Алена Сіпакова: "Мы трымаемся на абрадах" - дадаліся фота!

Сядзіба Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” заўжды гасцінна прымае беларусаў з усіх куткоў свету. Вось і ў сярэдзіне лютага да нас завітала госця з далёкай Сібіры - Алена Сіпакова. Яна была намесніцай старшыні Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага з 2003 года, а ў 2013 годзе ўзначаліла гэтую арганізацыю. Спадарыня Алена расказала нам пра тое, як таварыства пачало год і якія мае планы ў далейшым, падзялілася развагамі пра вытокі сваёй беларускасці і ўражаннямі ад сустрэчы з новымі сябрамі з мінскага аб’яднання былых малалетніх вязняў фашызму.

Чым пачаўся год

Перш за ўсё, хацелася б сказаць, што за 2014 год мы зноў сталі адным з найлепшых культурных цэнтраў, трымаем пазіцыю ўжо чацвёрты год. Па выніках 2014 года ў нас 2-е месца. Гэта плён нашай агульнай працы. Калі я рыхтавалася да конкурсу “Найлепшы нацыянальна-культурны цэнтр горада Іркуцка”, рабіла справаздачу, то думала нават, што ў нас будзе першае месца, але нас абышлі. Для нас гэта быў вельмі актыўны год, мы правялі ўдвая больш мерапрыемстваў, чым у 2013 годзе. Дарэчы, Моладзевы клуб “Крывічы” заняў трэцяе месца, яны першы раз атрымалі прэмію ў гэтым конкурсе.

У пазамінулым годзе дзякуючы выйгранаму ў конкурсе гранту мы рэалізавалі праект “Народны каляндар беларусаў Прыбайкалля”. Цяпер мы набылі музычную апаратуру і ўклалі грошы ў правядзенне фестывалю “Гучы, гоман беларускі!”, які мы праводзім раз на два гады, і на падарожжы па нашых суполках, таму што тут вялікія адлегласці і, адпаведна, вялікія выдаткі.

Гэты год у нас пачаўся з Калядаў. Мы запрасілі да нас нашага сябра, сібірскага дудара Змітра Крэчата, які жыве ў Томску. Ён паходзіць з сям’і з перасяленцаў, што прыехалі ў Енісейскі край. Зміцер самастойна вывучыў беларускую мову, сам вывучыўся граць на дудзе, цяпер ужо і вершы піша.

8 студзеня мы паехалі ў нашую суполку ў Куйтунскі раён (там у нас суполка двух сёлаў - Сулкет і Алкін). У адным жыве 200 чалавек, у другім 202. Нас прыехала шасцёра, і ўдзень мы хадзілі і калядавалі, а вечарам усе сабраліся ў іх маленькім клубіку. Зміцер пазнаёміў людзей з беларускімі духавымі інструментамі. Было шмат дзяцей, былі старэнькія бабулі, і адна з іх пазнала дуду. Яна пераехала з Мінска ў 1951 годзе. У гэтай вёсцы ўжо жылі яе сваякі, і яна пераехала да іх, таму што ў Мінску пасля вайны цяжка было пражыць. Яна памятае, што на вечарынах у Мінску таксама была дуда. Змітру як даследчыку гэтая інфармацыя была цікавая.

Потым былі танцы пад дуду.  Звычайна ж мы ладзім танцы пад магнітафон, бо ў Іркуцку ў нас музыкаў няма. Настаўніцы здзівіліся, што самыя хуліганістыя вучні вельмі добра паказалі сябе ў танцах. Таму мы зрабілі выснову, што народная культура толькі на карысць. І заклікалі сяльчанаў на наступны год самім калядаваць.

31 студзеня ў нас у Тэатры юнага гледача быў канцэрт для дзяцей бежанцаў з Украіны, які арганізоўваў Абласны дзіцячы фонд. І гледачамі, і выступоўцамі былі дзеці. Ад беларусаў было два выступы. Калектыў “Диво дивное” прадставіў два беларускія танцы. А з вёскі Тургенеўка прыехала выступіць Алена Сандрыгайла, якая вельмі добра спявае.

2 лютага мы адсвяткавалі Грамніцы (пра гэта чытайце тут - Рэд.).

Таксама ў нас адбылася Вялікая Рада. Мы абмеркавалі і запланавалі шмат мерапрыемстваў на гэты год.

Будзе Гуканне вясны, Камаедзіца, карнавальнае шэсце да Дня горада (летась у нашай калоне, напрыклад, было 110 чалавек), Купалле…

У канцы сакавіка ў Сібэкспацэнтры будзе турыстычная выстава “Байкал-тур”, дзе мы будзем прадстаўляць стэнды ў двух кірунках. Першы - этнатурызм у нашыя пасяленні. На першым месцы гэта Тургенеўка, таму што ў іх ужо ёсць вопыт, а цяпер да гэтага кірунку далучаецца і мастачка Ларыса Аболіна са Слюдзянкі, якая гатовая прымаць турыстаў. Другі кірунак - гэта адпачынак у Беларусі. Прадставім пансіянаты, будзем паказваць прамацыйныя ролікі.

Байкал збярэ беларусаў

Цяпер мы рыхтуемся да Першага фэсту беларусаў свету на Байкале, які плануецца ў першай палове жніўня. Праводзіць яго мы збіраемся на базе адпачынку нашага сябра Аляксандра Жылінскага. Гэта чалавек, моцна закаханы ў Байкал. Ён у свой час утварыў фестываль “Байкал-лайф”, які праходзіць у апошнія дні жніўня, а апошнія чатыры гады і зімой.

У межах нашага фэсту будуць пешыя і водныя паходы, а для тых, хто зможа прыехаць раней, зладзім вандроўку на пік Чэрскага, пройдзем турыстычнымі сцежкамі на Слюдзянцы - там цудоўныя краявіды. У Іркуцку таксама будуць экскурсіі па беларускіх слядах.

Я збіраю беларусаў на іркуцкай зямлі для таго, каб беларусы, якія прыехалі сюды раней і дзесьці, магчыма, страцілі сваю беларускасць, вярнулі яе. Таму мы марым, каб уся праграма фэсту была беларускамоўная, каб беларусы паміж сабой размаўлялі на роднай мове. Будзе ў нас і беларуская кухня, будуць і майстар-класы па рамёствах, па народных танцах, па спевах. Ну і шмат яшчэ залежыць ад таго, якія людзі да нас далучацца і хто з іх што зможа дадаць.

Азіраючыся на год мінулы

За мінулы год былі ў нас і спады, і пад’ёмы. Цяпер ідзе такі сабе перагляд магчымасцяў, рэсурсаў і ўвогуле пажаданняў людзей, таму што пакаленне актывістаў змянілася, і цяпер нам трэба вызначыцца з кірункам. Удзельнікі, якія ўтварылі суполку, гэта былыя вайскоўцы, 20 гадоў таму ім было прыблізна па 35 гадоў, і цяпер засталося з тых хлапцоў і дзяўчат 3-4 чалавекі. Хтосьці ўжо даслужыў і з’ехаў з Іркуцка. Але здаецца, што ніхто не вярнуўся ў Беларусь, проста бліжэй да Беларусі пераехалі.

Трэба адзначыць, што за гэты год да нас у таварыства пачалі прыходзіць сябры, якія некалькі гадоў ужо не прыходзілі. Я лічу, што гэта добры знак. Напрыклад, на Дзяды да нас завітаў Рэут Анатоль Ануфрыевіч, яму 85 гадоў, ён прафесар медыцыны, адзін з заснавальнікаў суполкі. Я даўно яго не бачыла. Калі ён з’явіўся, гэта было як падтрымка. Прыходзілі сябры Рады, якія даўно ўжо не наведвалі ніякіх імпрэзаў.

Увогуле ж актыўных нашчадкаў беларусаў няшмат. Я прадстаўнік нашчадкаў беларусаў, мой род ужо больш за 80 гадоў жыве на Іркуцкай зямлі, і як я думаю, было б добра, калі б суполку ўзначаліў беларус, які ў першым пакаленні жыве ў Іркуцку, а нам, нашчадкам, урэшце вярнуцца на Радзіму, таму што генетычна нашая этнічная памяць дажывае да шостага пакалення - вось я ўжо, напрыклад, чацвёртае калена. Я планую калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь. У верасні тут была і, мабыць, ужо б і засталася, але ж на мне суполка.

Пра свае карані і беларускасць у сям’і

Я нарадзілася, як і мае мама і бабуля, у Прыбайкаллі, а продкі мае, што выехалі ў Сібір, былі з Магілёўшчыны.

Я была ў Заларынскім раёне, у вёсцы Новае Мяцёлкіна, куды трапілі мае продкі - прадзед з прабабуляй. Цяпер ужо вёскі як і няма - ёсць шыльда “Новае Мяцёлкіна”, ёсць тры дамы, там жыве ўсяго пяць ці шэсць чалавек. Мая бабуля там нарадзілася і пайшла ў школу, дзе вучыліся дзеткі з трох вёсак. Летась быў юбілей гэтай школы, збіраліся выпускнікі - агулам гэта былі нашчадкі беларусаў. Школы самой няма, толькі рэшткі фундаменту засталіся, таму сустрэча была проста ў лесе. І ўпершыню ад нашчадкаў я так многа чула, маўляў, беларусы, беларусы, мы беларусы… Гэта было вельмі прыемна. Таму што нават мае цёткі, яны хоць таксама беларускі, таму што іх бацькі беларусы, але яны сябе беларусамі не называюць. Таму шмат складаных пытанняў з ідэнтычнасцю.

У многім мы трымаемся на абрадах, якія захаваліся. У маёй сям’і шмат беларускіх абрадаў спраўлялася, у мяне так мая зацікаўленасць і пайшла. Яна пачалася ад маёй маці, Сіпаковай Таццяны Уладзіміраўны. Яна кіравала нашым гуртом “Ленушка”, і ў нас у рэпертуары былі ўсе нашыя сямейныя песні, якія спявалі і дзед, і бабуля, і сёстры, і дзядзькі. Калі збіралася сям’я, то гэтыя песні ўсе спявалі, я іх з самага дзяцінства памятаю.

Мова ў нашай сям’і захавалася толькі дзякуючы таму, што ў бабулі маёй было чатыры класы адукацыі, у дзеда ўвогуле ніякай, і яны ўвесь час жылі ў вёсцы. Толькі ў 1972 годзе яны трапілі ў Іркуцк, але таксама засяліліся ў прыватны сектар, і быт увесь захаваўся. Там ужо жыла старэйшая сястра бабулі, якая потым перацягнула туды сваіх сясцёр. Я прыязджала да бабулі з дзедам у горад, але ўсё ж такі быт быў вясковы. Палавікі на падлозе ляжалі. І свінак трымалі, і кароўку нейкі час.

Мая бабуля нават прыцягнула ў Іркуцк свой куфар, які прабабуля ўзяла з сабой з Беларусі. Цяпер ён у нас у суполцы стаіць як рэч, прывезеная пры перасяленні з Беларусі, бо такіх рэчаў не так і шмат. Многія рэчы побыту рабіліся беларусамі ўжо тут. Апошнія калаўроты рабіў бабін малодшы брат 1939 года нараджэння. Ён абыходзіў прыватны сектар і цётачкам ладзіў і кросны, і калаўроты, і нават жоравы для калодзежаў ставіў - паўсюль жоравы былі там, толькі апошнія пяць гадоў іх паздымалі.

А другі бабулін малодшы брат, 1933 года нараджэння, дык той атрымаў дзве адукацыі: спачатку ў сельгастэкнікуме, потым у педагагічным інстытуце - і ў яго нават акцэнту няма беларускага, усё страцілася. У нашай сям’і ўсё ж такі беларускасць захавалася дзякуючы таму, што не было адукацыі.

Мінскія сябры

У гэты візіт я наведала некалькі тэатральных пастановак, сустрэлася са старымі знаёмымі. Зараз мною тут апякуецца Першамайскае аддзяленне Мінскага гарадскога аб'яднання былых малалетніх вязняў фашызму.

У верасні ў Іркуцку ў нас была канферэнцыя “Не фашызму!”, на якой была дэлегацыя з гэтай арганізацыі. Я сабрала наш актыў, што прыйшоў на рэпетыцыю ў наш спеўны гурток, і да нас завітала Галіна Ігнатаўна Змушко, якая ўзначальвае гэтую супольнасць. І такая добрая атрымалася сустрэча! Была моладзь, быў чалавек, якому 72 гады, чалавек, якому 49 гадоў, былі людзі па 35 гадоў… Мы тры гадзіны прасядзелі за сталом і проста размаўлялі.

Галіна Ігнатаўна расказала, што яны праводзяць сустрэчы, якія называюць “Урокі мужнасці”. Кожны з былых малалетніх вязняў каротка расказвае сваю гісторыю: адбываецца нешта накшталт пераклічкі. Потым паказваюць фільм пра Асвенцым, а пасля спяваюць (у іх ёсць свой хор). У нашую сустрэчу Галіна Ігнатаўна і для нас правяла такі ўрок. Таксама з намі была Марына Васільеўна Слаўгародская, жанчына родам з Віцебшчыны, якая цяпер жыве ва Улан-Удэ. З Галінай Ігнатаўнай яны пазнаёміліся чатыры гады таму, калі сустрэліся ў Іркуцку. Яна таксама пра сябе распавяла. Вельмі добрыя жанчыны. Вельмі добра выглядаюць, вельмі актыўныя. Галіна Ігнатаўна ў 40 навучылася плаваць, у 45 стала на горныя лыжы.

Калі я планавала ехаць у Мінск і шукала, дзе мне спыніцца ў горадзе, Галіна Ігнатаўна адразу адгукнулася. Яна мяне пасяліла да свайго харыста Марка Васільевіча Маслакова. Ён мой зямляк, з Магілёва, яму 85 гадоў, і яго сваякі таксама жывуць у нас у Сібіры і нават у тым жа раёне, што і мае.

 Увесь тыдзень яны мяне курыруюць, я была разам з імі на гэтых уроках мужнасці, прыходзіла да іх на рэпетыцыю. Мы з імі яшчэ больш пасябравалі і думаем пра тое, каб зладзіць сёлета іх паездку на Байкал. 

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"