МІЖНАРОДНАЕ ГРАМАДСКАЕ АБ'ЯДНАННЕ "ЗГУРТАВАННЕ БЕЛАРУСАЎ СВЕТУ "БАЦЬКАЎШЧЫНА"
№13
СНЕЖАНЬ

БЮЛЕТЭНЬ ІНФАРМАЦЫЙНАГА ЦЭНТРА "БЕЛАРУСЬ АБ'ЯДНАНАЯ"

Змест:

Віншаваннe

Шаноўнае спадарства!

Ад імя Управы і супрацоўнікаў Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" віншуем з Калядамі і Новым годам! Зычым моцнага здароўя, шчасця, годнага жыцця, плёну ў працы, а самае галоўнае пабачыць нашую Беларусь вольнай, заможнай, чыстай і па-сапраўднаму беларускай!

Шчаслівых калядаў!

Навіны

Вільня, Літва

10 снежня Таварыства беларускай культуры ініцыявала правядзенне пікету "У абарону правоў чалавека ў Беларусі" перад амбасадай Рэспублікі Беларусь. Па літоўскім заканадаўстве без спецыяльнага дазволу можна праводзіць пікет колькасцю не болей 9 чалавек. Пікет віленскіх беларусаў складаўся з 15 чалавек; нягледзячы на гэта, літоўская паліцыя дазволіла праводзіць яго і без спецыяльнага рашэння. Удзельнікі акцыі трымалі плакаты, прысвечаныя загінуўшым людзям у Беларусі, у абарону правоў чалавека, у абарону беларушчыны. Паколькі з амбасады да пікетуючых ніхто не выйшаў, праз дзяжурнага былі перададзены Зварот з запытам аб загінуўшых людзях, а таксама аб аказанні дапамогі іх сем'ям. Гэта ўжо другая акцыя неабыякавых віленчукоў - першы Зварот быў накіраваны ў беларускую амбасаду яшчэ ў траўні, але ад чыноўнікаў гэтай установы ніякага адказу дагэтуль не атрымана.

Хведар Нюнька

Вільня, Літва

У Таварыстве беларускай культуры адбылося мерапрыемства, прысвечанае 120-м угодкам з дня нараджэння Якуба Коласа пад назвай "Якуб Колас і Вільня, нашаніўскі перыяд". Аб паэце расказала Л.Мілаш, вершы паэта чыталі М. і Э.Стральчэні. У межах свята былі адзначаны ўгодкі Слуцкага паўстання. З дакладамі выступілі Х.Нюнька і А.Старавойтаў. Прагучала паведамленне пра ксяндза В.Гандлеўскага (прамоўца П.Саўчанка). Госцем свята стаў вядомы мастак з "Пагоні" М.Купава, які распавёў аб культурных падзеях у Мінску і аб творчых планах. На заканчэнні адбыўся канцэрт беларускай песні.

Леакадзія Мілаш

Вільня, Літва

У кастрычніку 2002 года памёр шчыры беларус, актыўны ўдзельнік беларускага руху Віленскага краю Мікалай Рулінскі. Ён скончыў Віленскую беларускую гімназію, падчас вайны разам з сябрам перавёз частку архіва Кастуся Езавітава ў Германію. За актыўную беларускую дзейнасць адсядзеў 8 гадоў у сталінскіх лагерах у Омску. Калі вярнуўся на Беларусь - не здолеў уладкавацца ні на працу, ні на вучобу, толькі ў Літве. З пачатку беларускага Адраджэння напрыканцы 80-х М.Рулінскі актыўна ўключыўся ў нацыянальны рух. З 1990 па 1999 год быў старшынёй Троцкай суполкі беларусаў. Дэлегат І З'езду беларусаў свету, І і ІІ з'ездаў беларусаў Балтыі, удзельнічаў у працы Рады БНР у Вільні ў 1997 годзе. Да гэтага часу нерэабілітаваны - не палічыў патрэбным прыніжацца. Гэтабыў жыццярадасны чалавек, з глыбокім пачуццём гумару, добры і верны сябра. Засталіся ягоныя вершы, карціны і добрая чалавечая памяць. Пахавалі яго як жаўнера беларускага войска.

Леакадзія Мілаш

Таронта, Канада

З гэтага года ў Таронта пачала выходзіць новая газета "Беларускае слова"! За паўстагоддзя існавання беларускай дыяспары ў Канадзе беларуская справа ў гэтай краіне дасягнула значных поспехаў. З часам беларусаў у Канадзе ўсё большае, змяняецца сітуацыя і з беларускім друкаваным словам. Замест друкаванага бюлетэню атаўскі аддзел ЗБК стварыў свой web-site: www.cyberus.ca/~belarus. На гэтай інтэрнэт-старонцы ўжо з'явілася шмат інфармацыі і пра беларускія асяродкі ў іншых гарадах - Лондане, Кітчынеры, Вініпэгу і іншых. А таронцкі аддзел ЗБК з гэтага году выдае газету "Беларускае слова", якая прызначана не толькі для беларусаў Таронта. Рэдакцыя плануе друкаваць допісы ўсіх сталых аўтараў, а таксама запрашае да супрацоўніцтва маладых журналістаў.

Адрас для допісаў: 524 St.Clarens Ave., Toronto, ON, M6H 3W7

Інфармацыйны цэнтр

Чыкага, ЗША

Прадстаўнікі розных хваляў эміграцыі з Беларусі, што жывуць у Чыкага і прыгарадах, сабраліся ў рэлігійна-культурным цэнтры пры Беларускай праваслаўнай царкве св. Юр'я. Свята было прысвечана знамянальным юбілеям беларускіх дзеячоў культуры: 120-годдзю нашых вялікіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, 115-годдзю найцудоўнейшага мастака Марка Шагала і 90-годдзю аднаго з бліскучых майстроў віцебскай мастакоўскай школы Хаіма Ліўшыца, які ў апошнія гады свайго жыцця жыў і працаваў у Чыкага. Усе гэтыя даты прыпалі на гэты год. Пасля царкоўнай службы, выступаючы на пачатку свята, яго арганізатар айцец Дзмітры Башко назваў гэты фэст урачыстым актам, асабліва падкрэсліўшы важнасць стваральнай еднасці і творчых зносін людзей самых розных духоўных канфесій, якія праз усё жыццё нясуць любоў да Беларусі і яе спадчыны. Прачытаўшы верш Янкі Купалы "Зашумела гулка восень…", ён настроіў усіх прысутных на лірычны лад, навеяны незабыўнымі вобразамі роднай зямлі. Вялікі святочны канцэрт распачаў беларускі нацыянальны вакальна-інструментальны гурт у складзе: У.Вараб'ёў, І.Грыгаровіч, А.Васіленка, В.Явар і П.Кляпацкі. Вядомы ў Чыкага кампазітар і паэт Міхась Клейнер з велізарнейшым пачуццём і глыбокім пранікненнем выканаў напісаныя ім рамансы на вядомыя вершы "О Беларусь, мая шыпшына" У.Дубоўкі, "Я ад вас далёка" Янкі Купалы і "Якія вы ўсе маладыя" Г.Бураўкіна. З захапленнем сустрэлі ўсе Алену Бярнат, якая выканала беларускія народныя песні. У канцэрце ўзялі таксама ўдзел спевакі Ноах Марсэлл і Галіна Паўлава. Амерыканскі нацыянальны гімн праспявала Ганна Васіленка. Пранікнёна чытаў творы Янкі Купалы адзін з вядомых ветэранаў беларускай эміграцыі Міхась Каленік. У гэты дзень у зале была спецыяльна разгорнута мастацкая экспазіцыя, на якой былі выстаўлены карціны Х.Ліўшыца, прысвечаныя Я.Купалу, а таксама ягоныя пейзажныя палотны з краявідамі Віцебска і іншых мясцін Беларусі.

Ванкарэм Нікіфаровіч.

Новая Англія, ЗША

Аддзел БАЗА ў Новай Англіі змяніў адрас на: 79 Sylvester Avenue Winchester, A 01890

Бранск, Расія

Першае ў Расіі беларускамоўнае аддзяленне адкрылася ў Бранскім дзяржаўным універсітэце імя акадэміка Пятроў-скага. 25 студэнтаў-міжнароднікаў вывучаюць тут мову Янкі Купалы і Якуба Коласа, беларускую культуру і літаратуру, гісторыю і сучаснае жыццё Беларусі. Лічыцца, што дыпломы па спецыяльнасці "Рэгіёназнаўства па краінах СНД (Беларусь)" выканаюць сваю ролю пры пасту-пленні цяперашніх студэнтаў на працу ў структуры, якія спецыялізуюцца па эканамічных, вытворчых, палітычных, культурных сувязях з Беларуссю. На думку прафесара універсітэта, дырэктара Цэнтра славяназнаўства Сяргея Міхальчанкі, веданне беларускай мовы зробіць прафесійныя кантакты выпускнікоў больш эфектыўнымі. Як вядома, на "міжнародных" факультэтах іншых расійскіх ВНУ больш папулярныя англійская, нямецкая, французская, японская мовы. Аднак, на здзіўленне кіраўніцтва Бранскага дзярж-універсітэта, новая спецыяльнасць карыстаецца вялікім попытам. Звязана гэта з тым, што прыкладна палова жыхароў Браншчыны размаўляюць на дыялекце, блізкім да беларускай мовы, і маюць з Беларуссю цесныя сваяцкія сувязі.

"Голас Радзімы". 2002. 11 снеж.

Сургут, Расія

У Цэнтральнай раённай бібліятэцы працягваецца цыкл выстаў, прысвечаных Году міжэтнічнай талерантнасці. Чарговая экспазіцыя знаёміць з Беларуссю. Кнігі на беларускай мове распавядаюць аб эканоміцы, аб насычанай гісторыі і мастацтве, старажытных звычаях і традыцыях беларусаў. Таксама можна пабачыць элементы строю, прадметы народных рамёстваў і даведацца аб асаблівасцях нацыянальнай кухні. Наведвальнікі сустракаюцца з творамі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў: Я.Коласа, Я.Купалы, І.Шамякіна, М.Садковіча, В.Быкова, А.Адамовіча. Цэнтральная раённая бібліятэка выказала падзяку Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі за дапамогу ў падрыхтоўцы і арганізацыі выставы.

Сяргей Бандарэнка

Іркуцк, Расія

Газета "Маланка" выдаецца ў Іркуцку беларусамі для беларусаў і існуе на грамадскіх пачатках. Яе заснавальнік - Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Выданне расказвае пра жыццё беларусаў, якіх лёс закінуў у Расію. "Маланка" паведамляе таксама пра падзеі, што адбываюцца на Бацькаўшчыне. У адным з апошніх нумароў Радзім Гарэцкі, сябра Управы Згуртавання "Бацькаўшчына", звяртаючыся да рэдактара "Маланкі" Алега Рудакова, падзякаваў за руплівую працу. Дасылаюць сібірскія беларусы сваю газету і чытачам з ЗША. Чытач з Амерыкі Марат Клакоўскі па-значыў: "Калі ў нас у Нью-Ёрку пра Іркуцкае таварыства людзі яшчэ ведаюць, то ў іншых гарадах ЗША, думаю, што чулі нямногія. А хацелася б, каб пра актыўную дзейнасць беларусаў у Прыбайкаллі ведалі шырэй". Як адзначыў Алег Рудакоў, у Іркуцкай вобласці жыве прыблізна 50 тысяч беларусаў і іх нашчадкаў.

Інфармацыйны цэнтр

Масква, Расія

У Цэнтральным Доме літаратара прайшла вечарына, прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага пісьменніка, кінасцэнарыста, грамадскага і палітычнага дзеяча Алеся Адамовіча. У арганізацыі вечарыны ўзялі ўдзел Саюз пісьменнікаў Масквы, Міжнародны літаратурны фонд. У Малой зале сабраліся сваякі і сябры пісьменніка, прадстаўнікі беларускага зямляцтва ў Маскве, у стварэнні якога ў 80-х гадах удзельнічаў Алесь Адамовіч, супрацоўнікі беларускай амбасады ў Маскве, члены Кангрэса інтэлігенцыі Расіі, пісьменнікі і чытачы. Не змаглі прыехаць на вечар Міхаіл Гарбачоў і Іван Драч, аднак пасланне ад іх імя зачытаў Валянцін Аскоцкі. Падчас вечарыны дзейнічала фотавыстава, прысвечаная А.Адамовічу. Яна складалася са здымкаў Яўгена Коктыша. Вечар пачаўся з прагляду фільма-элегіі, у аснову якога пакладзены дакументальныя кадры, знятыя пры жыцці Алеся Адамовіча, а таксама фотаздымкі з сямейнага архіва.

"Культура". 2002. 30 ліст.-6 снеж.

Сочы, Расія

З 3 да 8 студзеня 2003 года ў гора-дзе Сочы Краснадарская краёвая арганізацыя "Творчы альянс", а таксама Краснадарская грамадская арганізацыя беларускай культуры "Белая Русь" праводзяць адкрыты міжрэгіянальны фестываль моладзі і студэнтаў "Рождественские святки", мэтай якога з'яўляецца адраджэнне і захаванне нацыянальных культурных традыцый і падтрымка творчых калектываў. У фестывалі возьмуць удзел калектывы з Расіі, Беларусі, Украіны.

Аргкамітэт фестывалю

Варшава, Польшча

У амбасаду Беларусі ў Польшчы былі перададзены паўтары тысячы лістоў пратэсту супраць знаходжання за кратамі журналістаў і закрыцця незалежных газет, падпісаных жыхарамі Польшы да прэзідэнта Беларусі. З заклікам збору подпісаў "Газета выбарчая" звярнулася да сваіх чытачоў напачатку кастрычніка. Да акцыі "Выбарчай" далучылася таксама тэлекампанія "Polsat", дзе былі паказаны сюжэты пра гродзенскіх журналісгаў. Дзякуючы гучнасці справы, журналісты атрымліваюць па семдзесят лістоў штодня з Польшы і Беларусі. Гэта аказвае вялікае ўражанне на кіраўніцтва „хіміяў", у якіх знаходзяцца журналісты.

pahonia.promedia.by

Беласточчына, Польшча

Фальклорны калектыў "Цаглінкі" са Старога Ляўкова адсвяткаваў 25-годдзе сваёй мастацкай дзейнасці. Ён з'яўляецца адным з найактыўнейшых на Гайнаўшчыне. Яго музычны кіраўнік - Мікалай Мяжэнны з Гродна. Прыязджае ў Ляўкова ўжо адзінаццаць гадоў. На працягу сваёй 25-гадовай дзейнасці ляўкоўскія "Цаглінкі" заваявалі сэрцы шырокага кола аматараў музыкі. Калектыў - шматразовы лаўрэат конкурсу "Беларуская песня", аглядаў аматарскага руху ды сустрэч абрадавых калектываў. У яго рэпертуары вялікая колькасць песень. Калектыў выпусціў аўдыёкасету з запісам найбольш яркіх сваіх мелодый.

"Ніва". 2002. 8 снеж.

Беласточчына, Польшча

Нядаўна выйшлі з друку падручнікі па беларускай мове для гімназій і ліцэяў. Сярод іх - падручнік па літаратурнай і культурнай адукацыі "Са словам праз стагоддзі" для вучняў I класа аўтарства Вольгі Сянкевіч - настаўніцы Комплексу школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы. Падрыхтавала яна таксама і праграмы длянавучання беларускай мовы ў I-ІІІ класах гімназіі і сярэдняй школы, а таксама патрабаванні для экзаменаў на атэстат сталасці па беларускай мове і з'яўляецца сааўтарам хрэстаматыі для сярэдніх школ па беларускай літаратуры. Праграма навучання па беларускай мове і літаратуры для сярэдніх школ атрымала станоўчыя рэцэнзіі навуковых супрацоўнікаў Кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта д-р Ядвігі Глушкоўскай-Бабіцкай і д-р Тэрэсы Ясінскай-Сохі і ў кастрычніку гэтага года была зацверджана Міністэрствам нацыянальнай адукацыі. Раней настаўнікі беларускіх ліцэяў вучылі беларускай мове на падставе сваіх аўтарскіх праграм. Наватарства праграмы Вольгі Сянкевіч праяўляецца ў спосабах навучання і падборцы матэрыялаў для адукацыйнага працэсу. Аўтарка адыходзіць ад засвойвання энцыклапедычных ведаў і многа ўвагі адводзіць развіццю здольнасцей вучняў.

"Ніва". 2002. 1 снеж.

Бельск-Падляшскі, Польшча

Пры II Агульнаадукацыйным ліцэі імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім існуе маладзёжны ансамбль "Дзявочыя ноткі", які святкуе ў гэтым годзе 25-гадовы юбілей. Восенню 1976 года па ініцыятыве Сяргея Лукашука, тады настаўніка музыкі і кіраўніка Бельскага дома культуры, створаны быў дзявочы калектыў з 9 першакласніц. Ад самага пачатку "Дзявочыя ноткі" бралі ўдзел у аглядах беларускай песні, аб'ездзілі амаль усю Польшчу. Выступілі на больш за 300 канцэртах, фестывалях у Седльцах, Беластоку, Гайнаўцы. Мастацкім кіраўніком і духоўным апекуном гурту быў і застаецца Сяргей Лукашук.

"Ніва". 2002. 1 снеж.

Беласток, Польшча

10-годдзе свайго існавання адзначыў маладзёжны хор „Каласкі", які існуе пры Беларускім грамадска-культурным таварыстве ў Беластоку. У канцэрце ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўлад - дэпутат Сойма Барбара Цірук і віцэ-ваявода Ежы Паўяновіч. "Каласкі" паўсталі ў 1992 годзе на базе старога хору. Увагі заслугоўвае асоба мастацкага кіраўніка і інструктара - Алы Каменскай, якая працай над апрацоўкай песень, падборкай рэпертуару прычынілася да поспехаў сваіх выхаванцаў. На сцэне гасцінна выступілі беларускія гурты "Лідэр" і "Прымакі".

"Ніва". 2002. 1 снеж.

Ерэван, Арменія

У актавай зале Ерэванскага лінгвістычнага універсітэта імя В.Брусава адбыўся ўрачысты вечар у гонар 120-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Ерэванская суполка "Беларусь" падрыхтавала гэтае свята разам з Армянскім таварыствам культурных сувязей і супрацоўніцтва з замежнымі краінамі. На ўрачыстае свята былі запрошаны прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў Арменіі, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў рускай і славянскай моў, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў, прэзідэнцкай адміністрацыі, Міністэрства культуры, Саюза пісьменнікаў і Нацыянальнага сходу. Была разгорнута выстава фотаматэрыялаў з нагоды 120-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Вялікую канцэртную праграму на беларускай мове падрыхтавалі вучні беларускай нядзельнай школы.

"Голас Радзімы". 2002. 4 снеж.

Кіеў, Украіна

Паспяхова завяршыліся Дні культуры Рэспублікі Белаірсь ва Украіне. Надзвычай насычаная праграма мерапрыемстваў была ажыццёўлена ў поўным аб'ёме. Канцэрт адкрыцця Дзён культуры ў Нацыянальнай оперы Украіны, іншыя выступленні беларускіх артыстаў прайшлі пры аншлагах і пільнай увазе ўкраінскіх сродкаў масавай інфармацыі. Добрыя водгукі прэсы і аматараў выяўленчага мастацтва атрымала выстава з фондаў Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, якая дэманстравалася ў Доме мастака Нацыянальнага саюза мастакоў Украіны.

"Культура". 2002. 30 ліст.-6 снеж.

Сафія, Балгарыя

"Магутны трыпціх" - гэтак балгарскія сябры назвалі томік выбраных вершаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча, які выйшаў у Сафіі. Выдадзена кніжка перакладаў нашых класікаў у строгай чорнай вокладцы з суперам, на якім партрэты песняроў. Склаў "трыпціх" даўні і шчыры сябра беларускай літаратуры, добры знаўца нашай паэзіі і яе выдатны перакладчык Найдзен Вылчаў. Гэта лепшыя творы нашай магутнай паэтычнай троіцы. Выданне кнігі і яе прэзентацыя, што адбыліся ў сталічнай бібліятэцы Сафіі, - галоўнае мерапрыемства праграмы Пасольства РБ ў Балгарыі па ўшанаванні 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа і 110-ых угодкаў Максіма Багдановіча. Былі таксама ініцыяваны юбілейныя публікацыі ў балгарскай перыёдыцы.

"Культура". 2002. 30 ліст.-6 снеж.

Весткі

Беларускі музей імя І.Луцкевіча

Працягваем інфармаваць аб справе аднаўлення Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў накіраваў у Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь запыт аб дапамозе Беларускаму музею і вяртанні тых экспанатаў, якія раней належалі яму. Вось які адказ быў атрыманы ад намесніка міністра культуры В.Гедройца: "Паведамляем, што Закон Рэспублікі Бсларусь "Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь", прыняты беларускім Парламентам 5 верасня 1996 года, не дазваляе Міністэрству культуры перадаваць іншай замежнай дзяржаве на пастаяннае карыстанне экспанаты Музейнага фонду (артыкул № 10 Закона). Пры звароце адпаведных дзяржаўных структур можа разглядацца іншы варыянт іх выкарыстання ў музейных экспазіцыях ці выстаўках замежных музеяў (дэпазіт, абмен на раўназначныя экспанаты, выраб копій і муляжоў і г.д.). Адначасова адзначаем, што міністэрства зацікаўлена ў прапагандзе нацыянальнай культуры, духоўнай спадчыны, твораў мастацтва беларускага народа як у Літве, так і ў іншых краінах свету".

Інфармацыйны цэнтр

"Verbum" ад "Старога Ольсы"

У снежні 2002 г. пры арганізацыйнай падтрымцы МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" выйдзе трэці альбом гурта старажытнай музыкі "Стары Ольса" пад назвай "Verbum". У дыску запісаны ўрыўкі са старажытных шэдэўраў беларускай пісьмовасці: "Слова пра паход Ігаравы" (на стараславянскай мове пад гуслі), "Песня пра зубра" (на лацінскай пад лютню), "Статут Вялікага княства Літоўскага" (на старабеларускай мове пад дуды), а таксама "Пан Тадэвуш" (на польскай мове пад колавую ліру). Вашай увазе будзе прадстаўлена таксама беларуская музыка ХVІ ст.: творы Войцэха Длугарая і "Ягелонскі рукапіс". Частка альбома складаецца з канцэртных аранжыровак сярэднявечных танцаў пры рэдкім спалучэнні старых інструментаў - лютня і дуда, варган і мандаліна, дуда і гуслі, гуслі і лютня і шмат іншага. Рэлізацыя гэтага культурнага праекту стала магчымым пры дзейснай падтрымцы шчырай беларускі і вядомай мецэнаткі Ірэны Каляда-Смірноў з ЗША.

Інфармацыйны цэнтр

Музей Касцюшкі

Праз 16 краін праходзіў ягоны доўгі жыццёвы шлях. Але куды б ні закідваў Касцюшку нялёгкі лёс, заўсёды ён вяртаўся на Айчыну. Нават за паўгода да смерці ён сваім тэстаментам вызваліў сяхновіцкіх сялян ад прыгону і прасіў іх дзеля шчасця і дабрабыту пабудаваць у вёсцы школку для сваіх дзетак. Таму нядзіўна, што менавіта ў Сяхновіцкай школе з лістапада 2002 года запрацаваў мемарыяльны музейны пакой, прысвечаны Тадэвушу Касцюшку. Ягоныя стваральнікі - мастакі Вольга Маслоўская і Леанід Валасюк. Музейныя экспанаты распавядаюць пра радаводныя повязі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, пра дзяцінства, навучанне будучага генерала, пра вайсковыя дарогі. Асобны стэнд прысвечаны знакамітай Крумчыцкай бітве. Да 185-х угодкаў з дня смерці Т.Касцюшкі ваколіцы Сяхновічаў перажываюць аднаўленне. Адрамантаваны пастаўлены амаль паўстагоддзя таму бюст Касцюшкі ля школы. Зноў паўстала на вясковых могілках некалі знявечаная пахавальная капліца канца XIX стагоддзя. Пачалася ачыстка Касцюшкаўскага парка, дзе генерал калісь уласнаручна саджаў дрэвы.

"Культура". 2002. 7-13 снеж.

Навіны МГА "ЗБС "Бацькаўшчыны"

Прапаноўваем Вашай увазе кароткі агляд перапіскі Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" з дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі. Усе выказаныя прапановы "ЗБС "Бацькаўшчына", накіраваныя ў адпаведныя ўстановы, грунтуюцца на пажаданнях прадстаўнікоў беларускай дыяспары, выкладзеных ў праграме "Замежная беларуская супольнасць у ХХІ стагоддзі", якая была зацверджана на Трэцім з'ездзе беларусаў свету.

Па праекту закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой"

16.10.2002 г. МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" накіравала свае заўвагі і прапановы па праекту закона "Аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой", які быў распрацаваны Цэнтрам законатворчай дзейнасці пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, у Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, што юрыдычны цэнтр "Бацькаўшчыны" распрацаваў свой праект Закона пад назвай "Аб стасунках Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа", які грунтаваўся на пажаданнях і прапановах, выказаных прадстаўнікамі арганізацый беларускай дыяспары. Гэты праект як прапановы да распрацаванага Цэнтрам законатворчай дзейнасці і быў прадстаўлены ў вышэйназваныя дзяржаўныя ўстановы.

Адказ на наш ліст 13.11.2002 г. прыйшоў ад Камісіі па сацыяльных пытаннях Савета Рэспублікі, у якім гаворыцца аб тым, што зараз законапраектам займаецца Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей. Законапраект будзе выненсены на разгляд Нацыянальнага сходу толькі ў кастрычніку 2003 г. Савет жа Рэспублікі не ўносіць змены ў законапраект, а толькі мае права ўхваліць ці адхіліць яго.

Адпаведна беларускаму заканадаўству дзяржаўная ўстанова павінна на працягу аднаго месяца адказаць на ліст фізічнай альбо юрыдычнай асобы. Нажаль, адказаў ад Савета Міністраў і Палаты прадстаўнікоў "Бацькаўшчына" пакуль не атрымала.

Па пытаннях забяспячэння інфармацыйных патрэб беларускай дыяспары

14.11.2002 г. адбылася сустрэча старшыні Рады МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" А.Макоўскай з міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь М.Падгайным. Пад час сустрэчы сп. М.Падгайнаму быў перададзены афіцыйны ліст ад "Бацькаўшчыны" па пытаннях забеспячэння наступных інфармацыйных патрэб беларускай дыяспары:

  • заключэнне пагадненняў аб рэгулярным інфармацыйным абмене з тэлебачаннем Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Расіі з улікам патрэб беларускай дыяспары і нацыянальных меншасцяў Беларусі;
  • распрацоўка мерапрыемстваў па рэалізацыі міжурадавых пагадненняў аб - распаўсюджванні на тэрыторыі краін СНД, Балтыі і інш. беларускіх тэле- і радыё-праграмм, арганізацыі тэле- і радыёвяшчання на гэтыя краіны;
  • спрыянне стварэнню ў краінах былога СССР агульнадзяржаўных выданняў на беларускай мове;
  • арганізацыя цэнтралізаванай падпіскі расійскіх бібліятэк на беларускі перыядычны друк (як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя выданні) у постсавецкіх дзяржавах.

Па пытанню стварэння цэнтраў юрыдычнай дапамогі беларускай дыяспары пры пасольствах Рэспублікі Беларусь

02.12.2002 г. "Бацькаўшчына" накіравала ліст ў Міністэрства замежаных спраў Рэспублікі Беларусь з просьбай паспрыяць стварэнню пры пасольствах Рэспублікі Беларусь цэнтраў юрыдычнай дапамогі беларускай дыяспары з наданнем ім наступных функцый:

  • інфармаванне аб асноўных правах і свабодах чалавека і грамадзяніна, у тым ліку аб праве на грамадзянства і праве на свабоду яго выбару;
  • кансультаванне па правах нацыянальнай меншасці адпаведна заканадаўству краін пражывання;
  • юрыдычная і арганізацыйная дапамога ў дзейнасці арганізацый беларускай дыяспары;
  • растлумачэнне ўмоў набыцця грамадзянства Рэспублікі Беларусь;
  • кансультаванне па пытаннях удзелу ў інвестыцыях у эканоміку Рэспублікі Беларусь, знешнеэканамічнай дзейнасці камерцыйных арганізацый, а таксама ў цэлым па пытаннях вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі;
  • інфармаванне аб умовах доступу да адукацыі ў Беларусі, аб умовах ажыццяўлення навукова-даследчай дзейнасці на яе тэрыторыі, аб умовах працаўладкавання па спецыяльнасці на падставе дыпломаў, выдадзеных за мяжой;
  • кансультаванне па пытаннях уезду, выезду і знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, атрымання віз, іх кошту, памераў мытных пошлін і збораў, аб умовах турыстычных вандровак у Беларусь, у т.л. умовах так званага сельскага турызму;
  • інфармаванне аб заканадаўстве Рэспублікі Беларусь у сферы аховы здароўя;
  • кансультаванне па пытаннях атрымання права на пастаяннае жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, на набыццё маёмасці, зямлі, атрымання спадчыны;
  • растлумачэнне ўмоў захоўвання грошай у банкаўскіх установах Беларусі;
  • інфармаванне аб умовах і правілах пражывання ў гатэлях, карыстання транспартам, аб існуючых на дадзены момант цэнах на тавары і паслугі штодзённага попыту ў Беларусі і г.д.

Па пытанню стварэння пры НАН Беларусі спецыяльнай навукова-аналітычнай структуры па праблемах беларускай дыяспары

02.12.2002 г. "Бацькаўшчына" накіравала зварот у НАН Рэспублікі Беларусь з прапановай разгледзець магчымасць стварэння пры Акадэміі навук Беларусі спецыяльнай навукова-аналітычнай структуры па праблемах беларускай дыяспары. У сваім лісце Згуртаванне акрэсліла насупныя задачы такой навукова-аналітычнай структуры:

  1. Каардынаваць намаганні дзяржавы і грамадскасці ў выпрацоўцы тактыкі і стратэгіі працы з дыяспарай на доўгатэрміновы перыяд, пошуку найбольш эфектыўных шляхоў узаемадачыненняў беларусаў у Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі;
  2. Арганізоўваць фундаментальныя прыкладныя даследаванні ў галіне замежнага беларусазнаўства.

Перспектыўнымі напрамкамі дзейнасці тут могуць быць:

  • стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы і банка дадзеных па арганізацыях беларускай дыяспары, у тым ліку падрыхтоўка навуковага перыядычнага выдання "Беларуская мова і культура за мяжой";
  • распрацоўка дамоўна-прававой базы для ўнутранага і знешняга вектараў працы з беларускімі арганізацыямі ў свеце (па праблемах рэпатрыяцыі этнічных беларусаў, падтрымкі і абароны нацыянальных правоў беларускіх меншасцяў у краінах пражывання і г.д.);
  • прыцягненне дапамогі сусветнай беларускай супольнасці ў рэалізацыі навукова-тэхнічных даследаванняў па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы;
  • вядзенне навуковага маніторынгу за выкананнем і бягучым удасканаленнем Закона Рэспублікі Беларусь аб стасунках з беларусамі замежжа, праект якога зараз разглядаецца ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь.

Пра далейшыя вынікі нашай перапіскі з дзяржаўнымі ўстановамі будзем паведамляць па меры атрымання адказаў.

Бюлетэнь інфармацыйнага цэнтра
МГА ЗБС "Бацькаўшчына".
Распаўсюджваецца на правах унутранай дакументацыі.
Меркаванні аўтараў публікацый могуць не супадаць з думкай рэдакцыі, друкавацца дзеля палемікі. Адказная за выпуск Алена Макоўская. Адрас рэдакцыі:
220050, Рэспубліка Беларусь
г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 15
zbsb@lingvo.minsk.by