Сябры ІТБК правялі Гуканне Вясны 2015

Усё цяплейшыя дні, карацейшыя ночы, дзень вясновага раўнадзенства ўжо прайшоў - час вясну зазываць, каб прыйшла хутчэй! З гэтай нагоды сабраліся беларусы Іркуцка па традыцыі на Яршоўскай горы адзначыць свята - Гуканне Вясны.

Надвор'е стаяла цудоўнае: свяціла сонейка, неба было яснае, паветра - свежае і цёплае.

Традыцыйна вясна асацыюецца з жаноцкасцю, таму большасць абрадаў свята выконваюць дзяўчаты і жанчыны. Спявалі вяснянкі з працяглым «У-у-у» ў канцы кожнага радка (каб абудзіць багіню Ладу), запускалі ў неба папяровых птушак - каб пералётныя птушкі хутчэй вярнуліся, і пачалася вясна. Вадзілі карагоды, заклікаючы сонца сагрэць нашую зямлю, а зямлі-матухне прынеслі ахвяру - кашу ў збанку на мёдзе і вяршках, каб ураджай летам быў багаты. Падмацаваліся ўдзельнікі свята і самі, кожны з’еў па смажаным яйку, што з’яўляецца сімвалам сонца.

Вясна - гэта новае нараджэнне, ўсё жывое зноў зацвітае пасля зімы. З гэтым звязаны яшчэ адзін абрад - спальванне на вогнішчы старых рэчаў, разам з якімі згарэлі і ўсе праблемы, расчараванні і няўдачы. Зараз наперадзе толькі добрае, трэба зноў паклікаць птушак! Усе дзяўчаты ўзялі свае свістулькі, флейты і іншыя свісцячыя прадметы і пачалі ствараць гучны свіст, каб птушкі пачулі і хутчэй прыляцелі.

У дадатак да ўсяго, свята было ўпрыгожанае вясёлымі танцамі і гульнямі, а дзеці былі шчыра рады ўсталяваным на час свята арэлям, якія яны актыўна атакавалі на працягу ўсяго часу.

Ужо да канца свята адчувалася вясна - калі не ў прыродзе, то на душы. Любы абрад мае сілу, асабліва калі ён праводзіцца асэнсавана і шчыра. Будзе хутка вясна на зямлі Іркуцкай!

Лада пачула нас!

Наталля Багамаз