У Вільні ўшанавалі памяць беларусаў

25-26 ліпеня Таварыства беларускай культуры ў Літве сумесна з „Брацтвам у гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія” Беларускай Праваслаўнай Царквы прынялі ўдзел у шэрагу сумесных мерапрыемстваў па ўшанаванні памяці беларусаў-віленчукоў, што знайшлі свой спачын у Вільні.

Мерапрыемствы распачаліся 25 ліпеня агульнай імпрэзай, на якой была падпісана дамова паміж Таварыствам беларускай культуры ў Літве і „Брацтвам у гонар Віленскіх мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія” Беларускай Праваслаўнай Царквы аб узаемасупрацоўніцтве.

Бакі лічаць асноўнымі напрамкамі свайго супрацоўніцтва: - Аб'яднанне намаганняў у рэалізацыі праектаў накіраваных на захаванне і папулярызацыю беларускай мовы і культуры; - Развіццё супрацоўніцтва праз больш шчыльнае кантактаванне паміж сябрамі арганізацый, кансалідацыя намаганняў для дасягнення агульных мэтаў; - Падтрымка і рэалізацыя ініцыятыў, накіраваных на развіццё беларускай духоўнай і культурнай традыцыі; - Абмен інфармацыяй аб сваіх дасягненнях, выніках працы; - Правядзенне сумесных праектаў і мерапрыемстваў.

У часе мерапрыемства прадстаўнікі Брацтва распавялі аб сваёй дзейнасці, якая распачалася з 1992 года, прадставілі свае выдавецкія праекты. На прыканцы імпрэзы для бібліятэкі ТБК падаравалі свае новыя кнігі.

26 ліпеня ўдзельнікі мерапрыемстваў сустрэлі на праваслаўных Еўфрасіньеўскіх могілках Вільні, дзе разам ушанавалі памяць тых, хто тут знайшоў свой вечны спачын. Мерапрыемства распачалося з агульнай малітвы ля магілы дырэктара Віленскай беларускай гімназіі і выкладчыка Віленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі Сяргея Паўловіча. Малебен распачаў настаяцель Еўфрасіньеўскіх могілак мітрафорны протаіерэй Уладзімір Рынкевіч.

Пасля агульнай малітвы ўдзельнікі наведалі магілы і іншых знакамітых беларусаў, што спачываюць на гэтых могілках.

Мерапрыемства завяршылася спяваннем беларускага рэлігійнага гімну “Магутны Божа” ля магілы Аляксея Арсеньева, бацькі беларускай паэткі, Наталлі Арсеньевай, якая і з’яўляецца аўтаркай гімну. Магчыма, мы былі першымі, хто праспяваў гэты спеў ля магілы А. Арсеньева.