"Беларускі кірмаш" адбыўся ў Іркуцку - фотарэпартаж

30 траўня ў Іркуцку прайшло беларускае свята «Кірмаш». У рамках мерапрыемства адбыліся выступленні беларускіх творчых груп, майстар-класы, гульні для дзяцей, кірмаш-продаж тавараў з лёну, кніг і сувеніраў з саломкі.
Як адзначыў адзін з арганізатараў Алег Рудакоў, свята, якое доўжылася 7 гадзінаў, было гучнае і шматлікае. Агулам толькі ўдзельнікаў было каля 200 чалавек. 
На «Кірмаш» прыехалі беларускія калектывы амаль з усёй Іркуцкай вобласці: ад Тайшэцкага раёна з беларускай вёскі Чарчэт да Слюдзянкі, што знаходзіцца на самым поўдні ўзбярэжжа Байкала. З Мінска адмылова быў запрошаны музыка Юры Несцярэнка.

Беларускае свята такога маштабу ў Іркуцку праводзіцца ўпершыню. Гэта своеасаблівы вынік развіцця беларускай дыяспары ў Іркуцкай вобласці за 19 гадоў.

Арганізатарамі свята выступілі Моладзевы клуб “Крывічы” і дырэкцыя парку “Дружба народаў”.
Паводле Афанасія Лагранжа і Алега Рудакова
Фота: Афанасій Лагранж, Рыгор Красоўскі, Алеся Стасевіч, Алена Елікава