Трэцi iнфармацыйны выпуск "Беларусы ў свеце"
Змест:
Заява Управы МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвае трывогу ў сувязі з сітуацыяй,
якая склалася вакол Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1997 г. СБП
быў пазбаўлены маёмасці - будынка Дома літаратара і палікліннікі
Беларускага літаратурнага фонду. Здзейсніўшы гэты сумнеўны з прававога
гледзішча акт, дзяржава ўзяла на сябе абавязак фінансаваць Саюз
пісьменнікаў з бюджэту. Аднак з 3 ліпеня 2001 г. Міністэрства
фінансаў спыніла пералічэнне сродкаў, што паставіла пад пагрозу
само існаванне творчага саюза, які адыгрывае выключную ролю ў
захаванні і развіцці беларускай культуры і мовы.
Спробы высокіх чыноўнікаў ліквідаваць Саюз беларускіх пісьменнікаў
выклікае нашу глыбокую занепакоенасць. Міжнароднаму аўтарытэту
дзяржавы наносіцца адчувальны ўдар. Прадстаўнікі ўлады заўсёды
падкрэслівалі свой клопат пра стан духоўнасці ў нашай краіне.
На жаль, страта творчымі саюзамі дзяржаўнай падтрымкі сведчыць
пра іншае.
МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" спадзяецца, што
ў самы бліжэйшы час фінансаванне СБП будзе адноўлена.
Наш закон
У газеце "Голас Радзімы" ад 1 жніўня 2001 г. № 31 быў змешчаны
Праект структуры Закону Рэспублікі Беларусь "Аб суайчынніках,
якія пражываюць за мяжой". Гэты праект адпавядае структуры Федэральнага
закону Расійскай Федэрацыі ад 24 траўня 1999 года № 99-ФЗ "Аб
дзяржайнай палітыцы Расійскай Федэрацыі ў адносінах да суайчыннікаў
за мяжой". Практыка выкарыстання як асобных нормаў, так і саміх
законаў адной краіны пры падрыхтоўцы нарматыўных актаў другіх
краін распаўсюджана даволі шырока. На нашу думку, праблема не
ў тым, што праект структуры беларускага закону падобны на структуру
расійскага, а ў тым, якія асаблівасці павінны быць закладзены
ў Закон Рэспублікі Беларусь.
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" лічыць не вельмі ўдалай назву і адрасную
групу закону. МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" зыходзіць з таго, што Рэспубліка
Беларусь не з'яўляецца правапераемніцай СССР, не прызнае падвойнага
грамадзянства і на яе тэрыторыі акрамя тытульнай нацыі беларусаў
не пражываюць іншыя нацыянальнасці, якія мелі б на тэрыторыі Беларусі
свае нацыянальная ўтварэнні, як гэта мае месца ў Расійскай Федэрацыі.
Таму назву закону мэтазгодна выкласці ў рэдакцыі, прапанаванай
Управай МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" (2 жніўня 2001 года): "Аб стасунках
Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа". Пры гэтым лічым, што
распрацоўшчыкам праекта закону варта звярнуць увагу на законы
"Аб картцы (пасведчанні) паляка" і "Аб пасведчанні венгра".
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Пры Пасольствах Рэспублікі Беларусь у іншых дзяржавах мусіць
быць зацверджана пасада адказнага за сувязі з дыяспарай, які павінен
валодаць канкрэтнымі паўнамоцтвамі і падтрымліваць сталую сувязь
з кіраўнікамі нацыянальных аб'яднанняў беларусаў. Павінна быць
прадугледжана працэдура спрошчанага мытнага і памежнага кантролю
для этнічных беларусаў пры перасячэнні дзяржаўнай мяжы і зведзены
да мінімума розныя выплаты. У законе таксама павінна прадугледжвацца
выдзяленне сродкаў з дзяржаўнага бюджэту Беларусі на: 1) зацвярджэнне
квоты ў навучальных установах Беларусі на прыём і бясплатнае навучанне
дзяцей выхадцаў з Беларусі; 2) бясплатнае лячэнне і аздараўленне
этнічных беларусаў і іх дзяцей у лекавых установах Беларусі; 3)
аказанне фінансавай дапамогі сем'ям беларусаў, якія апынуліся
ў цяжкім становішчы; 4) забеспячэнне беларускіх аб'яднанняў за
мяжой перыядычнымі выданнямі і мастацкай літаратурай. Усе пералічаныя
мерапрыемствы прапануецца ажыццяўляць па накіраванню і прапанове
беларускай дыяспары.
МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"НКТБ "Сябры" (г.Чарнігаў, Украіна)
Г.Варажбіт
Такі закон павінен мець назву: "Аб абароне правоў асобаў, народжаных
на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і этнічных беларусаў, якія жывуць
па-за яе межамі". Для гэтай катэгорыі асобаў патрэбна спрошчаная
працэдура перасячэння межаў рэспублікі, а таксама атрымання грамадзянства.
Патрэбна праграма вяртання этнічных беларусаў з абшараў Сібіры
і г. д. Асобы, якія падпадаюць пад дзеянне закону, павінны мець
роўныя з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь правы на ўласнасць,
у тым ліку і на зямлю. Першым крокам да рэалізацыі магла б стаць
адмена для іх дарожнага збору з аўтамашын з замежнымі нумарамі.
Для паўнавартаснага ж дзеяння закону неабходна ўвесці "Картку
беларуса". Патрэбна дазволіць рэгістраваць фірмы і іншыя арганізацыі,
маючыя статус юрыдычнай асобы, на тэрыторыі Беларусі, нават калі
яны працягваюць жыць па-за яе межамі.
Суполка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ў Германіі
Я. Паўловіч
Шаноўныя суродзічы, просім дасылаць прапановы па праекту Закона
"Аб суайчынніках, што пражываюць за мяжой" у адрас МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".
Усе Вашыя меркаванні будуць перададзены ў Нацыянальны цэнтр законапраектнай
дзейнасці Рэспублікі Беларусь.
У нашых суседзяў
У 2001 г. была зацверджана Нацыянальная праграма "Закордонне
украінство" на перыяд да 2005 г. Праграма скіравана на падтрымку
і развіццё сувязяў з украінцамі, якія пражываюць за межамі Украіны,
спрыянне зберажэнню іх этнічнай ідэнтычнасці, прыцягнення да ўдзелу
ў працэсах, што адбываюцца ва Украіне, шляхам канцэнтрацыі намаганняў
у гэтай сферы органаў выканаўчай улады Украіны і створаных у дзяржаве
і па-за яе межамі грамадскіх арганізацый украінцаў. Сярод асноўных
мэтаў Праграмы вызначана выпрацоўка дзейсных механізмаў падтрымкі
замежных ўкраінцаў, перад усім у дзяржавах, што ўтварыліся на
тэрыторыі колішняга СССР, дзе адбываецца працэс самаарганізацыі
ўкраінскіх асяродкаў і ствараецца інфраструктура для задавальнення
культурных, інфармацыйных, моўных ды асветніцкіх патрэб украінцаў.
Сярод задач - падтрымка ініцыятыў, накіраваных на зберажэнне,
развіццё і ўмацаванне этнічнай самабытнасці ўкраінцаў.
Міністэрства культуры Польшчы разгледзела зніжэнне датацый нацыянальным
меншасцям краіны на 80%. Пры пабудове бюджэту на 2002 г. урад
Польшчы абмежаваў да мінімуму або спыніў фінансаванне некаторых
праектаў з публічных сродкаў. Такія абмежаванні закранулі таксама
бюджэт Міністэства культуры. Праект бюджэту прадугледжвае змяншэнне
на 87,7% сумы, якою распараджаўся міністр у 2001 г. Паводле слоў
дырэктара Дэпартамента культуры нацыянальных меншасцей Польшчы,
ахова культуры нацыянальных меншасцей з'яўляецца надзвычай важнай,
таму меншасныя асяродкі атрымаюць адносна болыш, чым іншыя праекты,
якімі апякуецца дзяржава-мецэнат. Міністр культуры праз пасрэдніцтва
Дэпартамента культуры нацыянальных меншасцей прызнае мэтавыя датацыі
на канкрэтныя праекты, якія ажыццяўляюцца непублічнымі суб'ектамі,
у іх ліку і таварыствамі нацыянальных меншасцей.
"Ніва". 2002. 5 лют.
Навiны
Беларусь
У выдавецтве "Тэхналогія" выйшла кніга Лідзіі Савік "Пакліканыя",
дзе асэнсоўваюцца мастацкія здабыткі беларускіх пісьменнікаў далёкага
замежжа. Акрамя агульнага ўступнага раздзела, які раскрывае найбольш
значныя вехі развіцця літаратуры беларускай дыяспары, чытач глыбей
пазнаёміцца з жыццём і творчасцю паэтаў Наталлі Арсенневай, Уладзіміра
Дудзіцкага, Янкі Золака, Хведара Ілляшэвіча, Міхася Кавыля, Уладзіміра
Клішэвіча, Рыгора Крушыны, Алеся Салаўя, Масея Сяднёва. Да кожнага
нарыса дадаецца бібліяграфія як сведчанне вялікай цікавасці да
творчасці пісьменнікаў-эмігрантаў, як толькі стала магчымым з
пачатку 90-х гадоў пазнаёміцца, перачытаць, даследаваць іх творы,
прасякнутыя беларускай нацыянальнай ідэяй, нязгаснай любоўю да
пакінутай Бацькаўшчыны, якая часта не па сваёй волі была такой
няласкавай да сваіх таленавітых сыноў і дачок. Кніга "Пакліканыя"
складаецца з уступу, дзевяці раздзелаў, бібліяграфіі, фотаздамкаў,
мае 480 старонак. Адрасавана ўсім, хто цікавіцца беларускай літаратурай,
гісторыяй, культурай.
ЗША
У Чыкага ў лістападзе, снежні 2001 і студзені 2002 года адбылася
вялікая выстава мастакоў беларускага паходжання пад назвай "Зямля
пад белымі крыламі". Магчымасць яе наладзіць у вялізнай зале даў
Крысціян Наркевіч-Лейн, дырэктар музея The Chicago Athenaeum (Музей
архітэктуры і дызайну), які ў апошнія гады актыўна займаецца дабрачыннай
дзейнасцю (арганізацыя ў шэрагу краінаў выстаў "Малюнкі дзяцей
Чарнобыля", медыцынская гуманітарная дапамога, памкненні пачаць
рэстаўрацыю маёнтка і навуковай лабараторыі "Наднямонне" свайго
вядомага дзеда, выдатнейшага беларускага вучонага Якуба Наркевіча-Ёдкі).
Вялікая заля гэтага музею знаходзіцца ў Шамбургу, заходнім прыгарадзе
Чыкага, тым не менш, у дні афіцыйнага адкрыцця выставы "Зямля
пад белымі крыламі" тут пабывала вельмі многа людзей.
В. Нікіфаровіч
У Чыкага Музей навукі і індустрыі штогод праводзіць у снежні
Фестываль ялінак усіх народаў і этнічных груп, прадстаўнікі якіх
жывуць у гэтым горадзе і штаце Ілінойс. 22 гады запар эмігранты
з Беларусі ўбіраюць і паказваюць у гэтым Музеі сваю "Беларускую
ялінку". Самай лепшай яна была прызнана і сёлета - яе ўбіралі
жанчыны - прыхаджанкі чыкагскай беларускай праваслаўнай царквы
св. Юр'я.
Канада
У Таронта заснавана новая беларуская газета "Беларускае слова".
Першы нумар, які быў выпушчаны ў студзені, друкуе справаздачу
38 з'езда ЗБК, хроніку дзён і літаратурны альманах "Шкварка".
Пры актыўным садзейнічанні і фінансавай падтрымцы дзяржаўных
адукацыйных устаноў Канады ў Атаве пачала працаваць беларуская
адукацыйная праграма. Гэта унікальная магчымасць для кожнага не
толькі бліжэй пазнаёміцца з беларускай культурай, мовай і гісторыяй,
але таксама і набыць дадатковы крэдіт, што будзе нядрэнным набыткам
для таго, хто жадае павялічыць свой сярэдні бал для далейшай адукацыі
ў Канадзе.
Латвія
У Даўгаўпілсе літаратурная творчая майстэрня "Русла" пры падтрымцы
Консульства Рэспублікі Беларусь у Латвіі выдала зборнік твораў
навучэнцаў беларускай нядзельнай школы і Культурна-асветніцкага
таварыства "Уздым". Зборнік называецца "Думкі пра Беларусь" і
змяшчае творы маладых беларускіх патрыётаў.
Беларускае культурнае таварыства "Прамень" напярэдадні сустрэчы
старога Новага года адзначыла Каляды. Вядучай была намесніца старшыні
беларускага таварыства, прэзідэнт Асацыяцыі прадпрымальнікаў-беларусаў
у Латвіі "Беларускі шлях" В. Піскунова. Тэатралізаванае прадстаўленне
ансамбля "Надзея", калядаванне, жартаўлівыя конкурсы, латарэя,
народныя танцы і песні не пакінулі абыякавым нікога, у тым ліку
Часовага Паверанага Рэспублікі Беларусь у Латвіі В. Іванова і
начальніка аддзела нацыянальных меншасцяў Управы натуралізацыі
Латвіі А. Балацку, якая ўручыла ансамблю "Надзея" дыплом за яго
ўклад у развіццё культуры.
Літва
1 лютага 83-я ўгодкі віленскай Беларускай гімназіі адзначаліся
ў памяшканні віленскай школы імя Ф. Скарыны з беларускай мовай
навучання. Сярод гасцей былі і былыя вучні гэтай гімназіі. Гэтае
свята - традыцыйнае і штогод адзначаецца ў памяшканні школы.
У школе Ф. Скарыны выйшаў першы нумар "Нашай газэты", e-mail:
skorinasschool@centras.lt
З 4 па 8 студзеня ў Вільні гасцілі ўдзельнікі музычнай студыі
"Альтанка" з Залесся пад кіраўніцтвам Сяргея Верамейчыка. Тут
іх гасцінна прымалі вучні і настаунікі школы .
1 - 2 снежня ў Вільні і 15 - 16 у Рымдзюнах Астравецкага раёна
прайшлі два семінары пад адной назвай "Этнакультура беларуска-літоўскага
памежжа". Аўтар праекта - Беларускае адукацыйнае таварыства Літвы.
Удзельнікі - дзве школы: Беларуская ў Вільні і Літоўская ў Беларусі.
У працы абодвух семінараў прымалі ўдзел і сапраўдныя вясковыя
народныя майстры двух краін. Яны правялі для удзельнікаў майстар-класы
па пляценні, разьбе, ткацтву.
Беларускія школьніцы з Вільні на працягу 2001 года прымалі ўдзел
ў вялікім міжнародным маладзёжным праекце Літвы І Фінляндыі па
праблемах правоў жанчын. Спачатку знаёміліся, як ідуць справы
ў нашых суседзяў, з дасягненнямі іх у гэтай галіне, а праз некалькі
месяцаў - сустрэча ў Літве: аб праблемах і іх вырашэнні ў нас.
Адна з асаблівасцей праекту - вялікая колькасць удзельніц праекту
- прадстаўніц нацыянальных меншасцяў дзвюх краін. Каардынатар
праекта з літоўскага боку - Галіна Сівалава, дырэктар беларускай
школы імя Ф. Скарыны ў Вільні.
Рэдакцыя "Нашай газэты"
Напрыканцы студзеня адбыўся справаздачна-выбарчы сход Таварыства
беларускай культуры ў Літве. У справаздаўчым дакладзе старшыня
таварыства сп. Нюнька ўзгадаў усё зробленае за апошнія два гады.
Ён адзначыў, што ўзначальваемае ім таварыства ці не адзіная суполка
ў Літве, якая не цураецца палітыкі і ладзіць мітынгі і пікеты
ў абарону дэмакратыі ў Беларусі.
У Таварыстве беларускай культуры ў Вільні адбылася ўрачыстая
імпрэза "Браніславу Тарашкевічу - 110 гадоў", у беларускай школе
імя Ф. Скарыны аформлены стэнд, у бібліятэцы - выстава кніг, а
20 студзеня, у дзень яго нараджэння, праведзены ўрокі па беларускай
мове. Шмат робіць для ўшанавання памяці вучонага і ТБМ імя Ф.
Скарыны Віленскага краю Ю. Гіль. У планах ТБМ - адкрыццё шыльды
на будынку школы ў Лаварышках. У Свіранах (радзіма Ф. Багушэвіча),
на будынку прыватнага дома, сёлета будзе ўстаноўлена мемарыяльная
дошка з надпісам па-беларуску. Адкрыццё плануецца пад час правядзення
ў Савічунах Багушэвічавых чытанняў.
У Клайпедзе адбылося свята мовы і кнігі, спалучанае з фестывалем
беларускай песні і пачаткам дзейнасці беларускай суполкі "Крыніца''.
Прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых уладаў, з мэрам горада на чале,
пасол РБ У. Гаркун і кіраўніцтва новазарэгістраванай суполкі "Крыніца".
Выступаў хор віленскай "Сябрыны" з кіраўніцай (і салісткай) В.
Кавальчук. Урачыстасць распачалася гімнам і кароткай прамовай
прэзідэнта Згуртавання беларускіх суполак Літвы Лявона Мурашкі.
Сёння да згуртавання належыць 15 суполак, далучылася Клайпеда
і Панявежыс. Па прыкладу Віленскай "Сябрыны" праяўляюць немалую
актыўнасць і іншыя, асабліва ў музычнай і наогул культурнай галіне,
доказам чаго могуць быць і рэгулярна наладжаныя Фестывалі беларускай
песні і танцу.
Польшча
Выдавецтвам "Villa Socrates" (Крынкі) пры падтрымцы Цэнтра грамадзянскай
адукацыі Польшча - Беларусь (Беласток) пабачыла свет кніга Алеся
Чобата "Зямля св. Лукі", якая прапануе чытачу сваеасаблівы погляд
на многія старонкі айчыннай гісторыі. У прадмове рэдактар выдання
Сакрат Яновіч кажа: "Гэта унікальная кніга ў беларускай літаратуры.
Яе арыгінальнасць палягае не ў новых фактах з гісторыі Беларусі,
але ў іх, менавіта новай, ацэнцы. Чобат напісаў сваю гісторыю
наважытнае Беларусі без нудотнае прафесаршчыны ды ўтомнае храналогіі.
Стварыў тэкст для зацікаўленага чытача і нестандартных роздумаў".
Расія
Беларускі пісьменнік-франтавік Іван Дзядзюля 5 гадоў узначальваў
службу разведкі ў Ізраілі. Нядаўна адначасова ў Пецярбургу і Маскве
выйшла кніга А. Калпакідзе і Д. Прохарава "Знешняя разведка Расіі",
якая ўяўляе з сябе першае адкрытае даследаванне гісторыі савецкай
знешнепалітычнай разведкі. Яе аўтары раскрываюць гісторыю і структуру
разведкі, важнейшыя аперацыі, а таксама сапраўдныя імёны і біяграфіі.
Адзін з іх - наш зямляк, выдатны разведчык Іван Прохаравіч Дзядзюля.
Цікава, што кіраўніком сакрэтных служб Ізраіля ў 1948 - 1963 гадах
і дарадчыкам па пытаннях разведкі і барацьбы з тэрорам пры кіраўніку
ўрада краіны ў 1965 - 1966 гадах быў ураджэнец Віцебска Ісэр Харэль.
12 лютага на Іркуцкай зямлі ў вёсцы Тургенеўка быў утвораны яшчэ
адзін беларускі асяродак - суполка Іркуцкага таварыства беларускай
культуры імя Чэрскага, сябрамі якой сталі ажно 52 беларусы. 14
лютага ІТБК правёў семінары для настаўнікаў гісторыі ў г. Чэрамхова.
Семінары былі прысвечаны гісторыі Беларусі, этапам перасялення
беларусаў у Сібір, фальклору і абрадам Беларусі. Зараз ІТБК працуе
над стварэннем музычнага дыска свайго мастацкага калектыву. Дарэчы,
арганізацыя працуе актыўна і сваёй дзейнасцю выклікае ўвагу ў
расійскіх тэлевійных каналаў: канал РТР асвятліў дзейнасць суполкі
ў перадачы "Весті" ў рубрыцы "Масква - Мінск". 2 сакавіка адбудзецца
5 З'езд Таварыства, у рабоце якога будуць браць удзел дэлегаты
ад раённых, гарадскіх і вясковых суполак ІТБК па Іркуцкай вобласці.
У праграме З'езду прадугледжаны таксама канцэрт і святочны Бульбяш.
26 студзеня 2002 г. суполка "Каралявец" у Калінінградзе адзначала
Дзень мовы. Нягледзячы на ўраган, якi пранёсся ў гэты дзень над
Калінінградам, канферэнц-зал абласной навуковай бiблiятэкi быў
перапоўнены. На ўрачыстасць былi запрошаны беларускі пісьменнік
Уладзiмір Арлоў i бард Змiцер Бартосiк. Вечарына была распачата
па завядзёнцы гаспадарамi. Старшыня таварыства сп. Ігар Шаховiч
у сваiм уступным слове акрэслiў гiстарычны шлях беларускай мовы
i выказаў надзею, што наша мова ўсё-такi здолее абудзiць скалечаные
душы суайчыннiкаў, але для гэтага ёй вельмi патрэбна дзяржаўная
падтрымка i статус адзiнай дзяржаўнай, якi быў прадэклараваны
ў Законе аб мовах РБ 1990 года. Потым рэй вялi гурт "Тутэйшыя
музыкi" (Калінінград) пад кiраўнiцтвам Л. Кастрамiной, У. Арлоў
якi чытаў свае творы, дзялiўся думкамi, успамiнамi, адказваў на
пытаннi, i бард З. Бартосiк, у песнях якога iзноў гучала неўмiручая
iдэя нацыянальнага адраджэння. Пад час кароткага вiзiту госцi
агледзелi мясцовыя старажытнасцi.
У Маскве пражывае каля 100 тысяч беларусаў. Акрамя зарэгістраваных
жыхароў у горадзе сканцэнтравана вялікая армія часова пражываючых
- гэта гастарбайтэры, студэнты, бізнесмены. Беларуская дыяспара
ў Маскве выступіла з прапановай устанавіць у расійскай сталіцы
помнік беларускаму паэту Я. Купалу. У сувязі з гэтым ініцыятары
праекта стварэння помніка пачалі ўжо збор сродкаў. Адпаведна дамоўленасці,
дасягнутай з гарадскімі ўладамі Масквы, помнік народнаму паэту
Беларусі будзе ўстаноўлены на Кутузаўскім праспекце расійскай
сталіцы. Аўтарам праекта стане беларускі скульптар Валяр'ян Янушкевіч.
Янушкевіч як аўтар праекта абраны невыпадкова. На рахунку таленавітага
майстра помнікі Адаму Міцкевічу ў Навагрудку, Міхалу Клеафасу
Агінскаму ў Мазыры і Францыску Скарыне ў Лідзе. У канчатковым
выглядзе помнік Янку Купалу будзе ўяўляць з сябе фігурную кампазіцыю
з камня і бронзы.
Дарэчы, у Калінінградзе Культурнае-асветнае таварыства "Каралявец"
выступіла таксама з ініцыятывай устанавіць помніку Ф. Скарыне.
Упраўленне культуры г. Калінінграда паведаміла, што згодна прафінансаваць
усе работы на месцы. Зараз справа за беларускай дзяржавай, якая
мусіць аплаціць адліўку.
Украіна
На Украіне жыве болей за 400 тысяч беларусаў, і для многіх з
іх сувязь з Радзімай ажыццяўляецца толькі праз сродкі масавай
інфармацыі. З 1 кастрычніка на Палтаўскім абласным тэлебачанні
пачаў выходзіць цыкл перадач "Пра Беларусь з любоўю". Ініцыятарам
выступіла культурна-асветны асяродак "Агніца". Аўтар праекта -
Іна Снарская. Праграмы выходзяць 2 разы на месяц, працягласцю
ў 30 хвілін. Цыкл разлічаны на год, у ім адлюстравана культурная
спадчына Беларусі, гісторыя і традыцыі беларускага народа, партрэты
выдатных дзеячаў. Дапамогу ў ажыццяўленні праекта аказвае ксёндз-магістр
Уладзіслаў Завальнюк, пробашч касцёла святых Сымона і Алены ў
Мінску. Дзякуючы яго падтрымцы, здымачная група летам 2001 г.
здзейсніла творчую камандзіроўку ў Мінск. У цыкл уваходзяць перадачы
пра духоўную і культурную спадчыну Беларусі, вядомых таленавітых
людзей, помнікі гісторыі і культуры, традыцыі беларускага народа.
Перадачы разлічаны як на беларусаў, так і на ўкраінцаў. Вядуцца
на ўкраінскай і беларускай мовах. Такім чынам, у беларусаў, якія
жывуць у Палтаве і вобласці, ёсць магчымасць успомніць родную
мову, пачуць роднае слова, а ўкраінцы, дзякуючы цыклу, пашыраюць
свае веды пра Беларусь.
Эстонія
Выстава работ беларускай мастачкі Людмілы Налівайка адбылася
ў Эстоніі, у галерэі Йыхвінскай мастацкай школы. На адкрыцці прысутнічалі
члены аб'яднання беларускай культуры "БЭЗ", навучэнцы і выкладчыкі
мастацкай школы, сябры з польскага і татарскага аб'яднанняў культуры,
спецыяліст па знешніх сувязях йыхвінскай гарадской управы Анэлі
Рэймаа, памочнік мэра Йыхві па сацыяльных пытаннях Крысці Клааман,
прыхільнікі мастацтва. На выставе былі прадстаўлены 16 работ -
роспіс па шоўку, у якіх мастачка выкарыстала як прыёмы графікі,
так і жывапісу.
"Голас Радзімы". 2002. 30 студз.
З базы дадзеных
Беларускі культурны цэнтр "Крок" г. Вісагінаса (Літва) працуе
7 гадоў. З 1995 г. каардынатарам цэнтра з'яўляецца Алег Давідзюк.
Пры цэнтры ўтвораны 4 беларускія класы ў звычайнай сярэдняй школе
ў Літве, 2 мастацкія калектывы, дзе спяваюць 35 чалавек, больш
таго, цэнтр ладзіць беларускія перадачы для паказаў па мясцовым
тэлебачанні. У канцы 2001 г. "Крок" рабіў уваходзіны ў новае памяшканне,
агульная плошча якіх 200 м кв. БКЦ "Крок" хацеў бы супрацоўнічаць
з беларускімі арганізацыямі па наступных накірунках: адукацыя,
асвета, мастацкая самадзейнасць, выпуск беларускіх тэлевізійных
праграм.
Культурна-асветніцкае таварыства "Уздым" створана ў Даўгаўпілсе
(Латвія) у 1993 г., налічвае зараз каля 60 сяброў, узначальвае
таварыства Таццяна Бучэль. Пры таварыстве ў 1995 г. створана беларуская
нядзельная школа, дзе выкладаецца беларуская мова, літаратура,
гісторыя і фальклор, а ў 1997 г. пачалося выкладанне спецкурса
па беларускай мове на гуманітарным факультэце Даўгаўпілскага ўніверсітэта.
Арганізацыя зацікаўлена ў наладжванні стасункаў з грамадскімі
аб'яднаннямі Беларусі ў галіне адукацыі і культуры.
Горад Яраслаўль у свядомых беларусаў асацыіруецца з творчасцю
М. Багдановіча. Нездарма ў 1992 г. тут заснаваны музей М. Багдановіча,
дырэктарам якога з'яўляецца Н. Прохарава. На базе музея працуе
Цэнтр беларускай культуры, пры якім ў 1995 г. адкрыта бібліятэка.
Побач з Яраслаўскім дзяржаўным універсітэтам у 1994 г. узведзены
помнік М. Багдановічу, які з'яўляецца копіяй помніка М. Багдановічу
ў Мінску. У Яраслаўскім педагагічным універсітэце на філалагічным
факультэце вывучаецца беларуская мова як другая славянская. У
2001 г. была заснавана яраслаўская гарадская Беларуская нацыянальна-культурная
аўтаномія, якую ўзначальвае Т. Фадзеева. Аўтаномія налічвае каля
300 чалавек і ставіць за мэту адраджэнне і ўмацаванне нацыянальнай
самасвядомасці, культываванне нацыянальнай культуры, традыцый,
звычаяў, мовы. У сувязях з грамадскімі арганізацыямі ў Беларусі
аўтаномію цікавяць шчыльныя і сваечасовыя сувязі ў сферы культуры,
мастацтва, навукі, эканомікі, правядзенне канферэнцый і семінараў,
сустрэчы са знакамітымі землякамі - дзяржаўнымі, грамадскімі,
духоўнымі дзеячамі.
Урачыстасцi
Беларускія юбілеі ў Літве
У студзені споўнілася 5 гадоў Згуртаванню беларускіх грамадскіх
арганізацый у Літве. Увесь гэты час яго нязменным кіраўніком з'яўляецца
спадар Лявон Мурашка. За гэты час кола арганізацый, якія далучыліся
да згуртавання, значна пашырылася. 2002 г. юбілейны таксама і
для ТБМ Віленскага края. 10 год таму, 25 сакавіка 1992 г., таварыства
было зарэгістравана у Міністэрстве юстыцыі Літвы.
5 гадоў Беларускай аўтаноміі ў Комі
У красавіку спаўняецца 5 гадоў Беларускай нацыянальна-культурнай
аўтаноміі ў Рэспубліцы Комі. Па перапісу 1989 г. ў Рэспубліцы
Комі пражывае 27 тысяч беларусаў. У 1997 г. была ўтворана рэспубліканская
аўтаномія "Беларусь" з цэнтрам у г. Сыктыўкары, асноўнымі мэтамі
былі вызначаны актуальныя для ўсіх краінаў захаванне самабытнасці,
мовы, адраджэнне і развіццё нацыянальных традыцый. Узначальвае
аўтаномію Аркадзь Крупенька. У музеі г. Сыктыўкара да пэўных дат
ладзяцца выставы, дзе паведамляецца аб рабоце беларускай аўтаноміі,
экспануюцца фотаздымкі, кнігі, іншыя выданні, строі. Пры аўтаноміі
працуе гурток па вывучэнню беларускай мовы сярод падлеткаў, заснаваны
ў 2000 г. У Комі выдаецца Інфармацыйны веснік нацыянальных аўтаномій,
у рэдакцыі якога з 5-ці супрацоўнікаў два - беларусы, таму ў ім
рэгулярна друкуюцца матэрыялы аб жыцці беларускай аўтаноміі. Аўтаномія
выказвае жаданне супрацоўнічаць з арганізацыямі ў Беларусі і беларускімі
зямляцтвамі ў іншых краінах, асабліва ў Расіі і краінах СНД.
3 гады "Бацькаўшчыне" ў Сургуце
Cёлета спаўняецца 3 гады Культурна-асветніцкаму таварыству "Бацькаўшчына"
Ханты-мансійскай аўтаномнай акругі (Расія). 10 сакавіка адбудзецца
справаздачна-выбарчы сход таварыства, прысвечаны гэтай падзеі.
У рабоце схода возьме ўдзел кіраўнік аддзела Пасольства Рэспублікі
Беларусь у г. Цюмені І. Канавалаў. На сходзе будуць прысутнічаць
і выступяць з прывітальнымі словамі кіраўнікі іншых нацыянальных
дыяспар. Кампанія "Сургутнефтегаз" прэзентуе таварыству тэлевізар
і відэамагнітафон. Пасля сходу з канцэртам выступіць ансамбль
"Сябры". Яшчэ 4 канцэрты "Сяброў" адбудуцца ў іншых гарадах акругі,
дзе пражываюць беларусы. Спонсарамі гастроляў выступілі кампаніі
"Сургутнефтегаз", "Тюменьавіатранс" і тэлекампанія СургутІнформТВ,
у якіх працуе шмат беларусаў. Без пастаяннай крыніцы даходу таварыства
асуджана на пастаянную спонсарскую дапамогу, таму распачаліся
падрыхтоўчыя работы па адкрыцці рэстарана беларускай нацыянальнай
кухні. Кіраўніцтва таварыства будзе ўдзячна за любую інфармацыю
аб адкрыцці і функцыянаванні такіх устаноў.
Гiсторыя
Беларусы-ліцвіны чарнігаўскай губерні
У рускай краязнаўчай літаратуры XIX - пачатку XX ст. паўночная
частка Чарнігаўскай губерні (сучасная Браншчына) вылучалася ў
асобны этнаграфічны рэгіён. Тут спакон веку пражывала беларускае
насельніцтва, патомкі радзімічаў, ці, як іх яшчэ называлі, ліцвіны.
Ужо ў горадзе Бранску, пісала "Жывапісная Расія", на базарах пераважае
белая магерка, класічны беларускі каўпак ці капялюш без палёў.
Рускае і ўкраінскае насельніцтва, што пражывала па другі бераг
ракі Дзясна, называла сваіх заходніх суседзяў не беларусамі, а
ліцвінамі. У XIX ст. беларусы-ліцвіны складалі аснову сельскага
насельніцтва Суражскага, Мглінскага, Навазыбкаўскага і Старадубскага
паветаў. Паводле Усерасійскага перапісу насельніцтва 1887 года,
у Чарнігаўскай губерні пражывала 151 465 беларусаў, якія размаўлялі
на беларускай мове і лічылі яе роднай. Беларуская мова ўстойліва
захоўвалася ў вуснай фальклорнай традыцыі. Аўтар краязнаўчай працы,
прысвечанай Чарнігаўскай губерні, М. Дамантовіч, вылучаў чарнігаўскага
ліцвіна ў асобны этнаграфічны тып. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі
на карце Расійскай Федэрацыі з'явілася Бранская губерня, куды
ўвайшла паўночная частка былой Чарнігаўскай губерні. Пры адсутнасці
нацыянальнай школы звужалася сфера ўжывання беларускай мовы, колькасць
беларускамоўных жыхароў тут няўхільна скарачалася, ішлі працэсы
інтэграцыі і асіміляцыі беларускага насельніцтва. "Наша слова".
2002. 20 лют.
|