“Чытанка” завітала ў Гародню

Прэзентацыя “Чытанкі для маленькіх” ад кампаніі “Будзьма беларусамі” пацешыла і разварушыла гарадзенскую аўдыторыю.

“Чытанка для маленькіх” – гэта нешта большае за дзіцячую кніжку, нават якасна выдадзеную. Гэта, лічы, маленькі патаемны свет – з казкамі, калыханкамі і загадкамі, сабранымі пад адной вокладкай. Кніга гэтая выйшла летась выдавецтве “Кнігазбор” на замову МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”. Прэзентацыя “Чытанкі” была зусім не падобная да звыклай прэзентацыі акадэмічнага ці мастацкага выдання, то бок не нагадвала “летаргічны сон”, што з дзецьмі недапушчальна.

Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі дакладна ведаюць гэтае правіла, увесь час прэзентацыі ўтрымліваючы ўвагу дзяцей: і словам, і песняй, і конкурсам, і калекцыяй чароўных музычных інструментаў.

– Ма-ама, – расцягвае на розныя лады зала.

– А другое?

– Та-а-ата!

– А трэцяе?

– …

– А трэцяе – дуда-а!

Гэтае апошняе разгубленым дзеткам падказвае Яраш і тут жа бярэцца за інструмент, раздзьмувае мяхі. Публіка глядзіць зачаравана, ніякай мітусні, уся ўвага на музыку. І тут – чароўны старадаўні гук напаўняе залу, бібліятэкаркі адно пераглядаюцца з усмешкай: толькі ў кіно такое бачылі ды чулі.

– А гэта пішчык, – паказвае Яраш наступны загадкавы артэфакт, – а чаму такая назва, здагадайцеся…

– Бо пішчы-ыць! – не даслухаўшы да канца, адказвае за ўсіх дзяўчынка.

Бомы, шаргуны, жалейка, варган ды іншыя беларускія інструменты, якія ўжо паспелі стаць экзотыкай, загучалі ў чытальнай зале дзіцячага філіяла абласной бібліятэкі.

Аксана, у сваю чаргу, не давала малечы заседзецца на адным месцы. Усё адно рухлівая аўдыторыя не ўсядзіць на крэслах, а так хоць разам усе паскачуць ды з карысцю для мерапрыемства.

Асобнікі “Чытанкі” пад пахай, паштоўкі ды закладкі “Будзьмы” ў мамчыных сумках за слушныя адказы ў віктарынах, цэлы багаж ведаў пра беларускія музычныя інструменты і проста добры нядзельны настрой… Усё гэта панеслі па хатах гарадзенскія дзеткі, да якіх нарэшце даехала “Чытанка”.

Алесь Кіркевіч, фота Хрысціны Марчук