Любім сваё, паважаем чужое. Чым сёння жывуць супляменнікі з казахстанскага горада Усць-Каменагорска

Хачу падзяліцца з чытачамі любімай газеты навінамі пра нашы поспехі і дасягненні. Многія ведаюць: суполку ў Усць-Каменагорску раней узначальваў Уладзімір Магазіншчыкаў, у ліку яе “першаадкрывальнікаў” была і Галіна Барысовіч. Мы прадаўжаем іх добрыя справы. Высокі гонар кіраваць Усходне-Казахстанскім абласным беларускім культурным аб’яднаннем даверылі мне, Галіне Жампеісавай (дзявочае прозвішча: Краўчанка). Нарадзілася і вырасла я ў вёсцы Падароск Ваўкавыскага раёна Гродзеншчыны, выйшла замуж у Казахстан. 

Актывісты суполкі з Усць-Каменагорска Ніна Прышчэпчык (злева), Раман Платонаў і Антаніна Шчэмер
 
“Мы, беларусы, мірныя людзі…” — знакавыя радкі з Дзяржаўнага гімна. Жывем у Казахстане ў дружбе і згодзе з прадстаўнікамі ўсіх нацыянальнасцяў. Год 2015-ы ў нас абвешчаны Годам міру, грамадскай згоды і адзінства казахстанцаў. Гэта і Год Асамблеі народа Казахстана: будзем сёлета святкаваць яе 20-гадовы юбілей. Старт урачыстасцяў — 6 лютага, іх дэвіз: “20 добрых спраў да дваццацігоддзя Асамблеі народа Казахстана”. Звыш 150 мерапрыемстваў спланавалі этнааб’яднанні. Завершым іх да канца года, і 1 снежня, у Дзень Першага Прэзідэнта, на форуме народа Казахстана падвядзем вынікі.
Летась мы працавалі ў рэчышчы галоўнай для нас падзеі: 70 гадоў Вызвалення Беларусі. Праводзілі сустрэчы з ветэранамі вайны, працаўнікамі тылу, дзецьмі вайны. На занятках па беларускай мове і літаратуры знаёміліся з творчасцю беларускіх пісьменнікаў, кампазітараў, якія пісалі і пішуць пра вайну. Развучвалі адпаведныя песні ў фальклорным гурце “Крынічка”. Паколькі сучасныя дзеці мала ведаюць пра тыя падзеі, праводзілі ў школах урокі мужнасці, расказвалі пра Хатынь, Брэсцкую крэпасць-герой, партызанскі рух. У маі правялі адкрыты ўрок “Мы песні спяваем твае, Беларусь!”. На імпрэзе былі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў: мы ўмацоўваем сяброўства паміж народамі. Вельмі шчырай атрамалася сустрэча, многія з прысутных выціралі слёзы, успаміналі перажытае за гады вайны. Да ўрока мы падрыхтавалі невялікія кніжачкі з успамінамі нашых супляменнікаў, якія ў гады вайны былі дзецьмі, перанеслі ўсе яе нягоды. Гэта аповеды Антаніны Міхайлаўны Шчэмер, Ніны Іванаўны Смельц, Марата Віктаравіча Прышчэпчыка, Надзеі Іванаўны Чэусавай. Гэты ўрок яшчэ раз нагадаў: любая вайна страшная, бо нясе людзям гора і пакуты. А 3 ліпеня, у Дзень Вызвалення і Дзень Незалежнасці Беларусі, сабраліся супляменнікі-беларусы за святочным сталом. Успаміналі пра перажытае старэйшыя ветэраны, гаварылі пра цяжкае пасляваеннае маленства маладзейшыя. Казалі: трэба памятаць мінулае і актыўна змагацца за мірную будучыню.
Летась мы вывучалі беларускія звычаі, традыцыі, абрады. Спраба­валі і самі  нешта аднавіць. У верасні, напрыклад, у этнавёсцы праводзілі Дажынкі, былі на іх беларускія вобразы: Талака і Жыцень. Прычым тэлежурналісты гэты абрад зазнялі, потым дэманстравалі відэа па ўсім Казахстане. Аднавілі мы таксама беларускія абрады “Радзіны” і “Дзяды”. А сумесна з рускім і ўкраінскім цэнтрамі адзначаем таксама Каляды, Раство Хрыстова, Вялікдзень. Працуе ў нас і фальклорны гурт “Крынічка”: рыхтуем канцэрты і выязджаем з імі ў школы, санаторыі, пасёлкі, дзе жывуць беларусы. У 2013-м Міністэрства культуры Беларусі праводзіла конкурс: хто лепш пашырае беларускую культуру ў краінах замежжа. Мы атрымалі дыплом за працу і прыгожыя нацыянальныя строі, шмат відэа- і аўдыёматэрыялаў пра Беларусь, літаратуру — з рук Пасла Беларусі ў Казахстане Анатоля Нічкасава і консула Вадзіма Свярчкова ў лістападзе мінулага года. Дзякуй за прызнанне, родная Беларусь! Актыўныя мы і пры падрыхтоў­цы, правядзенні святаў Казахстана: Дзень Незалежнасці, Дзень Адзінства народа Казахстана, Дзень Канстытуцыі, Дзень Першага Прэзідэнта і іншыя. Сумесна з казахамі святкуем мусульманскі Новы год — Наўрыз. Бо ўсе мы тут — адзіны народ: казахстанцы. Казахі, рускія, беларусы, украінцы, яўрэі, азербайджанцы, татары, уйгуры, карэйцы — усе сябруем і з павагай ставімся адзін да аднаго. “Любім сваё і паважаем чужое” — па такім прынцыпе і жывём. Таму ў суполцы паралельна з мерапрыемствамі да  20-х угодкаў Асамблеі спланавалі, як будзем адзначаць 15-годдзе нашага аб’яднання: 26 снежня 2000 яно заявіла пра сябе. Задумалі круглыя сталы з “першаадкрывальнікамі” суполкі, выставы работ нашых майстроў — яны вышываюць ручнікі ды шыюць лялькі ў беларускіх строях. Будзем выязджаць з канцэртамі ў школы, зоны адпачынку, на прадпрыемствы. Запланавалі цыкл гутарак на тэму “Знаёмцеся: Беларусь”, фэст “Беларускія сувеніры”, Тыдзень беларускай культуры ў горадзе. Будуць сумесныя конкурсы, святы з украінскім, рускім і іншымі цэнтрамі. Будзем высаджваць дрэвы ў гонар юбілею Перамогі і да юбілею нашага аб’яднання. Правядзем конкурсы сярод моладзі на лепшае выкананне беларускіх песень, чытанне вершаў беларускіх аўтараў, на лепшы танец. Мы шануем і паважаем тых энтузіястаў, якія заснавалі і “паставілі на ногі” нашу беларускую суполку. Гэта Уладзімір Паўлавіч Магазіншчыкаў, Марат Віктаравіч і Ніна Мікалаеўна Прышчэпчыкі, Антаніна Міхайлаўна Шчэмер, Галіна Аўгусцінаўна Барысовіч, Раіса Цімафееўна Лушчаева, Ніна Іванаўна Смельц ды іншыя. Яны і цяпер разам з намі: дапамагаюць сваім удзелам у мерапрыемствах, слушнай парадай. І мы спадзяемся, што з гонарам, у цудоўнай творчай форме сустрэнем юбілей суполкі. 
Галіна Жампеісава, старшыня Усходне-Казахстанскага абласнога беларускага культурнага аб’яднання, г. Усць-Каменагорск