Паэтка Кася Сянкевіч з Падляшша: “Усё беларускае для мяне — як прынада”

Кася Сянкевіч — беларуская паэтка і мастачка родам “з таго боку Пушчы”. Нядаўна ў Беларусі выйшла яе кніга кароткіх пранізлівых верлібраў “Гарбата з незабудак”. Маладая аўтарка расказала “Будзьме” пра падляшскую гаворку і беларускую мову, пра карціны і вершы, пра мяса і кроў паэзіі. Да гутаркі далучаем творы Кацярыны.

Пра сувязь з Беларуссю

Я беларускай крыві, як і многія жыхары Падляшша. Вядома, не ўсе тут карыстаюцца беларускай літаратурнай мовай, а хутчэй падобным да яе дыялектам. Ён быў першай мовай, якую я вывучыла, на якой размаўлялі мае продкі. Польскай я навучылася ў школе. Маё пакаленне амаль не размаўляе на гаворцы. Мне гэта не замінала, я была сур’ёзнай дзяўчынкай і любіла слухаць мудрых людзей, у тым ліку настаўнікаў — быццам авангардна, насуперак. Я хадзіла на ўрокі беларускай мовы, хаця яны не былі абавязковымі.

Добра, што ёсць магчымасць знайсці свайго чытача ў Беларусі. Малая дзяўчынка ў душы, якая ўва мне не змяняецца, шчаслівая, калі яе разумеюць. Яна баіцца, што калі раскажа пра сябе праўду, то не знойдзе разумення, але мастацтва — гэта інструмент, які дазваляе прыцягваць падобныя душы. Асабліва беларускія. Я не друкуюся на польскай мове, хаця кожны верш мае польскую версію. Вядома, выказваць думкі лягчэй на мове, у якой ты расцеш і якой усе навокал карыстаюцца. Гаворка — гэта не тое самае, што літаратурная беларуская мова. Я яе яшчэ вучу. Для гэтага я сама перакладаю вершы, але толькі па-беларуску яны атрымліваюць гэтую першабытнасць, якую мае першая пачутая ў жыцці мова. Быццам гэта словы маёй бабулі (святой памяці), якой мне так моцна не стае. Або маіх бацькоў.

У лютым буду трэці раз у Беларусі. Каб выдаць тут кніжку, патрэбнае шанцаванне. Мне пашчасціла. Прапанова прыйшла ад старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў, калі ён пачуў мае вершы.

Для шматлікіх беларусаў, асабліва тых, якія сустракаюцца на “Бязмежжах” (літаратурны семінар на Беласточчыне— заўв. budzma), мяжы паміж Беларуссю і Падляшшам быццам не існуе. Бюджэт невялікі, але нашыя аўтары атрымлівалі прапановы выдаць у Беларусі кнігі, таму не магу сказаць, што падляшскія беларусы не маюць такой магчымасці. Шанец, напэўна, ёсць. У Польшчы многія выдаюць кніжкі, напрыклад, у літаратурным аб’яднанні “Белавежа”. Дзверы адчыненыя.

Ці часта я карыстаюся беларускай мовай ў жыцці? Шторазу часцей і імкнуся так часта, як толькі ўзнікаюць нагоды. Калі іх няма, я ствараю штучна…

Кася Сянкевіч, “Русалка”, 2014

Пра мастацтва

У мастацтве шукаю сувязі і з паэзіяй, і з Беларуссю, якая далёка ад Любліна, дзе я цяпер вучуся. Ткацтва, якім я займалася ў мастацкім ліцэі, таксама вельмі адчувальнае ў маіх карцінах. Цікавіць мяне беларускі арнамент, яго сімволіка і нават міфалогія.

Мае карціны — зусім не лёгкія замалёўкі, тут шмат змагання з палатном, тэхналагічных пошукаў. Гэтак жа я адчуваю свае вершы. Для мяне яны чорныя ад старой і чырвоныя ад свежай крыві. Мае вершы кароткія: чым меней гаворыш, тым лепш цябе слухаюць. Прафесар называе мае карціны мастацкім мясам, матэрыяй. Вершы таксама не ствараліся хутка. “Гарбату з незабудак” я пісала дзесяць гадоў. Многія з вершаў былі ў некалькі разоў даўжэйшыя. Я мусіла шмат словаў адрэзаць, каб засталося толькі мяса з крывёй, у якой, як вядома, жыве душа.

Кроў — гэта сімвал любові.

Кася Сянкевіч, “Аўтапартрэт”, 2014

Пра людзей, якія паўплывалі

Цяжка адказаць, якія людзі паўплывалі на мяне, бо мой падыход да творчасці інтравертыўны. Унутры сябе шукаю большасць адказаў на пытанні. У самым пачатку творчасці, калі мне было гадоў трынаццаць, мне выкладала польскую мову паэтка Эва Алімоўска, якая і навучыла мяне пісаць вершы. Слухала я музыку, словы якой мяне краналі, утвараючы ніць паразумення паміж мной і артыстам. Размова ідзе пра The Rasmus і польскі гурт Kombajn Do Zbierania Kur Po Wioskach. Іх я слухала як вялікі аматар, але цікавілася і іншымі. Паэзію чытала менш заўзята: мне або бракавала ў ёй рытму, або замінала рыфма. Цяпер я слухаю і чытаю ўсё беларускае, для мяне гэта як прынада. Найлепш у гукавой форме, каб можна было адначасова маляваць.

Пра сапраўдную паэзію

Сапраўдная паэзія — твор, які нараджаецца з сапраўдных прычын. Ён патрэбны аўтару як паветра. Гэта жывыя пачуцці, думкі, якія разрываюць мозг, або эмоцыі, якія змогуць цэлы свет крануць, калі ў аўтара толькі ёсць такая патрэба. Гэта песня, якую ён паўтарае, каб пражыць хаця б найбліжэйшую, найбольш гарачую хвіліну.

Кася Сянкевіч, “Tapporauta”, 2014

Падрыхтавала Аляксандра Дорская