Беларусы Варшавы адзначылі Дзяды

Акцыі ў дзень памяці продкаў прайшлі ў Варшаве і іншых гарадах Польшчы. 

Найбольш масавыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дзядам, адбыліся ў Варшаве. У іх бралі ўдзел блізу 70 чалавек. Беларусы наведалі магілы суайчыннікаў на могілках «Павонзкі» ў польскай сталіцы.
У памятнай акцыі браў удзел лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.
Палітык распавёў прысутным пра тое, як праходзілі першыя Дзяды ў савецкай Беларусі, нагадаў пра сімвалічнасць гэтага дня, з якога пачаўся масавы негвалтоўны супраціў камуністычным уладам.
«Кожны народ павінен памятаць пра тых, хто ствараў яго падмурак. Мы дасягнем поспеху, толькі стоячы на глебе таго, што зрабілі нашы папярэднікі», – падкрэсліў лідар КХП-БНФ.
На могілках «Павонзкі» пахаваныя восем нашых вядомых суайчыннікаў – кампазітар Станіслаў Манюшка, Марыя Ямант – нявеста Кастуся Каліноўскага, родапачынальнік беларускай фатаграфіі Ян Булгак, паэт Вінцэсь Каратынскі, стваральнік шматтомнай працы «Народ беларускі» Міхаіл Федароўскі, кампазітар Мечыслаў Карловіч, пісьменнік Тадэвуш Даленга- Мастовіч, вядомы польскі музыкант Чэслаў Нёман.
Ля кожнай магілы ўдзельнікі акцыі запалілі свечкі, а Зянон Пазьняк распавёў пра пахаваных і эпоху, у якую яны жылі.
«Гэта былі самыя масавыя Дзяды за ўвесь час іх арганізацыі ў Польшчы, – распавёў charter97.org арганізатар акцыі, лідар «Беларускай нацыянальнай памяці» Анатоль Міхнавец. – Асаблівасць сённяшняй акцыі таксама ў тым, што прысутным распавялі не проста пра пахаваных тут беларусаў, але і пра той час, у які яны жылі. На Дзяды мы павінны ўзгадаць не толькі сваіх блізкіх і сваякоў, але і тых прадстаўнікоў нашага народа, якія ахвяравалі сабой дзеля будучыні краіны. Кожны год мы робім адкрыцці ўсё новых пахаванняў людзей, якія зрабілі нешта для Беларусі. Хацелася б звярнуцца да нашых суайчыннікаў у іншых краінах з просьбай дапамагчы ў гэтай справе і шукаць магілы вядомых беларусаў».
Удзельнікі акцыі сустрэлі на могілках былога прэзідэнта Польшчы Браніслава Камароўскага, якія наведваў магілы сваіх родных. Палітык прывітаў беларусаў і сфатаграфаваўся з Зянонам Пазьняком.