Змест:
ЮБІЛЕІ
490 ГОД БІТВЫ ПАД ВОРШАЙ
Аршанская бітва – адна з буйнейшых бітваў вайны Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства
Літоўскага і адна з буйнейшых бітваў на тэрыторыі Еўропы ў пачатку XVI стагодзя. Адбылася
8 верасня 1514 года пад Оршай, недалёка ад Аршанскага замка. У ёй ўдзельнічалі каля 110
тысяч чалавек.
30-тысячнае беларуска-літоўска-польскае войска і апалчэнне Вялікага Княства Літоўскага
пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага разграмілі 80-тысячнае рускае коннае
войска з баяр і “людзей вайсковых” на чале з князем Булгакавым-Голіцам і князем Чалядніным.
Перамога ў бітве дала магчымасць вярнуць Вялікаму Княству Літоўскаму захопленыя Маскоўскай
дзяржавай Дуброўну, Мсціслаў, Крычаў. Старажытнарускі летапіс маляўніча і эмацыйна расказвае
аб гэтай гістарычнай бітве: “...и воскричаша и возопиша жены Оршанки на трубы Московския,
и слышати было стуку и грому великому межи Москвич и Литвою. И удариша Москвичи на Литву
...на сильную рать Литовскую, и треснули копья Московские, и гремят мечи булатные на поли
Оршинском. И бысть непособие Божие Москвичам”.
Пра бітву была складзена беларуская гістарычная песня, якая праслаўляла гетмана Астрожскага.
На тэму Аршанскай бітвы ў 1520–30 гадах невядомым мастаком была напісана батальная карціна
– першая ва Усходней Еўропе. Карціна зберагаецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. На ёй
паказаны адзін з эпізодаў бітвы, намаляваны гетман Канстанцін Астрожскі, дзяржаўны сцяг
Вялікага Княства Літоўскага з выявай “Пагоні” і баявыя сцяжкі-вымпелы беларускіх ваяроў
з чырвонай паласой на белым полі.
Ад імя Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” з Днём беларускай вайсковай славы віншуем усіх,
хто аддана служыць вялікай ідэі Незалежнасці Беларусі. Веры, плёну і натхнення вам, шаноўныя
паплечнікі!
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Віншаванне!
12 верасня споўнілася 55 гадоў сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Лявону Казыру.
21 верасня спаўняецца 80 гадоў сябру Вялікай Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Васілю Жуковічу.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” віншуе паплечнікаў і зычыць здароўя і поспехаў.
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
НАВІНЫ
Лондан, Англія
23 кастрычніка ў Лондане адбудзецца штогадовы З’езд Англа-Беларускага Таварыства. У той
жа дзень будзе паказаны мастацкі фільм Андрэя Кудзіненкі “Містэрыі: Акупацыя”. Абедзве
падзеі адбудуцца ў залі Беларускага цэнтра ў Лондане, якая знаходзіцца ў раёне Фінчлі
(паўночны Лондан, N12) на скрыжаванні Голдэн-роўд і Голдэн-авеню. Тут ёсць бібліятэка
(славутая “Скарынаўка”), царква, студэнцкі дом і зала, дзе адбываецца большасць святкаванняў
i спатканняў лонданскіх беларусаў.
belarusians.co.uk
Антверпен, Бельгія
4 верасня ў бельгійскім горадзе Антверпен сумеснымі намаганнямі беларускіх палітычных
уцекачоў быў арганізаваны і адбыўся “З’езд апошняе хвалі палітычнае эміграцыі”. Асноўнай
тэмай, вынесенай на павестку дня З’езду, было аб’яднанне дагэтуль разрозненых беларускіх
палітычных уцекачоў у палітычную структуру.
Сярод больш як 60 удзельнікаў З’езду былі прадстаўнікі дыяспар Бельгіі, Галандыі, Вялікабрытаніі,
Германіі, Польшчы, Чэхіі, Фінляндыі, Нарвегіі, Аўстрыі, Швецыі, запрошаныя з Беларусі
каардынатар руху “Зубр” і прадстаўнік кааліцыі “Свабодная Беларусь”, прадстаўнікі Еўрапарламенту,
журналісты, прадстаўнікі Міністэрства Юстыцыі і Камісарыята па справах уцекачоў Бельгіі.
Урачыстае адкрыццё З’езду распачалі словы гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. Пасля вітальнага
слова і бласлаўлення ад святара Беларускай грэка-каталіцкай місіі Уваскрасення Хрыстова
а. Яна Майсейчыка ўдзельнікам З’езду былі зачытаныя віншавальныя лісты ад Еўрапейскай
кааліцыі “Свабодная Беларусь”, Федэральнай Рады Беларусаў Аўстраліі, Форуму Беларусаў
Еўропы ў Празе.
www.razam.org
Германія
Чатыры з паловай гады працягваліся дыскусіі аб сучасным іміграцыйным заканадаўстве для
Германіі. Бундэстаг, нарэшце, яго ўхваліў. Закон аб іміграцыі быў прыняты пры ўсяго 4
галасах “супраць”, пазней яго ўхваліў і Бундэсрат, палата зямель.
Новы закон аб іміграцыі, які пачынае дзейнічаць у пачатку студзеня 2005 г., можа, такім
чынам, абапірацца на шырокі палітычны кансенсус. А гэты кансенсус базуецца на тым, што
іміграція не будзе актыўна пашырацца, як гэта першапачаткова планавалася і меркавалася
створанай у 2000 г. камісіяй, а, наадварот, будзе строга рэгулявацца і абмяжоўвацца. Затое
будзе ўдасканалена права на прытулак і заўважна фарсіраваны працэс інтэграцыі іншаземцаў.
Пасля таго, як федэральны ўрад ужо рэфармаваў права грамадзянства, у цэлым умовы для замежных
грамадзян у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія ўрэгуляваны занава.
Адно з дасягненняў новага закона аб іміграцыі: германскі рынак працы будзе яшчэ больш
адкрыты для высокакваліфікаваных іншаземцаў – напрыклад, для вучоных ці спецыялістаў па
кампьютэрах – у параўнанні з тым, што дазваляла ўжо існуючае палажэнне аб грын-картах
для спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій. Пры наяўнасці адпаведных перадумоў
іншаземцы з самага пачатку могуць атрымаць бестэрміновы від на жыхарства і асесці ў Германіі.
“Deutschland”. 2004. жнівень-верасень
Нью-Ёрк, ЗША
Выйшаў 500-ты нумар газеты “Беларус”. Юбілеі друкаванага органу маюць сваё прызначэнне:
час ад часу трэба асэнсаваць зробленае, прыгадаць добрым словам тых, хто бескарысліва
працаваў над выданнем, замацаваць перспектыву на далейшы выхад яго. Зрабіць усё гэта трэба
пагатоў, калі за спіною паўтысячы нумароў газеты, якая выходзіць коштам добраахвотных
ахвяраванняў ды рэдагуецца і адмініструецца выключна на грамадскай аснове.
Хоць “Беларус” выходзіць пад грыфам “Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня”, гэта выданне
агульнабеларускае. У ім адлюстроўваецца жыццё беларускай дыяспары, а таксама дзяржаўна-незалежніцкая
ідэалогія, прынцыпы пабудовы дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гісторыя газеты
“Беларус” красамоўна сведчыць пра шырокую і стабільную падтрымку нацыянальных ідэалаў
і палітычных імкненняў, якія адлюстроўвае газета. З нагоды выхаду 500-га нумару газеты
рэдакцыя “Беларуса” выказвае шчырую падзяку ўсім супрацоўнікам, падпішчыкам і ахвярадаўцам,
якія забяспечваюць выхад у свет гэтай унікальнай Кнігі Быцця нашага.
Калі Вы, Паважаны Суродзічу, будзеце ў далейшым часе браць у рукі новы нумар газеты “Беларус”,
не забывайцеся, што гэта – толькі чарговы дадатак да тысячаў папярэдніх старонак. У выхадзе
яго ў свет Вы бярэце беспасрэдны ўдзел праз тое, што з’яўляецеся ягоным чытачом, а заадно
і сувыдаўцом.
“Беларус”. 2004. верасень
Нью-Ёрк, ЗША
Парафіяльная Рада і Сястрынствa Кафедральнага Сабору св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне
заклікаюць на Божую службу ў Царкве напярэдадні Уздзвіжання ў нядзелю, 26 верасня 2004
г. ды на Беларускі фестываль, што адбудзецца ў той самы дзень у рамках Міжнароднага кірмашу
“Atlantic Antic” у залі і перад будынкам Сабору св. Кірылы Тураўскага.
У праграме выступы вядомых беларускіх спевакоў і музыкаў, беларуская музыка, агульныя
танцы. Беларускія стравы на продаж будуць у залі і перад будынкам. Наведайце, калі ласка,
гэтую прыгожую беларускую імпрэзу ды паклічце іншых!
Парафіяльная Рада і Сястрынствa
Кафедральнага Сабору св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне
Чыкага, ЗША
Вялікая зала-вестыбюль у самым цэнтры Чыкага добра вядомая ўсім жыхарам горада. Завецца
яна Daley Civic Center і займае ўвесь першы паверх высокага будынка чыкагскай мэрыі. Побач
– цудоўны сквер са славутай скульптурай Пабла Пікаса “Жанчына”… Тут праходзіла выстава
твораў эмігранта з Беларусі, мастака Ізраіля Радунскага “Гармонія святла і колеру”, прысвечаная
яго 75-годдзю.
І.Радунскі нарадзіўся ў Мінску, там ён стаў мастаком, на беларускай зямлі прыйшло да яго
творчае натхненне. Ягоныя жывапісныя карціны, графічныя працы, тэатральныя ды іншыя плакаты
экспанаваліся на розных рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставах. Двойчы ў Мінску
былі і ягоныя персанальныя выставы. З 1990 г. Ізраіль Радунскі жыве і працуе ў Амерыцы.
У кожным пейзажы Радунскага, асабліва ў яго краявідах роднай Беларусі, чытаюцца перш за
ўсё аўтарскія адносіны да натуры. З захапленнем і сумам разам з мастаком глядзім мы на
старыя вулкі і куткі Мінска. Вось карціна “Нарач. Старыя хаты”, а вось – “Світанак на
Палессі”, карціна “Возера Нарач. Раніца”. У карцінах “Беларускі лес”, “Дарога ў лесе”
ў агульную лірычную танальнасць урываюцца нечаканыя каляровыя адценні, і гэта стварае
асабліва радасны настрой.
Ванкарэм Нікіфаровіч
Чыкага, ЗША
Эмігранты так званай “апошняй хвалі”, што прыехалі з Беларусі ў апошнія два дзесяцігоддзі
ў Чыкага ўтварылі тут добраахвотную грамадскую арганізацыю – беларускае зямляцтва. Стала
добрай традыцыяй у тых, хто прыехаў з Беларусі, штогод збірацца на сустрэчы, дзяліцца
сваімі ўспамінамі аб нядаўнім жыцці на Радзіме, прыгадваць маладосць…
Чарговая такая сустрэча адбылася ў гасціннай зале чыкагскага ОРТ-інстытута. Яна была прысвечана
60-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія з тых, хто сабраўся
тут, прымалі непасрэдны ўдзел у баях.
Адкрываючы ўрачыстасць, прэзідэнт беларускага зямляцтва Асацыяцыі “Землякі” Іосіф Кацман
прачытаў свой лірычны верш, у якім ён заклікаў усіх прысутных “адкінуць слова “настальгія”
і проста ўспомніць Беларусь”. Затым быў паказаны спецыяльны слайд-фільм з краявідамі гарадоў
і вёсак Беларусі, цікавых архітэктурных помнікаў, непаўторных лірычных пейзажаў роднай
зямлі. Слайды суправаджаліся натхнёнымі радкамі з Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міколы Аўрамчыка,
Адама Русака, Ніла Гілевіча, Сяргея Панізніка. Вершы гучалі ў выкананні Міры Рапапорт,
былой настаўніцы беларускай мовы і літаратуры на Слонімшчыне.
Канцэрт пачаўся выступленнем спевака Марата Віленскага, які выканаў “Маладосць мая, Беларусь”
і “Мінскі вальс” кампазітара Міхася Клейнера, які жыве зараз у Чыкага. Танчылі майстры
бальнага танцу Алена і Алег Машковічы, свае новыя вершы, прысвечаныя роднай зямлі, прачытала
Іда Аўруцкая.
А ў перапынках паміж выступленнямі і нумарамі канцэртнай праграмы танчылі ўсе: і тыя,
каму толькі за пяцьдзесят, і тыя, каму ўжо хутка дзевяноста. У гэты вечар у залі панавала
атмасфера шчырай дружбы, братэрства, зямляцкай салідарнасці, непасрэднасці, шчырасці,
– усяго, чаго яшчэ, на жаль, часам нехапае ў штодзённым эмігранцкім жыцці.
Ванкарэм Нікіфаровіч
ЗША – Мінск
Мінск з творчым візітам наведаў кампазітар Зміцер Яўтуховіч, які ўжо 11 гадоў жыве ў ЗША.
Ён запіша дыск “Новыя беларускія песні”, а таксама правядзе шэраг канцэртаў – у Саюзе
кампазітараў і Доме літаратара. Адбудуцца таксама ягоныя выступы на Беларускім радыё і
тэлебачанні. Яўтуховіч напісаў такія песні, як “Калыханка” (гучыць на радыё), “Усе мы
родам з дзяцінства”, “Даставай, Язэп, гармонік”.
“Наша Ніва”. 2004. 17 вер.
Таронта, Канада
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла пракаментавала рашэнне Аляксандра Лукашэнкі абвясціць
рэферэндум: “Рада БНР будзе звяртацца да ўсіх цывілізаваных урадаў, каб прыцягнуць увагу
на гэтае новае парушэнне Канстытуцыі Беларускай дзяржавы. Рэферэндум і ягоныя вынікі будзем
лічыць нелегітымнымі. І будзем прасіць дэмакратычныя ўрады прызнаць іх нелегітымнымі”.
www.charter97.org
Даўгаўпілс, Латвія
У Даўгаўпілскім універсітэце адбыўся Дзень моў “Мы і мовы”. Тут выкладаецца восем моў:
латышская, руская, беларуская, польская, нямецкая, англійская, французская, шведская.
Прэзентацыю беларускай мовы падрыхтавалі студэнты гуманітарнага факультэта, якія яе вывучаюць.
Яны паказалі цудоўную літаратурна-музычную кампазіцыю. Вядучая расказала прысутным пра
Дні беларускага пісьменства, якія штогод праводзіць Беларусь.
“Голас Радзімы”. 2004. 16 вер.
Латвія
Паводле афіцыйных даных Бюро натуралізацыі Латвіі, у Латвіі жыве амаль 100 тысяч этнічных
беларусаў, што складае 3,9 працэнта ўсяго насельніцтва краіны. З іх больш як 25 тысяч
з’яўляюцца грамадзянамі Латвіі, 65 тысяч – “неграмадзянамі Латвіі”, а 1.737 – грамадзянамі
іншых дзяржаў.
Беларусы пасля рускіх – другая па колькасці дыяспара ў краіне. Такім чынам, яна даволі
прыкметная з’ява, з якой нельга не лічыцца мясцовым уладам па многіх прычынах. Нашых суайчыннікаў
асабліва шмат жыве ў Рызе – каля 40 тысяч.
Голас Радзімы”. 2004. 16 вер.
Вільня, Літва
Таварыства беларускай культуры і Таварыства беларускай мовы Літвы ладзяць экскурсію па
Багушэвіцкіх мясцінах Літвы. Маршрут такі: Вільня – Рукойны – Савічуны – Свіраны (з заездам
у Барэйкаўшчыну, у сядзібу У.Сыракомлі). Вандроўка прысвячаецца памяці Ф.Багушэвіча напярэдадні
ягоных угодкаў (у 2005 г. паэту спаўняецца 165 гадоў з дня нараджэння і 105 гадоў з дня
смерці). Пачынаецца падрыхтоўка да юбілею Ф.Багушэвіча: добраўпарадкаванне тэрыторыі,
пасадка дрэўцаў і кустоў і г.д.
Заклікаем усіх беларусаў замежжа падтрымаць нас. Для далейшага ўшанавання памяці Ф.Багушэвіча
ў Літве нам патрэбна маральная, інфармацыйная і матэрыяльная дапамога. Уключыцеся ў гэтую
добрую справу. Патрэбна пераўтварыць Свіраны ў свайго роду пантэён Паэта, дзе мы заўсёды
маглі б праводзіць мерапрыемствы ў гонар Ф.Багушэвіча і іншых. ТБМ Віленшчыны пачало гэтую
працу і спадзяецца на дапамогу ўсіх сумленных людзей. З Богам!
Юры Гіль,
Старшыня ТБМ імя Ф.Скарыны Віленшчыны
Вільня, Літва
18 верасня раніцай сябры Таварыства беларускай культуры паехалі па месцах пражывання і
працы Францішка Багушэвіча. Пачалі з вул. Конскай, каля дома адвакатаў, дзе доўгі час
працаваў Ф.Багушэвіч. У Рукойнах агледзелі касцёл, дзе быў хрышчаны Францішак. У Савічунах
па вул. Ф.Багушэвіча на будынку бібліятэкі агледзелі мемарыяльную табліцу з барэльефам
паэта. На жаль, раней створаны ў бібліятэцы куток беларускага музея, прысвечанага Ф.Багушэвічу,
зліквідаваны мясцовымі польскімі шавіністамі.
Далей шлях палягаў у Свіраны – месца нараджэння народнага паэта. Дом, на жаль, не захаваўся.
Тут пастаўлены 7-метровы металічны крыж і сімвалічная капліца. Мы з горада прывезлі шмат
кветак, якія рассадзілі наўкол капліцы, і запалілі свечкі.
Ушанаваўшы памяць вялікага Беларуса ў добрым настроі вярнуліся ў Вільню.
Хведар Нюнька,
Старшыня Таварыства беларускай культуры Літвы
Беласточчына, Польшча
У Гайнаўцы пройдзе X агульнапольскі пленэр студэнтаў мастацкіх вучэльняў. У Хорашчы –
ІІІ Міжнародны прагляд маладзёвых аркестраў і тэатральна-літаратурны конкурс “Чалавек
і прырода”. XII Беластоцкія дні царкоўнай музыкі пройдуць пры Брацтве святога Мікалая.
У верасні будзе таксама шмат вясковых святаў і кірмашоў. У Беластоку святкуецца “Дзень
агурка”, а ў Птаках – “Дні бульбы”. Імпрэзы ўжо сталі традыцыйнымі, бо агуркі шануюць
пяты раз, а бульбу – ажно чатырнаццаты. У Чыжах – мясцовыя “Дажынкі”.
Шмат імпрэзаў на Беласточчыне будзе прымеркавана да 65-й гадавіны падзей верасня 1939
г. Сярод іх – “Злёт памяці верасня 1939 г.”, канцэрты памяці “Малітва аб міры” ў Беластоку,
Ломжы, Дарагічыне, Элку.
“Наша Ніва”. 2004. 3 вер.
Арэшкава, Польшча
Адкрыццё навучальнага года ў Падставовай школе ў Арэшкаве (Беласточчына) было асаблівым.
З вучнямі прыйшлі бацькі, якія ў час канікул на грамадскіх пачатках і за свае сродкі адрамантавалі
школьны будынак і добраўпарадкавалі школьную пляцоўку.
Вясной радныя Гайнаўскай гміны прагаласавалі за абмежаванне дзейнасці школы. Супраць пастановы
запратэставалі бацькі, жыхары Арэшкава і навакольных вёсак. Бацькі абяцалі многа зрабіць
і стрымалі слова.
На адкрыцці гучалі беларускія вершы і песні. У рэпертуары школьнага хору, які дабіваўся
поспехаў на раённых і ваяводскіх конкурсах, большасць беларускіх песняў. З нагоды 65-й
гадавіны фашысцкай агрэсіі на Польшчу хвілінай цішыні ўшанавалі памяць загінуўшых.
Пасля супольнай сустрэчы вучні разышліся на спатканні з класнымі выхавацелямі. Сёлетнія
выпускнікі сабраліся ў кабінеце беларускай мовы. Настаўніца роднай мовы Ірэна Герасімюк
падрыхтавала беларускамоўныя насценгазеты, выстаўку даўніх народных рамёстваў.
Аляксей Галёнка: “Нашы бацькі і дзяды дапамагалі будаваць школу, і мы будзем намагацца,
каб яна засталася”.
“Ніва”. 2004. 12 вер.
Варшава, Польшча
16 верасня ў цэнтры Варшавы адбыўся пікет, арганізаваны грамадзянскай ініцыятывай “Мы
памятаем” і “Польскім звязам на карысць дэмакратыі ў Беларусі”. У пікеце ўзялі ўдзел 14
чалавек, у тым ліку лідэры грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская і Святлана
Завадская, сыны арыштаванага лідэра беларускай апазіцыі Міхаіла Марыніча Ігар і Павел
Марынічы.
Напярэдадні адбылася сустрэча Ірыны Красоўскай, Святланы Завадскай і Ігара Марыніча з
галоўным рэдактарам “Газеты выбарчай” Адамам Міхніком, які запэўніў, што газета і далей
будзе асвятляць беларускую тэму.
www.charter97.org
Польшча
Беларуская ці літоўская мова будзе ўжывацца ў гмінных управах, дзе “няпольскае” паходжанне
дэкларуе не менш 8% жыхароў дадзенай гміны. Такіх гмінаў у Падляшскім ваяводстве больш
за 10, асабліва ў Бельскім, Гайнаўскім і Сейненскім паветах. Нацыянальныя меншасці будуць
адчуваць сябе камфортней. Дэпутаты Сейма пастанавілі ўпарадкаваць іх правы і абавязкі.
“Гэтая пастанова будзе выкананнем абавязкаў Польшчы адпаведна Канвенцыі аб ахове нацыянальных
меншасцей, ратыфікаванай нашай дзяржавай”, – сцвярджае пасол ад Падляшша Яўген Чыквін,
які рабіў справаздачу па праекту пастановы.
Прадстаўнікі нацыянальных меншасцей мелі б магчымасць складання заяў у дзяржаўных установах
на нацыянальных мовах. На шыльдах павятовых упраў з’явіліся б, побач з польскімі, таксама
надпісы на мове меншасці. Аб усіх тых зменах павінны будуць прымаць рашэнні Рады канкрэтных
гмінаў.
“На маю думку, дзяржаўныя справы гміны павінны вырашацца на польскай мове, бо мы жывем
у Польшчы. Прадстаўнікі меншасці ў нашай управе не маюць ніякіх праблем у паразуменні
на беларускай мове. Сам я дасканала ёй валодаю. Санкцыянаванне гэтага, аднак, непатрэбна”,
– сцвярджае Марэк Назарка, войт гміны Міхалава, у якой беларусы складаюць амаль 15% жыхароў.
Не выключана, што пастанова аб нацыянальных і этнічных меншасцях будзе праходзіць працэс
ухвалення на працягу некалькіх месяцаў. Праект чакаюць папраўкі, якія ўнясуць польскія
парламентарыі, а потым – подпіс прэзідэнта. У праекце пастановы названы 9 нацыянальных
меншасцяў – беларуская, чэшская, літоўская, нямецкая, армянская, руская, славацкая, украінская
і яўрэйская.
“Gazeta Wspolczesna”. 2004. 09 вер.
Цюмень, Расія
У Цюмені з 10 да 12 верасня 2004 г. адбыўся X абласны фестываль самадзейнай творчасці
нацыянальных аб’яднанняў Цюменскай вобласці “Мост дружбы”, у якім узялі ўдзел больш за
600 чалавек. Традыцыйна фестываль праходзіў у абласным Палацы нацыянальных культур “Будаўнік”.
З самага ранку на плошчы ля Палаца мітусіліся людзі ў народных строях, аздабляліся нацыянальныя
падворкі. Цюменская зямля – гасцінная і ўдзячная. Тут у міры і згодзе жывуць і працуюць
рускія і ўкраінцы, казахі і татары, беларусы і палякі, яўрэі і карэйцы, ханты і чувашы...
На падворках стравы нацыянальных кухняў сваім водарам заваблівалі адпачываючых зазірнуць
і пакаштаваць варэнікі, кумыс, бешбармак, шашлык, пірагі з рыбай, печаныя яблыкі і грыбы...
Сярод 17 нацыянальна-культурных аб’яднанняў вобласці, якія ўзялі ўдзел у фестывалі, у
агульным падліку Цюменская абласная грамадская арганізацыя “Нацыянальна-культурнае таварыства
“Беларусь” заняла 2 месца. Прызы – лічбавыя фотаапарат і відэакамера – былі ўручаны на
гала-канцэрце Старшыні Управы таварыства Леаніду Іванавічу Ксяндзову.
Людміла Татарынцава,
Начальнік аддзела беларускай культуры
АДНК “Будаўнік”
Масква, Расія
Выстава твораў двух вядомых беларускіх майстроў – жывапісцаў Уладзіміра Кожуха і скульптара
Сяргея Бандарэнкі адкрыецца 21 верасня ў Маскве ў Цэнтральным Доме мастака.
Выстава адбудзецца ў межах Года культуры Беларусі ў Расіі і працягнецца да 3 кастрычніка.
Выстава арганізавана Міжнароднай канфедэрацыяй саюзаў мастакоў, Беларускім саюзам мастакоў
і Міністэрствам культуры Беларусі пры садзеянні Пасольства Беларусі ў Расіі.
“Белорусская деловая газета”. 2004. 20 вер.
Новасібірск, Расія
Дні беларускага кіно адбудуццца 21 верасня ў Новасібірску ў межах Года культуры Беларусі
ў Расіі. У праграму ўключаны кінастужкі “Анастасія Слуцкая”, дзіцячы фільм “Бальная сукенка”,
дакументальныя стужкі “Прарыў” і “Права на надзею”, кінапраграма “Вайна. Людзі і час”,
цыкл мультыплікацыйных фільмаў. Новасібірскія гледачы змогуць не толькі паглядзець беларускія
фільмы, але і сустрэцца з іх стваральнікамі – рэжысёрамі і артыстамі. Паказы адбудуцца
на шасці кінаглядацкіх пляцоўках горада.
“Белорусская деловая газета”. 2004. 20 вер.
Масква, Расія
У Маскве адчынілася новая беларуская рэстарацыя – “Крамбамбуля”. Аб французскай ці італьянскай
кухне ў Маскве чулі нашмат больш, чым аб беларускай. Калі Вы не здолелі наведаць першы
маскоўскі рэстаран беларускай кухні “Белая Русь”, які знаходзіцца на Вялікай Мікіцкай
вуліцы, 14, дык варта дабрацца да кавярні-клуба “Крамбамбуля” – месца, дзе падаюць найсмачнейшую
беларускую ежу. Заўважым, што беларуская кухня ўжо шмат каму спадабалася, і “Крамбамбулю”
адчынілі наўмысна “па заяўках”.
Гэта даволі таннае месца, дзе смачна гатуюць. Месціцца “Крамбамбуля” на тэрыторыі ВВЦ,
будынак 352. Рэстарацыя ўтрымлівае тры залы – на 10, 50 і 300 месцаў. Часы працы з 11.00
да 00.00. Падрабязная інфармацыя на сайце kramba.restoran.ru
Паводле www.maskva.com і www.restoran.ru
Масква, Расія
Кампанія “Кармэн Відэа” выдала на DVD i VHS фільм “Акупацыя. Містэрыі” Андрэя Кудзіненкі,
прысвечаны нетрадыцыйнаму прачытанню гісторыі партызанскага руху на Беларусі. На сайце
друкавалася шмат матэрыялаў наконт гэтае карціны, што выклікала спрэчкі і ў Беларусі,
і ў Расіі. З 7-га верасня касеты і дыскі з’явіліся ў продажы ва ўсіх буйных крамах Масквы,
што гандлююць відэа, і ў інтэрнэце.
www.maskva.com
Масква, Расія
Кнігавыдаўцы і кнігагандлёвыя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь узялі актыўны ўдзел у
XVII Маскоўскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, які праходзіў 1-6 верасня 2004 г.
у павільёнах Усерасійкага выставачнага цэнтра.
У межах выставы адбылася цырымонія адкрыцця Дня беларускай кнігі і ўзнагароды пераможцаў
Міжнароднага конкурсу дзяржаў-удзельнікаў СНД “Мастацтва кнігі”, на якім беларускія кнігавыдаўцы
атрымалі найбольшую колькасць прызоў у розных намінацыях.
У галоўнай намінацыі – “Трыумф” – адзначаны 3 беларускія кнігі: зборнік “Беларускі нацыянальны
строй” (II месца), “Нацыянальны атлас Беларусі” і “Краіна Беларусь: ілюстраваная гісторыя»
(III месца). Спецыяльнымі дыпломамі ўзнагароджана яшчэ 5 беларускіх выдавецтваў.
www.mfa.gov.by
Казань, Расія
Прадукцыя больш як 100 прадпрыемстваў розных галiнаў эканомiкi дэманструецца на Нацыянальнай
выставе Беларусi, якая адкрылася ў Казанi.
Экспазiцыя, агульная плошча якой 2 тысячы кв. м., умоўна дзелiцца на 9 тэматычных блокаў.
Кожны блок – гэта галiна эканомiкi, прадстаўленая прадпрыемствамi, якiя ўваходзяць у склад
адпаведных мiнiстэрстваў i канцэрнаў.
Нацыянальная выстава Беларусi ў Казанi будзе доўжыцца да 17 верасня.
“Народная воля”. 2004. 16 вер.
Стакгольм, Швецыя
Пiкет у памяць аб пяцiгоддзi знiкнення Вiктара Ганчара i Анатоля Красоўскага прайшоў у
Стакгольме ля будынка парламента Швецыi. Яго арганiзавалi беларусы, што пражываюць у гэтай
краiне.
Разам з iмi ў пiкеце, якi доўжыўся адну гадзiну, у знак салiдарнасцi знаходзiлiся i дэпутаты
шведскага парламента – Сесiлiя Вiгстром ад Лiберальнай партыi, Лейф Бьёрнлуд ад Партыi
зялёных i сацыял-дэмакрат Урбан Алiн, старшыня парламенцкай камiсii па мiжнародных справах.
Як заявiла Сесiлiя Вiгстром, што тройчы наведала Беларусь, шведскiя палiтыкi заклапочаны
цяперашняй сiтуацыяй у краiне. “Мы павiнны ўсё больш надаваць увагi дэмакратычным сiлам
у Беларусi i аказваць iм падтрымку”, – заявiла яна.
“Народная воля”. 2004. 18 вер.
Архівы Радзівілаў
Беларусь і Польшча скончваюць працу над Даведнікам па архівах Радзівілаў, паінфармаваў
кіраўнік Камітэта архіваў пры Савеце Міністраў Беларусі Уладзімір Адамушка. Паводле У.Адамушкі,
“у 2004-05 гг. будзе выдазена выніковая праца архівістаў, у якой сабрана апошняя дакладная
інфармацыя аб родзе Радзівілаў”. Aдамушка паінфармаваў, што “на цяперашні час сабраны
ўжо ўсе даступныя матэрыялы па гэтай тэме”.
Кіраўнік беларускага Камітэта архіваў дадаў, што ў праекце бралі ўдзел таксама навукоўцы
з Украіны і Германіі. “Нямецкі бок зрабіў даступнымі для даследавання дакументы, якія
знаходзяцца там, а, магчыма, некаторыя з іх будуць перададзеныя Беларусі”, – паведаміў
Адамушка.
www.bialorus.pl
ПАДЗЕЯ
Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі
Канец лета і пачатак сёлетняй восені сталіся адметнымі ў жыцці беларускай дыяспары. 28-29
жніўня ў Празе адбылася Першая сустрэча беларусаў Еўропы, дзе прадстаўнікі 14 краінаў
еўрапейскага кантыненту стварылі новае грамадскае аб’яднанне – Дэмакратычны форум беларусаў
Еўропы. Праз тыдзень, 4-5 верасня, у Бельгіі прайшоў з’езд беларускай палітычнай эміграцыі.
У гэтыя ж дні ў Таронта збіраліся беларусы Паўночнай Амерыкі на сваю ўжо 26-ю сустрэчу.
Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі адбываюцца раз у два гады, па чарзе – у Амерыцы і
ў Канадзе. Упершыню беларусы Паўночнай Амерыкі сабраліся 5-6 ліпеня 1952 года ў адным
з найпрыгажэйшых месцаў Канады, на беразе Ніягары, дзе прырода стварыла ўнікальную з’яву
– знакаміты Ніягарскі вадаспад. Тады і была запачаткаваная добрая традыцыя.
Першая сустрэча была прысвечаная Янку Купалу. Сёлетнюю 26-ю сустрэчу рыхтавалі беларусы
Канады, якія два гады таму перанялі эстафету ад беларусаў Нью-Джэрсі. Тэма сустрэчы –
“Праблемы зберажэння культурных набыткаў, мовы і гістарычных каштоўнасцяў Беларусі”.
Старшыня Згуртаваня беларусаў Канады сп. Пятро Мурзёнак: “Гэта тэма вельмі актуальная
не толькі для людзей, якія жывуць у замежжы, але і ў Беларусі. Непавага да мовы, якая
існуе на Бацькаўшчыне, вельмі небяспечная і можа прывесці, у выніку, да знішчэння нацыі.
Мы ж частка нашай Радзімы, і ўсе тыя праблемы, якія існуюць у Беларусі, яны таксама ёсць
і тут. Людзі, асабліва з новай хвалі эміграцыі, маюць тыя ж праблемы з моваю, 90% з іх
не размаўляюць на беларускай мове. На гэтай сустрэчы мы абмяркоўвалі сітуацыю як у Беларусі,
так і сітуацыю ў эміграцыі: як палепшыць валоданне мовай, як інфармаваць людзей пра гісторыю,
культуру, як зберагчы сваю ідэнтычнасць, самасвядомасць беларусаў у Амерыцы, гэта вельмі
складаная справа. Ёсць розныя шляхі для яе вырашэння, вось пра гэта мы і гаварылі”.
На другі дзень адбыўся ўрачысты сход, удзельнікі якога праслухалі даклады па тэме сустрэчы,
а вечарам гасцей чакала канцэртная праграма. У панядзелак адбылася вандроўка да Беларускага
памятнага Крыжа ў Мідландзе.
Сп. Пятро Мурзёнак: “Сустрэча была добра арганізаваная, выйшлі нават на мэра горада Таронта,
які прыслаў сваё прывітанне. Быў таксама дэпутат ад акругі, дзе знаходзіцца наш Беларускі
рэлігійна-культурны цэнтр у Таронта. Наступная сустрэча будзе праз два гады ў Амерыцы,
магчыма, у Чыкага. Традыцыя гэтая будзе працягвацца таму, што ёсць сілы, каб яе падтрымліваць”.
Асабліва зацікавай была мастацкая выстава. Сабраліся 12 мастакоў. Былі творы Івонкі Сурвіллы,
з маладзейшых – Галіны і Яна Клімавых, Ганны і Алеся Русецкіх, Пётры Шварцмана. Былі выдатныя
карціны святара з Чыкага Зміцера Бажко, а таксама Аляксея Гаўрыловіча, Надзеі Шкубы, Ірыны
і Антося Вераб’ёў, Жэні Шаўчэнкі.
Руплівай гаспадыняй сустрэчы сталася Надзея Дробіна – яна ўзначальвала арганізацыйны камітэт.
Яна з’яўляецца таксама старшынёй Таронцкага аддзелу Згуртавання беларусаў Канады.
Надзея Дробіна: “Мы сабралі цікавых артыстаў у культурнай праграме. Уладзімір Гародкін
– цымбаліст, ён вельмі папулярны, выступае па канадскім тэлебачанні, гітарыст Мікола Град,
таксама – былая салістка хору Цітовіча Святлана Ліцьвінава, Алесь Севасцьян – баяніст,
які скончыў вучэльню імя Гнесіных у Маскве, ён толькі пазаўчора вярнуўся з Італіі, дзе
быў на гастролях. Выступілі таксама Шалькевічы, пара выканаўцаў бальных танцаў, у іх дачка
– чэмпіёнка ЗША па бальных танцах, а сын – чэмпіён Канады. Маем хор “Яваровы людзі”, у
нас таксама створаны першы беларускі тэатр у Канадзе, мы паставілі спектакль “Пісаравы
імяніны”.
У праграме была і нядзельная служба ў царкве св. Кірылы Тураўскага, якую адслужыў новы
епіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Уладыка Васіль Касцюк. Ён упершыню
ў новым сане служыў у царкве, дзе шмат гадоў адпраўляў Божую службу ягоны папярэднік Уладыка
Мікалай. Першы раз там быў і а. Зміцер Бажко, які служыць у беларускай царкве св. Юр’я
ў Чыкага.
Янка Запруднік: “Мушу сказаць, што гэтая сустрэча – своеасаблівая. Яна адбываецца між
дзвюма хвалямі, якія паказваюць, як пераймаецца эстафета пакаленняў. Прапорцыя так званых
“старых” і так званых “новых”, я б сказаў, што каля 25% “старых” і 75% “новых”. Такім
чынам пераемнасць ёсць”.
Вітаўт Кіпель: “Я лічу, што гэта пераходная сустрэча – эстафета перадаецца новаму пакаленню.
Як і сп. Запруднік, я таксама ўдзельнічаю ў сустрэчах ад 1958 г. Цяпер ўсе арганізатары
– новыя людзі і, бясспрэчна, што традыцыя будзе працягвацца”.
Паводле Радыё “Свабода”
НАШЫЯ СТРАТЫ
Аўстралія
З жалем паведамляем, што 14 верасня на 99-ым годзе жыцця адышла ў вечнасць Марыя Корбут
(Гуткоўская). Беларуская грамадскасць у Мельбурне спачувае родным, застаўшымся ў смутку:
яе сынам Фаніку і Славіку Корбутам, дачцы Людміле Грэскаўскай і іх сем’ям, у якіх 7 унукаў
і 15 праўнукаў. Марыя Корбут нарадзілася 22 траўня 1905 г. на Беларусі ў вёсцы Жукавічы
(Глускі раён). Перад ад’ездам з Нямеччыны ў Аўстралію яна жыла ў беларускім лагеры Ватэнштэт.
Марыя Корбут пахавана на могілках у Фаўкнэр. Вечная памяць.
Алег Шнэк,
Старшыня БЦКВ
ВЕСТКІ
Суайчыннікі сталі студэнтамі
Больш як 70 нашых суайчыннікаў, якія пражываюць у Польшчы, краінах СНД і Балтыі, сталі
студэнтамі беларускіх ВНУ. Як расказаў начальнік упраўлення замежных сувязей Міністэрства
адукацыі Беларусі Уладзімір Ціханаў, юнакі і дзяўчаты прыбылі вучыцца ў Беларусь па рэкамендацыях
сваіх дыяспар.
Па яго словах, пагадненне аб ільготным навучанні Беларусь падпісала з Польшчай і Літвой.
Беларусы з краін СНД таксама маюць некаторыя льготы пры здачы экзаменаў і паступленні.
Прычым у бягучым годзе фінансаванне навучання такіх студэнтаў Мінадукацыі ўзяло на сябе.
Варта адзначыць, што Міністэрства адукацыі курыруе яшчэ некалькі праектаў. Так, сёлета
больш як 100 навучэнцаў з краін СНД і Балтыі (усе яны этнічныя беларусы) адпачывалі на
возеры Нарач у нацыянальным дзіцячым аздараўленчым лагеры “Зубраня”.
“Голас Радзімы”. 2004. 16 вер.
ТБМ заклікае спыніць русіфікацыю
Кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны звярнулася да ўладаў Мінска
з просьбай спыніць русіфікацыю шэрагу сталічных школаў.
Як паведаміў намеснік старшыні ТБМ Сяржук Кручкоў, у лісце да начальніка ўпраўлення адукацыі
Мінскага гарвыканкама Міхаіла Ціцянкова гаворыцца, што ў гэтым навучальным годзе ў дзвюх
беларускамоўных класах (10“А” і 10“Б”) сярэдняй школы № 168 выкладанне сямі прадметаў
з 12-ці стала весціся па-руску.
“Аднак у справаздачах, што ідуць у Міністэрства адукацыі, такія класы фармальна працягваюць
лічыць беларускамоўнымі”, – сказаў С.Кручкоў. Паводле С.Кручкова, такая карціна назіраецца
і ў Мінскай беларускамоўнай гімназіі № 17. “Паўтара гады таму ў гэтую навучальную ўстанову
прыйшла новая дырэктарка, якая пачала працэс прыхаванае русіфікацыі навучальнай установы.
Разам з правядзеннем набору ў першыя рускамоўныя класы яна ўкараніла сістэму, пры якой
да пераходу з пачатковай школы ў базавую адбываецца паступовае рашчыненне беларускамоўных
класаў у рускамоўным асяроддзі”, – сказаў С.Кручкоў.
www.pbnf.org
Верасень у нашай гісторыі
• 730 гадоў таму, у 1274 г., адбылася няўдалая аблога Наваградка аб’яднанымі галіцка-валынскімі
і татарскімі войскамі.
• 490 гадоў таму, 8 верасня 1514 г., перамога пад Воршай.
• 475 гадоў таму, у верасні 1529 г., быў зацверджаны і ўведзены ў дзеянне 1-шы Статут
Вялікага Княства Літоўскага – збор законаў, помнік беларускай юрыдычнай думкі, пісьменнасці
і мовы. (Друкарскім спосабам на беларускай мове быў перавыдадзены ў 1841 г. у Познані.)
• У 1764 г. каралём польскім і вялікім князем літоўскім выбраны Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
• 17 верасня 1794 г. каля Крупчыцаў адбыўся бой паміж касінерамі Серакоўскага і карнымі
войскамі Суворава. Гэта найбуйнейшая бітва вайны за незалежнасць Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам
Тадэвуша Касцюшкі. На дапамогу Серакоўскаму прыйшлі тры тысячы беларускіх сялян.
• У верасні 1857 г. нарадзіўся тэарэтык космасу Канстанцін Цыялкоўскі. Гісторыкі звяртаюць
увагу на ягонае паходжанне са старога беларускага шляхецкага роду Цялкоўскіх.
• 145 гадоў таму, 4 верасня 1859 г., нарадзіўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла, дзеяч беларускага
нацыянальнага руху, часта называны патрыярхам Адраджэння. Быў адным з заснавальнікаў у
Пецярбурзе выдавецкай суполкі “Заглянe сонца і ў наша аконца” (1906-1914), духоўным апекуном
многіх пазнейшых лідэраў беларускага руху. Памёр у выніку савецкіх рэпрэсіі ў чэрвені
1934 г.
• 100 гадоў таму, 24 верасня 1904 г., нарадзіўся Мар’ян Пяцюкевіч, актыўны дзеяч беларускага
нацыянальнага руху (Беларускі студэнцкі Саюз, Беларускі Інстытут Гаспадаркі i Культуры,
Беларускае Навуковае Таварыства), першы рэдактар беларускага часопіса “Шлях Моладзі” (у
1930-1931 гг.).
• 90 гадоў таму, 25 верасня 1914 г., у Зэльве Гродзенскага павета нарадзіўся Аўген Смаршчок,
праваслаўны святар, старшыня Саюзу Беларусаў у Бельгіі. У 1950 г. быў адным з ініцыятараў
і арганізатараў Беларускай аўтакефальнай царквы ў Бельгіі.
• 85 гадоў таму, у верасні 1919 г., была створана Вайскова-Дыпламатычная місіія Беларускай
Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі, якую ўзначаліў Кастусь Езавітаў.
• 85 гадоў таму ў Мінск увайшлі польскія войскі на чале з Язэпам Пілсудскім.
• 65 гадоў таму, 1 верасня 1939 г., пачалася Другая сусветнай вайна.
• 65 гадоў таму савецкія войскі перайшлі савецка-польскую мяжу. 28 верасня 1939 г. быў
падпісаны савецка-нямецкі дагавор, у якім гэтыя дяржавы дамовіліся адносна новай дзяржаўная
мяжы. Беласточчына апынулася ў межах СССР, Віленшчына з Вільняй была перададзена савецкім
бокам летувіскай дзяржаве. Беларуская нацыя сапраўды апынулася ў адной дзяржаве, але пры
гэтым ад Беларусі адрэзалі Віленшчыну, Дзвіншчыну, заходнюю Смаленшчыну і Браншчыну, паўночную
Чарнігаўшчыну.
• 1 верасня 1944 г., 60 гадоў таму, пачалі працаваць Беларускія гімназіі ў Бельску і Гайнаўцы,
Беларуска-Руская ў Беластоку і беларускія пачатковыя школы ва ўсёй усходняй Беласточчыне.
З 1945 г. школы гэтыя былі ліквідаваныя. У 1947 г. не дзейнічала ніводная беларуская школа
ды іншая культурная ўстанова.
• 1 верасня 1949 г., 55 гадоў таму, пачалася адбудова школьніцтва на беларускай мове на
тэрыторыі Беласточчыны.
• 15 гадоў таму, 28 верасня 1989 г., пачала працаваць Жыровіцкая праваслаўная духоўная
семінарыя.
• 15 гадоў таму, у верасні 1989 г., у Мінску выйшаў 1-шы нумар часопіса “Спадчына”.
• 18 верасня 1991 г. кіраўніком беларускага парламенту быў абраны Станіслаў Шушкевіч,
на той час – фактычны кіраўнік краіны. Гэтую пасаду С.Шушкевіч страціў у 1994 г.
• У верасні 1991 г. нацыянальныя сімвалы Беларусі Бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня
былі вернуты і зацверджаны як дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь.
Паводле Радыё “Свабода” і www.slonko.com.pl
КНІЖНАЯ ПАЛІЧКА
“Летапіс “Уздыму”
Пабачыла свет кніга “Летапіс “Уздыму”, у якой распавядаецца аб жыцці беларускага таварыства
ў Даўгаўпілсе. Выданне прысвечана 10-годдзю гэтай грамадскай арганізацыі.
Тут акрамя храналагічнага апісання падзей ёсць матэрыялы аб вядомых беларусах, нашых папярэдніках
і сучасніках, лёсы якіх звязаны з Латгаліяй: аб Эдвардзе Вайвадзішу (1897–2000), Аляксеі
Барткевічу (1906–1991), Пётры Мірановічу (1902–1990), Міколе Талерцы (1898–1983), Эдвардзе
Цынгалю (нядаўна адзначыў 90-годдзе). У кнізе шмат фотаздымкаў. Тут апублікавана песня
“Беларускі дом” паэта Станіслава Валодзькі і кампазітара Аляксандра Рудзя, якая з’яўляецца
гімнам “Уздыму”. Аўтарамі кнігі выступілі Таццяна і Алена Бучэль. Прадмову напісала габілітаваны
доктар гісторыі, прафесар Ілга Апіне. Падтрымку ў выданні кнігі аказаў Цэнтр беларускай
культуры.
“Голас Радзімы”. 2004. 16 вер.
CZASOPIS
Вышаў чарговы вераснёўскі нумар белатоцкага штомесячніка CZASOPIS. У ім, між іншым, Я.Хмялеўскі
– пра Беларускія Трыялогі ў крынкаўскай Villa Sokrates (падрабязней чытайце ў мінулым
нумары “Беларусы ў свеце”). Змешчаны таксама нататкі Сакрата Яновіча “Быць сабою”, шмат
матэрыялаў пра “Басовішча’2004” у белатоцкім Гарадку, апісанне новых рысаў гэтага фестывалю
– тэлебачанне, новая формула фестывалю, вольная сцэна, мультымедыя, новыя выканаўцы. Матэрыялы
Е.Кабатца пра Ваўкавыск. М.Рабач піша пра складанасці польска-беларускіх адносінаў на
Беласточчыне, дзе чытаем: “Парадаксальна, але ад маргіналізацыі этнічных меншасцей у Польшчы
найбольш страчваем мы, палякі”.
Інфармацыйны цэнтр
МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
Беларусы ў Латвіі
Мастак Вячка Целеш у Беларусі вядомы найперш як аўтар кнігі “Гарады Беларусі на старых
паштоўках”. У Латвіі ў яго іпастасяў больш: першы дырэктар беларускай школы у Рызе, старшыня
Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, намеснік старшыні Латвійскага таварыства
беларускай культуры “Сьвітанак”. Цяпер ён яшчэ кіруе беларускай дзіцячай мастацкай студыяй
“Вясёлка”. Газета “Наша ніва” ўзяла інтэрв’ю ў сп. Целеша:
“Беларусаў у Латвіі да 1990 г. было 120 тыс., гады два таму было 109 тыс., а цяпер яшчэ
менш — каля 93 тыс. Беларусы з’язджаюць з Латвіі, бо складана атрымаць працу без ведання
мовы: гэтае пакаленне не хоча вучыць латышскую мову, а без яе не атрымаеш працы.
У Рызе жыве 34 тыс. беларусаў (было 38 тыс. у caвецкі час). Я сам займаўся заснаваннем
беларускай школы. Калі Латвія ў 1990 г. атрымала незалежнасць, нацыянальныя меншасці мелі
магчымасць арганізоўваць свае таварыствы i школы. Стварыліся i ўкраінская, i яўрэйская,
i літоўская, i эстонская школы. Беларусам было больш складана, бо ўсё залежыць ад Бацькаўшчыны.
Тут шмат беларусаў, якія ездзяць туды i маюць кантакты са сваякамі. Калі ў Беларусі пачалося
Адраджэнне, дык i тут было тое самае. Але афіцыйна беларуская школа была адкрытая толькі
ў 94-м. Да таго была неафіцыйная.
У 1989 г. я стварыў мастацкую студыю пры таварыстве “Сьвітанак”. Туды хадзіла больш за
40 дзяцей. Знайшоў настаўніцу беларускай мовы, i перад заняткамі ў студыі дзве гадзіны
яны вывучалі беларускую мову. У 1990-91 гг. была нядзельная школа, дзе я выкладаў асновы
гісторыі і культуры Беларусі. Толькі ў 1994 г., кaлi існавалі іншыя нацыянальныя школы,
пры рускамоўнай школе Рыжская дума дазволіла стварыць нашу. Я хадзіў па садках, аб’явы
даваў. Набраў 10 дзяцей – адчынілі першы клас. 1 верасня будзем адзначаць 10-годдзе беларускай
школы.
Спярша ўсё было па-беларуску: нам прысылалі ўсе падручнікі з Мінска — на беларускай мове.
Цяпер падручнікаў няма. Ёсць праблемы са школьнай праграмай: у Латвіі еўрапейская праграма,
а ў Беларусі засталася савецкая, там нічога не змянілася. Мы вымушаны вучыцца па латышскіх
падручніках, бо няма падручнікаў па-беларуску, выдадзеных згодна з гэтай праграмай. Да
вайны былі беларускія школы i гімназіі, беларускае выдавецтва, якое выдавала і падручнікі.
Сёння няма каму выдаваць, і няма грошай. Латвіі грошы патрэбныя, каб пераводзіць на латышскую
рускамоўныя школы. Не было створана ніводнай рускай нацыянальнай школы, засталіся савецкія.
Kaлi я працаваў дырэктарам школы, сустракаўся з дырэктapaмi гэтых школаў на семінарах,
сходах. Кажу iм: адкрывайце рускую нацыянальную школу. Не, ніхто не хоча! Масква ж таксама
раней крычала “руская школа”, а цяпер – “рускамоўная”. Пуцін абараняе рускамоўнае насельніцтва,
а не рускіх.
Скандал з рускамоўнымі школамі ў Латвіі, які быў напярэдадні ўступлення Латвіі ў Еўрасаюз,
звязаны з наступным. Праграма адукацыі ў Латвіі была створаная ў начатку 90-х, і ўжо тады
было пастаноўлена, што ў 2004 г. рускамоўныя школы павінны перайсці на латышскую мову
ў выкладанні базавых прадметаў. Падышоў тэрмін — а яны не вучылі латышскай мовы і не стваралі
сваіх нацыянальных школ.
Латвія дапамагае нацыянальным меншасцям. Напрыклад, нашаму таварыству ў год выдзяляецца
каля 200 латаў (блізу 400 даляраў ЗША), у нас ёсць свой офіс. Мы ўваходзім у Асацыяцыю
нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, дзе аб’яднаныя 20 таварыстваў, якія стаяць
на пазіцыі дэмакратыі. У Літве, Эстоніі нацыянальным меншасцям жывецца лепей: дзяржава
аплачвае будынкі, дзе размяшчаюцца іх офісы, i газеты дапамагае выдаваць. А тут складаней,
бо ні ў Літве, ні ў Эстоніі няма такой колькасці прыезджых рускамоўных, як у Латвіі. Тут
нельга зрабіць, як у Літве, дзе далі грамадзянства ўciм: тут чалавек павінен ведаць мову,
быць лаяльным да дзяржавы і г.д. Калі сёння даць рускамоўным грамадзянства (а ix жа палова),
значыць, на галасаванні ці рэферэндуме прагаласуюць – i ўсё, зробяць, што хочуць!
Сярод беларусаў Латвіі ёсць людзі, якія занялі “свой пачэсны пасад” – у палітыцы, напрыклад.
Старшыня Сойму Латвіі мінулага склікання Чэпаніс – беларус паводле нацыянальнасці. Ён
нарадзіўся ў Латвіі, але яго маці беларуска, i ў пашпарце ён пішацца беларусам. Я з ім
сустракаўся: ён не ведае беларускай мовы i толькі лічыцца ў пашпарце беларусам. Ён не
прыхіляўся нідзе да беларушчыны. Тыя, хто трапляе ў дзяржаўныя структуры, стараюцца сваю
нацыянальнасць затушоўваць, каб ніхто да ix не падкапаўся. Гэта ўжо аблатышаныя людзі.
Ёсць беларусы ў партыях. Вось у партыі “Новы час” палітык з чыста беларускім прозвішчам
Кавалёнак. Ён латышскамоўны, нарадзіўся тут, але ж ён беларус. Пакуль яшчэ ён не быў на
нашых вечарынах, я яго нядаўна запрасіў. У бізнэсе таксама. Ёсць нават міліянер-беларус
– Ян Апаленіс. Ён займаецца гатэльным бізнэсам, трымае гатэлі каля вакзала ў Рызе, мае
свой самалёт.
У Таварыстве беларускай культуры “Сьвітанак” каля 40 сяброў (пераважна інтэлігенцыя: мастакі,
артысты, настаўнікі, медыкі), але на вечарыны мы збіраем па 300–400 чалавек. Калі мы стварылі
“Сьвітанак” у 1988 г., у нас было каля 200 сяброў. А потым пачаўся “інтэрфронт”, і тады
была створана другая арганізацыя – “Прамень”...”
Паводле інтэрв’ю газеце “Наша ніва”
ГІСТОРЫЯ ЭМІГРАЦЫІ
Фармаванне сучаснай беларуска-польскай мяжы ў дакументах і ўспамінах
Праблема фармавання сучаснай беларуска-польскай мяжы адносіцца да ліку найменей даследаваных
тэмаў у беларускай гістарыяграфіі. Значна больш увагі гэтай тэме прысвяцілі польскія навукоўцы.
Недастатковасць вывучэння пытанняў фармавання мяжы паміж БССР і Польшчай у беларускай
гістарыяграфіі можна патлумачыць іх сакрэтнасцю. Значная частка дакументаў захоўвалася
ў архівах пад грыфам “сакрэтна” і была недаступная навукоўцам. Толькі напачатку 90-х гг.
навукоўцы Беларусі атрымалі доступ да гэтых матэрыялаў. Тым не менш, нават сёння ўвесь
комплекс дакументаў па памежных пагадненнях не даступны для даследавання.
Падпісанню канчатковага пагаднення адносна мяжы паміж Польшчай і СССР у жніўні 1945 г.
папярэднічалі доўгія перамовы цягам Другой сусветнай вайны ўрада СССР з польскімі ўладамі,
а таксама абмеркаванне гэтага пытання на міжнародных канферэнцыях кіраўнікоў трох дзяржаваў
– ЗША, Вялікай Брытаніі і СССР.
Сярод палітычных сілаў Польшчы існавалі на той час дзве супралеглыя пазіцыі наконт усходняй
мяжы дзяржавы. З аднаго боку, Польская рабочая партыя, Саюз польскіх патрыётаў, што вызначаліся
прасавецкай накіраванасцю, прызнавалі права этнічнай большасці беларусаў і ўкраінцаў на
тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны на самавызначэнне. З другога боку, лонданскі
эмігранцкі ўрад выступаў за захаванне мяжы паміж СССР і Польшчай, вызначанай Рыжскай мірнай
дамовай 1921 г.
Кіраўніцтва Савецкага Саюза на чале са Сталіным да Тэгеранскай канферэнцыі адзінай слушнай
у якасці заходняй мяжы Савецкага Саюза прызнавала дэмаркацыйную лінію, што існавала з
28 верасня 1939 г. да 22 чэрвеня 1941 г. Больш таго, Сталін сцвярджаў, што яна супадае
з лініяй Керзана, якую ў якасці межавой лініі адстойвалі кіраўнікі ЗША і Вялікабрытаніі.
Так званая “лінія Керзана” была распрацаваная адмысловай камісіяй па польскіх справах
на Парыжскай мірнай канферэнцыі і зацверджаная Вярхоўнай Радай Антанты 8 снежня 1919 года.
Падчас савецка-польскай вайны па даручэнні Вярхоўнай Рады Антанты Лойд Джордж выслаў савецкаму
ўраду ноту, у якой кіраўніцтву СССР прапаноўвалася спыніць савецкія войскі ў адлегласці
50 кіламетраў на ўсход ад вызначанай лініі. Ноту падпісаў міністр замежных справаў Вялікай
Брытаніі лорд Джордж Керзан. Ад імя лорда лінія і атрымала сваю назву.
Падчас савецка-польскай вайны яна не адыграла ў міжнародных стасунках якой-небудзь значнай
ролі і зноў выйшла на палітычныю арэну толькі ў Другую сусветную вайну. Тады лінія набыла
лёсавызначальны сэнс у жыцці беларускага, польскага, летувіскага і ўкраінскага народаў.
На Тэгеранскай канферэнцыі (28 кастрычніка – 1 снежня 1943 г.) Чэрчыль і Рузвельт “вывелі
Сталіна на чыстую ваду”, прывёўшы неаспрэчныя доказы, што ён не мае рацыю ў вызначэнні
лініі Керзана. Брытанская дэлегацыя паказала мапу, на якой была пазначаная розніца паміж
лініяй Керзана, што пакідала Беласточчыну на польскім баку і межавой лініяй ад 28 верасня
1939 г., якая пакідала гэтую тэрыторыю ў складзе Беларусі. А прадстаўнікі ЗША сталі даводзіць
Сталіну, што большасць насельніцтва Беласточчыны складаюць палякі. Сталін мусіў саступіць.
У выніку адзінагалосна кіраўнікі Вялікабрытаніі, СССР і ЗША выказаліся за тое, што ўсходняя
мяжа Польшчы мусіць праходзіць уздоўж “сапраўднай” лініі Керзана. 11 студзеня 1944 г.
урад СССР выдаў пастанову, у якой выказваў гатоўнасць унесці змены ў межы 1939 г. на карысць
Польшчы ў раёнах з перавагай польскага насельніцтва. Мелася на ўвазе галоўным чынам Беласточчына.
Беларускае ж кіраўніцтва ва ўсіх гэтых перамовах іграла самую мінімальную ролю. У сакавіку
1944 г. Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Нічыпар Наталевіч у сваім дакладзе
на 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР адзначыў, што адпаведна заяве Савецкага ўрада ад 11
студзеня 1944 г. Польшчы не павінна адысці большасць раёнаў Беластоцкай вобласці. Ён звярнуўся
да Вярхоўнага Савета БССР з просьбай разгледзець пытанне аб межах і папрасіў Савецкі ўрад
пры вызначэнні мяжы паміж СССР і Польшчай улічыць законнае і справядлівае жаданне беларускага
народа аб’яднаць усе спрадвечныя беларускія землі ў адзіную Беларускую савецкую дзяржаву.
Але гэтыя просьбы не былі ўлічаныя ні савецкім кіраўніцтвам, якое валюнтарысцкі вырашала
праблемы саюзных рэспублік, ні Вярхоўным Саветам БССР, які не адважваўся без згоды Масквы
разглядаць пытанне аб змяненні мяжы Беларусі.
У сярэдзіне ліпеня 1944 г. савецкія войскі распачалі аперацыю па фарсіраванні Буга і ўступілі
на землі Беласточчыны. У сувязі з наступленнем паўстала пытанне дакладнага вызначэння
савецка-польскай мяжы. Ягонае абмеркаванне стала ключавым на перамовах у Маскве 24-26
ліпеня 1944 г. паміж урадам СССР і дэлегацыяй Польскага Камітэта Нацыянальнага Вызвалення
(ПКНВ). Перамовы праходзілі досыць цяжка і напружана. Палякі вылучалі на пярэдні план
пытанне аб перадачы Польшчы Белавежскай пушчы. “Пушча ёсць нашым Нацыянальным паркам,
гістарычным месцам партызанскіх бітваў з царызмам у паўстаннях за незалежнасць Польшчы.
Па-за тым, Польшча мае вынішчаныя немцамі лясы, а таксама пушча з’яўляецца нашай сыравіннай
базай для драўлянай вытворчасці Гайнаўкі”, – даводзіў Іосіфу Сталіну кіраўнік польскай
дэлегацыі Эдвард Асубка-Мараўскі. Пасля настойлівых просьбаў сяброў польскай дэлегацыі
Сталін згадзіўся перадаць Польшчы частку Белавежскай пушчы разам з Белавежай. 27 ліпеня
В.Молатаў і Э.Асубка-Мараўскі падпісалі пагадненне паміж урадам СССР і ПКНВ аб савецка-польскай
мяжы. У яе аснову была пакладзеная лінія Керзана з адступленнямі на карысць Польшчы Беластоцкай
вобласці і часткі Белавежскай пушчы.
Вёскі Бераставіцкага раёна (зараз знаходзяцца ў ваколіцах Крынак, Польшча), амаль на 100%
заселеныя беларусамі праваслаўнага веравызнання, былі вызваленыя з-пад нямецкай акупацыі
і занятыя савецкімі войскамі 19-22 ліпеня 1944 г. Першапачаткова мяжу ўстанавілі па рацэ
Свіслач, аднак ужо ў жнiўнi 1944 г. яе перанеслі на 1-3 км на захад. Савецкія памежныя
заставы былі размешчаныя ў Ярылаўцы, Юраўлянах, ваколіцах Вялікіх Азяран – гэтак званых
Засценніках, Ямашах (праз год пераведзеная ў Лапічы). У кожнай з іх неслі службу 30-50
памежнікаў, паходжаннем ў асноўным з глыбінкі Расіі.
Канчатковае прызнанне лініі Керзана ў якасці савецка-польскай мяжы на міжнародным узроўні
адбылося на Крымскай канферэнцыі 4-11 лютага 1945 года. Сталін, Рузвельт і Чэрчыль дамовіліся,
што ўсходняя мяжа Польшчы пройдзе ўздоўж лініі Керзана з адступленнямі ад яе ў некаторых
раёнах на карысць Польшчы на 5-8 км.
Такім чынам, да Польшчы адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці разам з абласным цэтрам
і тры раёны Берасцейскай (частка Белавежскай пушчы). Польскі бок перадаваў БССР пятнаццаць
вёсак, населеных пераважна беларусамі. Новая беларуска-польская мяжа, вызначаная пад уплывам
савецкага кіраўніцтва, адразала ад Беларусі тэрыторыю плошчай 14,3 тыс. кв. км. з насельніцтвам
(паводле перапісу 1931 г.) каля 722 тыс. чалавек. Беласточчына, далучаная да Польшчы,
уяўляла сабой тэрыторыю, роўную палове такіх краінаў як Албанія ці Бельгія.
Даследчыкі і мемуарысты выказваюць розныя меркаванні, чаму Сталін аддаў Польшчы Беласточчыну.
Пётр Эберхард прыводзіць ліст Сталіна да Чэрчыля ад 4 лютага 1944 г., у якім савецкі кіраўнік
прызнаецца, што саступіў палякам Беласточчыну таму, што ўзамен атрымаў частку Усходняй
Прусіі (Калінінградская вобласць). Мікіта Хрушчоў пісаў у сваіх мемуарах, што да Польшчы
“адышлі асобныя землі з чыста беларускім і ўкраінскім насельніцтвам”. Такі крок Хрушчоў
тлумачыў імкненнем Сталіна “задобрыць” палякаў, аслабіць непрыемныя пачуцці, якія засталіся
ў польскага народа ў выніку савецка-германскай дамовы ад 23 жніўня 1939 г. На думку ж
беларускага эмігранцкага гісторыка М.Волаціча, савецкае кіраўніцтва ахвотна аддавала сатэлітнай
Польшчы Беласточчыну таму, што яе насяляла пераважна беларускае каталіцкае насельніцтва,
да якога Масква ставілася варожа.
У выніку “добразычлівасці” савецкай дэмаркацыйнай камісіі мяжа перасоўвалася на карысць
Польшчы яшчэ на 100-3000 м. Польская тэрыторыя пашыралася з поўначы на поўдзень за кошт
27 населеных пунктаў Гродзенскай вобласці (Свіслацкага, Бераставіцкага, Гродзенскага і
Сапоцкінскага раёнаў). Жыхары іх у штодзённым жыцці карысталіся (і карыстаюцца) беларускай
моваю. У “Лісце старшыні савецкай дэлегацыі па дэмаркацыі савецка-польскай мяжы А.Аляксандрава
ад 13 чэрвеня 1946 года” паведамлялася, што на той момант у вёсках, якія адыходзілі да
Польшчы, пражывала 1300 сем’яў, галоўным чынам беларусы па нацыянальнасці. Пры тым у “Лісце”
адзначаецца, што гэтыя дадзеныя няпоўныя.
Апошняя кропка ва ўсёй гэтай блытаніне была пастаўленая толькі 8 ліпеня 1950 г. Савет
Міністраў БССР выдаў пастанову, паводле якой зацвярджаў перадачу Польшчы 30 населеных
пунктаў Гродзенскай вобласці: вёскі Багатыры Лясныя, Воўкуш, Ліпчаны, Рыгалаўка, Далічаны,
Ракавічы і хутары Ліхасельцы, Салаеўшчына, Бортнікі, Маркаўцы (Сапоцкінскага раёна), вёскі
Хварасцяны, Навадзель, Толчы, Шымакі, Клімаўка, Мінкаўцы і Новікі (Гродзенскага раёна),
а таксама вёскі Баброўнікі, Ярылаўка, Коматаўцы, Рудакі, Ласіняны, Вялікія і Малыя Азяраны,
Ямашы, Лапічы, Юраўляны, Грыбаўшчына, Уснар Горны (Бераставіцкага раёна) і вёска Малая
Ялоўка (Свіслацкага раёна). Да БССР адыходзілі 12 вёсак і 4 хутары з тэрыторыі Польшчы.
У выніку дэмаркацыі беларуска-польская мяжа набыла сучасную канфігурацыю. На адрэзку ад
вёскі Рыгалаўка да мястэчка Крынкі яе правялі як простую лінію, затым пусцілі рэчышчам
ракі Свіслач аж да Ялоўкі (Польшча). Адтуль і да Каменюкоў (Беларусь) мяжа ўкліньваецца
ў тэрыторыю Беларусі, адразаючы ад яе значны кавалак Белавежскай пушчы. Затым яна прымае
выгляд дугі, выгнутай у бок Польшчы, і ад Нямірава ідзе па Бугу.
Новая мяжа па-жывому разразала чалавечыя і гаспадарчыя сувязі, парывала традыцыйны побыт
людзей, асабліва тых, якія жылі ўздоўж рэкаў і ў Белавежскай пушчы. Але звароту назад
не было. Беларусь стала закладніцай у палітыцы СССР. Кіраўнікі БССР не адважваліся рабіць
самастойныя палітычныя крокі, а толькі зацвярджалі рашэнні, прынятыя ў Маскве. Без аніякіх
зменаў мяжа захавалася да нашага часу.
Паводле www.bialorus.pl
|