Дом у Воршы, дзе жыў Караткевіч, застаўся без гаспадара

Памёр Юрый Барабаш, нашчадак спадчыны сям’і пісьменніка Уладзіміра Караткевіча, які жыў у дамку з мемарыяльнай шыльдай.

Менавіта тут Уладзімірам Караткевічам быў напісаны першы варыянт «Дзікага палявання караля Стаха», аповесць «У снягах драмае вясна», шмат вершаў.

Драўляны аднапавярховы дамок на былой вуліцы Касманаўтаў (цяпер вуліца імя Караткевіча) з'явіўся ў пасляваенным 1946 годзе. Грошай на будаўніцтва ў бацькоў пісьменніка не было, і яны набылі хату ў вёсцы ды перавезлі ў Воршу.

Да гэтага часу дом змяніў некалькі гаспадароў, якія дбайна захоўвалі памяць пра пісьменніка-земляка і з задавальненнем запрашалі на падворак экскурсантаў і гасцей горада. Апошні гаспадар, Юрый Барабаш, які памёр 2 лютага, не быў прамым нашчадкам Караткевічаў. Шмат гадоў таму ён ажаніўся з дзяўчынай, якой апекаваліся бацькі пісьменніка: падчас мінулай вайны Раіса страціла сваякоў, і Караткевічы прынялі яе ў сваю сям’ю. Уладзімір і Раіса выраслі разам, а потым яна і засталася жыць у той хаце, якая стала для яе роднай. Раіса Барабаш ужо памерла, а яе муж Юрый да апошніх сваіх дзён, у вельмі сталым веку, даглядаў «караткевіцкі» дом і падворак, на якім дасюль расце груша, што памятае маладога Уладзіміра Караткевіча. Далейшы лёс будынку пакуль няясны. Распарадзіцца спадчыннай маёмасцю маюць сваякі: у Юрыя Барабаша засталася дачка, якая жыве ва Украіне, а з найбліжэйшых сваякоў Уладзіміра Караткевіча ёсць пляменніца, Алена Сінкевіч, якая часта прыязджае ў Воршу на імпрэзы, прысвечаныя дзядзьку, матчынаму брату. Аднак у Воршы ўжо некалькі гадоў ходзяць чуткі, што драўляную забудову па вуліцы Караткевіча могуць знесці, каб збудаваць на гэтым месцы «шматпавярховік».