Сібірскія беларусы з размахам адзначылі Купалле

Беларусы расійскай Сібіры адзначылі Купалле. Імпрэзу арганізаваў Іркуцкі моладзевы клуб «Крывiчы», дзе адным з завадатараў — вядомы прапагандыст беларускай культуры Алег Рудакоў. На свята ў вёску беларускіх перасяленцаў Ахіны, што месціцца на адвечнай бурацкай зямлі ў Эхірыт-Булагацкім раёне, сабралася блізу паўтысячы чалавек.

Ноч на Івана Купалу адзначаюць не толькі этнічныя беларусы, відовішча прыцягвае і мясцовае насельніцтва. Як расказвае найперш маладым людзям спадар Рудакоў, гэтае старадаўняе абрадавае свята пад рознымі назвамі вядомае ўсім індаеўрапейскім народам, бо належала да ліку самых паважаных у годзе і было прымеркаванае да летняга сонцастаяння. Гэтым разам міфічную папараць-кветку беларусы шукалі ў бурацкім стэпе.

У гутарцы з мясцовымі журналістамі Алег Рудакоў патлумачыў, што захаванне беларускіх традыцый у вёсцы Ахіны, дзе больш за 100 гадоў таму атабарыліся выхадцы з Беларусі падчас сталыпінскай аграрнай рэформы, — важная частка культурнага жыцця: «Мы спяваем нашыя старыя беларускія песні, многім з іх ужо па 300-400 гадоў. Збіраем гэтыя песні ў этнаграфічных экспедыцыях і з сябрамі клуба „Крывічы“ даём ім новае жыццё. Гэтаксама намагаемся адрадзіць архаічнае свята Купалля, якое нашы продкі святкавалі раней».

Івана Купалу ў Ахінах адзначаюць ужо некалькі гадоў запар. Мерапрыемства становіцца папулярным і прыцягвае вялікую колькасць гасцей.

Болей здымкаў — у фотарэпартажы Ільі Татарнікава на irk.ru і Матроны Бізікавай.