Выніковыя дакументы
Чацвёртага з’езда беларусаў свету
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
- Праграма “Беларусы замежжа” (2005
– 2009 гг.);
- Зварот да суайчыннікаў “Беларусь
– для дыяспары, дыяспара – для Беларусі”;
- Рэзалюцыя “Пра беларускую мову”;
- Дэкларацыя “Аб падтрымцы Акта незалежнасці
Беларусі, прынятага Усебеларускім з’ездам 29 ліпеня 2000 г.
у Мінску”;
- Рэзалюцыя “МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
– правамоцны прадстаўнік інтарэсаў сусветнай беларускай супольнасці”;
- Зварот “Аб Радыёстанцыі Deutsche Welle”;
- Заява супраць перайменавання праспекта
Ф. Скарыны;
- Зварот да Урада і Нацыянальнага Сходу
Рэспублікі Беларусь аб прыняцці закона “Аб беларускай дыяспары”.
- Беларуская дыяспара. Сучасныя праблемы і перспектывы
Зварот “Аб Радыёстанцыі Deutsche
Welle”
Канцлеру Федэратыўнай Рэспублікі Германія,
у Бундэстаг Федэратыўнай Рэспублікі Германія,
у Бундэсрат Федэратыўнай Рэспублікі Германія,
да палітычных партый партыяў Германіі,
у Фонд Адэнаўэра
Шаноўны спадар Канцлер, шаноўнае Спадарства!
Мы, удзельнікі Чацвёртага з’езда беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”,
удзячны нямецкаму ўраду і нямецкім грамадскім арганізацыям за
спрыянне ў дэмакратызацыі Беларусі і дапамогу ў ліквідацыі наступстваў
Чарнобыльскай катастрофы. Выказваем падзяку кіраўніцтву Нямецкага
адукацыйнага цэнтра ІВВ (Мінск, Беларусь), дзе адбыўся З’езд.
З’яўляючыся прадстаўнікамі беларускай сусветнай супольнасці,
мы вымушаны звярнуцца да Вас, каб выправіць яўнае непаразуменне.
У кастрычніку г.г. Радыёстанцыя Deutsche Welle пачынае вяшчанне
на Беларусь, што несумненна палепшыць інфармацыйнае поле Беларусі.
Аднак Радыёстанцыя Deutsche Welle плануе весці трансляцыю на рускай
мове.
Па апошнім перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь (1999 г.)
73% жыхароў Беларусі назвалі роднай мовай беларускую, у штодзённым
жыцці карыстаюцца беларускай мовай 37% грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Карыстаючыся рускай мовай у трансляцыі на Беларусь, Радыёстанцыя
Deutsche Welle будзе спрыяць русіфікацыі беларускага грамадства,
далейшай дыскрымінацыі беларускай мовы і знішчэнню падмуркаў нашай
культуры.
Радыёстанцыя Deutsche Welle ўжо мае практыку вяшчання на нацыянальнай
мове ў краінах постсавецкага лагеру, напрыклад ва Украіне. Спадзяемся,
што гэтая практыка захаваецца і будзе развівацца і ў дачыненні
да Беларусі.
Беларусы шчыра жадаюць жыць у вольным, дэмакратычным грамадстве,
але дэмакратыя ў Беларусі немагчымая без павагі да культуры тытульнай
нацыі краіны. Мы жадаем міру і шчасця народу Германіі і спадзяемся
на разуменне і спрыянне высокага кіраўніцтва Нямецкай Рэспублікі.
З павагай,
Удзельнікі
Чацвёртага з’езда беларусаў свету
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Мінск, 16-17 ліпеня 2005 г.
Чацвёрты з’езд беларусаў свету МГА “ЗБС
“Бацькаўшчына”
16-17 ліпеня 2005 г., г.Мінск
|