Дзень Волі адзначылі беларусы Латвіі

Свята 97-х угодкаў абвяшчэння незалежнай дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі адзначылі мясцовыя беларусы ў Рызе 21 сакавіка, у суботу, бо на 25 сакавіка сёлета прыпаў працоўны дзень. Імпрэза адбылася ў будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. 

Свята дзяржаўнасці беларусаў Латвійскім таварыствам беларускай культуры "Сьвітанак" і Аб'яднаннем мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар" адзначаецца штогод з першых дзён іх заснавання. Ды як яно можа не адзначацца беларусамі Латвіі, калі іх зямляк - вядомы беларускі палітык, паэт, публіцыст і педагог, вядомы чалавек у беларускай гісторыі - легендарны Кастусь Езавітаў - быў удзельнікам той гістарычнай падзеі 25 сакавіка 1918 года? А потым разам з Сяргеем Сахаравым, Уладзімірам Пігулеўскім і многімі іншымі беларусамі-паплечнікамі яны адраджалі беларускую культуру і асвету ў Латвіі.

Аб значэнні той падзеі і самога свята, якія сёння садзейнічаюць інтэграцыі беларусаў Латвіі  ў незалежнай дэмакратычнай Латвійскай Рэспубліцы, захаванню сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці праз любоў да роднай мовы, павагу да гісторыі і традыцый беларусаў 1920-1930-х гадоў, шмат гаварылася на гэтай сустрэчы.

Можна  толькі здзіўляцца  вялікай працы, якую зрабілі беларусы тых часоў на ніве беларускай асветы і культуры, а гэта дзейнасць розных культурна-асветных беларускіх арганізацый, якія былі кансалідаваны і аб'яднаны адной ідэяй - любоўю да Бацькаўшчыны, да беларушчыны. Менавіта дзякуючы ім былі заснаваны ў Латвіі больш ад пяцідзесяці беларускіх школ і гімназій, беларускі тэатр, беларускі хор, Беларускае выдавецтва, выданне беларускіх газет, часопісаў і кніг. Усяго гэтага, на жаль сёння вельмі не хапае беларусам Латві. Канечне, змяніўся час, змянілася сітуацыя ў дзяржавах у параўнанні з тымі далёкімі часамі, немагчыма цяпер беларусам Латвіі адкрыць пяцьдзясят дзяржаўных беларускіх школ і мець свае выдавецтва і тэатр. Тым не менш, жыве беларускі дух у Латвіі, ёсць свая школа, на розных фестывалях і выставах гучыць беларуская мова, а такое свята якраз нагадвае ўсім пра нашу спадчыну, пра беларусаў і пра тое, што беларусы - гэта нацыя, у якой ёсць свая родная беларуская мова, гісторыя, культура і свая незалежная дзяржава, адроджаная ў 1991 годзе на ідэалах БНР. Вячка Целеш