«У віры быцця» — новая кніга эсэістыкі Ніла Гілевіча

У Бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў у выдавецтве «Кнігазбор» пабачыў свет эсэістычны зборнік Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. У кнігу ўвайшлі запісы розных гадоў, кожны з якіх прасякнуты бязмежным болем за лёс роднай мовы, культуры, літаратуры. Асобныя творы друкаваліся ў часопісе «Дзеяслоў» і газеце «Літаратурная Беларусь», многія прадстаўленыя ўпершыню.

Ніл Сымонавіч Гілевіч — Заслужаны дзеяч навукі Беларусі, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, прафесар. Паэт, перакладчык, драматург, фалькларыст, літаратуразнаўца.

У кнізе змешчаныя ўспаміны пра значныя падзеі грамадскага і культурнага жыцця, адлюстраваныя рэфлексіі пісьменніка, яго бачанне мінулага, цяперашняга і будучыні роднай краіны. Паэт чуйна рэагуе на сацыяльныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі і за яе межамі, дае ім ацэнку, прагназуе развіццё нашай нацыянальнай свядомасці.

Значнае месца на старонках новага выдання адведзенае апісанню і аналізу прачытанай літаратуры, айчыннай і замежнай, сучаснай і даўняй. Ніла Сымонавіча як чытача і даследчыка цікавяць тэндэнцыі і гісторыка-культурныя перадумовы стварэння тых або іншых кніг.

Па-ранейшаму важную ролю, па меркаванні паэта, у стане сучаснай нацыянальнай культуры адыгрываюць ідэалагічныя інерцыі мінулага, “рэха” камунізму. Пераадолець кансерватыўнасць савецкага часу, звярнуцца да нацыянальнай ідэнтычнасці, жыццёва неабходнай нам сёння, тут і цяпер, дзеля фарміравання будучых пакаленняў — тое, што найбольш турбуе пісьменніка:

“Усе нашы заклікі захоўваць, даражыць, цікавіцца нацыянальнай культурай будуць давай мала плёну — датуль, пакуль не пачнем гэта ўнушаць дзецям ад калыскі, ад дзіцячых садкоў, з першых дзён у школе”.

Але ж, нягледзячы на суплёт пакуль не вырашаных сацыяльных і культурных праблем, на якія ўказвае і з-за якіх перажывае Народны паэт, у кнізе «У віры быцця» адчуваецца подых вясны, надзеі, аптымізму на добрую будучыню беларусаў і Беларусі.

ВТ, для lit-bel.org