Уладзімір Мароз у гасцях у кіеўскіх студэнтаў-беларусістаў

14 мая ў Цэнтры беларускай мовы і культуры імя Уладзіміра Караткевіча Інстытута філалогіі Кіеўскага нацыянальнага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі паэт і кінадакументаліст Уладзімір Мароз сустрэўся са студэнтамі і магістрантамі спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”. Госця прысутным прадставіла дырэктар Цэнтра Леся Мікалаеўна Сцебліна.  У. Мароз расказаў аб працы над дакументальным фільмам “Свет Караткевіча”, аўтарам сцэнара якога ён з’яўляецца, пасля чаго адбыўся прагляд стужкі. Пасла яе прагляду і абмеркавання пераходам да прэзентацыі новай кнігі вершаў У. Мароза “Крыжы на ростанях” стаў прачытаны аўтарам санет “Шляхетны вобраз” з прысвячэннем Уладзіміру Караткевічу. У. Мароз распавёў, як складвалася кніга, прачытаў некалькі вершаў з Ерусалімскай нізкі “Горнія скрыжалі”, якою яна пачынаецца. Прагучалі і патрыятычныя вершы, і любоўная лірыка. Студэнты з цікавасцю слухалі беларускае паэтычнае слова, задавалі госцю шмат пытанняў аб літаратуры і кіно. Сустрэча праходзіла ў зале мастацтваў Інстытута філалогіі.