Васіль Сегень: Беларусы ў Польшчы – не дыяспара, а людзі, якія жывуць тут спрадвеку

1 ліпеня ў Мінску адбылося першае паседжанне Каардынацыйнага савету па справах беларусаў замежжа пры Беларускім міністэрстве замежных справаў. У гэтым паседжанні бралі ўдзел 32 прадстаўнікі беларускіх суполак з 18-ці краінаў. Польшчу прадстаўляў намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства – спадар Васіль Сегень.

РР. Вашы ўражанні ад гэтай сустрэчы?

Васіль Сегень: Для мяне гэта была першая сустрэча такога тыпу, але кансультатыўныя саветы праходзілі ўжо раней – пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. А цяпер такі абавязак ускладзены на Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, прынятым у мінулым годзе Законам "Аб беларусах замежжа". І ў выніку гэтага закона 1 ліпеня прайшло першае паседжанне такога калектыўнага органа.

РР: Гэта “калектыўны орган” працягвае папярэднюю працу. Нейкія канкрэтныя рэчы абмяркоўваліся? Ці ўсе расказалі пра свае праблемы, дамовіліся сустракацца далей і раз’ехаліся?

Васіль Сегень: Была прынятая сумесная дэкларацыя ўдзельнікаў гэтага пасяджэння пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь. А таксама абмяркоўваліся праблемы ў двух тэматычных блоках. Па-першае, равіццё супрацоўніцтва ў галіне культуры. Другі блок – развіццё эканамічнага інвестыцыйнага супрацоўніцтва. І чаго я чакаў ад гэтай сустрэчы – выпрацоўкі агульных інструментаў узаемнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з беларусамі замежжа. Аднак, як вучыць вопыт папярэдніх сустрэч, амаль кожны выказваў тое, што ў яго баліць на сэрцы – пра вельмі вузкія канкрэтныя пытанні. Але гэта першы вопыт і для нас, і для галоўнага арганізатара – Міністэрства замежных справаў. Гэта добры вопыт, каб у будучым больш зладжана праводзіць і выпрацоўваць метады працы, якія б служылі абодвум бакам.

РР: Маем інфармацыю, што ў гэтым Савеце ёсць прадстаўнікі Гішпаніі, Швейцарыі, Італіі – новыя дыяспары. Праблемы беларусаў-аўтахтонаў Віленшчыны, Дзвіншчыны, Беласточчыны – гэта крыху іншыя праблемы. Наколькі праблемы беларусаў Беласточчыны там былі чутны?

Васіль Сегень: Беларусы Беласточчыны займаюць спецыфічнае становішча ў гэтым пытанні. У розных дакументах праходзіць паняцце “дыяспары”, а беларусы ў Польшчы – гэта ніякая не дыяспара, гэта людзі, якія жывуць тут спакон вякоў, у якіх жылі тут дзяды-прадзеды. Мы – не выхадцы, не эмігранты з Беларусі. Вось гэтага крыху мне не хапала ва ўсякіх гэтых дакументах, каб падкрэсліць. Я разумею, што беларусаў у свеце шмат, але ж мы выключныя беларусы. Выключныя менавіта з той прычыны, што мы тут жывем спакон вякоў. А беларусы з больш багатых краінаў, далейшых ад межаў Беларусі, патрабуюць ад Рэспублікі Беларусь падтрымкі ў выглядзе розных матэрыялаў, доступу да інфармацыі. Там у іх ёсць мецэнаты, ёсць людзі, гатовыя даць нават вялікія грошы, каб беларусы маглі развіваць сваю культуру, але не хапае падтрымкі з боку іх бацькаўшчыны ў выглядзе падручнікаў, настаўнікаў, інструктараў, рознага тыпу мастацкіх калектываў. А ў бліжэйшых краінах не хапае фінансаў. Але трэба раумець, што ёсць інструменты, якія не заўсёды дазваляюць вось так матэрыяльна грашыма дапамагаць. Трэба разумець, што мы тут у Польшчы грамадзяне іншай краіны. І мы, беларусы Польшчы, павінны спадзявацца перш за ўсё на грошы Польшчы – краіны, дзе мы плацім падаткі. А тое, што атрымаем ад Рэспубліі Беларусь, – гэта для нас вельмі важнае, і за гэта заўсёды – дзякуй.

РР: Але Польшча актыўна дапамагае сваёй Палоніі на Усходзе.

Васіль Сегень: І нам, беларусам, і асабіста мне, хаця не магу выказвацца за ўсіх, вельмі баліць, што мая краіна, дзе я нарадзіўся і жыву, дзе мая сям’я, дзе я працую, плачу падаткі, не забяспечвае ў такой меры маіх культурных патрэб, у якой я чакаў бы ад гэтай краіны, а выдае грошы на суайчыннікаў-палякаў, але за мяжой – грамадзянаў іншай краіны. Мне здаецца, што спачатку трэба рабіць парадак на сваім панадворку, забяспечыць сваіх грамадзянаў з тымі патрэбамі, якія ў іх ёсць, а потым, пры магчымасці, дапамагаць суседзям. На жаль, польская дзяржава выдаткоўвае шмат грошай і ўсялякай іншай дапамогі сваім суайчыннікам за мяжой, забываючы пра грамадзянаў сваёй краіны, якія хаця і не палякі, але грамадзяне і маюць свае правы ў адносінах да ўладаў гэтай краіны.

РР. Большая частка Савету былі прадстаўнікі Расіі. Не з’явіліся прадстаўнікі дыяспары ЗША і Канады. Ці не варта праводзіць Савет таксама з удзелам тых, хто па-іншаму глядзіць на ўнутраную сітуацыю ў Беларусі?  

Васіль Сегень: Канечне, тут, не зважаючы на палітычныя погляды, якія і павінны быць рознымі, трэба, каб такія сустрэчы праходзілі з шырокім удзелам беларусаў замежжа. Чаму не былі прадстаўленыя беларусы з ЗША, Канады, Аўстраліі – цяжка мне згадаць. Думаю, што запрашэнні пэўна пасылаліся, але ж і другі бок таксама павінен хацець узяць удзел у такой сустрэчы. Як на самай справе было, ведаюць лепш арганізатары. Чаму не скарысталіся запрашэннямі і ці былі такія запрашэнні.

РР. Як Вы ацэньваеце праграму супрацоўніцтва з беларусам замежжа, якая ўжо дзейнічае?

Васіль Сегень: Я магу сказаць, як выглядае супрацоўніцтва нашай арганізацыі – часткі беларусаў. За ўсіх цяжка гаварыць. Для нас асноўным партнёрам з’яўляюцца дыпламатычныя службы Беларусі, якія тут у Польшчы знаходзяцца. Гэта Генеральнае консульства ў Беластоку, гэта Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве ці пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве. І супрацоўніцтва такое практычнае, штодзённае праходзіць менавіта з імі. Я разумею, што яны працуюць пад шыльдай Міністэрства замежных справаў і адтуль ідуць рашэнні, якога кшталту гэта павінна быць супрацоўніцтва. Але тое, што мы тут на месцы робім, мы сустракаемся з нашымі партнёрамі з дыпламатычных службаў Рэспублікі Беларусь. І гэтае супрацоўніцтва даволі плённае. Пры супрацоўніцтве, вядома, заўсёды чакаецца большае. Балючае пытанне з прадстаўнікамі Беларусі, іх прыезду да нас і нашага выезду на Беларусь. Тут вядома, што на мяжы не ўсё заўсёды спраўна. Гэта пытанні візаў, перасякання мяжы. Тут даволі шмат праблем.