Лютаўскія святы ў Беларускай суполцы Рэспублікі Малдова

Сімптаматычна, што Дзень роднай мовы (21 лютага), Масленіца (22 лютага) і Дзень абаронцы Айчыны (23 лютага) стаяць побач.

Мова - душа народа, мова маці, на якой яна спявала табе калыханкі.

Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года і штогод адзначаецца 21 лютага. Ён быў абвешчаны каб захаваць гэтую характэрную для кожнага народу рысу.

У Малдове дзяржаўным святам мовы лічыцца 31 жніўня - дзень замены кірыліцы лацінскім алфавітам ў 1991 годзе.

Шматнацыянальны народ нашай рэспублікі разам з гэтым дзяржаўным святам адзначае і нацыянальныя мовы тых, хто тут жыве. Мова не мае дзяржаўных межаў.

20 лютага ў Кішынёве на сцэне Дома нацыянальнасцяў прайшоў літаратурна-музычны конкурс, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. Са сцэны гучалі вершы і песні на рускай, украінскай, балгарскай, габрэйскай, азербайджанскай і іншых мовах народаў, якія жывуць у Малдове.

Ад Беларускай абшчыны Малдовы былі выкананы дзве песні на роднай мове: «Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы» і «Як пад Новым годам зорачка свяціла».

А адной з вядучых гэтага мерапрыемства была старшыня Беларускага культурнага руху ў Малдове Мазур Ганна.

На жаль, мова можа аб'ядноўваць і можа раз'ядноўваць. Мы ўсе выраслі на прымаўцы, што "мова да Кіева давядзе". На жаль, адной з прычын сённяшніх трагічных падзей ва Украіне з'яўляецца якраз недаацэнка гэтай тонкай духоўнай матэрыі.

 Беларуская суполка ў Рэспубліцы Малдова, прызнаючы роўнасць і важнасць усіх моў, бачыць сваю місію ў захаванні і ўмацаванні духоўнай спадчыны сваіх продкаў, у захаванні роднай мовы, звычаяў і яго традыцый.

Першапачаткова выбудаваная на талерантнасці і паважлівым стаўленні да іншых нацыянальных культур, беларуская культура інтэгруе ў сабе элементы рускай, польскай, літоўскай, габрэйскай і многіх іншых культур розных этнасаў, якія насяляюць Рэспубліку Беларусь, што прыцягвае ў нашу суполку людзей розных нацыянальнасцяў,

якія падзяляюць тыя ж каштоўнасці.

Мы шануем сваю гісторыю, якой бы складанай яна ні была, і паважліва ставімся да памятных вехаў.

Сёлета Масленіца ўпершыню праводзілася на Цэнтральнай плошчы сталіцы Малдовы.

Ініцыятарамі свята былі Руская абшчына Рэспублікі Малдова і Асамблея народаў Малдовы, наша Беларуская абшчына падтрымала іх у гэтым мерапрыемстве.

Старастай Масленіцы быў абраны старшыня Беларускай абшчыны Малдовы Статкевіч Юрый.

Кішынёўцам і гасцям сталіцы паказалі сапраўднае старажытнае славянскае свята з песнямі, карагодамі, абрадамі, блінамі, спальваннем пудзіла Зімы.

Беларусы частавалі ўсіх дранікамі, прысмакамі ад «Віцьбы», зуброўкай.

А таксама дарылі атрыманыя ад Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова матэрыялы і буклеты аб нашай Бацькаўшчыне.

Дзень абаронцы Айчыны Беларуская абшчына адсвяткавала ў Доме нацыянальнасцяў.

На пачатку свята жанчыны Абшчыны павіншавалі ўсіх мужчын і падарылі ім сувеніры.

А кожны мужчына распавёў, якую мае ваенную спецыяльнасць, дзе нёс вайсковую службу, як ён гатовы абараняць Айчыну.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Вайцяховіч В.У. і Гаўлінскі Т.І. распавялі, як яны, не шкадуючы жыцця, змагаліся з ворагам і колькі іх таварышаў загінула, абараняючы Айчыну.

Удзельнік ваенных падзей у Афганістане Праворны К.В. распавёў аб няпростых падзеях той вайны і як гінулі яго сябры, выконваючы свой воінскі абавязак.

Затым паміналі загінулых, віншавалі са святам усіх мужчын, спявалі беларускія песні і песні ваенных гадоў, дэгуставалі стравы і напоі беларускай кухні, танчылі.

Святкуючы гэтыя памятныя даты, Беларуская абшчына Малдовы віншуе ўсіх сваіх суайчыннікаў і сяброў, жадае міру, дабра, росквіту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.