Беларускія літаратары акупавалі Варшаву

На некалькі дзён Варшава сталася папросту літаратурнай меккай для беларускіх пісьменнікаў.

13 траўня ў Доме cустрэч з Гісторыяй адбылася творчая вечарына і дыскусія з фіналістамі літаратурнага конкурсу імя Рышарда Капусцінскага за найлепшы публіцысцычны твор 2014 года. Сярод фіналістак конкурсу прысутнічала беларуска Святлана Алексіевіч, якая, зрэшты і сталася адной з пераможцаў за кнігу “Час сэканд-хэнд” у перакладзе на польскую. Галоўная цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў адбылася вечарам 14 траўня ў Драматычным тэатры Палаца культуры і навукі, у імпрэзе ўзялі ўдзел мэр горада і галоўны рэдактар “Газэты Выборчай” Адам Міхнік. Арганізатар - Фонд сусветнага літаратурнага конкурсу імя Рышарда Капусцінскага. У той самы дзень, 14 траўня, у Беларускім доме ў Варшаве прайшла прэзентацыя дзвюх новых кніг гарадзенскага пісьменніка і журналіста Алеся Аркуша - раман “Мясцовы час” і выбранае паэзіі “Песня ля Замкавай гары”. Вядоўцам імпрэзы стаўся беластоцкі празаік Міхась Андрасюк.
А 14-17 траўня беларускія літаратары выступалі на шведскім стэндзе ("Літаратурнае падарожжа Беларусь-Швецыя") на VI Міжнародным варшаўскім кніжным кірмашы. Між іншых адбыліся сустрэчы з варшаўскай беларускай пісьменніцай Святланай Курс, пісьменнікамі з Мінска Ігарам Бабковым і Аленай Казловай (адпаведна 16 і 17 траўня).
Усе беларускія імпрэзы на стэндзе "Беларусь-Швецыя" курыравала Марыя Сёдэрберг, вядомая беларускаму культурніцкаму колу, апантаная беларушчынай шведка. З яе ініцыятывы беларускія пісьменнікі змаглі быць пачутымі на Міжнароднай кніжнай выставе. З беларускага боку на выставе прыстунічалі прадстаўнікі выдавецтваў Ігара Логвінава, "Кнігазбор", а таксама яшчэ некалькіх незалежных выданняў.
16 траўня адбыўся першы спробны літаратурны семінар на беларускай мове ў гісторыі кірмаша. Яго удзельнікамі сталіся літаратарка, тэлевядоўца Валярына Кустава з Мінска і паэт, перакладчык Дзмітры Плакс са Стакгольма. Кустава і Плакс чыталі свае старыя і новыя творы, разважалі пра адказнасць за словы ў сваіх творах, адказалі на пытанні слухачоў адносна перакладу і моўнай механікі.
Пасля аўтары камунікавалі з наведнікамі кірамаша непасрэдна на стэндзе. Сотні палякаў і беларусаў сталі наведнікамі беларуска-шведскага стэнду. 
Трэба адзначыць, што стэнды з беларускімі аўтарамі было знайсці няпроста, як, зрэшты, і іншыя праз неверагодны наплыў ахвочых набыць літатаруныя навінкі варшавянкаў. У наступным годзе раім усім выбірацца на выступы любімых аўтараў загадзя і не паленавацца спраўджваць у сеціве план размяшчэння стэнду.