Беларусы памежжа правялі канферэнцыю ў Латвіі і Літве

Напрыканцы чэрвеня адбылася 2-я канферэнцыя міжнароднай канфедэрацыі беларусаў памежжа. Першая канферэнцыя адбылася ў 2012 годзе ў Вісагінасе. Тады ў склад канфедэрацыі увайшлі Беларускае культурна-асветнае таварыства “Уздым” (Латвія), Беларуская абшчына Львоўскай вобласці (Украіна), Беларускі культурны цэнтр “Крок” у Вісагінасе (Літва), Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за мяжой (Беларусь).

Сёлетняя канферэнцыя адбывалася ў Даўгаўпілсе (Латвія) і Вісагінасе (Літва).

Адным з ініцыятараў стварэння такой канфедэрацыі быў старшыня Беларускага культурнага цэнтра “Крок” Алег Давідзюк. Ён патлумачыў, як узнікла ідэя яе стварэння: “Я працую на беларускай ніве з 1992 года, меў магчымасць знаёмства з беларускімі суполкамі з розных краін. Міністэрствы Беларусі, “Бацькаўшчына” не могуць займацца нашымі лакальнымі праблемамі. Таму ўзнікла ідэя стварэння канфедэрацыі, якая б каардынавала дзейнасць самых актыўных беларускіх суполак памежжа. Хацелася б, каб да канфедэрацыі далучыліся ўдзельнікі са Смаленшчыны, Браншчыны, Пскоўшчыны, іншых памежных рэгіёнаў”.

Адкрыццё Другой канферэнцыі адбылося ў Беларускім культурным цэнтры Даўгаўпілса. Удзельнікаў віталі дырэктар цэнтра Жанна Раманоўская, якая распавяла пра працу цэнтра, бібліятэкі пры ім і больш чым 20-гадовую дзейнасць беларускай суполкі “Уздым”, а таксама арганізатары канферэнцыі Людміла Сіняўская ды Вольга Паўловіч, якія ўручылі ўсім памятныя падарункі. Сябра таварыства “Уздым” Галіна Сантоцкая сустрэла дэлегатаў песняй ды хлебам-соллю.

У пасяджэннях бралі ўдзел сябры беларускіх арганізацый Латвіі, Літвы, Украіны, кіраўнікі консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Юрый Давыдоўскі і Уладзімір Клімаў, а таксама пасланнік амбасады РБ ў Літве Людміла Татарыновіч. З Мінску на канферэнцыю завітала прэс-сакратар Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Алеся Башарымава, якая зачытала вітанне ўдзельнікам канферэнцыі і ўручыла падарункі ад Згуртавання беларускім культурным цэнтрам у Даўгаўпілсе і Вісагінасе.

Сваё вітанне ўдзельнікам даслаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў, які прысутнічаў на 1-м з’ездзе канфедэрацыі. Ён падкрэсліў, што мэты канфедэрацыі рознабаковыя і тычацца не толькі справаў культуры. Альфонс Аўгуліс - першы пасол Літвы ў Беларусі, старшыня клуба "Гервечай" у вітальным выступе звярнуў увагу на важнасць ролі беларускіх школ у краінах памежжа.

Дырэктар Цэнтра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Літоўскага ўніверсітэта эдукалогіі Лілея Плыгаўка адзначыла, што памежжа - унікальная тэрыторыя, дзе багата міжнацыянальных судакрананняў культур. Спадарыня Лілея заклікала беларусаў памежжа збіраць матэрыял у сваіх асяродках, аблічбоўваць архівы, завязваць кантакты з навуковымі ўстановамі і прыватнымі даследчыкамі, вывучаць, як праяўляецца беларуская культура ва ўмовах памежжа, як яна ўплывае на культуру рэгіёну.

Падчас канферэнцыі ў склад канфедэрацыі былі прынятыя новыя сябры. Імі сталі арганізацыі - Усеўкраінскае аб’яднанне “Беларусь” і клуб “Гервечай”, а таксама прыватныя асобы - Станіслаў Валодзька і Валерый Амбросаў з таварыства “Уздым”, Віктар Камісарук, Альфонс Аўгуліс, а таксама дырэктар нядзельнай беларускай школы ў Львове і цяперашняя новая старшыня тамтэйшай беларускай суполкі Тамара Казак.

Падчас канферэнцыі былі прынятыя некалькі дакументаў. У прыватнасці, зварот да арганізацыі “Еўрарэгіён - Азёрны край” з прапановай супрацоўніцтва, зварот да літоўскага і беларускага ўрадаў аб хутчэйшым адкрыцці памежных пераходных пунктаў  на мяжы Літвы і Беларусі на ўчастку Браслаўскага і Пастаўскага раёнаў, а таксама зварот да беларускіх арганізацый краін-суседак Беларусі.

Сустрэчы-канферэнцыі пастанавілі ладзіць штогод. Для гэтага была абраная каманда каардынатараў, у якую ўвайшлі Максім Дубянок (Беларусь), Віктар Камісарук (Украіна), Людміла Сінякова (Латвія), Ірына Кузняцова (Літва).

У вольны час для ўдзельнікаў канфедэрацыі была зладжаная культурная праграма: выступы беларускіх спеўных калектываў, канцэртна-забаўляльная праграма “Ліга-Ёнінэс-Купалле”, знаёмства з выставай латгальскіх мастакоў, экскурсіі па Даўгаўпілсе і Вісагінскім парку, наведванне музея Марка Роткі і найстарэйшага дуба ў Еўропе.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”