2014 год у жыцці беларускага замежжа

У нашым невялікім аглядзе мы прапануем узгадаць тое, чым жыло беларускае замежжа ў мінулым годзе.

Падрабязна пра дзейнасць Згуртавання “Бацькаўшчына”, у тым ліку як каардынатара культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, а таксама пра навіны з беларускага замежжа мы інфармавалі  праз бюлетэнь “Беларусы ў свеце” і сайт zbsb.org. Аднак варта яшчэ раз адзначыць самыя важныя і знакавыя з падзеяў.

Безумоўна, вельмі важным стала прыняцце ў чэрвені Закона “Аб беларусах замежжа”, які падвёў пэўную рысу пад шматгадовымі намаганнямі Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і беларускай дыяспары (Закон уступіў у сілу ад 21 верасня). Наперадзе — праца па ўнясенні канкрэтных прапановаў у змест самой дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларускага замежжа.

Вартай увагі падзеяй стала і стварэнне  Цэнтра камплектавання і вывучэння дакументальнай спадчыны беларускага замежжа пры Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Гэтай ініцыятывай пакладзены пачатак сістэматычнаму выяўленню, захаванню, апісанню, вывучэнню і папулярызацыі дакументальнай спадчыны беларускага замежжа. “Бацькаўшчына” вітае гэтую падзею, і будзе спрыяць папаўненню архіва Цэнтра.

Яшчэ адной новай ініцыятывай стала заснаванне Прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў (эмігрантаў у ЗША) за кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” - адзін з партнёраў гэтай прэміі разам з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і выдавецтвам “Лімарыус”.

2014 год, асабліва яго першая палова, вызначыўся юбілеямі беларускіх арганізацый у замежжы. Так, у лютым адсвяткавала 20-гадовы юбілей  Беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Уздым” у Даўгапілсе. У сакавіку ў Йыхві беларусы з розных рэгіёнаў Эстоніі святкавалі 25-годдзе Беларуска-эстонскага згуртавання (БЭЗ). Услед за ім, у красавіку, 25-годдзе адзначыла Таварыства беларускай культуры ў Літве (Вільня).

 У траўні 60 гадоў дзейнасці святкавала адна з найстарэйшых беларускіх арганізацый на Захадзе — Англа-беларускае таварыства (Вялікабрытанія). А ў верасні 70-годдзе заснавання і дзейнасці адзначыў II Агульнаадукацыйны ліцэй з дадатковым вывучэннем беларускай мовы імя Б. Тарашкевіча (Польшча).

Важным сведчаннем беларускай дзейнасці ў замежжы ёсць 22-ая канферэнцыя “Санкт-Пецярбург і беларуская культура”, што адбылася ў чэрвені ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы з ініцыятывы Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў; а таксама 31-ая Сустрэча беларусаў Паўночнай Амерыкі, што адбылася традыцыйна ў жніўні ў Нью-Ёрку. Пасля трохгадовага перапынку ў Мінску прайшоў ІІ Фестываль мастацтваў беларусаў свету.

Супольнасць беларускай дыяспары пабагацела: у Малдове 30 сакавіка паўстаў Беларускі культурны рух Малдовы.

І гэтая, і многія іншыя беларускія супольнасці ў свеце вялі актыўнае жыццё: арганізоўвалі імпрэзы, выдавалі газеты ды часопісы, пісалі і друкавалі кнігі, бралі ўдзел  у тэле- і радыёперадачах, прадстаўлялі свае суполкі на рознага кшталту мерапрыемствах мясцовага і дзяржаўнага альбо  міжнароднага ўзроўняў: гэта і фестывалі, і канферэнцыі, і  кангрэсы, і дыскусіі. Беларусы розных краінаў ушаноўвалі памяць нашых слынных дзеячаў і ладзілі акцыі салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, праводзілі літаратурныя і музычныя сустрэчы, адкрывалі выставы. Ва ўсім свеце беларусы шырока адзначалі такія памятныя для Беларусі даты як Дзень Волі, 500-годдзе бітвы пад Оршай ды ўгодкі Слуцкага збройнага чыну, а таксама такія народныя святы як Купалле, Дзяды або Каляды.

Так, вельмі актыўным быў гэты год у беларускім жыцці Малдовы. Летась тут быў створаны Беларускі культурны цэнтр імя Янкі Купалы. На рэспубліканскім радыё з’явілася штомесячная перадача Генадзя Зяньковіча на беларускай мове. На сёння ў Малдове існуе дзесяць беларускіх супольнасцяў, і ўжо згаданы новаствораны Беларускі культурны рух адразу заявіў пра сябе плённай дзейнасцю, напрыклад, актыўным удзелам у форуме нацыянальных меншасцяў Малдовы, у Днях славянскага пісьменства і культуры, правядзеннем святаў. Сярод найбольш значных дасягненняў арганізацыі назавем праект “Дзверы да этнічных каранёў”, асноўная мэта якога – сустрэчы беларускіх дзяцей замежжа з этнічнай Радзімай.

У беларусаў Латвіі мінулы год таксама быў багаты на падзеі. У красавіку ў Цэнтры беларускай культуры ў Даўгаўпілсе адкрылася народная беларуская бібліятэка. У Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта ў Рызе прайшла выстава “Янка Маўр і Якуб Колас: Разам па жыцці”, якую падрыхтавала Марыя Міцкевіч. Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар” падарожнічала з выставамі па Латгаліі. Суполкі, што ўваходзяць у склад Саюза беларусаў Латвіі, правялі ў сваіх гарадах Дні культуры Беларусі.

Важную справу ўдалося зрабіць беларускай суполцы “Скарына” ў Чэхіі: цяпер магілы прэзідэнтаў Рады БНР Пётры Крачэўскага і Васіля Захаркі, а таксама спевака Міхася Забэйды-Суміцкага на Альшанскіх могілках у Празе ўзятыя пад яе апеку.

І гэта толькі некаторыя прыклады.

2014 год быў багаты і кніжнымі  выданнямі, прысвечанымі замежжу. Пабачылі свет кнігі маскоўскага беларуса Аляксея Каўкі “Мае беларусы”, кніга ўспамінаў амерыканскага беларуса Васіля Стомы “Маё мястэчка”, што ўвайшла ў дзясятку найлепшых навукова-папулярных кніг паводле версіі “Радыё Свабода” ды за якую атрымаў удзячнасць ад ньюёркскага Беларускага інстытута навукі і мастацтва мовазнавец Зміцер Саўка. Падзеяй стала выданне Збору выбраных твораў айца Аляксандра Надсана, а таксама доўгачаканае выданне даведніка “Сузор’е беларускага памежжа” пад рэдакцыяй Адама Мальдзіса. Папоўнілася і серыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, заснаваная Згуртаваннем у 2004 годзе. Пры канцы года ў ёй пабачыла свет і другая кніга, прысвечаная беларускаму дзяржаўнаму прадстаўніцтву ў замежжы “Рада БНР (1970—1982): Падзеі і дакументы”. Пэўны працяг атрымалі і замежнабеларускія часопісныя праекты: адноўлены навуковы лонданскі The Journal of Belarusian Studies, канадскі інтэрнэт-праект “Сакавік: Культура, нацыя”, ньюёркскі літаратурны альманах “Беларус”.

На жаль, год не абышоўся без стратаў. Адышлі беларускія дзеячы замежжа, сярод якіх Ірына Аржахоўская, Міхась Белямук, Алесь Каляда, Мікола Прускі, Юрка Станкевіч, Уладзімір Чапега, а таксама вядомыя дзеячы, сябры ЗБС “Бацькаўшчына” з Беларусі Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін.

Негатыўнымі з’явамі сталі падзеі ў беларускім жыцці Вільні, звязаныя са справай беларускіх дамкоў, а таксама звальненне Лены Глагоўскай з Беластоцкага ўніверсітэта.

Спадзяемся, 2015 год увойдзе ў гісторыю толькі добрымі здзяйсненнямі, а 2014 год застанецца ў памяці як яшчэ адзін год, калі ўсе мы разам працавалі на захаванне і развіццё  беларускай культуры ў свеце і на Радзіме. Больш падрабязна з дзейнасцю “Бацькаўшчыны” і падзеямі ў беларускім замежжы ў мінулым годзе Вы можаце пазнёміцца на нашым сайце zbsb.org.

Наталля Гардзіенка,

Алеся Башарымава