Багдан Андрусішын: «Апошнія чвэрць стагоддзя адной нагой жыву ў Еўропе, другой – у Амерыцы»

Чым Данчыка расчаравала прафесія адваката? Як працяглы адпачынак дапамог яму пераехаць у Еўропу? Чаму ён не пабаяўся сесці на «Тытанік»? На гэтыя і іншыя пытанні «Народнай Волі» адказаў кумір цэлага пакалення, беларускі спявак амерыканскага паходжання Данчык (сапраўднае імя Багдан Андрусішын), які ўпершыню прыехаў у Беларусь з канцэртамі ў далёкім 1989 годзе.

Даваць гэтае інтэрв’ю Данчык не асабліва хацеў.

– На інтэрв’ю я іду са страхам, – прызнаўся вядомы ў свой час выканаўца. – Я не разумею, што яшчэ магу сказаць з таго, што невядома астатнім. Нават калі я быў спеваком, не любіў гутарыць з прэсай. Для мяне галоўнае – спевы, а не што я думаю пра іх. Раскажу вам у тэму такую гісторыю. Калі вялікай шведскай актрысе Грэце Гарба было каля 40 гадоў, яна перастала іграць. Але па Нью-Ёрку за ёй усё роўна хадзіў натоўп. Гарба нікому не давала інтэрв’ю. Калі б яна згаджалася на ўсе прапановы, яе слава заціхла б. Натуральна, я не параўноўваю сябе з Гарба (смяецца). Але павінна заставацца нейкая таямніца.

– Думаю, вашы прыхільнікі дагэтуль не могуць зразумець: чаму вы з такім голасам не сталі прафесійным спеваком?

– Пасля ўніверсітэта я вучыўся ў прыватнай акцёрскай школе. Аднойчы да нас прыйшла знакамітая актрыса Джэйн Фонда, уладальніца двух “Оскараў”. Запомніў яе фразу: “Калі вы не прачынаецеся і не ідзяце спаць з думкай, як стаць зоркай, кідайце гэтую прафесію”. Фонда была дачкой Генры Фонда, вялікага галівудскага акцёра, таксама ўладальніка “Оскара”. Яна казала, што мела тое, чаго не маюць іншыя (знаёмствы з прадзюсарамі, рэжысёрамі). Але нават ёй было вельмі цяжка прабіцца. Тое самае з музыкай. Я вельмі любіў спяваць, але для самога сябе. Мне не было патрэбна прызнанне. З іншага боку, я думаў: калі маеш Божы дар, трэба ім дзяліцца. Таму я даваў канцэрты. Але зрабіць спевы прафесіяй я не адважыўся. У шоу-бізнесе выбіваюцца адзінкі. У мяне не было прагі да сцэны. Я занадта практычны і патрабавальны да самога сябе. Ведаў, што мушу мець нейкую прафесію, з якой буду зарабляць сабе на хлеб.

– Па адукацыі вы…

– Журналіст. Калі мне было 20 гадоў, трэба было вызначацца з будучай прафесіяй. Цяпер вельмі модна браць адзін год паўзы, каб падумаць. Але я не хацеў адкладваць адукацыю. У якасці варыянта думаў пра псіхалогію. Але для гэтага патрабавалася доўга вучыцца. Я не бачыў перспектыў. А вось з журналістыкай усё было прасцей. Я заўсёды ўмеў добра пісаць. Тады прадстаўнікі гэтай прафесіі яшчэ маглі добра зарабляць (цяпер кожны, хто мае фотаапарат, тэлефон і акаўнт у “Фэйсбуку”, з’яўляецца журналістам). Гэта была практычная прафесія, таму я падумаў, што мне будзе лёгка ў ёй. Да таго ж журналістыка тады з’яўлялася моднай. Да Уотэргейта (скандал у ЗША, калі журналісты выявілі, што прэзідэнт-рэспубліканец Рычард Ніксан загадаў праслухоўваць сваіх канкурэнтаў з Дэмакратычнай партыі) яна не карысталася асаблівай папулярнасцю. Пасля Уотэргейта адмысловыя факультэты сталі ўзнікаць нібы грыбы пасля дажджу. У 1980-м, калі я атрымаў дыплом, факультэт журналістыкі быў і ў Калумбійскім універсітэце, і ў маім родным Нью-Ёркскім.

– Але ж вы не пайшлі працаваць у газету або часопіс.

– Тады я быў не гатовы працаваць журналістам. У Амерыцы трэба думаць пра дах над галавой. Ёсць дзве прафесіі, якія цябе забяспечаць: адвакат і доктар. Каб стаць прафесіяналам у абедзвюх, трэба шмат гадоў вучыцца. Я вырашыў стаць адвакатам, пачаў працаваць у фірме і адначасова наведваў курсы. Некалькі гадоў займаўся адміністрацыйнымі справамі і ўдосталь наглядзеўся на закуліссе. Напрыклад, нехта прыходзіць рабіць тэстамент. Я бяру “рыбу” – гатовы ўзор, куды ўстаўляецца патрэбная інфармацыя. Потым прыходзіць адвакат і выстаўляе рахунак на 500 долараў, хоць асабліва не ў курсе справы. Мне стала гэта нецікава. Зразумеў, што марную маладыя гады. Таму я перайшоў у фінансавую кампанію, якая перакупляла даўгі. Сем-восем гадоў працаваў менеджарам аддзела кадраў. Праводзіў першаснае інтэрв’ю, пісаў у газеты тэксты аб’яў, што мы шукаем супрацоўнікаў.

– Цікава, вашы калегі ведалі, што побач з імі працуе папулярны беларускі спявак?

– Не. Не буду ж я сам пра сябе расказваць. Давялося “раскалоцца” толькі ў 1989 годзе. Я збіраўся ў Беларусь на месяц (мяне запрасіў Леанід Барткевіч, зорка “Песняроў”, я пазнаёміўся з ім у Амерыцы). Таму давялося прасіць адпачынак за ўласны кошт і тлумачыць, навошта ён патрэбны. Начальства паставілася з цікавасцю. З падарожжа прывёз ім фотаздымкі і выразкі з газет, якія потым віселі ў кампаніі на стэндах. Шчыра прызнацца, я ехаў не на канцэрты, а каб сустрэцца з маім дзядулем, якога ніколі не бачыў. Яшчэ да вайны ён развёўся з бабуляй, трапіў у войска. А яна засталася на акупаванай тэрыторыі. Паколькі разам з другім мужам яна працавала ў арганізацыі “Беларуская народная самапомач” (была створана для дапамогі беларусам, пацярпелым ад вайны), у 1944-м яны эмігрыравалі. Разам з імі з’ехала і мая прабабуля, родная сястра Антона і Івана Луцкевічаў, а таксама мая 12-гадовая маці. Дарэчы, яна з’яўляецца аўтарам кнігі ўспамінаў “Забыццю не адданае”, якую жадаючыя могуць набыць у мінскім бюро Радыё Свабода. Дык вось, наша сям’я трапіла ў Нямеччыну, адтуль у ЗША. А дзядуля застаўся, стварыў новую сям’ю. Зараз адна з маіх цётак жыве ў Беларусі, другая – у расійскім Іжэўску.

– Цяпер імя Данчык асацыіруецца з Радыё Свабода. Як вы туды трапілі?

– Мая фірма знаходзілася на Брадвеі, на 50-й вуліцы. А Радыё мела сваю сядзібу недалёка, на 57-й вуліцы. Начальнікам нью-ёркскага бюро тады працаваў Ян Запруднік, стары сябра сям’і. Мая бабуля шмат гадоў працавала з ім на Свабодзе. Зрэшты, мы пазнаёміліся б з ім і так: беларуская эміграцыя была параўнальна невялікай, таму ўсе ведалі адзін аднаго. Аднойчы мне патэлефанаваў Запруднік і запрасіў да сябе на абед. Я прыйшоў, хоць не ведаў, у чым справа. Высветлілася, што ён сыходзіць на пенсію і запрашае заняць яго месца. Гэта прапанова перакуліла маё жыццё. У глыбіні душы я не думаў, што адкажу згодай. Ішоў 1992 год. Хадзілі чуткі, што Радыё Свабода хутка зачыняць. Нашто мне было сядаць на “Тытанік”, у нью-ёркскім аддзяленні якога працавала з дзясятак чалавек (смяецца)? У мінулым, калі на Свабодзе яшчэ працавала мая бабуля, офіс літаральна кішэў людзьмі. Але сумоўе мусіла праходзіць у Мюнхене. Я падумаў: чаму б не з’ездзіць у Еўропу? Усё ж аплачана (смяецца). Там мне спадабалася. Але на сумоўі прапанавалі працу не ў Амерыцы (неўзабаве мясцовае бюро наогул закрылі), а ў Мюнхене. Давялося рабіць выбар. Я ніколі не думаў, што пакіну Нью-Ёрк, які вельмі любіў. Да таго ж я не ведаў нямецкай мовы. Але ўсё ж такі прыняў рашэнне. Натуральна, было цяжка. Тады свет быў нашмат меншы, чым зараз. Людзі, якія пераязджаюць на іншыя кантыненты, не адчуваюць сябе такімі адарванымі ад усяго роднага. Я адпраўляў лісты за акіян. Тэлефанаваў рэдка, бо званкі каштавалі вельмі дорага.

– Але чаму вы згадзіліся на пераезд?

– Для мяне гэта быў цяжкі выбар. Я думаў: калі не паеду, ніколі сабе не прабачу, бо заўсёды буду думаць: “А што, калі б…” Я мусіў сабе даказаць, што не баюся. Гэта была галоўная матывацыя. Змяніць жыццё і паглядзець, ці змагу жыць у чужой краіне. Зрэшты, я вам прызнаюся, што была і празаічная прычына. У ЗША я пасля пяці гадоў працы меў толькі тры тыдні вакацый. А на Радыё Свабода мне адразу далі шэсць тыдняў. Не хапіла сіл ад такога адмовіцца (смяецца).

– Але ж вы 12 гадоў не працавалі па спецыяльнасці. Прыйшлося цяжка?

– Так, але не толькі па гэтай прычыне. Дагэтуль я карыстаўся беларускай мовай толькі ў што-дзённым жыцці. Трэба было засвоіць новую лексіку, у тым ліку палітычную. Мне часта даводзілася быць перакладчыкам, прадзюсарам, манціраваць стужкі. Першыя гады было вельмі складана. Хоць праца была цікавая з самага пачатку. У 1990-я гады яшчэ ішлі размовы, што Радыё Свабода зачыняць. Потым мы пераехалі ў Прагу, і адкрылася новае дыханне. З пачатку 2000-х я намеснік дырэктара Радыё Свабода. Займаюся ўсім: ад рэдактарскіх задач да адміністрацыйных.

– Вашы прыхільнікі даўно не бачылі вас у Беларусі…

– Згодны, апошні раз я быў у Беларусі вельмі даўно, больш за дзесяць гадоў таму. Але мая праца працягваецца 10 гадзін на дзень. Стамляюся. Ды апошнія чвэрць стагоддзя адной нагой жыву ў Еўропе, другой – у Амерыцы, дзе жыве мая старая хворая мама. Ёсць і свае побытавыя праблемы. Зрэшты, мая праца – і ёсць Беларусь, тое, што там адбываецца.

– Калі з’яўляецца вольная хвілінка, чым займаецеся?

– Мае хобі традыцыйныя: чытаю, гляджу фільмы. Наогул, з кнігай я кожны дзень. Па шчырасці, часцей чытаю па-англійску. Але з кнігамі Святланы Алексіевіч буду знаёміцца ў арыгінале. Пры перакладзе шмат губляецца.