Новыя кнігі пра эміграцыію: сур’ёзныя дакументы і цікавыя факты

Тры новыя кнігі пра жыццё беларусаў замежжа прэзентавалі ў музеі Максіма Багдановіча, а таксама пагаварылі пра тое, што рабіць, каб не страціць каштоўныя факты эміграцыйнай гісторыі.

http://budzma.by/wp-content/gallery/staronki/1.jpg

Няпростыя часы Рады БНР

Усе тры выданні пабачылі свет на пачатку гэтага года. Зборнік “Рада БНР (1970—1982): Падзеі і дакументы”, укладзены Наталляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам, — гэта ўжо другая кніга, прысвечаная пасляваеннай дзейнасці самага старога ў свеце «урада ў выгнанні».

Кніга рэпрэзентуе перыяд кіравання Вінцэнта Жука-Грышкевіча. Тут можна знайсці дакументы, пратаколы паседжанняў, ліставанні і фотаздымкі.  Гісторык Наталля Гардзіенка распавядае, што 1970-я гады былі няпростым часам для Рады, бо якраз назіраліся паляпшэнні ў дачыненнях паміж Захадам і СССР. Адпаведна ўвага да антыкамуністычна скіраваных эміграцыйных арганізацый з боку заходніх структур зменшылася, і Радзе БНР давялося шукаць новыя шляхі, каб працягваць дзейнасць. Ужо рыхтуецца і аналагічны працяг кнігі, які будзе адлюстроўваць перыяд кіраўніцтва наступнага старшыні – Язэпа Сажыча.

http://budzma.by/wp-content/gallery/staronki/3355.jpg

Алена Макоўская

Выданне стала 23-м у серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны», у якой ўжо 11 гадоў выходзяць кнігі, прысвечаныя беларускай эміграцыі. Старшыня Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская зазначыла, што нашая дыяспара сёння – гэта больш як тры мільёны людзей і каля 200 асяродкаў: «Для нас гэта не толькі велізарны чалавечы патэнцыял, але і культурніцкі. Бо гэта людзі, якія ў розныя часы запачаткоўвалі культурніцкія цэнтры, будавалі бібліятэкі, стваралі музеі, друкавалі кнігі, выдавалі газеты. Шмат нашых суайчыннікаў сталі вядомымі ў іншых краінах свету. Вялікая роля менавіта заходняй эміграцыі ў тым што яна захоўвала культуру, літаратуру і традыцыі, у той час калі тут быў Савецкі Саюз. Гэтыя людзі першыя віталі незалежнасць Беларусі, яны першыя працягнулі руку, калі ў нас здарыўся Чарнобыль. І сёння вельмі важна захаваць эмігранцкую спадчыну, перадаць яе нашчадкам”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/staronki/3338.jpg

Наталля Гардзіенка

Смешная, сумная, незабранзавелая праўда

Другая прэзентаваная кніга – відаць, можа найбольш зацікавіць не толькі даследчыкаў. Называецца яна вузка-спецыяльным словам «Відымусы»,  што азначае завераныя вытрымкі з дакументаў. У кнігу якраз і ўвайшлі фрагменты з розных эміграцыйных дакументаў, якія паказваюць сумныя і смешныя эпізоды з жыцця беларускіх дзеячаў, а таксама мае каментары да іх. Аўтар кнігі Лявон Юрэвіч – архівіст і літаратуразнаўца, які з 1990-х гадоў жыве ў Нью-Ёрку і неверагодна актыўна апекуецца эмігранцкай спадчынай.

Літаратуразнаўца і крытык Ціхан Чарнякевіч распавёў, што Лявон Юрэвіч для яго чалавек унікальны і напаўміфічны: “Я знаёмы з ім толькі віртуальна, з цяжкасцю ўяўляю, як ён выглядае і які ў яго голас. Але ён пагрузіў мяне ў гэтыя матэрыялы і далучыў да даследаванняў”. На думку Чарнякевіча, які займаецца літаратурай 20-30-х гадоў, у Беларусі сведчанні тых гадоў вельмі стрыманыя, у лепшым выпадку гераічна-услаўляльныя, тады як эмігранцкі пласт наадварот дапамагае адчуць літратуру незабранзавелай – эпісталярый і мемуарыстыка даволі шчырыя і разняволеныя.

http://budzma.by/wp-content/gallery/staronki/3420.jpg

Ціхан Чарнякевіч

Кніга “Відымусы” складаецца з маленькіх займальных дэталяў,  разнастайных сюжэтаў, якія дэманструюць асаблівасці пэўных сітуацый на эміграцыі і часу ў цэлым – да і пасля вайны. Напрыклад, можна пачытаць задачкі з падручніка па матэматыцы, па якім вучыліся дзеці ў лагеры для перамешчаных асобаў. Некаторыя асабліва ўражваюць, напрыклад такая:  “Беларуская газета “Крыніца” пачала выходзіць 8 кастрычніка 1917 года і спыненая прыходам у Вільню бальшавікоў 19 ліпеня 1940 года, як доўга яна выходзіла?”.  Тут можна прачытаць, напрыклад, лісты Наталлі Арсенневай, у якіх яна скардзіцца на нервовую дэпрэсію, знайсці выказванне Тамаша Грыба 1934 года, актуальнае і сёння, альбо гісторыю пра тое, як у лагеры для перамешчаных асобаў шавецкія курсы сталі савецкімі (пісалі лацінкай і забылі дадаць значок над літарай “с”).

Аўтар прадмовы да кнігі, літаратуразнаўца і крытык Ганна Кісліцына распавяла, што знайшла тут праўду пра мінулае, але не загладжаную і стэрылізаваную, як часта бывае з беларускімі дзеячамі, а жывую і цікавую:“Матэрыял тут самы розны. Ну, напрыклад, прачытала, як Тамара Стагановіч лечыць валасень. І здзівілася: я ж помню, як мяне ў дзяцінстве вучылі гэта рабіць, хоць за ўсё сваё жыццё (а я працавала медсястрой)я потым таго валасня ні разу не бачыла. Ці напрыклад чытаеш, што Паўлік Марозаў быў беларусам. Ну, канешна, кім яшчэ яму быць, увесь нацыянальны характар у гэтым Паўліку Марозаве! Альбо чытаю, што ў Багушэвіча быў унук, а ў Каліноўскага быў сын. Увесь спектр дэталяў, якія могуць разбранзавець нашых герояў, ёсць у гэтай кнізе”.

[Працяг з'явіцца неўзабаве]

Аляксандра Дорская, фота Зарыны Кандрацьевай

Больш фота тут