Выхад да мора Рыгора Барадуліна

Распавядалі ў Рызе пра ўражлівую раніцу, калі горад абуджаўся зладжанай песняй вясёлай тройцы. Гэта Еранім Стулпан, які разам з У. Караткевічам вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве, запрасіў для ўдакладнення сваіх новых перакладаў Караткевіча з Барадуліным. А потым вырашыў перавесці бяседу моваведаў у праходку з песняй.  Шпіль Домскага сабора і ўсіх іншых рыжскіх бажніцаў заканчваецца бліскучым флюгерам з фігурай пеўніка. Пра пеўніка і чула Старая Рыга народную песню, якая пачынаецца такімі словамі: “Кур ту тэцы, кур ту тэцы, гайліс ман?” (“Куды ты бяжыш, куды ты бяжыш, пеўнік мой?”). Відаць, у тую раніцу сімвалічны Пеўнік з флюгера вырашыў прагуляцца разам з паэтамі. Еранім быў пачынальнікам песні, а падпявалі яму смела і ўпэўнена Уладзімір і Рыгор, якія натхнённа авалодвалі валодай (мовай) латышоў. Да апошніх дзён усіх трох творцаў, спадзяюся, быў родненькім той Певень – сімвал Сонца, шчасця, жыццёвай сілы, захавальнік хатняга агменю. Латвія была ўдзячна У. Караткевічу хаця б за “Казкі Янтарнай краіны”. Р. Барадуліну больш пашанцавала. За перакладчыцкую дзейнасць, нястомную прапаганду латышскай літаратуры на Беларусі Рыгор Іванавіч быў удастоены найвышэйшай адзнакі Латвіі – ордэна Трох Зорак. Да такой узнагароды, а тым самым і звання афіцэра ордэна (4-й ступені) ён быў прадстаўлены 23 красавіка 1994 года. Уручэнне ж ордэна адбылося 24 лютага 1998 года ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.

 Перакладаю,  Тлумачу,  Бурлачу…

Так пісаў у адным з сваіх вершаў Рыгор Барадулін. “Ад мовы да мовы масцілася кладка…” І найперш ад мовы і да мовы Яніса Райніса (узгадаем найперш п’есу “Ветрык, вей!”). Творчымі сабрысамі-сябрамі сталі для беларуса Імантс Аўзыньш, Оярс Вацыеціс, Андрыс Веянс, Віктарс Ліўзэмніекс, Яніс Сірмбардзіс, Кнутс Скуеніекс, Еранімс Стулпанс (спрабую пазначыць дакладнае напісанне латышскіх прозвішчаў). І як вынік выходзіць у Рызе ў 1967 годзе зборнік вершаў Рыгора Барадуліна “Siena laiks” (“Час сенакосу”). Перакладчык – Віктарс Ліўзэмніекс. А ў 1987 годзе ў Рызе быў выдрукаваны зборнік “Valoda” (“Мова”) – сумесная праца Рыгора Барадуліна і Яніса Сірмбардзіса.

Зямлю латышоў апявае Р. Барадулін у вершах “Леснічоўка Вэлдзіс”, “Рыжскія рукавічкі”, “Старая Латвія”, “Зазімак у Юрмале”… А вось з “Паэмы жытняй скібе” чытач пазнае адну з радаводных ліній Рыгора:

 Мой дзед,  рыжанін Галвіньш,  Механік па млынах…

У зборніку “Неруш” чытаю пра Маланку, жонку Андрэя Галвіньша, і пра тое, як

 Вясёлая Кулінка  “Латышачкай” была…

Кулінка – Акуліна Андрэеўна – і ёсць Рыгорава мама, ад якой я ў 1969 годзе запісаў на магнітафон , на радасць усіх нас, некалькі ушацкіх народных песняў.  На багатым шляху “З грэкаў у варагі” (ёсць такі паэтычны раздзел у Барадуліна, пазначаны 1977-м годам) засталося многа мецінак ад Рыгора Барадуліна. Паўтараю яго радкі пра радзіму Андрэя Упіта, дзед якога Грышка быў стырнавым з беларускіх берагоў Дзвіны:

 Настрой па сонцу выверы,  З вясёлай галавой  На золку выйдзі ў Скрыверы  Зялёнаю травой.

Напэўна, Рыгораў вяшчун – загадкавы Певень з ужо беларускай міфалогіі – аднаго разу навёў мяне, львоўскага курсанта, на прыязнага чалавека, які стаў маім настаўнікам, і не толькі ў вершаскладанні. Своеасаблівы помнічак яго апякунства – мой першы і самы дарагі зборнічак вершаў “Кастры Купалля”, 1967 года нараджэння. Але я святкую і 80-годдзе ад нараджэння Народнага Паэта, і 50-годдзе ад першай сустрэчы з лёсавызначальным (не пабаюся гэтага слова) творцам. У падзяку Рыгоравай лагодзе было пагасцінства ў Юрмале летам 1966 года, калі Рыгор з Уладзімірам Караткевічам былі запрошаны ў бацькоўскі дом і я разам з сястрой зладзіў для беларускіх паэтаў сімвалічны “Выхад да мора”. Святкавалі мы разам свята Сёмухі ў 1969 годзе на ўручанскіх узгорках, яшчэ не занятых гарадскімі хмарачосамі…

 А сярод дарчых надпісаў на Рыгоравых кнігах больш за ўсё падыходзіць да сённяшняй тэмы яго аўтограф на зборніку “Рум”:

Сяргейка, – пяць! – Не ад віна Табе я стаўлю бал такі. Нам родная з табой Дзвіна – Уся твая да Балтыкі! Рыгор. жнівень, 74 год. Мінск.

Народжаны недалёка ад прыдзвінскіх румаў, усе гэтыя гады мяне нібы абвівалі барадулінскія радкі. 15 гадоў таму ў м. Лявонпаль Мёрскага раёна ўзнік менавіта “Музей Радзімазнаўства” (радзімазнаўства – Рыгорава азначэнне). Гэта было на левым беразе падоранай мне Дзвіны. А на правым беразе (в. Цінкаўцы Верхнядзвінскага раёна) у 1979 годзе быў заснаваны мною музей “Хата бабкі Параскі на Шляху з Грэкаў у Варагі”).  6 лютага 2012 года я пачаў пісаць верш “На добры ўкос!” з пазнакай “Майму настаўніку Рыгору Барадуліну”. Адаслаў яго па прызначэнні. Але і сёння адчуваю, што буду правіць радкі вось гэтага ўрыўка:

 …Праз Цябе, Рыгор, і Люты  лютасцю не скалануты:  не развяжа Часу пас.  І Паломнікам славутым  звесніць ён з Табою цуды.  Выславяць натхнення гуты  кнігаў светлыя спаруды –  Яна Райніса наказ.  Хай паўторыць “Siena laiks”  косаў завіхлясты вальс.  Добры ўкос – і ў новы Час, –  каб спявалі тут і вуды,  ведалі в а л о д у гуды,  славілі Мядовы Спас!

Апошнім часам выходзяць кнігі і Рыгора Барадуліна, і пра Рыгора Барадуліна. Але выхад да мора нашага шматкрылага творцы можна было б адзначыць і такім цікавым выданнем пад назвай “Вясёлая сябрына”. У 1988 годзе штогоднік “Братэрства” змясціў 12 эпіграмаў Савося Авося (гэта адзін з псеўданімаў Р. Барадуліна) на латышскіх пісьменнікаў. Шаржы для “Вясёлай сябрыны” намаляваў Кастусь Куксо. Малавата “сябрынак” для меркаванага зборніка? Можна далучыць і вершы Рыгора, прысвечаныя Латвіі і латышам, і дакумент аб узнагароджанні ордэнам Трох зорак Латвійскай Рэспублікі… Пагартайце, да прыкладу, “Дзень паэзіі” за 1975 год, дзе таксама выдрукавана многа радкоў ад Савося Авося, прысвечаных ужо нашым літаратарам. Не падыдуць экспромты і малюнкі для “Вясёлай сябрыны”? А чаму б не прыгадаць тыя шчырыя набыткі, якія здзяйсняліся пад дэвізам дружбы літаратур. Дзеля іх і бурлачыў Рыгор Барадулін. Сяргей Панізнік

 На здымках: Выхад Рыгора Барадуліна да мора. Юрмала, пасёлак Каўгуры. Ліпень !966 г. Фота С. Панізніка.