ПЭН-цэнтр заснаваў прэмію “Кніга году”

Мэта праекта ў тым, каб пісьменнікі самі абіралі найлепшую беларускую кнігу. Прэмія будзе прысуджацца кожны год за мастацкія творы, выдадзеныя ў папярэднім годзе. Кніга павінна быць напісаная беларусам ці ў Беларусі на любой мове, якой карыстаюцца беларусы.

“Кніга году” абвяшчаецца ў намінацыях “Проза”, “Паэзія”, “Дзіцячая літаратура”.

Аргкамітэт і журы

Рада Беларускага ПЭН-цэнтра фарміруе аргкамітэт, які рэгіструе сяброў журы і намінантаў, падлічвае галасы. Аргкамітэт бярэ на сябе і інфармацыйную падтрымку “Кнігі году”.

Журы па кожнай з намінацыяў складаецца асобна. Кожны пісьменнік, у якога нядаўна выходзілі афіцыйныя кнігі з ISBN, мае права ўвайсці ў склад “вялікага” журы ў сваёй намінацыі. Літаратары, якія выдалі кнігу ў год, за які даецца прэмія, маюць права ўдзельнічаць у “малым” журы, якое вызначае пераможцу асобна ад “вялікага” журы.

Для таго, каб увайсці ў журы, пісьменніку трэба да 31 сакавіка запоўніць адпаведную форму тут.

Выбар кнігі году На канчатковую ацэнку можа паўплываць кожны сябра журы, а па сутнасці – любы беларускі літаратар. Галасаванне адбываецца так: cябра журы называе аргкамітэту тры найбольш вартыя,на яго думку, кнігі ў той намінацыі, якую ён судзіць, аргкамітэт жа з гэтых “троек” складае поўны спіс прэтэндэнтаў на прэмію і дасылае яго журы. З атрыманага спісу сябра журы выбірае трох сваіх пераможцаў. Сумарны рэйтынг потым вызначае пераможцу.

Інфармацыя па першым месцы ад кожнага сябра журы публікуецца на старонцы прэміі.

Уручэнне і ўзнагароды Уручэнне адбываецца ў красавіку на сядзібе Беларускага ПЭН-цэнтра. Прэмія мае сімвалічнае значэнне: пераможца адзначаецца дыпломам, іншых узнагарод не прадугледжана.