Выступ Алега Рудакова на з'ездзе ФНКА "Беларусы Расіі"

22 траўня ў Маскве адбыўся шосты з'езд Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі". На ім Алег Рудакоў быў абраны Намеснікам старшыні аўтаноміі, адказным за развіццё беларускай мовы. Віншуем спадара Алега з прызначэннем на гэтую пасаду і зычым плённай працы, энергіі і здароўя! А нашым шаноўным чытачам прапануем пазнаёміцца з яго выступам падчас з'езду.

Выступ на З’ездзе

Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”

(ФНКА “Беларусы Расіі”)

22 траўня 2015 года

Масква, Дом Нацыянальнасцяў

Дзень добры, шаноўныя спадарыні і спадары!

З прыемнасцю вітаю вас ад берагоў Байкала!

Мабыць, усе тут прысутныя ўжо ведаюць, што я зараз не з’яўляюся старшынёй, альбо лідарам беларускай супольнасьці ў Прыбайкаллі.

Так, я заснаваў і 17 гадоў кіраваў Рэгіянальным грамадскім аб’яднаннем “Іркуцкае таварыства Беларускай культуры імя Я.Д. Чэрскага” (ІТБК). Але ў красавіку 2013 года на чарговым юбілейным 10-м З’ездзе ІТБК я саступіў пасаду старшыні Алене Сіпаковай, якая зараз і кіруе ІТБК. Болей за тое, 5 ліпеня 2014 года я напісаў заяву і выйшаў з ІТБК, каб у новага актыву Таварыства не было жадання азірацца на мяне і не было ілюзій, што я працягваю ўплываць на рашэнні новага кіраўніцтва.

У той жа час я застаюся грамадска-актыўным удзельнікам беларускага руху ў Прыбайкаллі. Я спяваю ў гурце “Крывічы”, праводжу майстар-класы па танцах, арганізоўваю этнаграфічныя вандроўкі па беларускіх вёсках Прыбайкалля і раблю іншую працу ў межах Маладзёвага клуба “Крывічы”.

Іркуцкае гарадское маладзёвае аб’яднанне “Маладзёвы клуб Крывічы” (МК “Крывічы”) было заснавана яшчэ ў студзені 1997 года. Спачатку Клуб быў як маладзёвае крыло ІТБК, але маладыя лідары “выраслі” і ўзнікла жаданне зарэгістраваць асобнае грамадскае аб’яднанне. У 2009 годзе быў праведзены ўстаноўчы сход, які абраў старшыню МК “Крывічы” – Волю Галанаву. Наступныя сходы клуба, (2012 г. і 2015 г.) пацвердзілі паўнамоцтвы Волі ў якасці старшыні.

Акрамя ІТБК і МК “Крывічы” ў Іркуцкай вобласці таксама дзейнічае яшчэ адно самастойнае аб’яднанне – гэта Мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Чарамхова”, якая месціцца ў Чарамхоўскім раёне Іркуцкай вобласці. Гэтая грамадская суполка паўстала таксама з вытокаў ІТБК. Спачатку ў 2002 годзе ў горадзе Чарамхова ўзнікла Аддзяленне ІТБК, а потым старшыня гэтага аддзялення Васіль Ракіта ў 2008 годзе зарэгістраваў асобную суполку.

Некаторыя могуць казаць, што Беларусы Прыбайкалля “разваліліся”  з адной моцнай супольнасці аж у тры. З аднаго боку гэта так. Існуе нават пэўная канкурэнцыя гэтых аб’яднанняў.

Але з другога боку гэта аб’ектыўная рэальнасць пры пашырэнні шэрагаў беларускіх актывістаў.

Справа ў тым, што грамадская актыўнасць беларусаў Прыбайкалля ўвесь час не толькі пашыраецца змястоўна, але ўзнікаюць і новыя лідары, якія гатовы шчыраваць на карысць беларускага руху ў нашым рэгіёне. У той жа час новыя лідары аб’ектыўна жадаюць пэўнай самастойнасці і ўдасканалення сваёй працы. Прычым пад словам “лідары” я маю на ўвазе не толькі трох афіцыйна абраных старшыняў: Васіля Ракіту, Волю Галанаву і Алену Сіпакову - але і той актыў, які аб’яднаўся вакол іх. А гэта ў кожнай арганізацыі добры тузін (і не адзін) яркіх асоб.

Таму я асабіста лічу, што тое, што ў Іркуцкай вобласці з ІТБК выйшлі яшчэ дзве самастойныя беларускія суполкі – гэта паказчык росту беларускага руху ў Прыбайкаллі! 

Кожная з трох арганізацый шчыруе на свой густ на карысць адраджэння, развіцця і захавання беларускай культуры і грамадскага пашырэння беларускага патрыятызму!

Таму я асабіста, убачыўшы, што зерне, якое я пасеяў, добра ўзрасло, вырашыў саступіць лідарскія паўнамоцтвы іншым людзям. Пры гэтым я знайшоў сабе свой прытулак для праяўлення сваіх грамадскіх ініцыятыў. Зараз я з’яўляюся шараговым жыхаром горада Іркуцка і актыўным сябрам МК “Крывічы”.

І менавіта таму мае вітанні дэлегатам З’езду ФНКА “Беларусы Расіі” толькі асабіста ўласныя.

Але мне вельмі прыемна быць тут, пабачыцца са старымі сябрамі, пазнаёміцца з новымі.

Сёння свята душы! Сёння тут сабралася эліта беларускага руху ў Расіі. Найлепшыя з найлепшых, лідары грамадскіх суполак з розных рэгіёнаў і гарадоў нашай вялікай краіны.

І я б хацеў да вас звярнуцца з вялікай просьбай: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”, бо “Няма мовы – няма народа!”

Што робіць нас адметнымі? Унікальнымі?

Па-першае – гэта мова! Па-другое – гэта народная традыцыя! Па-трэцяе – гэта гістарычная спадчына!

Усё астатняе неістотна. Месца жыхарства, нашыя асабістыя поспехі, нашыя рэгаліі і ўзнагароды...

Калі мы беларусы, калі мы лідары, то мы павінны сваім прыкладам паказваць, што мы ведаем і з суродзічамі карыстаемся беларускай мовай з задавальненнем і павагай!

Калі мы беларусы, калі мы лідары, то кожны з нас павінен мець свой асабісты народны строй, вышываную кашулю і ладзіць са сваімі суродзічамі беларускія нацыянальныя народныя святы - Каляды, Гуканне вясны, Купалле, Дажынкі, Дзяды і іншыя! Пры гэтым павінны гучаць беларускія песні, мы павінны танчыць беларускія скокі, мы павінны выконваць беларускія абрады.

Калі мы беларусы, калі мы лідары, то мы павінны вывучаць гісторыю свайго народа і праводзіць шэраг круглых сталоў, вечарын, канферэнцый, якія б знаёмілі не толькі сяброў нашых аб’яднанняў, але і расіян, жыхароў гарадоў і абласцей, дзе мы жывем, з гераічнай спадчынай беларусаў!

Мы павінны ганарыцца беларускімі гістарычнымі сімваламі! І перш за ўсё нашым гербам “Пагоня”, які ўжо болей за 700 гадоў яднае нашых продкаў і нас. Бо і сёння “Пагоня” з’яўляецца афіцыйным гербам Віцебскай вобласці!

Калі мы будзем памятаць гэтыя тры асноўныя ідэі і працаваць на іх увасабленне, тады мы захаваемся як народ, тады мы зможам перадаць свае веды і вопыт нашчадкам! Калі не, то, як мне здаецца, беларусы растворацца ў віры глабалізацыі…

У Іркуцку брэнд “Беларусы Прыбайкалля” гучыць годна!

Кожнае з трох аб’яднанняў (ІТБК, МК “Крывічы”, МНКА “Беларусы Чарамхова”) шмат робіць дзеля пашырэння гэтага брэнду.

Толькі ў траўні гэтага года:

-                    МНКА “Беларусы Чарамхова”  правялі гучную вечарыну, прысвечаную беларускім змагарам з Арміі Андэрса, якія былі сасланыя пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Іркуцкую вобласць.

-                    ІТБК узяло актыўны ўдзел 9 траўня ў акцыі “Бессмяротны полк”, а 16 траўня прадставілі беларускую культуру ў музеі “Усадьба Сукачёва” падчас акцыі “Ноч у музеі”.

-                    МК “Крывічы”:

  • 6 траўня узялі ўдзел у прэзентацыі кнігі беларускага гісторыка “Лоеўскі плацдарм” у Абласной навуковай бібліятэцы, дзе выканалі некалькі старажытных песень;
  • 8 траўня правялі гістарычную вечарыну, прысвечаную 170-годдзю з дня нараджэння Яна Чэрскага, паўстанца-“каліноўца”, які стаў знакамітым навукоўцам;
  • 12 траўня ў Абласной юнацкай бібліятэцы правялі творчую сустрэчу з моладдзю Іркуцка (сабралося болей за 50 чалавек), дзе і чыталі па ролях беларускую народную казку, і спявалі беларускія старажытня песні, і танчылі пабытовыя беларускія народныя скокі, і распавялі іркуцкай моладзі пра паўстанне 1863 года і пра ўдзел у ім Яна Чэрскага;
  • 13-15 траўня мы прадставілі майстэрню “Беларуская Хата” на прэстыжнай Абласной выставе “Свет Сям’і” у СібЭкспаЦэнтры;
  • а 30 траўня збіраемся правесці міжнароднае беларускае свята “Кірмаш”, куды запрашаем музыку з Мінска – Юрыя Несцярэнку, 15 беларускіх гуртоў і выканаўцаў з Іркуцка і вобласці. 7 гадзін будзе ісці прадстаўленне. Будуць таксама і майстар-класы па беларускіх традыцыйных рамёствах, танцах і гульнях для дзяцей.

Вось такую працу мы вядзём у нашым рэгіёне. Безумоўна, іркуцянам падаецца, што беларуская дыяспара ў Прыбайкаллі самая вялікая,  актыўная і таленавітая. А так гэта і ёсць!

Апроч усяго, жадаю зазначыць, што ў ІТБК і ў МК “Крывічы” ў актыве ёсць маладыя беларусы ў 3-4-м пакаленні, якія нарадзіліся ў Сібіры, але выдатна вывучылі беларускую мову і з задавальненнем размаўляюць між сабой на мове свайго народа. У абедзвюх арганізацыях праходзяць курсы па вывучэнні беларускай мовы, якія карыстаюцца попытам.

Я ўпэнены, што зараз актыўнасці “Беларусам Прыбайкалля” нічога не пагражае, у тым ліку змена лідараў, ці якія шчэ іншыя варункі. У нас ужо засяліўся сапраўдны дух беларускага патрыятызму!

Напрыканцы я жадаю новаму кіраўніцтву ФНКА “Беларусы Расіі” плённай працы на карысць адраджэння, захавання і развіцця беларускага руху ў Расіі.

Усё можна зрабіць! Усё ў нашых руках!

Толькі трэба памятаць свае карані, вывучаць гісторыю і мову свайго народа і праводзіць шэраг мерапрыемстваў па захаванні беларускай народнай традыцыі.

І тады будзе жыць вечна беларускі народ! І будзе жыць Беларусь!

Алег Рудакоў