Дзень Волі-2015 у Атаве

Сёлятняе святкаванне Дня Волі прыпала на 26 красавіка. Пасля адкрыцця ўрачыстага паседжання і віншаванняў Пётры Мурзёнка, старшыні Атаўскага аддзела Згуртавання беларусаў Канады (ЗБК), прысутныя хвілінай маўчання памянулі пацярпелых ад Чарнобыльскай аварыі. Далей, у адпаведнасці з праграмай, Малітву за Беларусь правёў Святаслаў Логін, Архіяпіскап Наваградскі, Першаіерарх Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы. З прамовай, прысвечанай 97-м угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі, выступіла сп. Івонка Сурвілла, Прэзідэнт Рады БНР. Прывітальныя словы ад Галоўнай управы ЗБК, Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, Беларуска-амерыканскага задзіночання, ад айца Акаловіча прадставіў старшыня ЗБК, сп. Дзмітрый Эльяшэвіч. Урачыстая частка скончылася дакладам Пётры Мурзёнка “Беларуская Народная Рэспубліка. Пачатак, 1917-1918”.

Падчас кароткага перапынку ўдзельнікі свята маглі паразмаўляць, частуючыся кавай і прысмакамі, прыгатаванымі Інай Каралькевіч, Кацярынай Пічугінай, Наталіяй Баркар, Марыяй Аляксандраўнай Логвінай.

Другая палова праграмы свята пачалася з традыцыйнай беларускай дыктоўкі, якую ў Атаве пішуць пачынаючы з 2008 года. У мінулым годзе амаль палова людзей напісала на выдатна. На гэты раз паспытаць свае здольнасці ў беларускай граматыцы адважыліся 16 чалавек. Дыктаваўся ўрывак з апавядання Кузьмы Чорнага “Па дарозе”. 

Крыху пазней пачаўся запрошаны канцэрт фальклорнага гурта з Таронта “Яваровы людзі”,  пад кіраўніцтвам Віялеты Кавалёвай. Артысты гурта прыехалі загадзя ў суботу і гасцінна размясціліся ў сяброў-атаўчан – у хатах Каралькевічаў, Шамецькаў, Мурзёнкаў. Гурт “Яваровы людзі” не толькі цудоўна і прафесійна спявае беларускія народныя песні, але і можа запаліць гледачоў на сумесныя спевы. Гледачам былі раздадзеныя невялікія зборнікі з песнямі. Але не толькі песнямі славіцца гурт. Яны ведаюць шмат карагодаў і танцаў. У карагодах хадзілі амаль усе ўдзельнікі, а пасля яшчэ развучвалі некалькі беларускіх танцаў. Танцавалі “да ўпаду”. Усе удзельнікі свята шчыра падзякавалі гасцям з Таронта за тую радасць і задавальненне, якое яны прынеслі разам са сваім талентам.  У святкаванні Дня Волі ўзяло ўдзел каля 60 асобаў.

Да наступных сустрэч!

Пётра Мурзёнак, старшыня Атаўскага аддзела ЗБК