Я “нарадзіўся” там: фатограф Дзмітрый Ляльчук

Часам на Радзіме для рэалізацыі чагосьці не хапае — і беларусы з’язджаюць. З’язджаюць па лепшае жыццё і самарэалізацыю. З’язджаюць, каб дамагчыся поспеху і прызнання ў свеце. Відавочна, такіх менш. Але ў першую чаргу яны ў іншых краінах фармуюць меркаванне пра нас як нацыю. Менавіта пра такіх беларусаў — сумесны праект часопіса “Большой” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!“. Ведаем сваіх, шануем сваіх і ганарымся імі!

Поўную рускамоўную версію інтэрв’ю чытайце на сайце www.bolshoi.by

Беларускамоўная версія — на сайце www.budzma.by.

Дзмітрый Ляльчук. Фатограф, журналіст. Месца пражывання – Гамбург. Аўтар шэрагу фотапраектаў для буйных часопісаў, такіх як Mare, Der Spiegel, GEO. За адзін з іх – аб пасёлку Шойна, які заносіць пяском, – быў у 2012 годзе намінаваны на Henri Nannen Prеis, найвышэйшую журналісцкую ўзнагароду ў Германіі. У тым жа годзе атрымаў Hansel-Mieth-Preis. Тады ж для вядомага французска-нямецкага канала ARTE ў якасці аператара пачаў працу над фільмам. У 2013 годзе фільм выйшаў у пракат і атрымаў найвышэйшую ўзнагароду на кінафестывалі ў швейцарскім Берне. У канцы 2014 года Дзмітрый Ляльчук выйграў сумесны фотаконкурс GEO і Greenpeace (Greenpeace Photo Award 2014): http://photo-award.org/  З чым мы яго і віншуем!

– Мінулым летам я рабіў фотапраект пра даўншыфтынг у Беларусі, пра людзей, якія вырашылі па розных прычынах перабрацца з горада ў вёску. На дадзены момант, думаю, гэта адна з найлепшых маіх фотасерый. Але прадаць яго ў Еўропе, як і ўсё, што тычыцца Беларусі, нерэальна. Шэф-рэдактар часопіса “Штэрн” прапанаваў памяняць Беларусь на Нямеччыну. Але пытанне ў тым, што тут даўншыфтынг здараецца выключна з цікавасці, ад жадання змяніць абстаноўку, а не ад неабходнасці. Германія – сытая краіна. Немцы выхаваныя па-іншаму, яны пазбаўленыя спантаннасці, а таму даўншыфтынг тут мне не цікавы. Думаю, што ў аснове кожнага добрага рэпартажу ляжыць фактар змушанасці, элемент надрыву, а не бяздзейнай цікаўнасці. Хоць я і не скажу, што людзі, якіх я фатаграфаваў у Беларусі, былі ў роспачы. Не, наадварот. Яны збольшага атрымлівалі асалоду ад жыцця.

 З Дзімам мы сустрэліся ў кафэ, адным з нямногіх у гэтым горадзе, дзе дазвалялася курыць. І хоць ніхто з нас не курыў, назіраць, з якой непрыхаванай асалодай зацягваецца цыгарэтай спадар за суседнім столікам, было прыемна. У Гамбургу мы трэці дзень. Нарэшце тут вызірнула сонца! Твары людзей памаладзелі і засвяціліся, горад стаў прывабнейшым. Вясна!..

 – Фатаграфію ў дзяцінстве я не любіў. Але ў мяне ёсць сябар, з ім мы друкавалі здымкі. Мне проста падабалася піць піва, слухаць Грабеншчыкова і друкаваць. Я заўсёды ставіўся да яе з такой лёгкай пагардай. Не вельмі разумеў, што гэта і для чаго. Навошта, напрыклад, людзі ездзяць у турыстычныя паездкі і фатаграфуюць?! Бо калі гэта добрыя ўспаміны, то яны сапраўды застануцца ў галаве, і камера не патрэбная. А калі дрэнныя, то навошта? Так я думаў, пакуль аднойчы не пазнаёміўся з дзяўчынай, якая ўмела фатаграфаваць. Яна паказала, што фатаграфія можа несці яшчэ і нейкую эстэтычную нагрузку. Пра гэта я раней ніколі ў прынцыпе не задумваўся.

– Чаму з’ехаў з Беларусі?

– Ну … Таму што каханне. Яна была з Мінска, пераехала ў Гамбург з бацькамі. Я вельмі не хацеў ехаць у Нямеччыну. І мне было зусім не да горада, і нават не да краіны. Але аднойчы, гуляючы з Ёю па Гамбургу, я зайшоў у старую царкву. А там – арган ціхенька грае, гатычная архітэктура… Атмасфера такая… Здалося, што звонку рыцары на конях раз’язджаюць. Тады я ўпершыню адчуў, наколькі ўсё тут дыхае гісторыяй. Потым ўспомніўся яшчэ Хемінгуэй з яго раз’ездамі па Еўропе. З гэтага моманту мне стала цікава.

 Па прыездзе ў Гамбург Дзіма паступіў у Інстытут прыкладных навук на аўдыё-візуальныя медыі. Там вывучалася ўсё – ад святла ў тэатры да гуку і мантажу. Была дзесьці на перыферыі выкладання і фатаграфія. І аднойчы Дзіму “здалося, што менавіта фатаграфія пачала атрымлівацца”. Так склалася прафесія.

 – У Гамбургу мне пашанцавала, канец інстытута супаў з пачаткам працы ў тым напрамку, у якім працую да гэтага часу. А першае буйное заданне на здымкі надарылася ад часопіса “Марэ” (Мора) на Поўначы Расіі, у пасёлку Шойна, які заносіць пяском. Рэпартаж атрымаўся даволі важкі. Было апублікавана 25 маіх фатаграфій. А наконт таго, што я эмігрант… Так, ніхто з маіх цяперашніх калегаў не пачынаў з нуля, ва ўсіх былі знаёмыя, альбо ў рэдакцыях часопісаў, альбо ў агенцтвах. У Нямеччыне рэкамендацыі вельмі шмат значаць. Без іх, на іншых роўных умовах, не прабіцца.

 Гісторыя пра пасёлак Шойна спадабалася настолькі, што пра яе вырашылі зняць фільм. Так што апошні раз Дзіма быў там ужо ў якасці аператара. Прэм’ера фільма сумесна з прэзентацыяй кнігі прайшлі ў Швейцарыі восенню 2013 года, сабраўшы чаргу з ахвочых атрымаць аўтограф ад аўтара. Калі казаць пра дасягненні, то ў 2012 годзе беларускі фатограф Дзмітрый Ляльчук быў намінаваны на Henri Nannen Prеis – найвышэйшую журналісцкую ўзнагароду ў Германіі. У тым жа годзе атрымаў Hansel-Mieth-Preis, дзе ацэньваецца ўжо сумесная з журналістам праца. Увогуле – ёсць, чым пахваліцца. Але ён хваліцца іншым.

 – Я сядзеў у офісе, патэлефанавала рэдактар часопіса “Штэрн” і кажа: “Я вас віншую, вы намінаваныя на Henri Nannen Prеis!” – “Дзякуй”, – ветліва кажу я. “Не чую натхнення?!” – адказвае яна. А я тады, шчыра кажучы, не ведаў, што гэта. “Ну вы ж, кажа, у курсе, хто быў у журы, хто адабраў вашыя фатаграфіі?” – “Не” – кажу. Яна: “Джэймс Нахтвэй”. А гэта для мяне – легенда сучаснай рэпартажнай фатаграфіі, самы вядомы з фатографаў, якія жывуць цяпер. І калі яна сказала, што ён асабіста адабраў мае здымкі, і ён спецыяльна прыляціць з Амерыкі, і я змагу з ім асабіста сустрэцца!.. Пасля такога ўсё астатняе для мяне не мела значэння.

 У Нямеччыне большая частка насельніцтва сацыяльна і палітычна ангажаваная. А таму на штогадовае адкрыццё выставы World Press Photo прыходзіць шмат людзей, мала разумеюць у фатаграфіі як такой, затое вельмі чула рэагуюць на тэмы, узнятыя аўтарамі.

 – Важна, перадасі ты сваю ідэю так, каб цябе зразумелі, ці не, а не лепш ці горш ты здымеш, чым іншыя фатографы. Вядома, еўрапейская фатаграфія вельмі моцна адрозніваецца ад “нашай”. Канкрэтна нямецкая фатаграфія перш за ўсё патрабуе ад маладога фатографа інавацыі. Графічнасць, правільнасць кампазіцыі, актуальнасць тэмы і гэтак далей – самі сабой маюцца на ўвазе, але адыходзяць на задні план. На пярэднім – інавацыя. Усе хочуць бачыць індывідуальны почырк фатографа. За кошт гэтага тут утварыліся цэлыя плыні. А яшчэ ў Нямеччыне рэпартаж зараз перажывае сур’ёзныя змены і вельмі адрозніваецца ад таго, як яго разумелі Брэсон або Капа. Тэма важная па-ранейшаму. Але стыль мяняецца. Усё часцей здымаюць сярэднім фарматам, усё менш дынамікі на здымках, усё больш партрэтаў. Лічыцца, што з твару можна счытаць інфармацыі больш, чым з сюжэтнага здымка. З гэтым я, праўда, не згодны… Але такім работам сталі надаваць вялікае значэнне. І яны зараз добра прадаюцца ў галерэях. Іх расцэньваюць у тым ліку і як прадмет мастацтва. Традыцыйную рэпартажную фатаграфію сюды цяжка аднесці, калі вядома яна не належыць знакамітаму аўтару, лепш за ўсё мёртваму.

А наогул, фатаграфія цяпер – гэта з’ява моды. Усе хочуць быць фатографамі, усе лічаць, што яны ўмеюць здымаць, што ў іх ёсць бачанне…

– А ў цябе яно ёсць?

– (Смяецца) Не ведаю, але што ў мяне дакладна ёсць – гэта цікаўнасць. Гэтага пакуль дастаткова.

 Тым часам мы дабраліся да ўлюбёнага нашым героем месца ў Гамбургу. І тут у мяне здарылася дэжа-вю – ужо вельмі навакольным ландшафтам яно нагадвала адзін са спальных раёнаў роднага Мінска. Рэльеф тут стваралі пара вялікіх размашыстых дрэў і вышынныя дамы на гарызонце. Месца выявілася мясцовым іпадромам. Наспела пытанне:

 – Настальгія мучыць?

– Так.

– Па чым? Або па кім?

 Дзіма ўсміхнуўся. У Гамбургу вершы Макарэвіча гучалі па-новаму.

 – Наша жизнь не приемлет в себе постоянства.

И прощаться легко. Только некая грусть

Занимает в душе небольшое пространство,

Если сверху смотреть на отмеренный путь.

Ведь прощаемся мы не с людьми, не с местами,

И не в том, между нами, расставания суть.

Всякий раз мы прощаемся с нашими днями,

Что уже не вернуть…

– Так што настальгія носіць невыразны характар. А гэтае месца – вельмі простае, і вельмі не нямецкае. Часам мне здаецца, што ў мяне раздваенне асобы: адзін дом у мяне ў Беларусі, а другі – тут. Гэта значыць тут дом – гэта сям’я, інакш яго б тут не было, а ў Беларусі – не толькі. А яшчэ – Зялёны Луг, і Мінск, і бацькі, і паходы з сябрамі па Беларусі…

Задавальненне ад працы для мяне вельмі важна. Але гэта хваравітае задавальненне

– Таму што большасць тэмаў, якія я здымаю, такія. Калі я здымаў мінскі хоспіс, за першыя пятнаццаць хвілін перад маёй камерай памерлі 3 чалавекі. І не проста памерлі, а ў пакутах. Было жудасна. Маральна я быў вельмі спустошаны. Такое было яшчэ толькі раз. Тады для дыплома я здымаў дзіцячы дом для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. І так склалася, што пасля здымак сустракаўся з сястрой і яе дзіцем у Макдональдсе. Прыходжу туды, а гэтае дзіця здаровае, радаснае…

А нядаўна я здымаў фатографа – Акаша. На дадзены момант гэта самы вядомы азіяцкі фатограф. Ён сам з Бангладэша, але на працягу года жыў у Гамбургу. Дык вось, ён робіць сацыяльныя праекты. Таму што лічыць несправядлівасцю, калі багатыя багацеюць яшчэ больш за кошт бедных. Але сваім героям-беднякам ён дапамагае не грашыма, іх яны ўсё роўна праядуць. Ён доўга высвятляе, чаго яны хочуць на самай справе, а потым купляе ім абсталяванне пад іх уласную справу і забяспечвае пачатковым капіталам. Штосьці тыпу старт-апа для бедных. Ён абраў сабе 10 сем’яў і іх курыруе. Мне здаецца гэта вельмі выдатна, высакародна і годна захаплення. У многіх еўрапейскіх фатографаў ёсць грошы, але яны чамусьці такім не займаюцца, апраўдваючы сваю бяздзейнасць адсутнасцю часу. А па-мойму, гэта проста абыякавасць.

Пра Бога і ўменне чакаць

– Калісьці я быў заўзятым вернікам і разлічваў на дапамогу. Але вера не спрацавала. Цяпер адзіны інструмент, які я магу выкарыстоўваць, – мая логіка. Можна бачыць свет як набор, дасланых табе знакаў і пасылаў звыш, як набор супадзенняў ці як тваю праекцыю… Як правільна? Я не ведаю. У мяне няма інструкцыі. Таму я – фатограф. Я толькі сузіраю. І часам – фіксую. Я не бяру на сябе місію тлумачэння свету нават для сябе самога. І я не лічу, што агнастыцызм – гэта напрамак баязлівасці. Хаця многія так думаюць.

– Навошта ж тады ты выбіраеш сацыяльна напружаныя рэпартажы? Бо прасцей за ўсё сузіраць прыроду.

– Таму што нецікава здымаць голую бабу ў студыі. А можа, таму, што цікава ставіць сябе на месца людзей, якія здзяйсняюць нешта незвычайнае для мяне, гаварыць з імі…

Ды і наогул, мне бліжэйшы будызм. Бо там нядзеянню надаецца такое ж значэнне, якое еўрапейцы надаюць дзеянню. І дарэчы, калі вяртацца да фатаграфіі, мне здаецца, галоўнае для фатографа – гэта якраз уменне чакаць. А не прыйсці і хуценька адздымаць. А тым больш – рыхтаваць сцэну і абстаноўку. Гэта наогул часта неэтычна. Трэба трэніраваць сваю сузіральнасць. Я гэтаму доўга вучыўся і дагэтуль вучуся. Гэта цяжка. Асабліва для рэпартажнага фатографа, ад якога часта патрабуюць імгненнага выніку. Часта я прашу дадатковы час у заказчыка, менавіта, каб пачакаць. І глядач бачыць гэты час, чытае паміж радкоў.

 Па прыездзе Дзіма жыў у лагеры для бежанцаў. Гэта былі такія невялікія шведскія домікі на зямлі. Там жылі практычна ўсе выхадцы з краін былога Саюза.

 – І вось у адзін цудоўны дзень я ехаў у метро. Насупраць сядзела дзяўчына, вельмі прыгожая. Яна разглядала фатаграфіі. Да іх я тады не меў ні найменшага дачынення. Я яе запомніў, і выпадкова выявілася, што падазрона часта мы ездзім у адзін час у адным вагоне. Потым высветлілася, што і выходзім мы на адным прыпынку, і ў адзін бок ідзем, і гаворыць яна па-руску. Я з ёй загаварыў. Аб літаратуры. Яна спытала, як я стаўлюся да Дзюрэнмата. На той момант да яго я таксама ніяк не ставіўся. Яна сказала, што дома ў яе збор Дзюрэнмата, і прапанавала даць пачытаць. Я вырашыў, што не варта губляць такі шанец. Балазе тамоў было пяць, і я мог прыходзіць, каб мяняць кнігі. На той момант у яе быў прыхільнік – высокі бландзін, пілот самалёта. І я бачыў, што ў мяне няма шанцаў. Потым у мяне памёр сусед за сценкай, і кіраўнік лагера сказаў, што мне трэба было б кудысьці выехаць, таму што на наша месца заедзе вялікая сям’я. Ён прапанаваў мне месца ў доміку 19Б. А дамоу 19Б быў менавіта тым дамком, дзе жыла дзяўчына. Так мы пачалі жыць у суседніх пакоях. А ў яе мама – кухар. Гатавалі яны, адпаведна, вельмі добра. А я гатаваў тое, што ўмеў, – распушчальныя пакецікі. Але Лену запрашаў заўсёды. Яна смяялася і адмаўлялася. Гэта быў ход канём, траянскім як выявілася. Праз паўгода такога цеснага пражывання праз сценку ў высокага бландына шанцы рэзка ўпалі. А яшчэ праз нейкі час мы пачалі жыць разам.

 Дзіма і Лена – добры прыклад таго, як немцы ставяцца да інстытута шлюбу. На момант, калі здарылася наша сустрэча, яны ўжо жылі разам 13 гадоў, нарадзілі дзіця, але так і не распісаліся. Дзіма кажа, што для яго гэта не важна.

 – Цяпер мяне гэта прыгнятае.

– Што прыгнятае? – не зразумела я. – Што вы да гэтага часу не распісаліся?

– Не. Тое, што я яе дамогся настойлівасцю. Мне здаецца, гэта даволі такі танны спосаб. Дарэчы, з нагоды фатаграфіі. Да яе я прыйшоў таксама праз Лену. Прыхільнік, той самы пілот самалёта, у свой час падарыў ёй фотаапарат. Звычайную мыльніцу. Калі пілот знік за гарызонтам, фотаапарат застаўся. І мы пачалі здымаць. Але не цікава бо здымаць адзін аднаго. А тое, што было цікава, на гэтую мыльніцу не атрымлівалася тэхнічна. Таму пры чарговай паездцы ў Мінск я купіў сабе “Зеніт”. І пачалося.

 Бліжэй да вечара Дзіма вырашыў нас пазнаёміць з самым вядомым раёнам Гамбурга – Рэпербан, прытулкам начных матылькоў і рассаднікам стрып-клубаў, мясцовай вуліцай Чырвоных ліхтароў. Прыехалі мы туды, калі ўжо парадкам сцямнела і пахаладала. А таму матылькі не спяшаліся прапаноўваць свае паслугі. Сіратліва свяціліся вітрыны сэкс-шопаў, дарма выстаўляючы на агляд змерзлым адзінокім шукальнікам забаў адкрытыя ўборы і цацкі зразумелага прызначэння. Ружовыя пеньюары і ажурныя панчошкі на загарэлых цельцах манекенаў былі недарэчныя пры такім надвор’і. Грэліся мы гарбатай ў клубе, дзе некалі выступалі “Бітлз”.

 Дзіма з’ехаў, калі яму было 24 гады. Тут ужо 14-ы год. У яго любімая праца, любімая спадарожніца жыцця, нядаўна дзіця нарадзілася, ездзіць па ўсім свеце… Проста абавязаны быць шчаслівым! Але…

 – Жыццё – гэта космас. Ён на 96% складаецца з цёмнай матэрыі і цёмнай энергіі. Але большасць людзей лічыць, што космас – гэта планеты, зоркі, гэта гравітацыя і гэтак далей. Цалкам забываючы пра гэтыя 96%.

– Гэта значыць, на 96% жыццё складаецца з таго, што нельга апісаць?

 – Для апісання спецыялістаў замала. Чалавек проста такая жывёліна, якая жыве ў соцыуме. А значыць, ацэньваецца яго крытэрамі. Галоўны з іх – паспяховасць. А шчасце ж складаецца не толькі з матэрыяльных дабротаў, кар’еры і прафесійнага росту. Ёсць рэчы, якія для мяне маюць большае значэнне.

Так атрымалася, што большасць сяброў у мяне – з тых часоў. Я да іх вельмі прывязаны. І да падзей тых часоў прывязаны. А тут нічога не адбываецца, разумееш? Нічога такога, што прывязвае людзей да месца. Тут я жыву мерным жыццём, калі не лічыць якіх-небудзь паездак, камандзіровак. Першыя закаханасці, першае сяброўства – усё засталося там. Калі б у мяне была праца ў Беларусі, я б значна больш ахвотна жыў у Мінску. Але пакуль я не бачу для сябе такой магчымасці.

Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы кампаніі «Туссон»