У Варшаве згадалі пра беларускага партызанскага камандзіра

Цімафей Хведашчэня быў вядомым атаманам беларускага антысавецкага партызанскага руху.

Споўнілася 122 гады са дня народзінаў ваяра Беларускай Народнай Рэспублікі, камандзіра атрада беларускага антысавецкага партызанскага руху ў 1920-я Цімафея Хведашчэні. 9 чэрвеня сябры "Беларускай Нацыянальнай Памяці" разам з унукам Хведашчэні ўшанавалі яго памяць. Яны наведалі магілу беларускага дзеяча на Паўночных могілках у Варшаве.

Старшыня арганізацыі Анатоль Міхнавец распавёў "Еўрарадыё", што некалькі гадоў запар шукалі магілу славутага беларускага афіцэра, а калі знайшлі, здолелі скантактавацца са сваякамі Хведашчэні. Высветлілася, што ў 1945-м, каб пазбегнуць арышту савецкімі спецслужбамі, ён памяняў прозвішча на Федашчэня. Тым не менш, праз некалькі гадоў яго арыштавалі, за кратамі партызанскі камандзір правёў дзесяць гадоў. Дачка Міра распавяла, што ў кватэры былі ператрусы, наладжваліся засады на знаёмых бацькі. Сваякі вымушаныя былі знішчаць фотаздымкі, кнігі, асабістыя рэчы, якія мелі беларускае нацыянальнае адценне. Захаваўся толькі пярсцёнак Хведашчэні з Пагоняй.

Беларускі дзеяч памёр на руках свайго ўнука Рамана Тамаша 2 сакавіка 1977 года.