МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№8(№33)
жнівень
2004
БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

ВІНШАВАННІ

125 гадоў Пётру Крэчэўскаму
7 жніўня споўнілася б 125 гадоў выдатнаму беларускаму палітычнаму дзеячу і адданаму патрыёту, гісторыку і драматургу, Прэзідэнту Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Пётру Крэчэўскаму.
П.Крэчэўскі нарадзіўся 7 жніўня 1879 г. у в. Дубна каля Мастоў. Закончыў Віленскую настаўніцкую семінарыю. Перад Першай сусветнай вайной працаваў настаўнікам у Беластоцкім і Ваўкавыскім паветах.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. П.Крэчэўскі далучыўся да Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Выступаў за ўтварэнне Беларускай рэспублікі з асобым юрыдычным статусам у складзе Расійскай федэрацыі. Удзельнічаў ва Усебеларускім З’ездзе ў 1917 г., уваходзіў у яго Выканаўчы камітэт. У лютым – сакавіку 1918 г. удзельнічаў у абвяшчэнні БНР і яе незалежнасці ад Расіі. У кастрычніку 1918 г. стаў Сакратаром Рады БНР. У ліпені 1919 г. на чале Надзвычайнага прадстаўніцтва БНР П.Крэчэўскі прыбыў у Каўнас, вёў перагаворы з прадстаўнікамі ўрада Літвы, падчас якіх дамагаўся афіцыйнага прызнання літоўскім урадам незалежнасці БНР у яе этнаграфічных межах. Ініцыяваў скліканне Першай Усебеларускай канферэнцыі. Прэзідэнт БНР у 1919 – 1928 гг. Выступаў у абарону нацыянальных інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне, асуджаў Рыжскі мірны дагавор 1921 г. і факт далучэння Віленшчыны да Польшчы (1922). Супрацоўнічаў з прадстаўнікамі іншых нацыянальных груп на эміграцыі. У снежні 1921 г. як прадстаўнік Беларусі П.Крэчэўскі ўваходзіў у склад Рады Саюза народаў Усходняй Еўропы. З 1923 г. вымушаны быў жыць на эміграцыі – у Празе. У 1924 г. накіраваў два мемарандумы ў Лігу нацый, у якіх патрабаваў прызнаць незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах. Крытычна ставіўся да палітыкі беларусізацыі ў БССР, адзначаў яе непаслядоўнасць, адмовіўся ад вяртання ў БССР. У кастрычніку 1926 г. актыўна ўдзельнічаў у заснаванні ў Празе міжнароднага аб’яднання — Сацыялістычнай Лігі Новага Усходу Еўропы.
П.Крэчэўскі – аўтар вершаваных драм “Рагнеда” і “Здрада” (1923), вершаў, перакладаў з чэшскай і ўкраінскай моў. Быў рэдактарам зборніка па гісторыі, культуры і эканоміцы Беларусі “Замежная Беларусь”, падрыхтаваў для яго шэраг артыкулаў, прысвечаных гісторыі Беларусі і яе грамадска-палітычнаму развіццю ў ХХ ст. (выдадзены ў Празе ў 1926 г.). Падтрымліваў сувязі з беларускімі грамадскімі і культурнымі арганізацыямі ў Празе, дабіўся ад урада Чэхаславакіі аказання матэрыяльнай падтрымкі беларускім студэнтам.
П.Крэчэўскі памёр 8 сакавіка 1928 г. і пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

80 гадоў Лявону Мурашку
27 жніўня спаўняецца 80 гадоў сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”, заслужанаму дзеячу мастацтва Літвы, прэзідэнту Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве Лявону Адамавічу Мурашку. Ад імя Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуем Вас і зычым здароўя і поспехаў.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

65 гадоў Валерыю Санько
28 жніўня спаўняецца 65 гадоў сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Валеру Санько. Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе з юбілеем і зычыць плённае працы на ніве беларускага адраджэння.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Алегу Трусаву - 50
7 жніўня святкаваў свой паўвекавы юбілей Алег Трусаў, археолаг, гісторык, грамадскі і палітычны беларускі дзеяч, старшыня ГА “Таварыства Беларускай Мовы імя Ф.Скарыны”, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Алег Трусаў (нар. 7 жніўня 1954) паходзіць з мсціслаўскай шляхты. Кандыдат гістарычных навук (1981). Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў БНФ, БСДГ і ТБМ імя Ф.Скарыны. Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі ХІІ склікання, адзін з распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь “Пагоня”, бел-чырвона-белага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусі і навершша да яго.
А.Трусаў напісаў больш за 10 навуковых кніг і брашур, больш 500 артыкулаў. Распрацаваў методыку архітэктурна-археалагічнага вывучэння манументальных помнікаў Беларусі.
Шчыра віншуем з юбілеем!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

500-ты нумар “Беларуса”
У верасні выйдзе 500-ты нумар газеты “Беларус” (месца выдання – Нью-Ёрк), друкаванага выдання Беларуска-Амерыканскага Задзіночання. На працягу 55 гадоў газета адлюстроўвае жыццё беларускай дыяспары розных куткоў ЗША і Канады, дапамагае ў наладжванні беларускіх святаў і імпрэз, інфармуе суайчыннікаў аб жыцці Беларусі, натхняе на творчую працу на карысць нашай адзінай беларускай культуры, падтрымлівае тых, хто апынуўся так далёка ад Айчыны. Узначальвае рэдакцыю “Беларуса” Марат Клакоцкі. Газета мае Інтэрнэт-старонку з вычарпальнай інфармацыяй пра дзейнасць Беларуска-Амерыканскага Задзіночання – www.bielarus.org, дзе можна пазнаёміцца з архівам ранейшых нумароў “Беларуса”, падпісацца на газету, наведаць Інтэрнэт-краму і пакінуць свае водгукі.
Ад імя Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуем Рэдакцыю, карэспандэнтаў і чытачоў з гэтым высокім юбілеем, зычым поспехаў і здзяйснення творчых планаў.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Беларускаму Ліцэю ў Бельску-Падляшскім – 60 гадоў!

Гісторыя Ліцэя
Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім паўстаў у верасні 1944 г. Першым дырэктарам быў Анатоль Тымінскі. Школа размяшчалася ў драўляным будынку, урокі адбываліся пасля абеду ў вельмі цяжкіх умовах.
У 1946 г. загадам Беластоцкай Школьнай Акругі ліцэй быў зліквідаваны. Пасля трохгадовага перапынку, дзякуючы намаганням бацькоў і беларускіх дзеячаў, утвараецца Агульнаадукацыйная школа з беларускай мовай навучання, якая зноў пачала працу 1 верасня 1949 г., а дырэктарам стаў галоўны яе арганізатар, педагог і выхаваўца Яраслаў Кастыцэвіч. Дзякуючы яго намаганням і намаганням настаўнікаў, а таксама Бацькоўскага камітэту ў 1958 г. пад пабудову школы было вызначана месца ў гарадскім парку.
У цэнтры горада вырастае новы будынак на 17 класаў, у які пераходзіць школа ў пачатку 1961 г. Моладзі прыбывае. У 1965 г. наступае падзел школы на Ліцэй і Пачатковую школу. У тым жа 1965 г. адыходзіць на пенсію Яраслаў Кастыцэвіч. Новым дырэктарам становіцца Мікалай Гайдук, вядомы аўтар многіх падручнікаў, пісьменнік, рэдактар "Нівы", збіральнік фальклору.
У 1968 г. Ліцэй набірае трэці аддзел першых класаў, што дае магчымасць стварыць уласны настаўніцкі калектыў. 5 сакавіка 1969 г. Агульнаадукацыйнаму ліцэю з беларускай мовай навучання даюць імя Браніслава Тарашкевіча. У 1971 г. адыходзіць з пасады і пераязджае ў Беласток Мікола Гайдук, а дырэктарам становіцца выпускнік Варшаўскага універсітэта Аляксей Карпюк.
Сямідзесятыя гады прыносяць чарговыя дасягненні ў развіцці школы. Павялічваецца колькасць класаў. З 1974 г. ліцэй набірае 4 першыя класы. У школу прыходзіць больш здольная моладзь, а лік кандыдатаў перавышае колькасць месцаў. Ліцэй дабіваецца высокіх паказальнікаў працы, у вышэйшыя ўстановы паступае 50% моладзі. У другой палове сямідзесятых вучні ліцэю пачынаюць дабівацца дасягненняў у прадметных алімпіядах. У 1980 г. Бацькоўскі камітэт уручае школе сцяг, а віцэ-міністр асветы З.Гушча ўзнагароджвае Ліцэй Медалём Камісіі Народнай Адукацыі. У пачатку дзевяностых у школе і ліцэі вучыцца 1,5 тысячы моладзі.
Пачатковая школа і Агульнаадукацыйны ліцэй імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім з'яўляюцца цэнтрам беларускасці як для грамадства, так і для наведваючых гасцей. Прыязджаючы ў Бельск, сюды накіроўваюцца журналісты. На працягу дзесяцігоддзяў Ліцэй наведвалі многія дэлегацыі з былога СССР, ЗША, Англіі, Канады. Ліцэй падтрымлівае кантакты з Беларускім Гуманітарным Цэнтрам у Мінску.
Дапамога з Беларусі становіцца больш канкрэтнай. У 1989 г. першыя выпускнікі ліцэяў з беларускай мовай навучання ў Бельску і Гайнаўцы паступаюць у беларускія навучальныя ўстановы без экзаменаў на падставе падпісанага пагаднення паміж Беларускім Грамадска-Культурным Таварыствам і Міністэрствам Адукацыі Беларусі. З таго часу кожны год звыш 10 выпускнікоў Ліцэю ідзуць вучыцца ў вышэйшыя ўстановы Беларусі.
У 1990 г. Беларускі Фонд Культуры задэклараваў дапамогу ў абсталяванні кабінету Беларускай мовы. Мастацкую апрацоўку зрабіў вядомы беларускі мастак Ігар Марачкін. Год 1992 быў багаты візітамі паважаных гасцей: Міністр адукацыі Беларусі Віктар Гайсёнак, Старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, Міністр Замежных спраў Пётр Краўчанка, пісьменнік Васіль Быкаў і інш.
Дыдактычныя вынікі ніколі не засланялі беларускага характару школы, якая праз дзесяцігоддзі прапагандуе беларускую культуру сярод моладзі і ў асяроддзі. Школа арганізавала і арганізуе незлічоную колькасць сустрэч з людзьмі культуры, ансамблямі, беларускімі пісьменнікамі і паэтамі Беласточчыны і Беларусі.
Зінаіда Навіцкая
Паводле kamunikat.net.iig.pl

Жнівень у нашай гісторыі
• 690 гадоў таму (1314 г.) перамога дружын князя Давыда Гарадзенскага над войскамі крыжакоў пад Наваградкам.
• 25 жніўня 1840 г. царскі ўрад скасаваў дзеянне ў Беларусі Статута Вялікага Княства Літоўскага.
• 16 жніўня 1874 г. нар. Аляксандр Уласаў, рэдактар-выдавец “Нашай Нівы” (1906-1914) і беларускі грамадскі дзеяч.
• 20 жніўня 1919 г. у Закапанэ памёр Іван Луцкевіч, беларускі археолаг, публіцыст, удзельнік беларускага руху перад І сусветнай вайной, заснавальнік Беларускага музея ў Вільні.
• 5 жніўня 1924 г. нар. Аркадзь Жураўскі, беларускі мовазнавец, аўтар прац “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы”, „Мова нашых продкаў”, адзін са складальнікаў “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”.
• 15 жніўня 1954 г. памёр Язэп Драздовіч, выдатны мастак, скульптар, этнограф.
• 14 жніўня 1959 г. памёр у ЗША выдатны беларускі грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст, настаўнік Эдуард (Эдзюк) Будзька.
• 11 жніўня 1974 г. у Полацку адкрыты помнік Францыску Скарыну.
• 25 жніўня 1991 г. Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі была нададзеная сіла канстытуцыйнага закону.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

НАВІНЫ

Нью-Ёрк, ЗША
Пачаўся Тыдзень Паняволеных Народаў, які ўжо ў 46-ты раз штогод праводзіцца ў перадапошні тыдзень ліпеня. Тыдзень праводзяць для прыцягнення ўвагі амерыканскага грамадства да лёсу народаў, што пакутуюць пад ціскам дыктатуры й таталітарызму. Тыдзень Паняволеных Народаў паўстаў у 1959 годзе, дзякуючы адмысловаму публічнаму закону Злучаных Штатаў № 86-90. За апошнія 45 гадоў большасць з краінаў вызвалілася ад таталітарнага панавання, але Беларусь, на жаль, не ўвайшла ў іхні лік. Таму беларусы Амерыкі надалей бяруць удзел у Камітэце Паняволеных Народаў і ў імпрэзах Тыдня Паняволеных Народаў.
Тыдзень традыцыйна пачынаецца Маршам Паняволеных Народаў па 5-й Авеню. Пасля імшы за паняволеныя народы ў Катэдры Св. Патрыка ўдзельнікі маршу прайшлі з разгорнутымі сцягамі, плакатамі і транспарантамі да 72-й вуліцы, дзе ў Цэнтральным парку адбылося афіцыйнае адкрыццё Тыдня. Луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Былі зачытаныя Пракламацыі і прывітанні ад Прэзідэнта ЗША, губернатараў Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі, ад мэра Нью-Ёрка М.Блумберга.
“Беларус”. 2004. жнівень

Таронта, Канада
Таронцкі аддзел “Згуртаваньня Беларусаў Канады” рыхтуе 26-ю Сустрэчу Беларусаў Паўночнай Амерыкі, якая мае адбыцца сёлета ў Таронта, Канада. Тэма сустрэчы: “Праблемы зберажэння культурных набыткаў, мовы і гістарычных каштоўнасцяў Беларусі”. Падчас Сустрэчы адбудзецца выстава беларускіх мастакоў Канады й Злучаных Штатаў Амерыкі. Арганізацыі-фундатары: “Згуртаваньне беларусаў Канады”, “Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне”.
“Беларус”. 2004. жнівень

ЗША
Аддзелы Б.А.З.А. у Нью-Ёрку і Нью-Джэрсі вядуць падрыхтоўку да арганізацыі паездкі на 26-ю Сустрэчу Беларусаў Паўночнай Амерыкі ў Таронта (Канада) 4-6 верасня.
baza-belarus.org

Астана, Казахстан
У Астане прайшоў V гарадскі фестываль дружбы народаў Казахстана. Беларускі культурны цэнтр, якім кіруе Аляксандра Раманава, прапанаваў на суд гледачоў і журы разнастайную праграму. Тамара Батрак, актывістка цэнтра, кіраўнік мастацкага калектыву, якая добра валодае беларускай мовай, распачала праграму прывітальным вершам Петруся Броўкі “Калі ласка!” З кожным годам павышае сваё выканаўчае мастацтва ансамбль “Вясёлка”. На фестывалі ён парадаваў гледачоў беларускімі песнямі “Чаму ж нам не пець”, “Бульба”, “Родны край”, прыпеўкамі. Рэпертуар калектыву значна ўзбагаціўся пасля таго, як Тамара Батрак з дачкою Вікторыяй, таксама актывісткай цэнтра, пабывалі на курсах для кіраўнікоў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці ў Мінску, якія штогод праводзіць Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом “Радзіма”.
“Голас Радзімы”. 2004. 19 жніў.

Гарадок, Польшча
Мінскія гурты “Тарпач”, “Таxі” і “Сонцазварот” ды варшаўская капела ГМП – гэта лаўрэаты закончанага ў Гарадку на Беласточчыне 15 Фестывалю Музыкі Маладой Беларусі “Басовішча’2004”. “Тарпач”, які грае музыку з памежжа панк-рока і хардкору атрымаў узнагароду Радыё “Беласток”: магчымасць запісу альбому ў музычнай студыі. Фінансавую ўзнагароду гэтаму гурту прызнала Беларускае Аб’яднанне Студэнтаў БАС. Медыяльным патронам “Басовішча’2004” і фундатарам узнагароды было таксама Радыё “Палонія”. Нашая радыёстанцыя грашовай узнагародай адзначыла беларускі гурт “Таxі”.
Сёлетнім “Басовішчам” моцна задаволеныя арганізатары. Паводле Ілоны Карпюк, старшыні БАСу, падчас фестывалю ўдалося рэалізаваць усе намеры. На сёлетнім Фестывалі Музыкі Маладой Беларусі выступіла звыш 30 гуртоў з Польшчы і з Беларусі. Абодва канцэрты ў пятніцу і суботу слуxала 3-тысячная публіка.
Радыё “Polonia”. 2004. 27 ліп.

Беласток, Польшча
60 спевакоў-удзельнікаў хораў з Польшчы, Аўстрыі, Беларусі, Казахстана, Літвы і Украіны возьмуць удзел у VII-х Міжнародных мастацкіх маладзёжных варштатах (навучальных сустрэчах), якія пачынаюцца ў Беластоку. Маладыя артысты, пад наглядам знакамітых спевакоў Віялеты Бялецкай і Міраслава-Мацея Банаха, будуць удасканальваць свае вакальныя здольнасці і рыхтавацца да канцэртаў, з якімі выступяць у Слоніме, Зэльве, Волпе і Лідзе (Беларусь), а таксама ў Чарне-Беластоцкай, Гадышаве, Сакулцы і Беластоку. У праграме канцэртаў – польская харальая музыка і “”IV litania ostrobramska” Станіслава Манюшкі.
“Radio Bialystok”. 2004. 20 жніў.

Крынкі, Польшча
Група з 15 асобаў, у складзе якой мастакі і навукоўцы з розных краін Еўропы, сустрэліся каля Крынак (Беласточчына) на V “Трылогах Беларускіх”. Яны дыскутавалі на тэму Беларусі і яе культуры. 5 гадоў таму з ініцыятывай арганізаваць Трылогі выступіў Сакрат Яновіч, вядомы ў Польшчы беларускі пісьменнік і перакладчык з Крынак. Назва “trialog” паходзіць ад лацінскага тэрміну, які ў даслоўным перакладзе значыць “тры думкі”. Паводле С.Яновіча, гэтымі трыма думкамі ёсць: захад, поўнач і поўдзень. Дзякуючы Трылогам жыхары гэтых частак Еўропы маюць магчымасць пазнаёміцца з беларускай літаратурай і культурай. Да ўдзелу ў Трылогах Сакрат Яновіч запрашае тых, хто цікавіцца беларускім народам у шырокім сэнсе.
“Gazeta Wspolczesna”. 2004. 2 жніў.

Бандары, Польшча
Амаль 2 тысячы публікі з’ехалася на беларускі фэст у Бандары – маляўнічы куток Беласточчыны. Адкрываючы свята беларускай культуры войт Міхалоўскай гміны Марк Назарка распавёў аб працы сваёй установы. Старшыня ГП Беларускага грамадска-культурніцкага камітэта Ян Сычэўскі ў сваю чаргу распавёў аб дзейнасці беларускай арганізацыі.
“Ніва”. 2004. 15 жніў.

Варшава, Польшча
У Варшаве адбыўся ўсеагульны сход Польскага беларусазнаўчага таварыства. Вяла пасяджэнне прафесар Эльжбета Смулкова (Варшава).
Польскае беларусазнаўчае таварыства ўзнікла ў 1991 годзе. Заснавальнікі яго прафесары Альберт Барташэвіч (Варшава), Міхал Кандрацюк (Беласток) і Аляксандр Баршчэўскі (Варшава). Гэта яны апрацавалі першы статут ПБТ, зарэгістравалі арганізацыю ў Ваяводскім судзе ў Варшаве, увялі арганізацыю ў структуру Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.
Адным з галоўных дасягненняў было правядзенне штогадовай Міжнароднай канферэнцыі „Шлях да ўзаемнасці”. Ініцыятарам яе стала кафедра беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта, якая прыцягнула да супрацоўніцтва Польскае беларусазнаўчае таварыства, Міжнародную асацыяцыю беларусістаў, Навукова-асветніцкі цэнтр імя Ф.Скарыны ў Мінску, а крыху пазней яшчэ і Беларускі дзяржаўны універсітэт, Польскі інстытут у Мінску, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку і Беларускую бібліятэку імя Ф.Скарыны ў Лондане.
Другой істотнай праявай актыўнасці Польскага беларусазнаўчага таварыства з’яўляецца ўдзел у правядзенні — разам з таварыствам “Польшча — Беларусь” — алімпіяды беларускай мовы ў Польшчы. Упершыню яна прайшла ў 1993 годзе, а яе кіраўніком стаў загадчык кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта А.Баршчэўскі.
6 гадоў таму Польскае беларусазнаўчае таварыства супольна з таварыствам “Польшча — Беларусь” і Асацыяцыяй еўрапейскай культуры звярнулася ў Міністэрства культуры РП з просьбай аказаць фінансавую падтрымку ў арганізацыі польска-беларускіх літаратурных сустрэч. Пакуль удалося правесці дзве такія сустрэчы: у Гайнаўцы і Гродне.
Чарговай справай, у якую актыўна ўключылася Польскае беларусазнаўчае таварыства, з’яўляецца ўзвядзенне помніка класікам беларускай літаратуры Янку Купалу і Якубу Коласу ў Варшаве.
А.Баршчэўскі звярнуў увагу на тое, што акрамя прадстаўленых форм дзейнасці таварыства, яго сябры актыўна працуюць у навуковай і мастацкай сферах. Асаблівай увагі тут заслугоўваюць Чэслаў Сенюх (Варшава), які пераклаў на польскую мову „Новую зямлю” Якуба Коласа, Эльжбета Смулкова (Варшава) — аўтар фундаментальнай працы “Беларусь і памежжы” („Bialoruis i pogranicza”). Добрыя водгукі выклікалі манаграфіі сяброў ПБТ Рышарда Радзіка (Люблін), Міхала Саевіча (Люблін), Яўгена Мірановіча (Беласток), Юрыя Туронка (Варшава). Удзячнасці заслугоўваюць прафесары Валенты Пілат (Ольштын), Ларыса Пісарэк (Вроцлаў) і Тэлесфар Позняк (Вроцлаў), якія, штогод арганізуючы навуковыя канферэнцыі, не забываюць пра беларускую праблематыку.
М.Саевіч падкрэсліў вялікае значэнне штогадовай Міжнароднай канферэнцыі “Шлях да ўзаемнасці” і серыйнага зборніка “Acta Albaruthenica”, дзе публікуюцца матэрыялы.
“Голас Радзімы”. 2004. 19 жніў.

Варшава, Польшча
Знакамiтыя польскiя палiтыкi, дзеячы грамадства i культуры звярнулiся да польскага грамадства з адкрытым Лiстом дапамогi для Беларусi пад назовам “Дапаможам Беларусі”. Зварот падпiсалi Владыслав Барташэвскi (прафесар), Уладзіслаў Фрасінюк (палiтык), Ян Лiтыньскi (палiтык), Збігнеў Рылiга (прафесар, сенатар), Казiмеж Кутц (рэжысёр, вiцэмаршалак Сенату Рэчы Паспалiтай), Эва Бальцэровiч (прэзiдэнт ураду Цэнтра грамадска-эканамiчнага аналiзу), Генрык Самсановiч (прафесар гiсторыi), Мiхал Кулеша (прафесар, юрыдычны радца), Анджэй Вайда (рэжысёр), Ян Анышкевiч (палiтык, еўрадэпутаваны), прафесар Мiраслаў Нагельскi, кандыдат Рышард Жалтанецкi, прафесар Антонi Камiньскi, Конрад Шыманьскi (еўрадэпутаваны). Акцыю арганiзуе Ян Ракiта. Лiст з’яўляецца адкрытым для падпiсання.
“Звяртаемся з просьбай падтрымаць народ Беларусі, якога тыраніць апошні дыктатар у Еўропе. Уважаем, што сёння неабходна аказаць падтрымку дэмакратычным сілам у Беларусі. Мы перакананыя, што толькі суверэнная і дэмакратычная Беларусь можа быць бяспечным і годным даверу партнёрам для Польшчы... Мы, палякі, не павінны забываць пра Гісторыю ўвогуле ды пра „ўсходнюю” гісторыю. Мы, палякі, павінны мець у памяці нашую супольную гісторыю з беларускім народам, Люблінскую вунію, бітву пад Грунвальдам. Мы павінны памятаць пра супольных для нашых абодвух народаў геніяў мастацтва і навукі...”
“Gazeta Wyborcza”. 2004. 17 жніў.

Харкаў, Украіна
Сябры Харкаўскага гарадскога нацыянальна-культурнага аб’яднання беларусаў “Сябры” арганізавалі сустрэчу з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, якія прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод ветэранаў былі Героі Савецкага Саюза Андрэйка М.М., Карнееў М.П., Чанкоў А.Ф., а таксама Герой Савецкага Саюза Белаконь К.Ф., Вашчанка М.П., Грынцэвіч Л.І., Дзікань А.П., Фамчанкоў В.К. атрымалі юбілейныя медалі “60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” і ліст-падзяку, падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкам. А ўручылі ім узнагароды Дарадчык Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь ва Украіне Чэчук С.М. і намеснік гарадскога Главы – начальнік Галоўнага ўпраўлення Жыллёва – камунальнай гаспадаркі Харкаўскага гарвыканкама Я.А.Грыневіч.
Пасля ўручэння ўзнагарод адбылася вечарына. Усе прысутныя засталіся вельмі задаволены сустрэчай.
Васіль Астаповіч,
Старшыня праўлення Харкаўскага гарадскога
Нацыянальна-культурнага аб’яднання беларусаў “Сябры”

Краснадар, Расія
У Краснадарскім краі пражывае да 40 тысяч грамадзян Расіі, якія лічаць сябе беларусамі. Яны стварылі шэсць грамадскіх арганізацый, якія два гады таму на Устаноўчай канферэнцыі аб’ядналіся і стварылі грамадскую арганізацыю “Краснадарская краёвая грамадская беларуская арганізацыя “Сябры”, якая была зарэгістраваная 15 жніўня 2002 года.
Старшынём Рады ККГБА “Сябры” абраны Алег Невяркевіч – сябра Рады ФНКА “Беларусы Расіі” (тэл. 86167-69500, факс 69-499), які да гэтага ўзначальваў Туапсінскую раённую Беларускую нацыянальна-культурную аўтаномію “Спадчына”.
За мэту “Сябры” ставяць аб’яднанне беларускага насельніцтва Краснадарскага краю, адраджэнне, вывучэнне і захаванне беларускай культуры, традыцый і побыту беларускага народа на тэрыторыі Кубані, а таксама спрыянне ўмацаванню сувязей расійскага і беларускага народа. Сябрамі арганізацыі могуць быць грамадзяне Беларусі і Расіі, якія дасягнулі 18-годдзя, якія пражываюць у Краснадарскім краі.
belros.ru

Омск, Расія
У Омскай вобласці пражывае да 12 тысяч этнічных беларусаў. 13 жніўня 2001 года зарэгістравана Омская абласная грамадская арганізацыя “Руска-беларускі культурны цэнтр”. Юрыдычны адрас Цэнтра: 644099, г.Омск, вул. Леніна, дом 14.
Мэтай сваёй дзейнасці омскія беларусы паставілі развіццё духоўнага, маральнага і культурнага ўзаемадзеяння паміж рускім і беларускім народамі.
belros.ru

Масква, Расія
Звыш 500 беларускіх выданняў будуць прадстаўленыя на 17-м Маскоўскім міжнародным кніжным кірмашы. Ён пройдзе з 1-га па 6-га верасня на тэрыторыі ВВЦ (ВДНХ). У межах кірмашу пройдзе Дзень беларускае кнігі. Будуць прэзентаваныя дзве першыя кнігі серыі “Жыццё славутых людзей Беларусі” – пра Уладзіміра Мулявіна і Міхаіла Пташука, энцыклапедыя “Тэатральная Беларусь” у двух тамах, шасцітомная “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” і іншыя кнігі.
www.maskva.com

Нім, Францыя
Багаты асабiсты архiў i бiблiятэку перадаў у дар Брэсцкаму абласному краязнаўчаму музею 90-гадовы Мiхаiл Мантвiлаў з французскага горада Нiм. М.Мантвiлаў у свой час вучыўся ў Брэсце i напiсаў цiкавую манаграфiю аб тым часе. На схiле гадоў ён вырашыў перадаць музею роднага горада сабраныя за многiя гады матэрыялы, дакументы, кнiгi. Частка матэрыялаў ўжо атрымана. Цяпер музейныя работнiкi Брэста чакаюць бiблiятэку Мiхаiла Мантвiлава, а гэта цэлы грузавiк кнiг. Iх дастаўку ўзялi на сябе беларускiя дыпламаты ў Францыi.
“Народная Воля”. 2004. 24 жніў.

Стакгольм, Швецыя
У Стакгольме адбыўся ўстаноўчы сход “Зьвязу беларусаў Швэцыі” – арганізацыі, якая аб’яднала ўсіх беларусаў, што сёлета апынуліся ў гэтай паўночнай краіне. Ініцыятарамі падзеі сталі новыя эмігранты, аднак доступ у шэрагі арганізацыі адчынены для ўсіх свядомых беларусаў, хто на чужыне не забыўся на сваю Бацькаўшчыну.
Стварэнне “Зьвязу беларусаў Швэцыі” – адметная падзея ў беларускім замежжы. Гэта азначае, што яшчэ адну краіну Еўропы можна залічыць да шэрагу дзяржаваў, дзе існуе арганізаваная і актыўная беларуская прысутнасць. Аднак, гэтая падзея мае яшчэ адну важную асаблівасць. Арганізацыя стварылася ў выніку аб’яднання двух самастойных суполак, якія вырашылі, што маюць падобныя мэты і хочуць працаваць далей разам. Мусім адзначыць, што падобная з’ява не часта назіраецца ў беларускім руху на эміграцыі.
Радыё “Свабода”. 2004. 20 жніў.

Прага, Чэхія
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла і сябра Рады беларускай інтэлігенцыі, паэт Генадзь Бураўкін сустрэліся ў Празе з намеснікам міністра замежных спраў Чэхіі Пэтрам Коларжам. Спадарыня Сурвіла перадала спадару Коларжу прынятую напярэдадні рэзалюцыю аб стварэнні Дэмакратычнага форуму беларусаў Еўропы. Старшыня Рады БНР гаворыць, што намеснік міністра паабяцаў садзейнічаць новай арганізацыі.
Спадарыня Сурвіла гаворыць, што на сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Чэхіі таксама абмяркоўвалася пытанне аб магчымасці адукацыйных праграм для маладых беларусаў.
У сустрэчы таксама браў удзел сябра Рады беларускай інтэлігенцыі, паэт Генадзь Бураўкін, які правёў канфэрэнцыю на Інтэрнет-сайце Беларускай службы Радыё “Свабода” (svaboda.org).
Радыё “Свабода”. 2004. 30 жніў.


ПАДЗЕЯ

Першая сустрэча беларусаў Еўропы
28-29 жніўня ў Празе адбылася Першая сустрэча беларусаў Еўропы. Ініцыятарам і арганізатарам гэтага мерапрыемства выступіла Рада Беларускай Народнай Рэспублікі і суполка беларусаў Чэхіі “Скарына”. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі арганізацый беларускай дыяспары з Бельгіі, Вялікабрытаніі, Італіі, Іспаніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Эстоніі, Германіі, Расіі, Украіны, Чэхіі і Швецыі.
З Беларусі ў сустрэчы бралі ўдзел грамадскія і палітычныя дзеячы Генадзь Бураўкін, Пётр Краўчанка, Алена Макоўская, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Мікола Маркевіч, Павел Мажэйка.
Удзельнікі Першай сустрэчы беларусаў Еўропы аб’ядналіся ў Дэмакратычны форум беларусаў Еўропы. Мэта форуму – наладжванне шчыльных сувязяў паміж беларускімі арганізацыямі ў Еўропе, абмен арганізацыйным досведам, аказанне ўзаемнай дапамогі ды спрыянне інтэграцыі беларускіх суполак. Удзельнікі форуму прынялі адпаведную дэкларацыю, у якой звярнуліся да нацыянальна-культурных аб’яднанняў беларускай дыяспары, якія не змаглі ўзяць ўдзел у сустрэчы з прапановай аб супрацоўніцтве, а таксама выказалі салідарнасць з тымі сіламі Рэспублікі Беларусь, якія імкнуцца да пабудовы дэмакратычнай Беларусі.
Форум абраў Каардынацыйную Раду, у склад якой увайшлі кіраўнікі беларускіх арганізацый Еўропы. Раду ўзначаліў вядомы дзеяч беларускай дыяспары, рэдактар часопіса “Belarusian Review” Юрка Станкевіч, намеснікамі былі абраны старшыня Рады суполкі “Скарына” Ганна Сурмач і сябра Рады гэтай суполкі Сяргей Скаруліс. Была таксама вырашана, што сустрэчы беларусаў Еўропы будуць адбывацца кожныя два гады.
Удзельнікі сустрэчы вызначылі дзве галоўныя тэмы, якія павінны спрыяць еўрапейскай інтэграцыі Беларусі: захаванне незалежнасці краіны і беларускай самаідэнтыфікацыі. Вялікая ўвага надавалася пытанням навучання дзяцей у дыяспары беларускай мове, нацыянальнай гісторыі і культуры.
Падчас мерапрыемства была арганізавана насычаная культурная праграма: ушанаванне памяці Прэзідэнтаў Рады БНР Васіля Захаркі і Пётры Крэчэўскага, якія пахаваны ў Празе, ускладанне кветак да помніка Ф.Скарыну, канцэрт мінскага гурта “Стары Ольса”, выстава работ мастака з Беларусі Алеся Пушкіна, экскурсіі па старой Празе і інш.
Галоўным выніковым дакументам стаў Зварот да краін Еўразвязу, у якой адзначаецца:
“...Маючы за стратэгічную мэту сваёй дзейнасці інтэграваць Рэспубліку Беларусь у аб’яднаную Еўропу,
мы лічым, што Еўрапейскі Саюз (ЕС) павінен заняць актыўную пазіцыю ў дачыненні да Беларусі ды даць зразумець яе народу, што ён будзе вітацца ў дэмакратычнай Еўропе. Таму мы звяртаемся да Вас с просьбаю, каб у межах новае еўрапейскае палітыкі суседства (European Neighbourhood Policy) ды плану дзеянняў у дачыненні да Беларусі, які зараз узнікае, былі створаныя як мага больш спрыяльныя ўмовы для падтрымкі незалежных ініцыятыў, распаўсюджвання непадцэнзурнай інфармацыі, мясцовага самакіравання, адукацыйных ды даследчых праектаў, якія будуць незалежнымі ад уладаў. Асаблівае значэнне для будучыні мела б адкрыццё адукацыйных праектаў і праграм абмену ЕС для студэнтаў і спецыялістаў з Беларусі, якія не залежалі б ад рэжыму і яго інстытуцый. Падмуркам для пашырэння незалежнай інфармацыі пра ЕС было б заснаванне прадстаўніцтва ЕС непасрэдна ў Беларусі ды адкрыццё незалежных інфармацыйных асяродкаў ЕС. Мы вітаем заснаванне камітэтаў за дэмакратыю ў Беларусі ў нацыянальных парламентах па аналогіі з чэшскім сенацкім камітэтам, які ўзнік год таму, а ягоная дзейнасць эфектыўная і карысная.
Мы заклікаем таксама ўрады і народы дэмакратычнай Еўропы, каб падтрымалі беларускія меншасці на сваіх тэрыторыях.
Беручы пад ўвагу сённяшняе становішча ў Рэспубліцы Беларусь і шматлікую прысутнасць беларусаў у краінах Еўрапейскага Саюза, дзеля шчыльнейшых кантактаў і супрацоўніцтва мы ствараем Дэмакратычны форум беларусаў Еўропы”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”


ВЕСТКІ

Microsoft па-беларуску
Кампанія Microsoft паабяцала ўключыць беларускую мову ў стандартны набор моваў, якія падтрымліваюцца ў тэкставым рэдактары MS Word. Як паведаміў Сяргей Кручкоў, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы: “Раней яны казалі, што гэта немэтазгодна, але цяпер пагадзіліся з намі. Беларуская мова ўвойдзе ў стандартны набор, куды кампанія ўключыла каля 30 моваў свету”.
Распрацаваная з ініцыятывы ТБМ праграма праверкі арфаграфіі беларускае мовы “Літара 1.0” ёсць найбольшым электронным слоўнікам беларускае мовы ў свеце. Унікальнасць Літары яшчэ і ў тым, што яна абыймае афіцыйную і класічную традыцыі правапісу. У слоўнік уключана больш за 2 млн. словаформаў для кожнага варыянту правапісу, прычым праграма выконвае аўтаматычную канвертацыю тэкстаў з афіцыйнага правапісу ў класічны і наадварот.
“Компьютерные вести on-line”. 2004. №28

Праграма праверкі арфаграфіі
У Miнcкiм дзяржаўным лінгвістычным універсітэце прайшла прэзентацыя першай у Бeлapyci прафесійнай праграмы праверкі арфаграфіі беларускай мовы. Слоўнікавая база прадстаўлена у двух існуючых сёння варыянтах правапісу: сучасным i дарэформенным. Карыстальнікі маюць магчымасць выбару любой сістэмы i пераўтварэння тэкстаў з адной сістэмы у другую.
Нягледзячы на пэўныя дасягненні у галіне мовазнаўства, Беларусь яшчэ адстае ад іншых краін у плане стварэння корпуса беларускай мовы. Для уключэння у міжнародную сетку карпусоў патрэбна не менш за 10 мільёнаў словаформ, у новай праграме на сёння – каля 2-х мільёнаў непаўтаральных словаформ.
Галоўны распрацоўшчык праграмы — навуковы супрацоўнік Інстытута электронікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Фёдар Піскуноў зазначае, што гэты інтэлектуальны прадукт з’яўляецца цалкам грамадскай ініцыятывай i будзе распаўсюджвацца бясплатна.
“Культура”. 2004. 21-27 жніў.

Фільм пра Шагала
У Віцебск, на радзіму сусветна вядомага мастака Марка Шагала, прыехала з Парыжа здымачная група на чале з мастацтвазнаўцам, кінарэжысёрам i мастаком, дырэктарам Нацыянальнага цэнтра сучаснага мастацтва Францыі Аленам Флешэрам. Група будзе вывучаць «натуру» для маючых адбыцца здымак дакументальнага фільма пра віцебскую школу жывапісу, якая дала свету Марка Шагала.
“Народная воля”. 2004. 23 ліп.

Хроніка закрыцця ЕГУ
• Еўрапейскі гуманітарны універсітэт атрымаў з Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі прадпісанне аб неадкладным высяленні з будынку па адрасе П.Бpoўкі, 3. За некалькі дзён да гэтага была спынена дамова арэнды з ЕГУ. На працягу гэтага навучальнага года ў ЕГУ праводзілася 11 праверак. Міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў запатрабаваў неадкладнай адстаўкі рэктара Анатоля Міхайлава; у адваротным выпадку, як адзначыў міністр, ЕГУ чакаюць вялікія непрыемнасці. Рэктар звярнуўся да калектыву універсітэта з просьбай вызначыць сваё стаўленне. 20 ліпеня Сенат універсітэта ад імя калектыву ВНУ аднагалосна выказаў падтрымку рэктару.
• Злучаныя Штаты Амерыкі заклікаюць беларускія ўлады спыніць спробы ліквідацыі Еўрапейскага гуманітарнага ўнівepciтэта. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Рычарда Баўчэра, якая распаўсюджана пасольствам Злучаных Штатаў у Мінску.
• Кіраўніцтва ЕГУ вядзе перамовы з іншымі ВНУ Беларусі аб прыёме сваіх студэнтаў. Аднак, нягледзячы на тое, што Міністэрства адукацыі звярнулася да ВНУ з просьбай “узяць да сябе” студэнтаў ЕГУ, апошнія апынуліся ў незайздросным становішчы. Найперш студэнтаў чакаюць фінансавыя цяжкасці.
• Рэктар ЕГУ спадар Міхайлаў знаходзіцца ў Вашынгтоне на стажыроўцы ў Інстытуце Кенан. Аднак там ён займаецца найперш праблемамі сваёй ВНУ: наладжвае перамовы з многімі міжнароднымі арганізацыямі i фондамі Нямеччыны, Францыі, Польшчы, Літвы, ЗША — з мэтай размяшчэння там праграм ЕГУ. “3’явілася ідэя стварэння ЕГУ у выгнанні, – гаворыць Міхайлаў. – Я лічу, што трэба зрабіць усё, вычарпаць усе магчымасці, каб захаваць універсітэт у Мінску, дзе мы больш патрэбны. Надзея на гэта, хоць i маленькая, была... Kaлi нас цяпер змушаюць сыходзіць за мяжу, вышукваць іншыя формы працы, то нам нічога іншага не застаецца рабіць”.
Паводле “Народнай волі”


НАВІНЫ МГА “ЗБС “БАЦЬКАЎШЧЫНА”

У развіццё падзей
Шаноўныя чытачы, выконваючы рашэнні З’ездаў беларусаў свету, МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” працягвае звяртацца ва ўладныя структуры па пытанні распрацоўкі Закона, які б дазволіў вылучыць з агульнай масы іншаземцаў сваіх суайчыннікаў дзеля падтрымкі іх за мяжой і стварэння спрыяльных умоў прыезду на Айчыну. Прапануем Вашай увазе адказ з Цэнтра па законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Национальный центр законопроектной деятельности при Президенте Республики Беларусь, рассмотрев запрос (исх. № 30-3 от 20.07.2004), сообщает следующее. Указом Президента Республики Беларусь от 18 декабря 2002 г. № 618 — проект Закона Республики Беларусь «О соотечественниках, проживающих за рубежом» был исключен из плана подготовки законопроектов на 2002 год, утвержденного Указом Президента Республики Беларусь от 20 декабря 2001 г. № 764, поскольку он затрагивает положения проекта Закона Республики Беларусь «Об основных направлениях внутренней и внешней политики» (который в настоящее время не принят и находится в Палате представителей Национального собрания Республики Беларусь). В этой связи работа над данным законопроектом приостановлена.
На основании изложенного не представляется возможным направить в Ваш адрес вариант проекта Закона Республики Беларусь «О соотечественниках, проживающих за рубежом».
Заместитель директора Центра
Л.А. Панферова

Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Навіны на сайце “Бацькаўшчыны”
• На сайце Згуртавання “Бацькаўшына” (zbsb.org) размешчана Галерэя дзіцячых малюнкаў, якая ўтрымлівае творы пераможцаў мастацкага конкурсу “Нашчадкі змагарнай славы”, які “Бацькаўшчына” ладзіла ўвесну гэтага года. Нагадаем, што конкурсная тэматыка датычыла юбілеяў Аршанскай бітвы 1514 года і Паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі 1794 года. Адпаведна гэтаму развівалася і тэматыка дзіцячых прац, якія, у асноўным, прысвячаліся постацям слынных беларускіх ваяроў.
• На сайце Згуртавання “Бацькаўшчына” адкрытая Галерэя здымкаў помнікаў і месцаў пахаванняў вядомых беларусаў за мяжой. Звяртаемся да тых, хто мае і іншыя матэрыялы, не ўлічаныя на нашым сайце, – дасылайце, калі ласка, здымкі помнікаў слынных беларусаў за мяжой. Будзем шчыра ўдзячны і абавязкова размесцім у нашай Галерэі. Мы павінны ведаць тых, хто не забываў пра Радзіму нават на выгнанні.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

“Нашчадкі змагарнай славы”
Па выніках Рэспубліканскага літаратурна-мастацкага конкурса “Нашчадкі змагарнай славы”, які ладзіла сёлета Згуртаванне “Бацькаўшчына”, пабачыў свет зборнік твораў пераможцаў гэтага конкурсу. Кніга змяшчае 31 дзіцячы твор і аздоблена карцінамі пераможцаў мастацкай часткі конкурсу. Прасякнутыя шчырым патрыятызмам і светлай любоўю да “сваёй Вялікай Айчыны – Беларусі”, дзіцячыя літаратурныя і мастацкія творы пераконваюць у жыццяздольнасці нашай культуры ў ХХІ стагоддзі. Спонсарам выдання кнігі выступіла Ірэна Каляда-Смірнова (ЗША).
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”

Адпачынак пераможцаў
З лютага па красавік 2004 г. МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” ладзіла конкурс “Нашчадкі змагарнай славы”, прысвечаны 490-годдзю бітвы пад Воршай і 210-годдзю паўстання Тадэвуша Касцюшкі. На жаль, у конкурсе ўзяла ўдзел меншая колькасць дзяцей у параўнанні з мінулымі гадамі. Гэта выклікана тым, што дзяржаўная прэса не змагла размясціць абвестку пра конкурс (з-за тэматыкі конкурсу), і інфармацыя не разышлася дастаткова шырока. Тым не менш каля 200 дзяцей з розных мястэчак і вёсак Беларусі даслалі свае творы. Экспертная камісія вызначыла пераможцаў, якімі сталі 55 хлопчыкаў і дзяўчынак. З іхніх твораў быў складзены зборнік, а самі дзеці атрымалі магчымасць правесці два незабыўныя тыдні ў Польшчы на беразе Балтыйскага мора. Дзеці вярнуліся адпачыўшымі і задаволенымі, з новымі сіламі да далейшай вучобы і творчасці.
Як і ўсе мінулыя гады, падарыць дзецям адпачынак у якасці прыза стала магчымым дзякуючы беларускай мецэнатцы з ЗША Ірэне Каляда-Смірновай. Уражаныя і ўдзячныя дзеці пісалі лісты да спадарыні Ірэны, некаторыя з якіх, разам з фотаздымкамі з адпачынку, падаем да ўвагі шаноўных чытачоў.

Алена Борыс
Вітаю Вас, спадарыня Ірэна!
Я пішу Вам гэты ліст, седзячы на Балтыйскім пляжы і абтрасаючы з валасоў пясок, таму на ім, магчыма, будуць пясчынкі і салёныя кроплі.
Можа мне ніколі не пашчасціць Вас пабачыць, але я ўсё роўна выдатна ўяўляю сабе Ваш твар, дакладней – вочы. Галоўнае ў іх – не колер, а глыбіня – яны бяздонныя і чыстыя – чыстыя, як лілеі раніцаю. У іх адбіваецца неба і зоры далёкай Радзімы за тысячы і тысячы кіламетраў.
Дзякуючы менавіта Вашым спагадлівым вачам, я першы раз у жыцці наведала чароўную Польшчу, па-новаму ўбачыла Балтыйскае мора з россыпамі бурштыну на бялюткім пяску, пабывала ў сталіцы крыжакоў – Мальбарку (ужо гонар для ліцьвінкі!) і ў горадзе-казцы Гданьску. Такіх незабыўных канікул у мяне, напэўна ніколі не было! Разам з нашымі спадарамі мы наладжвалі цікавыя вечарыны, пелі песні пад гітару ля вогнішча (праўда, мы так стараліся, што пад канец вандроўкі ў гітары засталося ўсяго чатыры струны..., хадзілі на дыскатэкі і амаль што не вылазілі з мора. Мне б вельмі хацелася, каб Вы таксама адчулі салёны вецер з мора, і рыпенне пяску пад нагамі, і пену Балтыйскіх хваляў на пальцах – гэта чароўна!
Дзякуй Вам за гэтую казку, за тое, што я зноў адчуваю – Беларусь жыве і будзе жыць, пакуль ёсць такія людзі, як Вы... Родная зямля благаславіць Вас!...

Дар’я Пенда і Ксенія Абібак
Паважаная спадарыня Ірэна!
Вельмі прыемна, што нам выдалася магчымасць напісаць Вам гэты ліст, бо вельмі несправядліва было б не аддзячыць чалавеку, які падарыў нам неверагодны шанец з’ездзіць у Польшчу. Шчыра кажучы, самі мы бы не выбраліся сюды; а нават, калі і выбраліся б, то ўжо, канешне, не з выхавацелямі, якія, абудзілі ў нас павагу і любоў да роднай мовы, жаданне і магчымасць размаўляць на ёй.
Ці трэба казаць, як мы былі здзіўлены, калі даведаліся, што адна жанчына, беларуска, жывучы да таго ж у Амерыцы, падарыла ўдзельнікам конкурсу арганізацыі “Бацькаўшчына” вандроўку ў Польшчу.
Вялікі Вам дзякуй, спадарыня Ірэна!
Дазвольце толькі прысвяціць Вам верш, напісаны на беразе Балтыкі:

Б Е Л А Р У С І
Беларусь, а ці ведаеш ты
Гоман мора ў начныя гадзіны
У краіне, дзе джунглі-лясы,
Што для іншых завецца Радзімай?

Для цябе, Беларусь, шум ракі
На світанні ці вечарам ясным
І крыніцы пазвон гаманкі
Стане гоманам мора ўласным.

Беларусь, а ці бачыла ты
Горы ў покрыве снега бліскучым?
Для цябе лепш усякай гары
Поле роднае з працай кіпучай.

Беларусь, а ці чула калі
Подых ветру ў Сахары пустыннай? ...
Беларусь, можа з’ездзіць туды,
Усе адно няма лепей РАДЗІМЫ!

Прытыка Аляксандра
Я даўно марыла паехаць адпачыць кудысьці за мяжу. І была вельмі задаволеная, калі гэта аказалася Польшча.
За ўсю гэту цудоўнейшую вандроўку мы павінны казаць “Дзякуй” аднаму чалавеку. Не проста чалавеку, а сапраўднаму патрыёту нашай Радзімы, Жанчыне, якая пражыўшы жыццё за мяжой, ніколі не забывае, а ўсё больш і больш любіць наш родны кут.
Гэта дарагое і палымянае прывітанне да Вас, паважаная спадарыня Ірэна.
Што тычыцца самога лагера – гэта сапраўдная казка. Я ніколі не думала, што Балтыйскае мора такое. І яно нават не халоднае. Пакоі нам далі ўтульныя і прыгожыя, зусім не далёка ад мора. Кожны дзень мы са сваімі выхавацелямі (з імі нам таксама пашанцавала) хадзілі на пляж.
Вечары праводзілі вельмі цікава. Розныя віктарыны, гульні, а больш за ўсё мне падабаліся песні пад гітару. Праўда, пад канец у нашай спадарыні Ганны, сапраўднага Паганіні, засталіся толькі чатыры струны. За гэтыя два тыдні мы таксама вывучылі “Дзесяць вякоў Беларускай гісторыі” У.Арлова, бо амаль кожныя два дні адбываліся гістарычныя віктарыны. І наш звяз перамог – мы вельмі добра ведаем гісторыю сваёй Бацькаўшчыны, бо мы тут нарадзіліся, выраслі і жывем. Таксама марым быць такімі як Вы.

Паважаная спадарыня Ірэна!
Вялікі дзякуй Вам за гэту цудоўную вандроўку ў Польшчу. Яна была вельмі цікавай і захапляючай. Мы хадзілі на мора, праводзілі розныя конкурсы, ездзілі на экскурсіі. Адна з іх была ў Мальбрак. Там мы агледзелі замак і даведаліся шмат усяго новага.
Мясцовасць у якой мы жылі называлася Полар. Амаль кожны вечар мы збіраліся разам і спявалі песні. Таксама ў нас былі гістарычныя віктарыны, якія дапамагалі нам пазнаць мінулае нашай Бацькаўшчыны. Праводзіліся спартыўныя конкурсы, у тым ліку паміж палякамі і беларусамі. У апошні дзень мы гулялі ў цікавую гульню “Салодкае дрэва”. Умовы былі такія: кожны звяз выцягвае цыдулку з указаннем месца, дзе схавана наступная цыдулка (усяго іх было чатыры). Усе вельмі стаміліся, але былі ў добрым настроі.
Дзякуй Вам за ўсё, што Вы робіце для нас. Для мяне. Вы з’яўляецеся другой мамай. Дзякуючы Вам беларускія дзеці не забываюцца на сваю родную мову і культуру.
Жыве Беларусь!
Данута Зайкоўская, 14 гадоў, г. Мінск

Паважаная спадарыня Ірэна!
Вялікі Вам дзякуй за тое, што далі нам магчымасць раскрыць свае таленты і пабываць у такой цудоўнай краіне, як Польшча. Дзякуючы Вам, мы пасяліліся на базе адпачынку “Полар” недалёка ад маленькага гарадка Стэгна, побач з Балтыйскім морам. Як высветлілася, нас чакаў вельмі актыўны адпачынак.
Мы пабачылі Балтыйскае мора. Пабывалі ў самым вялікім замку ва ўсёй Еўропе – Мальбраку, у прыгажэйшым партовым горадзе – Гданьску, а таксама на невялічкай страўсінай ферме.
Каб не Вы, дык мы ніколі б не сустрэліся. З Вашай дапамогай дзеці Беларусі, сапраўдныя дзеці – патрыёты сваёй Радзімы, маюць сувязь паміж сабой. Мы, пяць дзяўчынак з розных куткоў Беларусі: Стасенка Марына – Брэсцкая вобл., Іванаўскі р-н; Сыч Марына – г. Жабінка, Брэсцкай вобл.; Кірэева Алена – г. Іванава, Брэсцкай вобл.; Гітліц Каця – г. Мінск; Вядзерчык Святлана – г. Іванава, Брэсцкай вобл., мы ўсе сталі пераможцамі дзіцячага літаратурна-мастацкага конкурсу, які праводзіла “Бацькаўшчына”. І з Вашай дапамогай мы атрымалі ад жыцця яшчэ адзін падарунак – паездку ў Польшчу.
Вялікі Вам дзякуй за гэта!
Стасенка Марына, 14 гадоў, Іванаўскі р-н
Кірэева Алена, 13 гадоў, г. Баранавічы
Сыч Марына, 13 гадоў, г. Жабінка
Гітліц Каця,
Вядзерчык Святлана, 13 гадоў, г. Іванава


Паважаная спадарыня Ірэна,
Піша Вам гэты ліст Ваш зямляк Навуменка Вася. Я – просты сялянскі хлопец. Жыву ў невялічкай вёсачцы Паўлавічы, якая знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці Клімавіцкага раёна.
Мае тата і мама працуюць у калгасе, тата – будаўнік, а мама—даярка. Зараз ў нашым калгасе жніво і калгаснікам хапае працы.
На жаль, акрамя гаспадарчай працы яшчэ ёсць і дамашняя, і я чым магу, дапамагаю бацькам.
Але, вось, дзякуючы Вашай міласэрнасці, я апынуўся ў такой цудоўнай краіне, як Польшча. Мне тут вельмі спадабалася, таму што я пабачыў сапраўдны рыцарскі замак і пабываў у адным з найлепшых польскіх гарадоў – Гданьску. Галоўнае – я адпачываў на сапраўдным моры.
Вялікі Вам дзякуй за тое, што Вы даеце нам магчымасць пабачыць свет і выхоўваеце ў нас сапраўдных беларусаў. Я спрабую пісаць вершы і хацеў бы зачытаць Вам адзін з іх, прысвечаны Беларусі:
Люблю цябе, мая Радзіма,
Твае палеткі і лугі,
Як маці, ты ў мяне адзіна
Жыцця куточак дарагі.
Лясы зялёныя шапочуць,
У небе жаўрукі пяюць
Спыняцца рэчанькі не хочуць
Бягуць і хвалі ў даль нясуць
У зелені бароў сасновых
Жадаю я табе любві
І поспехаў і песняў новых
Красуйся, радуйся, жыві!
Навуменка Васіль, 14 гадоў, Клімавіцкі р-н


Прывітанне, паважаная спадарыня Ірэна,
Піша Вам Кісялёва Ірына, дзяўчынка з Беларусі, якой пашанцавала гэтым летам адпачыць у Польшчы. Мне тут вельмі спадабалася. Я першы раз адпачывала за мяжой, і за гэты шанец я вельмі ўдзячна Вам. Цяпер Вы для мяне сталі прыкладам людской сардэчнасці, шчырасці і душэўнай прыгажосці. Я вельмі ганаруся тым, што такая жанчына як Вы, мая суайчынніца. .... Я ўзгадваю сваю першую сустрэчу з Балтыйскім морам. О, якое яно прыгожае. Якое яно вялікае, здаецца, што яно ніколі не скончыцца, колькі б ты не плыў на ім на караблі. Зеленавата-сінія хвалі ўсё набегаюць і набегаюць на бераг, выносяць маленькія і вялікія ракушкі, цёмна-жоўтыя і зялёныя водараслі, нават маленькія кавалачкі бурштыну. Над морам лёталі чайкі, і мне здавалася, што па паветру насустрач мне ляціць іх прыгожая загадкавая песня пра далёкія заморскія краіны. А пясок быццам дапамагаў ім пець сваім сухім ціхім голасам. І ўсё вакол было патаемнае. ...
Кісялёва Ірына, 13 гадоў, Клімавіцкі р-н


Дзякуй
(Акраверш)
Даволі многа беларусаў
За мяжой цяпер жывуць
Яны ўсе, як доўгі вусень
Калі трэба прыбягуць
Усім Радзіме дапамогуць
Й шмат сілы дададуць.

Вы – дачка сваёй Радзімы
Апрача таго, што Вам
Мабыць цяжка жыць у чужыне

Вы зрабілі ласку нам
Як сапраўдна патрыётка,
Любячы сваю шыпшыну
І, я веру, вам салодка
Калі чутна пра Радзіму.
І мне прыемна, што пяшчота

Існуе яшчэ ў турботах
Робячы шмат для дзяцей
Эх, дзякуй Вам! Калі каротка
Не хапае пэўных слоў
Адказаць Вам на любоў.

Каб Вас гора абмінула
А няшчасце не кранула
Любоў Ваша да Радзімы
Я ўпэўнены – не памрэ.
Дзякуй Вам. Мы кажам шчыра.
А вось Беларусь – жыве!!!
Бураўкін Павел


НАШЫЯ СТРАТЫ

Памёр Чэслаў Мілаш
14 жніўня ў Кракаве ва ўзросце 93 гадоў памёр Чэслаў Мілаш – вядомы польскі паэт, пісьменнік, аўтар эсэ, лаўрэат літаратурнай нобелеўскай прэміі ў 1980 годзе. Мілаш нарадзіўся ў Шэтэйнях у Летуве. Перад Другой сусветнай вайной ён працаваў у Польскім Радыё ў Вільні, а пазней таксама ў Варшаве. Пасля вайны Мілаш працаваў у польскіх дыпламатычных прадстаўніцтвах у Нью-Ёрку і ў Парыжы. У 1951 годзе Чэслаў Мілаш папрасіў палітычнага прытулку на Захадзе і жыў спачатку ў Францыі, а пазней у ЗША. Ад 1994 году Мілаш быў жыхаром Кракава. Ён быў ганаровым грамадзянінам двух польскіх гарадоў: Кракава і Сопата. Прэзідыум Дэпутацкай Асамблеі Сеймаў Польшчы і Летувы прызначыў Мілашу Узнагароду Абедзвюх Нацый. У 1994 годзе Чэслаў Мілаш атрымаў Ордэн Белага Арла.
Чэслаў Мілаш будзе паxаваны ў Кракаве.
Радыё “Polonia”. 2004. 14 жніў.

Памёр Язэп Юхо
Памёр выдатны беларускі вучоны і патрыёт, гісторык права, сябра Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Язэп Юхо, які доўгі час, амаль 50 гадоў, працаваў на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Нарадзіўся Язэп Аляксандравіч у Мінску 19 сакавіка 1921 г., удзельнік Другой сусветнай вайны, меў вайсковае званне маёра. Пасля вайны вучыўся ў Мінскім юрыдычным інстытуце. Працаваў народным суддзём Варашылаўскага раёна г. Мінска. З 1952 г. Язэп Юхо працаваў у інстытуце філасофіі і права Акадэміі Навук БССР, а з 1956 г. на юрыдычным факультэце БДУ. У 1960-1964 гг. быў намеснікам старшыні юрыдычнай камісіі пры Савеце міністраў БССР. У 1982 г. Язэп Юхо абараніў доктарскую дысертацыю, а ў 1983 г. яму было прысвоена званне прафесара.
Яшчэ маладым выкладчыкам Язэп Юхо адрозніваўся сваёй цікавасцю да гісторыі права Беларусі. Ён увайшоў у гісторыю юрыдычнай навукі як адзін з аўтараў і ініцыятараў перавыдання энцыклапедычнага даведніка “Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.” Ён таксама адзін з аўтараў першага “Юрыдычнага энцыклапедычнага даведніка” на беларускай мове.
Сп. Юхо быў абаяльным і сціплым чалавекам, карыстаўся вялікім аўтарытэтам. Беларусь страціла аднаго са сваіх годных сыноў, выдатнага навукоўца і патрыёта.
А. Грыцкевіч

Сумная вестка
Беларусы Мельбурна (Аўстралія) развіталіся з паважаным сябрам беларускай грамады – Рыгорам Алёхіным. Рыгор (Язэп) Алёхін нарадзіўся на Беларусі ў вёсцы Вярны (Палессе) 7 студзеня 1923 г.
Жыў у Аўстраліі з 1949 года і заўсёды прымаў удзел у грамадскім жыцці беларусаў Аўстраліі. Сябра Беларускага Цэнтральнага Камітэта ў Вікторыі, сябра Беларускага Нацыянальнага Фонду і парафіянін Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы – Святых Віленскіх Пакутнікаў. Рыгор Алёхін памёр 21 ліпеня 2004 года, пахаваны на Беларускіх могілках – Фаўкнэр, Аўстралія. Хай пухам будзе табе Аўстралійская зямля. Вечная памяць.
Алег Шнэк,
Старшыня Беларускага Цэнтральнага Камітэта
ў Вікторыі

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by