У Варшаве адзначылі Дзень Волі

Беларусы Варшавы сабраліся 22 сакавіка пад помнікам Тадэвушу Касцюшку, каб адзначыць дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля мітынгу калона беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі рушыла цэнтральнымі вуліцамі польскай сталіцы. „Дэманстрацыя з’яўляецца знакам таго, што мы таксама маем права на існаванне”, – лічыць адзін з удзельнікаў акцыі, гісторык з Магілёва Сяргей Ношка: - Гэта вельмі добры знак для беларусаў, тут, у Варшаве, паказаць, што Беларусь – гэта не штосьці на ўсходзе, а таксама дзяржава, якая атрымала сваю незалежнасць нават раней, чым Польшча.

У гэтым годзе свята беларускай незалежнасці аб’яднала розныя нацыянальнасці. Падтрымаць беларусаў прыйшлі таксама палякі, украінцы, татары і нават рускія. Кажа прадстаўнік аб’яднання „За вольную Расію”, масквічка Валянціна Чубарава: - Мы з маімі сябрамі спадзяемся, што хутка не будзе такім дзіўным убачыць на такіх акцыях расійскі сцяг таму, што ў расійскай імперскай свядомасці нават Украіну з цяжкасцю адпускаюць. Бачна, як да гэтага ставяцца, а Беларусь увогуле не ўспрымаюць усур’ёз. Гэтую імперскую свядомасць трэба разбураць і мяняць стаўленне да Беларусі – паважаць у ёй незалежную краіну. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел болей за 100 чалавек.