Віншуем Рыжскую Беларускую асноўную школу імя Янкі Купалы з юбілеем!

Шаноўная спадарыня Ганна Іванэ, працаўнікі і навучэнцы Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы!

Ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” шчыра віншуем вас са знакавай для беларускага замежжа падзеяй – 20-цігадовым юбілеем школы!

Гісторыя гэтай навучальнай установы пачалася яшчэ ў 1991 годзе, калі на чале з Вячкам Целешам і пры яго ўдзеле з кола вучняў беларускай мастацкай студыі “Вясёлка” паўстала нядзельная школа, а праз тры гады пачаў працу першы клас Рыжскай беларускай пачатковай школы. Дзякуючы нястомнай працы настаўнікаў і дырэктара, у 1998 годзе школа паспяхова прайша акрэдытацыю і атрымала статус Рыжскай Беларускай асноўнай школы. На сённяшні дзень у школе навучаюцца не толькі беларусы, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, што сведчыць пра высокі статус школы. Вашаму калектыву ўдалося зрабіць вельмі шмат: пры школе дзейнічаюць мастацкая студыя “Вясёлка”, фальклорна-музычны ансамбль “Вавёрачка”, нацыянальныя культурна-адукацыйныя гурткі. Вучні часта наведваюць Беларусь з экскурсіямі, а некаторыя выпускнікі паступаюць у беларускія ВНУ.

Сёння ў школе, як і цягам усіх 20 гадоў яе існавання, працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, шчырыя энтузіясты, якія не толькі даюць добрыя веды па беларускай мове і літаратуры, гісторыі і культуры Беларусі, але і выхоўваюць у сваіх вучняў любоў і пашану да Беларусі, яе гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Рыжскую Беларускую школу па праве можна назваць калыскай беларушчыны ў Латвіі. Праблема пераемнасці пакаленняў ў беларускіх суполках за мяжой стаіць востра. Але пакуль існуе Рыжская Беларуская школа, упэўнены, для беларусаў Латвіі такое пытанне не паўстане.

Рыжская Беларуская школа выгадавала не адно пакаленне сапраўдных патрыётаў Беларусі. Спадзяемся, што так будзе і надалей. Шчыра жадаем, каб у хуткім часе школа пачала даваць не толькі асноўную, але і сярэднюю адукацыю і каб беларускіх школ і, адпаведна, школьнікаў агулам у Латвіі з кожным годам станавілася болей!

Яшчэ раз сардэчна віншуем педагагічны калектыў і ўсіх вучняў школы з юбілеем! Зычым моцнага здароўя, творчага натхнення, поспехаў у справе папулярызацыі беларускай культуры ў Латвіі. А настаўнікам таксама жадаем як мага болей таленавітых і ўдзячных вучняў.

Алена Макоўская,

кіраўнік МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”,

каардытанар кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Ніна Шыдлоўская,

старшыня Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”,

каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!”