...і выбухі рогату ў нечаканых месцах, і аплядысмэнты ў фінальных кадрах!

Беларусы Канады зьнялі свой першы (дай Божа, не апошні!) фільм – музычную казку “То-то-то” – і атрымалі шчырае задавальненьне ад яго на прэм’еры ў Беларускім грамадзкім цэнтры Таронта 10 лютага 2018 г. Гэты фільм – выдатны прыклад таго, што можа зрабіць таленавітая і самаадданая каманда сцэнарыстаў, сьпевакоў, актораў, апэратараў і мантажораў.

Па чырвонай дарожцы пад фанфары і авацыі гледачоў прайшлі ўсе ўдзельнікі праекту: выканаўцы галоўных роляў Інэса Церашчук, Ларыса Міхайлава, Аляксандра Саленік, Зьміцер Леановіч, Надзея Дробіна, Ігар Уласічаў, Ігар Філюшкін, Ала Касьцючэнка і Віялета Кавалёва, артысты, якія здымаліся ў эпізодах, выканаўцы вакальных партыяў, апэратары, мастакі і г.д. Усе акторы фільма, а таксама ўсе вакалісты – выканаўцы таронтаўскага сьпеўнага гурта “Яваровы людзі” (а таксама і “Яваровы дзеці”). А ў масавых сцэнах Купальля здымаліся жыхары Таронта і ваколіцаў.

“Яваровы людзі” зьнялі гэтае кіно па матывах аднайменнага музычнага спэктаклю, напісанага самімі ўдзельнікамі гурта і ўпершыню паказанага ў 2012 годзе, на Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі. У фільме ёсьць кадры для ўсіх: таямнічыя вядзьмаркі і загадкавыя гандляры для аматараў чарадзейных казак, цёмныя сілы для прыхільнікаў “жахлівікаў”, драма і эротыка для тых, хто любіць паплакаць над шчымлівай гісторыяй каханьня, ёсьць мэдытатыўнае яднаньне з прыродай і нават дапаможнік па ткацтве паясоў. Чаго ў ім няма, дык гэта бессэнсоўнага гвалту і бязглуздага “мачылава”.

Нягледзячы на фэерыю музыкі і танцаў (хаця і не ў балівудзкім стылі!), фільм атрымаўся адназначна беларускім. А сапраўдны галоўны герой гэтай відэастужкі – беларуская народная песьня, і яе аматараў фільм не пакіне абыякавым. Ад сьвежай версіі ўсім вядомай “Купалінкі” мурашкі бягуць па сьпіне, колькі б разоў яе ні слухаў. У фільме прагучала васемнаццаць беларускіх народных песьняў, і ніводная зь іх не была скарочана дзеля “зручнасьці” мантажу. Усе песьні, музыку і гук для “То-то-то” запісаў і зьвёў гукарэжысэр гурта “Яваровы людзі” Ігар Філюшкін. Кіраўнік гурта Віялета Кавалёва адмыслова для фільму зрабіла аранжыроўкі некаторых песьняў, а таксама інструмэнтальныя апрацоўкі беларускіх мэлёдыяў. Фанаграма танцу “Падэспань” была запісаная выканаўцамі менскага гурта “Вербіца” і выкарыстаная ў фільме зь іх ласкавай згоды.

На прэм’еру кіно 10 лютага ў беларускі цэнтр сабралося больш за 70 чалавек.

Ларыса Міхайлава: “Даўно ў мяне не было такого добрага настрою, як пасля прагляду фільму! Асабіста для мяне гэты фільм будзе хронікай найлепшых момантаў майго канадыйскага жыцьця, звязанага зь “Яваровымі людзьмі”. Вельмі прыемна было ўзгадваць, як гэта ўсё адбывалася! Колькі цікавых успамінаў, зьвязаных і з Купальлем, і з Гай-паркам, і з хамутом :) Гэты фільм будзе найлепшым сродкам супраць сумнага настрою ў будучыні!”

Ігар Філюшкін: “Ці варта казаць, што ўвесь праект быў рэалізаваны дзякуючы невычэрпнай энэргіі і шыле ў адным месцы ў нашага бясстрашнага кіраўніка Віялеты Кавалёвай”.

Зьміцер Леановіч: “Вялікі дзякуй Ігару і Віялеце, рэжысэрам і мантажорам фільму, за доўгую і складаную працу! І асобны дзякуй за тое, што яны ў якасьці бонуса зрабілі “фільм пра фільм” – паказалі, як здымаліся эпізоды. Гэта было супер, сьмешна, таленавіта”.

У далейшых плянах стваральнікаў “То-то-то” – выпуск DVD, аўдыёдыску з саўндтрэкам да фільму, а таксама падрыхтоўка вэрсіі з ангельскімі субтытрамі і ангельскім закадравым тэкстам.