Першы Дзень Волі ў Чарнігаве

Шэсце з лозунгам „Жыве Беларусь” і бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай плошчы. Так адзначылі Дзень Волі ва ўкраінскім Чарнігаве. У мерапрыемстве паўдзельнічала каля двух дзясяткаў чалавек. Сярод іх – чарнігаўскія беларусы, ветэраны АТО і прадстаўнікі мясцовай „Самаабароны”. Пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка кажа, што арганізатары намагаліся зладзіць свята ў нефармальнай атмасферы.

Уладзіслаў Ахроменка:

- Мы імкнуліся ўсё зрабіць так, каб гэта не было пафасна, каб не было з сумнымі прамовамі нейкімі і пазяханнямі ў далоньку. Разам з арганізатарамі прыйшлі да высновы, што найбольш аптымальны фармат святкавання — гэта аналаг ірландскага Дня св. Патрыка. То бок людзі сабраліся ў нейкай кавярні з нацыянальнай сімволікай, потым прайшліся шэсцем па цэнтральных вуліцах з нашымі лозунгамі.

Украінец беларускага паходжання Сяргей Богукалец зацікавіўся сваімі беларускімі каранямі пасля наведвання музычнага фэсту „Bee Free”, які праходзіў у 2008 годзе ў Чарнігаве. Сёлета ён вырашыў спрычыніцца да святкавання Дня Волі ў сваім горадзе, бо ва ўкраінскай моладзі існуе вялікая зацікаўленасць Беларуссю.
 
Сяргей Богукалец:
- У 2012-2013 гадах ва ўмовах рэжыму Януковіча мы праводзілі Дзень Волі ў Чарнігаве неафіцыйна. Адзін раз ладзілі малітву з беларускім святаром Яўгенам Ордам. На жаль, сёлета ён не змог удзельнічаць у мерапрыемстве, бо знаходзіцца на фронце. У 2012-ым годзе мы віншавалі беларусаў, якія прыязджалі ў Чарнігаў на гомельскім цягніку, каб яны не забываліся на свае нацыянальныя святы. Увогуле трэба сказаць, што ўкраінская моладзь з вялікай цікаўнасцю ставіцца да беларускай музыкі, якая паказвае, што Беларусь – гэта не толькі трактары, калгасы і савецкія партызаны. Чарнігаў – прыпамежны з Беларуссю горад. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва, на Чарнігаўшчыне пражывае каля 7 тысячаў этнічных беларусаў, але да нядаўняга часу прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці практычна ніяк не ўдзельнічалі ў грамадскай дзейнасці.
Мікола Бянько, Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя, Чарнігаў