Валерый Цапкала з'ехаў з Беларусі і забраў дзяцей

Экс-прэтэндэнт у прэзідэнты Валерый Цапкала з'ехаў з Беларусі і звёз з сабой дзяцей. Пра гэта TUT.BY распавяла ягоная жонка Вераніка Цапкала. Паводле яе слоў, Валерыя збіраліся затрымаць, а яе саму — пазбавіць бацькоўскіх правоў. Цяпер Валерый з дзецьмі знаходзяцца ў Расіі, а Вераніка застаецца ў Беларусі.

Па словах Веранікі Цапкала, яе муж з дзецьмі з'ехаў у Расію.

— Мы атрымалі інфармацыю з вартых даверу крыніц, што майго мужа плануюць затрымаць па надуманых падставах. Мы не ведалі, што гэта за абставіны, але два дні таму пракуратура прыйшла ў школу, дзе вучацца мае дзеці, і прасіла настаўнікаў напісаць заявы. Як я разумею, яны запусцілі працэс па пазбаўленні мяне бацькоўскіх правоў. Менавіта таму мы прынялі рашэнне, што мы вывозім Валерыя і дзяцей з тэрыторыі Беларусі, таму што мы бачым рэальную пагрозу і небяспеку, — сказала Вераніка Цапкала.

Жонка экс-прэтэндэнта застаецца ў Беларусі.

— Я ў Беларусі, я са сваімі баявымі сяброўкамі, маімі паплечніцамі Святланай і Марыяй — заявіла Вераніка Цапкала.

Сёння ў прадстаўніц аб'яднанага штаба — тры сустрэчы з выбаршчыкамі: у Глыбокім, Наваполацку і Віцебску.

Раней кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская заявіла, што вывезла дзяцей з Беларусі ў Еўразвяз.

Нагадаем, падставай для адмовы ў рэгістрацыі Валерыя Цапкала кандыдатам у прэзідэнты стала недастатковая колькасць дакладных подпісаў — менш за 100 тысяч дакладных подпісаў (экс-кіраўнік ПВТ перадаў у ЦВК амаль 160 тысяч подпісаў, залічылі яму крыху больш за 78 тысяч подпісаў). Акрамя таго, праверка ЦВК паказала, што жонка Валерыя Цапкала не паказала, што ў яе ва ўласнасці ёсць акцыі “Прыёрбанка”. У ЦВК гэта назвалі "істотнай неадпаведнасцю" патрабаванням да дакументаў кандыдата.

Валерый Цапкала падаў у Вярхоўны суд скаргу на рашэнне ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі. Вярхоўны суд пастанову Цэнтральнай выбарчай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі Цапкала кандыдатам у прэзідэнты вырашыў пакінуць без зменаў.

novychas.by паводле Алены Талкачовай, tut.by

Тэгі: Расія