Новыя дакументы замежных беларусаў у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва

Цягам 7-10 красавіка 2015 г. у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва паступілі новыя дакументы замежных беларусаў.

Так, у выніку перамоваў, паведзеных вядучым архівістам Наталляй Гардзіенка на падставе Палажэння “Аб навукова-творчай ініцыятыве “Цэнтр камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа”, на захаванне ў архіў была перададзена яшчэ адна частка асабістага дакументаў гісторыка Юрыя Туронка. Цяпер у БДАМЛМ ёсць ліставанне Ю. Туронка з дзеячамі Беларусі і замежжа, сярод якіх: Аляксей Анішчык (Літва), Лявон Луцкевіч (Літва), Міхаліна Татарыновіч (Польшча), Юрка Геніюш (Польшча), Мікола Латушкін (ЗША), Антон Шукелойць (ЗША), Масей Сяднёў (ЗША), Мікола Панькоў (ЗША), Юры Попка (Германія), Зоя і Святаслаў Каўшы, Вера Клентак і Анеля Катковіч ды шмат іншых. Ёсць дамова і пра перадачу ў архіў іншых дакументаў Юрыя Туронка для папаўнення яго фонду.

Пра стварэнне ў БДАМЛМ асабістых фондаў было дамоўлена з беларускімі дзеячамі Польшчы Аляксандрам Баршчэўскім, Янам Чыквіным, Віктарам Шведам.

Атрыманая і чарговая частка дакументаў з Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк). Сябра Інстытута архівіст Лявон Юрэвіч перадаў у БДАМЛМ карэспандэнцыю Вітаўта Тумаша, Юркі Віцьбіча, Яна Пятроўскага, Міхася Саўкі-Міхальскага, Эміля Цяўлоўскага і іншых беларускіх дзеячаў паваеннай беларускай эміграцыі, што захоўвалася ў БІНіМе.

Каштоўная пасылка прыйшла з Канады ад старшыні мясцовага БІНіМа Др Зіны Гімпелевіч, якая перадала на заклік Цэнтра дакументы дзейнасці ўстановы, якой яна кіруе.

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва дзякуе ўсім за перададзенае і спадзяецца на новыя паступленні дакументаў замежных беларусаў.