Беларуская мова - вечная каштоўнасць.

Менавіта як сваю вечную, асноватворную, найгалоўнейшую і непахісную духоўную каштоўнасць успрымае родную беларускую мову Беларускі культурны рух Малдовы і ад усяго сэрца жадае гэтага ўсім беларусам свету!

Штогод 21 лютага з 2000 года святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day), абвешчаны на 30-й сесіі Генеральнай Канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года. Адзначаецца гэты дзень з мэтай садзейнічання моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю. Выключна выказаўся ў 2003 годзе з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы папярэдні Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Каіціра Мацуура: «Родныя мовы ўнікальныя ў тым, які адбітак яны накладваюць на кожнага чалавека з моманту нараджэння, надзяляючы яго асаблівым бачаннем рэчаў, якія ніколі напраўду не знікнуць, нягледзячы на ​​тое, што пасля чалавек авалодвае многімі мовамі. Вывучэнне замежнай мовы - гэта спосаб пазнаёміцца ​​з іншым бачаннем свету, з іншымі падыходамі». Нядзіўна, што гэты дзень асабліва палюбіўся нацыянальным меншасцям у многіх краінах свету. Так, 20 лютага 2015 года ў Бюро міжэтнічных адносін Рэспублікі Малдова прайшоў вялікі святочны літаратурна-музычны конкурс-канцэрт пад назвай «Родная мова - вечная каштоўнасць» (Limba materna - valoarea eterna), прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы і накіраваны на захаванне, развіццё і папулярызацыю моў меншасцяў, якія насяляюць Рэспубліку Малдова. Таксама сёлета гэтае мерапрыемства было прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння двух вялікіх культурных дзеячаў Рэспублікі Малдова - паэта Рыгора Віера і опернай спявачкі Марыі Біешу.

Арганізатарамі конкурсу-канцэрта выступілі Бюро міжэтнічных адносін Малдовы сумесна з Каардынацыйным саветам этнакультурных арганізацый Малдовы. На свяце родных моў у Малдове беларуская дыяспара Рэспублікі Малдова грала адну з вядучых роляў, а беларуская мова вельмі ўпэўнена гучала. Старшыня Праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы Ганна Мазур была ўдастоена гонару выступіць у якасці мадэратара гэтай дзеі разам з вядомым малдаўскім акцёрам тэатра і кіно Ніку Цуркану.

Таксама Беларуская абшчына Рэспублікі Малдова парадавала гасцей і ўдзельнікаў свята выдатным выступленнем спевака Дзмітрыя Нікіціна з шыкоўнай беларускай песняй на музыку Эдуарда Ханка і словы Ніла Гілевіча з рэпертуара “Сяброў” "Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы".

Усіх крануў душэўны акапэльны выступ юнай і актыўнай дзесяцігадовай удзельніцы Беларускага культурнага руху Альбіны Анфінагенавай з беларускай народнай песняй "Як пад новым годам зорачка свяціла", якую яна таксама выдатна прэзентавала ў снежні мінулага года на "Калядным свяце" ў Амбасадзе Беларусі ў Малдове.  

Увогуле ў мерапрыемстве ўзяло ўдзел больш за 50 удзельнікаў, якія прадставілі 25 этнакультурных аб'яднанняў нацыянальных меншасцяў Рэспублікі Малдова. Натуральна, што ў такі дзень ніхто не пайшоў дадому без дыплома і падарунка, аднак па выніках судзейскага галасавання, якія будуць абвешчаныя пазней, самыя годныя з канкурсантаў возьмуць удзел у траўні ў вялікім гала-канцэрце ў Нацыянальным тэатры оперы і балета Рэспублікі Малдова, што будзе прысвечаны Дням славянскага пісьменства і культуры.

Ад імя Беларускага культурнага руху Малдовы віншуем усіх беларусаў з Міжнародным днём роднай мовы! І яшчэ раз ад усёй душы жадаем усім нам берагчы нашу родную, мілагучную, нашу адзіную і непаўторную мову матчыну - беларускую мову і штодня жыць ёй!

Ганна Мазур