Ігар Іваноў: Беларуская царква стане першым царкоўным драўляным будынкам, пабудаваным у Лондане з сярэдзіны 17 стагоддзя

На сядзібу Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” 4 студзеня завітаў сакратар Апякунскай рады Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны  ў Лондане спадар Ігар Іваноў. Ён распавёў пра працу бібліятэкі  і падзяліўся навінамі беларускага жыцця ў Лондане.

Пра Скарынаўку, яе карыстальнікаў і сяброў

Па словах Ігара Іванова, галоўным новаўвядзеннем у працы Скарынаўкі сёння ёсць тое, што цяпер бібліятэка працуе штосуботу з 14 да 18 гадзін, і яна адчыненая для ўсіх, не толькі для навукоўцаў.

“Раней такога не было, раней трэба было папярэдне тэлефанаваць і дамаўляцца на сустрэчу, а цяпер можна проста прыйсці ў бібліятэку без папярэдняй дамоўленасці, - кажа Ігар Іваноў. - Такім чынам мы стараемся прыцягваць увагу да Беларусі і беларускай культуры.”

У Скарынаўскай бібіліятэцы, фота: lifeshock.me

У бібліятэку звяртаюцца навукоўцы, студэнты, а таксама і проста брытанцы, якія цікавяцца Беларуссю і хацелі б наведаць Беларусь. Часам яны прыходзяць у бібліятэку, а часам супрацоўнікі бібліятэкі проста дысылаюць патрэбную інфармацыю па электроннай пошце. Прыходзяць таксама беларусы, каб паглядзець экспазіцыю ў музеі.

“Нядаўна звяртаўся да нас Крысціан, студэнт з з краіны баскаў - распавядае Ігар Іваноў. -Крысціян паехаў у Беларусь, каб вывучаць рускую мову, даведаўся пра існаванне беларускай мовы і захацеў вывучыць яе. Ён вельмі прыгожа размаўляе па-беларуску, усё адно як спявае. Зараз ён пачынае пісаць дактарат пра гаворкі заходняга Палесся ў адным з брытанскіх універсітэтаў і звярнуўся ў Скарынаўскую бібліятэку, каб знайсці патрэбныя для працы матэрыялы.”

Скарынаўская бібліятэка з’яўляецца найбуйнейшым сховішчам беларускіх і беларусазнаўчых выданняў па-за межамі Беларусі. На сённяшні дзень вельмі важнай і актуальнай задачай з’яўляецца аблічбаванне фондаў бібліятэкі, у якіх захоўваецца больш за 30 тысяч кніг, датычных розных аспектаў беларусазнаўства. Ігар Іваноў паведаміў, што да іх звярнуліся супрацоўнікі электроннай бібліятэкі “Беларуская палічка” і прапанавалі супольна праводзіць аблічбаванне фондаў Скарынаўскай бібліятэкі.

“Мы былі вельмі ўражаныя, што суродзічы з Беларусі самі да нас звяртаюцца, гатовыя ўкладаць свае сродкі і свой час, - кажа Ігар Іваноў. - Яны прапанавалі абсталяванне і экспертызу - самі мы не змаглі б сабе дазволіць набыць такія рэчы.”

Ігар Іваноў расказаў, што нядаўна быў зроблены рамонт у адным з памяшканняў бібліятэкі, і яно здаецца ў арэнду ў якасці кватэры з асобным ўваходам, і такім чынам бібліятэка атрымлівае даход. Па словах суразмоўцы, у далейшым будзе праводзіцца рамонт у іншых памяшканнях бібліятэкі, у першую чаргу плануецца адрамантаваць пакой, у якім маглі б жыць навукоўцы, якія прыязджаюць працаваць у бібліятэцы. Хтосьці з іх будзе жыць бескаштоўна, а хтосьці, хто мае такую магчымасць, будзе плаціць за пражыванне, і такім чынам бібліятэка таксама атрымае дадатковы даход.

Пра беларускую нядзельную школу ў Лондане

У каталіцкай місіі таксама ідзе актыўная праца, - кажа Ігар Іваноў, - рэгулярна праводзяцца багаслужбы.  Была створана школка: падлеткі займаюцца па суботах, а для дзяцей заняткі – у нядзелю. Настаўніца з Беларусі  - Наталля Раманчук - шмат дапапамае ў царкоўных справах і таксама займаецца школай, якую цяпер наведвае 10-12 дзяцей і падлеткаў. Гэта не надта шмат але, з улікам таго што яшчэ крыху больш за год таму ніхто з іх не хадзіў, то гэта значнае дасягненне. Сёлета пад Новы год зладзілі батлейку і таксама каляднае прадстаўленне. Батлейку беларуская грамада ў Лондане ладзіць ужо вельмі даўно, а вось прадстаўленне з удзелам вучняў і іх бацькоў – плён працы новай школы.

Фота Алісан Камерон

Фота Алісан Камерон

“Вельмі прыемна, што дзякуючы школе на нашы  мерапрыемствы разам з дзецьмі сталі прыходзіць бацькі, якіх раней мы не бачылі, - гаворыць Ігар Іваноў. -  Хтосьці з іх беларускамоўны, хтосьці рускамоўны.  Яны даведаліся пра школу, пачалі прыводзіць дзяцей і самі далучыліся да беларускай культуры і дзейнасці беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі”.

Пра будаўніцтва царквы Святога Кірылы Тураўскага

Ужо пачалося будаўніцтва царквы Святога Кірылы Тураўскага, - паведаміў радасную вестку Ігар Іваноў. - Дзесятая частка пректу ўжо зробленая. Хутка пачнуць  заліваць фундамент. А працы павінны скончыць у кастрычніку 2016 года.

Гэта будзе першы беларускі храм-помнік ахвярам Чарнобыльскай катастрофы за мяжой. Аўтар праекта – малады лонданскі архітэктар кітайскага паходжання Цзыўай Рафаэль Со. Для таго, каб стварыць праект, Рафаэль Со спецыяльна прыязджаў у Беларусь, каб на свае вочы ўбачыць помнікі беларускай традыцыйнай драўлянай архітэктуры.

Архітэктар беларускай царквы ў Лёндане Рафаэль Цзыўай Со, фота "Нашай Нівы"

“Рафаэль сапраўды захоплены Беларуссю, збіраецца пісаць магістарскую дысертацыю пра архітэктуру ВКЛ, - гаворыць Ігар Іваноў. - У англамоўным свеце мала пра гэта ведаюць. Таму, як ў свой час Гай Пікарда адкрыў для саміх беларусаў і для замежнікаў беларускую царкоўную музыку, так і Рафаэль, магчыма, адкрые для англамоўнага свету архітэктуру ВКЛ”.

Макет будучай царквы, фота "Нашай Нівы"

Па словах Ігара Іванова, беларуская царква стане першым царкоўным драўляным будынкам,  пабудаваным у Лондане з сярэдзіны 17 ст., калі адбыўся Вялікі пажар.

Пра святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадруку

У кастрычніку Скарынаўскую бібліятэку наведаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша. Візіт быў прымеркаваны да пачатку святкавання ў Вялікабрытаніі 500-годдзя беларускага кнігадруку.

Алесь Суша прывёз у падарунак для беларускай бібліятэкі ў Лондане першыя восем тамоў факсімільнага ўзнаўлення ўсіх скарынавых выданняў і распавёў пра планы па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадруку ў Беларусі і ў замежжы.

Перадача першых васьмі тамоў факсімільнага ўзнаўлення выданняў Францішка Скарыны, фота skaryna.org

Падчас сустрэчы з бібліятэчнай радай былі абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Скарынаўскай бібліятэкай у галіне абмену інфармацыяй, аблічбавання бібліятэчных фондаў Скарынаўкі, арганізацыі выставаў і інш.

Адмыслова да прыезду госця падрыхтавалі выставу рэдкіх старадрукаў з фондаў Скарынаўкі. Прыемнай нечаканасцю для ўдзельнікаў сустрэчы сталася імправізаваная экскурсія па выстаўленых экспанатах, якую правёў Алесь Суша.

Па інфармацыі Ігара Іванова, напрыканцы студзеня будзе пасяджэнне Апякунскай рады бібліятэкі, дзе будуць абмяркоўвацца планы па далейшай працы Скарынаўскай бібліятэкі і па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”