Смуткуем з нагоды смерці айца Аляксандра Надсана

Увечары 15 красавіка пайшоў у лепшы свет духоўны лідар беларускай эміграцыі, сябра Вялікай Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", айцец Аляксандр Надсан. 

«Сёння Бог забраў да сябе нашага айца Аляксандра. Гэта здарылася а 22.20 [15 красавіка] у шпіталі Барнэта (Лондан), куды ён быў узяты на лячэнне ў гэты панядзелак у выніку развіцця хваробы нырак. З восені мінулага году айцец цяжка хварэў. Яму было 88 гадоў. Вечная памяць», — паведаміў у сваім фэйсбуку лонданскі святар Сяргей Стасевіч.

Управа МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" выказвыя глыбокія спачуванні блізкім і сябрам айца Аляксандра  з нагоды напаткаўшага іх гора. Рай светлы яго душы! Памяць пра яго будзе жыць у сэрцы кожнага шчырага беларуса!

Фота Рады Свабода

***

Айцец Аляксандр Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў мястэчку Гародзей (цяпер Гарадзея) на Нясвіжчыне. Бацька і маці ягоныя былі настаўнікамі, і хлопец з дзяцінства размаўляў з маці па-французску. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, дзе, як і бацька, вучыўся на настаўніка матэматыкі. Семінарыя, паводле ягоных пазнейшых сведчанняў, не толькі дала яму адукацыю, але й назаўсёды зрабіла перакананым беларусам. У час вайны Аляксандр Надсан узначаліў мясцовае аддзяленне Саюза Беларускай Моладзі, стаяў у ахове Другога ўсебеларускага кангрэсу ў Мінску, быў скіраваны на Заходні фронт, у Францыю, дзе далучыўся да Руху Супраціўлення. Пазней ваяваў у Італіі ў складзе арміі генерала Андэрса, дзе ён быў паранены.

У Брытаніі, дзе айцец Аляксандр апынуўся пасля вайны, ён за некалькі месяцаў самастойна авалодаў англійскай мовай і паступіў у Лонданскі універсітэт на аддзяленне матэматыкі. У 1946 г. Аляксандр Надсан становіцца адным са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, адной з найстарэйшых з дзейных сёння беларускіх арганізацыяў у замежжы. Таксама ён удзельнічае ў працы Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб’яднання “Рунь”, што гуртавала інтэлектуальную беларускую моладзь у Заходняй Еўропе і ЗША.

Увосень 1953 г. А.Надсан едзе ў Рым, дзе праводзіць наступныя шэсць гадоў у Грэцкай калегіі. 23 лістапада 1958 г. ён быў высвечаны на святара і ў наступным годзе вярнуўся ў Лонданскую місію.

Святарскае служэнне для айца заўсёды было звязанае з працаю дзеля захавання беларускай культуры. Таму і працаваў ён актыўна ў складзе Англійска-Беларускага таварыства, чытаў культуразнаўчыя лекцыі, друкаваўся ў перыядычных выданнях, цікавіўся старадрукамі, скарыназнаўствам, рабіў унікальную працу па даследаванні і транслітарацыі аль-кітабаў.

Пасля смерці біскупа Сіповіча а.Аляксандр стаў рэктарам місіі ў Лондане, а ў 1986 г. яго прызначылі Апостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў замежжа.

Калі была знята жалезная заслона, айцец прыехаў у Беларусь — з дапамогаю для дзяцей.

Усё жыццё айцец Аляксандр актыўна працаваў на карысць Бацькаўшчыны. Дзякуючы дзейнасці айца Аляксандра сёння ў Лондане існуе найбагацейшая скарбніца беларусікі ў замежжы, дзякуючы яго перакладам беларуская мова ўвайшла ў сям’ю сакральных моваў. Навуковыя працы айца Аляксандра атрымалі шырокую вядомасць у свеце, імі карыстаюцца, іх шануюць практычна ўсе навукоўцы, якія займаюцца Беларуссю.

10 галоўных фактаў пра а. Аляксандра Надсана