Іркуцкія "Крывічы" справілі Камаедзіцу

Шматсвяточны дзень надарыўся 5 красавіка - праваслаўныя святкавалі Вербніцу, каталікі - Вялікдзень, а беларусы - сваё ўнікальнае свята - Камаедзіцу!

Беларусы Іркуцка правялі яго весела і інтэрактыўна. Змагаліся па-мядзведжы, вадзілі карагоды, гулялі ў старадаўнія гульні, танцавалі народныя танцы.

І ўсё гэта на Сонечнай паляне. Праўда, быў халодны вецер, які працінаў да дрыжыкаў - але гэта толькі для тых, хто "адстойваўся". Тыя ж, хто быў у руху, не заўважаў холаду.

Наогул, свята замест дзвюх гадзін расцягнулася на чатыры. Нават разыходзіцца не хацелася. Зрэшты, актыў паехаў у "Беларускую Хату" і яшчэ тры гадзіны піў гарачую гарбату.

За чатыры гадзіны святкавання на паляне нас наведала каля 40 чалавек, прычым хлопцаў  гэтым разам было значна больш за дзяўчат. Але яно і зразумела! Камаедзіца больш мужчынскае свята.

Вось толькі шкада, што з фота зноў не атрымалася. Андрэй Бардаўскі трохі здымаў, але больш сам быў у актыве. Ён, дарэчы, і стаў чэмпіёнам "Камаедзіцы-2015"! А потым скакаў, гуляў і вадзіў карагоды. Таму фота толькі сімвалічныя.

А наогул усім раю не фота глядзець (бач, прывыклі, дамаседы!), а самім на прыроду выходзіць і актыўна бавіць час. Вось я вельмі задаволены святам, толькі костачкі пасля актыўнай барацьбы пабольваюць... Але затое якое Свята атрымалася!

Алег Рудакоў