100 гадоў Антону Шукелойцю

19 ліпеня лік беларускіх доўгажыхароў у замежжы папоўніўся імем сп. Антона Шукелойця, шырока вядомага ў беларускім замежжы і на Бацькаўшчыне грамадскага, палітычнага і культурнага дзеяча.

Да гэтага часу 100-гадовы жыццёвы парог перакрочыў тры гады таму сп. Барыс Кіт. Як жартам зазначыў адзін з тых, хто віншаваў сп. Шукелойця з юбілеем, цяпер яны абодва могуць запачаткаваць адмысловы Клуб і прыцягваць іншых у ягоны склад. Каму б з нас не хацелася туды трапіць?

Слаўны юбілей сп. Шукелойця ўрачыста адзначаўся беларускай грамадою ў Нью-Ёрку ў гэты ж самы дзень ягоных народзінаў. Летняя спёка і жаданне пабыць бліжэй да вады ці лесу не перавысіла жаданне пабачыцца з юбілярам ды святкаваць разам з ім і сябрамі. У грамадскай залі пры Саборы Св. Кірылы Тураўскага на Атлантык Авеню 401 сабралося багата людзей. Усе чакалі юбіляра і сустрэлі яго апладысментамі.

Урачыстасць ладзіў Бруклінскі аддзел БАЗА. Напачатку ў залі загучаў гімн "Не пагаснуць зоркі ў небе" ў выкананні хору "Унія". Як вядома, гэты музычны твор стаўся гімнам для беларусаў у Заходняй Беларусі падчас яе знаходжання ў складзе Польшчы. Якраз на той час прыйшліся дзяцінства і маладосць юбіляра, чые карані паходзяць з Ашмяншчыны, тады ж пачаўся і ягоны шлях служэння беларускай справе.

Першае слова для прывітання юбіляра ўзяў сп. Расціслаў Гарошка - старшыня Парафіяльнай рады Сабору, у залі якога адбывалася свята. Ён нагадаў пра актыўную ролю сп. Шукелойця, якую ён адыграў пры куплі гэтага будынка і таму цяпер беларусы маюць сваю залю, дзе можа адбывацца святкаванне.

Сп. Шукелойць пражыў да юбілею не проста доўгае, але паўнавартаснае, змястоўнае, годнае жыццё. Заўсёды быў дзейсным, актыўным, здабываў асвету і выкарыстоўваў напоўніцу свае веды дзеля грамадскай працы. Далучыўся да беларускага жыцця ў міжваеннай Вільні, перажыў нямецкую акупацыю ў Мінску і здолеў у гэты складаны час знайсці магчымасці працаваць на карысць беларускай справы. Перажыў шмат цяжкіх момантаў у жыцці і ўрэшце вымушаны быў пакінуць Бацькаўшчыну і стаць выгнанцам на чужыне. І на эміграцыі ён знайшоў сваё месца, каб далей працягваць плённую беларускую дзейнасць. Браў удзел амаль ва ўсіх кірунках грамадскай працы сярод беларускай эміграцыі ў Амерыцы. Цягам 32 гадоў сп. Шукелойць узначальваў Беларуска-Амерыканскае Задзіночанне, якое аб'ядноўвае беларусаў цэлай Амерыкі і ёсць найстарэйшаю беларускай арганізацыяй у гэтай краіне, заснаванай у 1949 годзе.

Сп. Шукелойць належыць да паваеннай хвалі беларускай эміграцыі ў Амерыку, якая дзейнічала найбольш плённа, і менавіта дзякуючы ёй амерыканцы даведаліся пра Беларусь. Шаноўнымі гасцямі юбіляра былі ягоныя паплечнікі са старэйшага пакалення - знакамітыя беларускія дзеячы Вітаўт Кіпель і Янка Запруднік. Сп. Кіпель узгадаў сваё знаёмства са сп. Шукелойцем падчас вайны і налічыў шэсць пакаленняў сям’і Зоры і Вітаўта Кіпеляў, якія зналіся з юбілярам, пачынаючы ад бацькоў і да сённяшняга маладзейшага пакалення Кіпеляў - унукаў сп. Вітаўта, якія, дарэчы, рослыя, як дубы, былі прысутнымі ў залі.

Вітаўт Кіпель з унукамі

Сп. Запруднік выказаў юбіляру свае філасофскія развагі пра ягонае месца ў амерыканскім беларускім жыцці, параўнаў ягоную ролю з роляю гіраскопа - прыбора, які забяспечвае раўнавагу. Сп. Шукелойць надаваў такую раўнавагу ўсяму грамадскаму жыццю беларускай грамады. Сп. Запруднік таксама адзначыў важную ролю Сп. Антона як этнографа, што вельмі важна для выяўлення нацыянальнай ідэнтычнасці. Ён падараваў юбіляру паштоўку, якая была выдадзена на прапанову сп. Шукелойця.

У сваім выступе сп. Зянон Пазьняк выказаў шмат добрых словаў у адрас юбіляра, які даводзіцца яму земляком, яны абодва паходзяць з Ашмяншчыны. Нагадаў пра іх сумесную працу над кнігаю ўспамінаў, якая была выдадзена пад назваю "Гутаркі з Антонам Шукелойцем", выказаў надзею, што ім яшчэ ўдасца запісаць працяг успамінаў.

Сп-ня Ганна Сурмач прывітала юбіляра ад імя Беларуска-Амерыканскага Задзіночання, звярнула ўвагу на тое, што з 66 гадоў існавання БАЗА сп. Шукелойць кіраваў арганізацыяй 32 гады - амаль палову ўсёй гісторыі дзейнасці арганізацыі. Яна выказала сп. Шукелойцю самую шчырую падзяку за гэтую ягоную шматгадовую працу.

Адна з арганізатараў святкавання Ганна Сурмач прэзентуе віншаванні ад далёкіх сяброў, якія не змаглі прыехаць

Сп-ня Ала Орса-Рамана ўзгадала адзін вельмі рашучы паступак сп. Шукелойця, які меў нечаканы вынік. У 60-я гады, калі ў Амерыку з візітам прыехаў Мікіта Хрушчоў, беларусы вырашылі скарыстаць нагоду, каб выказаць свой пратэст супроць савецкіх уладаў. З плакатамі стаялі на Пятай Авеню, дзе праязджаў картэж з савецкім госцем. Сп. Шукелойць нечакана вырваўся на сярэдзіну вуліцы перад картэжам і выставіў плакат з надпісам "Свабоду Беларусі". Паліцыя арыштавала пратэстоўца. На наступны дзень у газеце Нью-Ёрк Таймс з’явілася фота з гэтым інцыдэнтам, фота мела надпіс "Расіец пратэстуе супроць Хрушчова".

Шаноўнага юбіляра віншуе Доктар Алла Орса-Рамана

Сп. Юрка Азарка прывітаў юбіляра ад імя Аддзела БАЗА ў Нью-Джэрсі і выказаў сп. Антону падзяку за ягоную працу на пасадзе старшыні БАЗА, якая была нялёгкаю і патрабавала шмат высілкаў. Таксама нагадаў, што сп. Шукелойць вельмі дзейсна дапамагаў беларускай моладзі ў Амерыцы.

Сп. Віталь Зайка прамаўляў ад імя Беларуска-Амерыканскага Згуртавання "Пагоня" і выказаў юбіляру самую шчырую павагу.

Сп-ня Валянціна Якімовіч нагадала пра сваю першую сустрэчу са сп. Шукелойцем у Кліўлендзе на Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі.

Была на свяце і госця з Беларусі - Марыя Флар'яновіч з дачкою Ганнаю Галеба, якая жыве ў Бостане. Яны выступілі з прывітаннем і перадалі па-мастацку аформленае віншаванне ад вядомага мастака Міколы Купавы.

Незвычайнае віншаванне ад мастакоў з Беларусі

З Беларусі пісьмова віншавалі сп. Шукелойця ад імя Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Было зачытана цёплае, змястоўнае прывітанне ад беларусаў Канады, якое даслалі старшыня Галоўнай управы Згуртавання беларусаў Канады Зміцер Эльяшэвіч і старшыня Парафіяльнай рады Царквы св. Кірылы Тураўскага ў Таронта Надзея Дробіна.

Паштовае віншаванне даслала старшыня Гуртка БАЗА у Вашынгтоне Алеся Кіпель. На свяце згадвалася пра тое, што структура БАЗА ў Вашынгтоне была створаная менавіта на прапанову сп. Шукелойця.

З Каліфорніі даслалі прывітанне з грашовым чэкам старэйшыя сябры БАЗА, якія належаць да хвалі паваеннай эміграцыі - Кацярына і Яраслаў Вініцкія.

З Нью-Джэрсі юбіляра пісьмова прывіталі ад імя сям’і Стагановічаў, таксама Лёля Касоўская.

Прыемным завяршэннем свята стаўся выступ Сержука Сокалава-Воюша. Ён цёпла прывітаў сп. Шукелойця і выканаў некалькі песняў, якія прыйшліся даспадобы не толькі юбіляру, але і цэлай залі, шмат хто з прысутных нават падпяваў барду, калі ён выконваў знакаміты "Аксамітны летні вечар..." Сяржук прысвяціў сп. Антону свой новы верш пад выразнай назваю "Сто".

Прамова Сержука Сокалава-Воюша

Не абышлося, вядома, і без святочнага торта, які выпякла маладая сяброўка БАЗА і падаравала юбіляру, каб частаваў гасцей. Было шмат кветак і традыцыйнае пажаданне: "Шмат год, шмат год, шмат гадоў!"

Ганна Сурмач

Фота Сяргея Трэгубавіча