Новы ўраджай «Гарбузіка»

Перыёдык для беларускамоўных дзетак выходзіў і раней стараннямі творчых бацькоў. Але цяпер, займеўшы падтрымку Саюза беларускіх пісьменнікаў і кампаніі “Будзьма беларусамі!”, “Гарбузік” стаў ярчэйшым, пашырыў колькасць чытачоў і, спадзяемся, з’явіцца ў дзяржаўных кнігарнях. Новае жыццё “Гарбузіка” адзначылі ў музеі навукі Elemento.Пачалося ўсё з таго, што беларускамоўныя бацькі, як гэта часта бывае, вырашылі самі зрабіць для сваіх дзяцей тое, што нідзе не купіш, – альманах з рэбусамі, вершамі, казкамі, забавамі і гульнямі на роднай мове. Запачаткоўваўся ён проста на форумах сайта dzetki.org.

«Бацькі абмяркоўвалі беларускамоўныя дзіцячыя выданні і параўноўвалі з замежнымі – часта не на карысць нашых, – згадвае рэдактарка «Гарбузіка» Вольга Мазурава. – Потым нехта сказаў, што мог бы рабіць вёрстку, хтосьці  дызайн, у кагосьці быў досвед стварэння тэксту, нехта рэдагуе. У выніку набралася пэўная колькасць людзей, гатовых рабіць саматужным накладам гэтае выданне”.

У такім выглядзе часопіс пратрываў пяць нумароў, яны былі тэматычныя – пра Вялікдзень, дыназаўраў, рыцараў, акіян, космас. Паступова бацькам захацелася, каб выданне пабачылі не толькі іх уласныя дзеці, але і іншыя маленькія беларусы. “Таму калі Саюз беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да нас з прапановай, мы былі ўжо гатовыя”, – кажа рэдактарка. Пакуль альманах будзе мець два выпускі на год: адзін для дашкалятаў, другі – для малодшых школьнікаў, якія цікаўныя і ўжо ўмеюць чытаць. А як будзе попыт, магчыма, альманах пачне выходзіць часцей. У рэдакцыйную каманду ўвайшлі вядомыя пісьменнікі, мастакі, журналісты і мовазнаўцы – па сумяшчальніцтве мамы і таты.

Апроч твораў беларускіх аўтараў у наступным “Гарбузіку” будзе шмат усяго цікавага:

“Мы пабачылі, што няма добрых беларускамоўных коміксаў, дэфіцыт настольных гульняў – будзем гэтыя лакуны запаўняць, – кажа Вольга Мазурава. – Таксама прапануем дзецям па-беларуску брытанскую класіку. Гэта вельмі важна, каб дзеці маглі гадавацца, напрыклад, на вершах Эдварда Ліра, на “Казках матухны Гускі”.

Глабальная мэта ў “Гарбузіка” таксама ёсць: “Нам хацелася б стварыць своеасаблівы збор прэцэдэнтных тэкстаў – тых, на якіх гадуецца цэлая генерацыя”, – дадае Вольга.

На старонках альманаха будуць і майстар-класы, і энцыклапедычныя разгорты, і малюнкі ды апавяданні саміх дзетак, якія ўжо выступаюць як першыя тэставальнікі альманаху, а хутка стануць і сааўтарамі.

Арганізатары спадзяюцца, што альманах з’явіцца ў кнігарнях і бібліятэках – у тым ліку і ў рэгіёнах. Цяпер наклад альманаха – 1000 асобнікаў, але гэта зусім не шмат для ўсёй Беларусі, лічыць прадстаўнік СБП, паэт Анатоль Івашчанка. Як бацька траіх дзяцей ён кажа, што альманах сапраўды файны і карысны, але думае, што наступныя нумары будуць моцна адрознівацца ад першага, у якім сабралі найлепшыя матэрыялы папярэдніх гадоў: «Мне здаецца, такі беларускі дзіцячы часопіс на сёння мусіць быць тэматычны і канцэптуальны, я бачу, што ў будучыні ён будзе яшчэ цікавейшым. Аўдыторыя яго значна шырэйшая, чым пачатковая школа, штосьці для сябе знойдуць і падлеткі, і, вядома ж, бацькі».

На прэзентацыі першага нумара «Гарбузіка» ў новым фармаце выступалі вядомыя бацькі разам з дзецьмі – Анатоль Івашчанка спяваў разам з дачкой Яняй,  паэт Андрэй Хадановіч і Аленка чыталі вершы з новай кніжкі «Нататкі таткі», а Леанід Дранько-Майсюк заклікаў дзяцей не хадзіць у Макдональдс, а есці «родную яду», у тым ліку свойскі «Гарбузік». А напрыканцы юную аўдыторыю альманаха ўражваў хімічнымі эксперыментамі шалёны прафесар Леапольд Мазгакруцікаў.

Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай