнай прыналежнасьці, а на фэномэне іміграцыі.

Аляксандар Лукашук (Радыё Свабода): Як вам як рэдактару было працаваць над гэтай кнігай?

Сэм Нікалсан (Sam Nickolson, Random House): З радасьцю! Гэта быў вельмі інтэнсіўны пэрыяд — у мяне было тры тыдні на рэдагаваньне перакладу. Тры тыдні на 500-старонкавую кнігу — гэта вельмі напружанае рэдагаваньне. Гэта быў вельмі напружаны досьвед, бо гэта вельмі моцная, эмацыйна зараджаная кніга. Але гэта была радасьць.

АЛ: А як вы ўспрынялі навіну пра Нобэлеўскую прэмію?

СН: Random House набыў правы амаль адразу пасьля прысуджэньня, на працягу тыдня. Хаця гуманізм творчасьці Сьвятланы Алексіевіч вельмі ўнівэрсальны, аднак тэма вырашаецца праз прызму Савецкага Саюзу, праз «савецкага чалавека». Таму рашэньне пра прэмію для мяне было вельмі цікавым. Я думаў, што Нобэлеўскую прэмію прысудзяць за нешта больш «агульначалавечае». Яна, канечна, заслужаная, але…

АЛ: Ну, як прыклад унівэрсальнасьці, у Парыжы праходзіў фэстываль спэктакляў паводле «Чарнобыльскай малітвы», і на працягу месяца сваю пастаноўку паказвалі тэатры са Швэцыі, Швэйцарыі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Польшчы, Францыі… Кнігі Алексіевіч вельмі папулярныя ў розных краінах Эўропы. Але вернемся да кнігі — вы казалі пра радасьць рэдагаваньня?

СН: Ведаеце, прэмія — гэта цудоўна, і само сабой я ганаруся, што мы публікуем ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі. Але яшчэ больш я ганаруся тым, якая гэта кніга, якога кшталту. Коратка пра сябе: мае дзед і баба перажылі Галакост. Яны родам з Польшчы, Лодзь і Варшава, і перажылі Аўшвіц. У Амэрыку прыехалі, ня ведаючы ані слова па-ангельску. Я зь імі праводзіў шмат часу, бо мае бацькі працавалі дапазна. І я ўвесь час чуў іх расповеды пра той час. Гэта такі ўрок значнасьці гісторый простых людзей. І калі я быў малы, яны расказвалі вельмі аблегчаную вэрсію падзеяў. Калі я падрос, толькі тады я пачаў разумець усю іх складанасьць. Для мяне было вельмі важна зразумець, што тую самую гісторыю можна расказаць па-рознаму.

АЛ: І вы гэта ўсьведамлялі, калі слухалі?

СН: Абсалютна. Я надаваў гэтаму вялікую ўвагу. І я ганаруся гэтай кнігай Алексіевіч менавіта таму, што там ёсьць праўда і складанасьць гісторый простых, звычайных людзей. Сіла і здольнасьць аўтара так расказаць гэтыя гісторыі, даць гісторыю эпохі праз гісторыі людзей, на маю думку, надзвычай уражваюць. Я ня ведаю, ці хто калі-небудзь зрабіў падобнае. Я дакладна ніколі ня бачыў менавіта такога партрэту. Форма кнігі, на маю думку, унікальная. Гэта была радасьць.

АЛ: У выданьні Random House зьменены аўтарскі падзагаловак: замест «чырвонай утопіі» стала «апошнія з савецкіх людзей» («The Last of the Soviets»).

СН: Так, мы палічылі, што «чырвоная ўтопія» будзе менш зразумелая. «Апошнія з савецкіх» таксама праясьняюць геаграфію і час для чытачоў.

АЛ: А што яшчэ вам як рэдактару трэба было мяняць, каб было зразумела амэрыканскаму чытачу?

СН: Напрыклад, «мазанкі» ці «зямлянкі». Амэрыканцы ня ведаюць, што гэта, такога няма у нашым лексыконе. Звычайна гэта пытаньне тэрміналёгіі. Яшчэ прыклад — там быў такі радок пра людзей, якія спалі на печы. Я ніколі ня чуў, каб так людзі спалі! Я спытаўся перакладчыцу, Бэлу Шаевіч, можа гэта памылка? Чаму?! Можа, яна мела на ўвазе — каля печы? Я ніяк ня мог гэта ўявіць. Іншымі словамі, праблемы заўсёды былі такога культурнага кшталту. Але што тычыцца сэнсу гэтых гісторый — а яны вельмі прывязаныя да часу і месца — яны маюць вельмі ўнівэрсальныя тэмы. І ў мяне ніколі не было праблем з разуменьнем гэтых гісторый. І, канечне, Бэла выканала гіганцкую перакладчыцкую працу, і мая праца была параўнальна лёгкай.

АЛ: Хто з жывых амэрыканскіх пісьменьнікаў заслугоўвае Нобэлеўскай прэміі?

СН: Проста так сходу… Дон ДэЛіла. Філіп Рот. Я думаю, Джоан Дыдыён — гэта было б у жанры нон-фікшн. Дэніс Джонсан. Маргарэт Этвуд таксама заслугоўвае…

АЛ: Сьвятлана Алексіевіч — пісьменьніца зь Беларусі. Што, па-вашаму, амэрыканскі чытач ведае і будзе ведаць пра Беларусь пасьля гэтай кнігі?

СН: Я сам трохі ведаю… Але дакладна ведаю больш пасьля працы над гэтай кнігай і вывучэньня творчасьці Сьвятланы. Амэрыка — незвычайная краіна ў сэнсе культуры. Наша культура базуецца не на нацыянальнасьці ці мове. Літаратура іншых народаў вельмі часта пра групу людзей з адной гісторыяй і агульнай мовай, і з гэтай мовы вырастае іх культура. Асноваўтваральны прынцып у Амэрыцы — іміграцыя. Для амэрыканскага рамана — нават калі ён не пра іміграцыю — гэта больш важная частка нашай культуры. Гэта фундамэнтальная рыса Мэлвіла, гэта фундамэнтальна для Фолкнэра, для Ралфа Элісана, для Хэмінгуэя. Таму што гэта робіць нас нацыяй. Мы нацыя імігрантаў.

***

Random House таксама набыў правы на яшчэ дзьве кнігі Сьвятланы Алексіевіч — «У вайны не жаночае аблічча» і «Апошнія сьведкі», якія заплянаваныя да выхаду ў 2017 годзе.

Ад рэдакцыі: На гэтым тыдні пачынаецца амэрыканскае падарожжа Сьвятланы Алексіевіч. Яна будзе выступаць у Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы, у Публічнай бібліятэцы ў Брукліне, у Вашынгтоне імпрэзу ў гонар Нобэлеўскай ляўрэаткі ладзіць Нацыянальны фонд дэмакратыі, заплянаваныя сустрэчы зь беларускай дыяспарай, з рэдкалегіяй газэты The Washington Post, іншымі СМІ.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение