МГА 'БАЦЬКАЎШЧЫНА'. Белорусская диаспора. Диаспора Беларуси, РБ.
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету

ДРУГІ З’ЕЗД БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ

«ПРАБЛЕМЫ ЗАХАВАННЯ БЕЛАРУСКАЙ

ПРЫСУТНАСЦІ Ў СВЕЦЕ»

26—27 ліпеня 1997 г.

г. Мінск

Прысутнічалі:
123 дэлегаты і 111 гасцей з Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Канады, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Эстоніі.
• 64 дэлегаты і 388 гасцей з Беларусі.
Сярод гасцей:
• прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаваныя ў Беларусі;
• прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства адукацыі, Міністэрства замежных спраў, Дзяржаўнага камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
На з’езд былі акрэдытаваны 63 прадстаўнікі прэсы.

Прэзідэнтам ЗБС “Бацькаўшчына” абраны акадэмік Радзім Гарэцкі
Старшынёй Рады – Ганна Сурмач

Выніковыя дакументы:
- Заява ўдзельнікаў Другога з’езду беларусаў свету
- Рэзалюцыя аб дзейнасці Рады ЗБС “Бацькаўшчына”
- Рэзалюцыя аб сітуацыі вакол будынка Беларускага гуманітарнага ліцэя

ЗАЯВА
удзельнікаў Другога з'езду беларусаў свету

Мы, удзельнікі Другога сусветнага форуму беларусаў, якія сабраліся ў сталіцы маці-краіны, горадзе Мінску, звяртаемся да усей беларускай нацыі, да ўладаў Беларусі, да кожнага нашага суродзіча, які жыве на Бацькаўшчыне, ці далека ад яе.

Прымаючы пад увагу інфармацыю, выкладзеную ў дакладах па асноўнай тэме З'езду "Праблемы захавання беларускай прысутнасці ў свеце", у выступленнях удзельнікаў З'езду мы вымушаны адказна заявіць аб тым , што будучыня беларускай нацыі знаходзіцца пад рэальнай пагрозаю.

Колькасць насельніцтва ў краіне няўхільна змяншаецца. Некалькі гадоў запар смяротнасць перавышае нараджальнасць. Гэта - знак вялікай бяды - фізічнага вымірання нацыі. Калі сітуацыя не зменіцца, па меркаванню навукоўцаў, праз 111 гадоў наступіць поўнае знішчэнне карэннага народу на тэрыторыі Беларусі. Прычынамі трагічнага становішча з'яўляюцца не толькі чарнобыльская трагедыя, але і агульная сітуацыя ў краіне.

Шматлікія факты сведчаць і пра знішчэнне духоўнага патэнцыялу нацыі. У занядбаны стан прыходзіць нацыянальная мова і культура. Разбураецца створаны ў апошнія гады падмурак сістэмы нацыянальнай адукацыі ў краіне. Знішчаюцца нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі, сістэма беларускага кнігадрукавання. Нішчыцца матэрыяльная база культуры і адукацыі - апошнія прыклады таму - забраны будынкі ў Саюза пісьменнікаў і ў Беларускага гуманітарнага ліцэю.

Краіна перажывае сістэмны крызіс, які ахапіў усе бакі грамадскага жыцця. Своеасабліваю вехаю ў яго развіцці стаў лістапздаўскі рэферэндум 1996 году, які раскалоў беларускую нацыю. Частка народу прыняла яго вынікі і новы парадак у краіне, другая засталася абыякаваю. Трэццяя ўспрыняла яго, як канстытуцыйны дзяржаўны пераварот , лічыць нелегітымнымі новыя органы законадаўчай улады, ацэньвае змены, як пераход да аўтарытарнага рэжыму з тэндэнцыяй ператварэння ў таталітарны. Вынікі рэферэндуму, яго легітымнасць не прызнаны многімі дзяржавамі свету. Беларусь усе больш аказваецца ў міжнароднай ізаляцыі, эканоміка краіны ў крытычным стане.

Цяжкасці і беды, якія перажывае Бацькаўшчына, з трывогай і болем успрыймаюцца беларусамі ў замежжы. Яны з непакоем назіраюць за пераменамі ў Беларусі, ім не проста разабрацца ў сутнасці падзей на Радзіме. Працэсы раз'яднання закранулі і дыяспару. Гэта шлях у нікуды.

Ліквідаваць небяспеку для фізічнага і духоўнага існавання беларускай нацыі, прадухіліць пагрозу яе расколу ,паспрыяць яднанню беларускага народу дзеля супольнай стваральнай працы на адбудове нашага агульнага Беларускага дому - такую высакародную задачу Другі з'езд беларусаў свету лічыць найгалоўнейшай для ўсіх грамадскіх і палітычных сілаў.

Мы перакананы, што выхад з крызісу , як сведчыць вопыт іншых краінаў, магчыма толькі праз усталяванне канстытуцыйнай законасці, рэальнага падзелу ўладаў , палітычнага і эканамічнага плюралізму, захавання дзяржаўнай незалежнасці.

Удзельнікі форуму адзначаюць, што за чатыры гады , якія прайшлі пасля Першага з'езду беларусаў све'гу, не адбылося пазітыўных зменаў і ў адносінах бсларускай дзяржавы да той часткі нацыі, якая жыве па-за межамі краіны. Не выканана большасць прапановаў і просьбаў, якія былі выкладзены ў "Звароце да парламента і урада Рэспублікі Беларусь", прынятым на Першым з'ездзе. Актуальнасць іх захоўваецца і сення. Не рэалізавана цалкам дзяржаўная праграма "Беларусы у свеце". 3'езд выказвае агульную занепакоенасць замежных беларусаў недастатковай падтрымкаю іх нацыянальна - культурнага жыцця з боку беларускай дзяржавы, што не спрыяе захаванню беларускіх асяродкаў у іншых краінах свету.

Будучыня краіны, яе народу - вышэйшыя каштоўнасці. Мы заклікаем усе стваральныя сілы беларускай нацыі, як на Бацькаўшчыне, так і ў замежжы, аб'яднаць свае намаганні дзеля захавання беларускай прысутнасці ў свеце.

Наш лёс у нашых руках!

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Галоўная - Хто мы - Бібліятэка - Кантакты - Хронiка дзейнасцi - З`езды - Сайты беларуская дыяспары

Rating All.BY
дзед ТАЛАШ - першы беларускi партал & каталёг
Беларуская інтэрнэт-бібліятэка -
Web-master: paragraph @ tut.by..