Прэзідэнт Польшчы не дазволіў гаварыць і пісаць «па-свойму» ў паветах

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда наклаў вета на абноўлены закон «Аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове», які пашыраў магчымасць выкарыстання моваў нацыянальных меншасцяў на павятовыя органы дзяржаўнай адміністрацыі.

Як паведамляе афіцыйная старонка прэзідэнцкай канцылярыі, вета прэзідэнта было выкліканае ягоным сумневам адносна правільнасці разліку фінансавых наступстваў выкарыстання моваў нацыянальных меншасцяў у органах дзяржаўнай адміністрацыі ў паветах і гмінах. У прыватнасці, прэзідэнт палічыў, што сума 10 тысяч злотых (3 тысячы даляраў) на год для адной павятовай або гміннай управы, якая згадвалася дэпутатамі падчас абмеркавання закону, замалая, каб прафінансаваць выдаткі, звязаныя з цяперашнімі зменамі ў законе аб нацыянальных меншасцях. Закон «Аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове» быў упершыню прыняты польскім парламентам 6 студзеня 2005 года. Ён дазваляе нацыянальным і этнічным меншасцям у Польшчы ў тых гмінах (базавых адзінках тэрытарыяльнага падзелу), дзе меншасці складаюць не менш за 20 адсоткаў насельніцтва, карыстацца сваёй мовай як «дапаможнай» у кантактах з гміннай адміністрацыяй (вусна і пісьмова). Такія гміны спачатку павінны быць унесеныя ў адмысловы дзяржаўны рэгістар. Закон таксама дазваляе ў такіх гмінах усталёўваць дзвюхмоўныя дарожныя табліцы і паказальнікі. Цяперашнія змены да закону аб нацменшасцях пашырылі магчымасць выкарыстання моваў нацменшасцяў на павятовыя органы адміністрацыі. (У Польшчы тры ўзроўні адміністрацыйнага падзелу: гміна — павет — ваяводства). У выпадку беларускай нацыянальнай меншасці на Падляшшы «мову беларускай нацыянальнай меншасці» як дапаможную ўвялі гмінныя органы самакіравання ў Орлі, Чыжах і Гайнаўцы (як вясковая, так і гарадская гмінныя ўправы). У гэтых гмінах беларусы карыстаюцца на штодзень падляскімі гаворкамі (без дзекання, цекання і акання/якання), якія выразна адрозніваюцца ад гаворак беларускай літаратурнай мовы, а таму ў фармальных пастановах знайшлася абачлівая фармулёўка «мова беларускай нацыянальнай меншасці», а не «беларуская мова». Беларуская мова як дапаможная была ўведзеная ў гміне Нараўка, дзе людзі карыстаюцца беларускімі гаворкамі з дзеканнем і цеканнем. Дзвюхмоўныя дарожныя знакі былі ўсталяваныя толькі ў гміне Орля. Закон аб нацменшасцях з цяперашнімі зменамі, на якія наклаў вета Анджэй Дуда, у выпадку беларусаў мог бы даваць права на карыстанне мовай нацменшасці ў адміністрацыі Гайнаўскага павету і, магчыма, Бельскага. Трэба аднак выразна сказаць, што была б гэта ўсяго сімвалічная магчымасць, бо ў Гайнаўскім і Бельскім паветах, дзе пражывае асноўная маса беларусаў у Польшчы, людзі на штодзень карыстаюцца падляскімі гаворкамі, а не гаворкамі беларускай літаратурнай мовы. Паколькі падляшскія гаворкі не маюць прызнанай (у тым ліку і дзяржавай) пісьмовай формы, яны не могуць быць выкарыстаныя ў якасці дапаможнай мовы ў адміністрацыі. А як паказала некалькігадовая практыка ў гмінах Орля, Чыжы і Гайнаўка — беларуская літаратурная мова там у адміністрацыі не ўжываецца, нягледзячы на фармальныя пастановы. Прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў у Польшчы ўспрынялі вета прэзідэнта Анджэя Дуды як прадвесце новага, менш прыхільнага стаўлення дзяржавы да іх. Яны звяртаюць увагу, што Анджэй Дуда быў прэзідэнцкім кандыдатам Права і справядлівасці — партыі, якая пасля выбараў 25 кастрычніка будзе самастойна кіраваць краінай — а дэпутаты гэтай партыі галасавалі супраць зменаў у законе аб нацыянальных меншасцях, якія пашыралі права нацменшасцяў на карыстанне сваёй мовай у Польшчы. Рышард Галля, новаабраны дэпутат ад нямецкай меншасці ў Польшчы, сказаў, што магчымасць выкарыстання дапаможнай мовы датычыць насамрэч чатырох паветаў у краіне: двух з кашубскай этнічнай меншасцю, аднаго з беларускай нацыянальнай меншасцю і аднаго з літоўскай. «Прытым, калі б мы сёння спыталі ў гмінах, якія ўваходзяць у рэгістр гмінаў з выкарыстаннем мовы меншасці ў якасці дапаможнай мовы, мы даведаліся б, што на гэта выдаткоўваюцца сапраўды сімвалічныя сумы, калі яны наогул выдаткоўваюцца» — дадаў Галля. «Здарылася дрэнная рэч», — так прэзідэнцкае вета пракаментаваў адзін з лідараў літоўскай нацыянальнай меншасці ў Польшчы Альгірдас Вайцякаўскас. «Гэта даволі дрэнны пасыл для нацыянальных меншасцяў, якія баяцца, што ім будзе цяжэй функцыянаваць у новай палітычнай рэчаіснасці» — заявіў Мірон Сыч, адзін з лідараў украінскай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, які быў старшынёй камісіі па нацыянальных меншасцях у папярэднім скліканні Сейма. Каб пераадолець прэзідэнцкае вета ў Сейме, патрэбная большасць 3/5 галасоў. Паколькі ў новаабраным Сейме большасць мае партыя Права і справядлівасць (235 мандатаў), якая выступала супраць абноўленага закону аб нацыянальных меншасцях, адмяніць гэтае вета — нерэальна.
Ян Максімюк