2014 год у Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Я. Д. Чэрскага

Урачысты прыём мэра Іркуцка «Час. Падзеі. Людзі» ўжо стаў традыцыйным. 16 снежня ў Музычным тэатры імя Загурскага сабраліся тыя, хто любіць Іркуцк і імкнецца зрабіць яго лепшым. Мэр Віктар Кандрашоў узнагародзіў усіх, хто сваёй працай паўплываў на паляпшэнне жыцця горада. Падзеі, дасягненні, перамогі практычна ва ўсіх сферах жыцця Іркуцка: медыцына, адукацыя, спорт, культура і грамадскі рух, дзе была ўзнагарода найлепшаму нацыянальна-культурнаму цэнтру. Гэты конкурс праходзіць ужо чацвёрты раз, і ўсе гэтыя гады Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Я. Д. Чэрскагў тройцы наймацнейшых. У 2014 г. у нас другое месца!

Віншую ўсіх членаў ІТБК і выказваю падзяку ўсяму актыву за праведзеную працу - ДЗЯКУЙ!!!

ІТБК цягам 2014 г. узяло ўдзел у 21 гарадскім мерапрыемстве, не лічачы праведзеных сваіх уласных: часам былі такія святочныя дні, калі мы былі ў двух месцах адначасова! І гэта стала магчымым дзякуючы разуменню, працавітасці, жаданню нашых сябраў і іх сем'яў. На актыўнасць паўплываў і праект «Народны каляндар беларусаў Прыбайкалля», падтрыманы Губернскім сходам грамадскасці, які дазволіў нам палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу і ажыццявіць даўно задуманае. Набытыя і карысць, і вопыт, безумоўна, спатрэбяцца ў наступныя гады, ужо цяпер намечаныя новыя праекты і мерапрыемствы.

Чытаючы справаздачу аб праведзенай працы ІТБК, умоўна можна вылучыць некалькі групаў. Самая важная, прыемная, любімая, неабходная - правядзенне традыцыйных беларускіх абрадавых святаў. Тут усё прайшло згодна з нашым календаром, атрымалася арганізаваць выязныя мерапрыемствы ў нашых аддзяленнях: Купалле ў Ахінах і Андрюшына, Дажынкі ў Марынінску.

Асветніцкая дзейнасць - беларускія сустрэчы з дзіцяча-юнацкай аўдыторыяй. Расказваем аб з'яўленні беларусаў у Сібіры. Спрабуем прамаўляць беларускія словы. Стараемся разнастаіць занятак наглядным матэрыялам: дэманструем нацыянальныя касцюмы, глядзім беларускія мультфільмы, кліпы. Заўсёды ўключаем інтэрактыўную частку, дзе ёсць магчымасць дзецям зрабіць ужо нешта самім: перакласці тэкст на рускую мову, змайстраваць традыцыйны выраб з саломкі або вышыць сімвал, правільна сабраць камплект традыцыйнага касцюма, паспяваць, патанцаваць, пагуляць. Заўсёды арыентуемся на ўзрост удзельнікаў, на запыт педагагічнага калектыву. За гэты год прайшло 10 адкрытых сустрэч. З навучэнцамі школ №11, 65, 17, 40, ліцэя № 3, двойчы пабывалі ў спецыяльнай школе-інтэрнаце для дзяцей з парушэннем слыху, студэнтамі тэатральнага вучылішча, абласнога каледжа культуры, Педагагічнай адукацыйнай акадэміі. Пабывалі ў дзіцячым садку № 75. Быў і міжнародны вопыт. З кітайскімі дзецьмі - удзельнікамі фэсту «Лунаючы Фенікс» у Пекіне прыйшлося мець зносіны на невербальным узроўні з дапамогай народнага беларускага танца. Сюды ж можна аднесці нашыя сустрэчы з іркуцянамі на майстравых кірмашах, калі мы даём майстар-класы па традыцыйных беларускіх рамёствах, а таксама ладзім лекцыі з інтэрактывам у музеях, бібліятэках ужо для дарослага насельніцтва.

Наша ўнутраная праца, наш асобасны рост, калі сябры ІТБК самастойна і ў калектыве, з дапамогай літаратуры, зносін з аднадумцамі ў Беларусі, іншых рэгіёнах Расіі вывучаюць святы, рамёствы, песні, танцы, арнамент. Мы збіраемся ў офісе на рэпетыцыі за вышыўкай або на прагляд фільма на беларускай мове, а вось нядаўна глядзелі дыяфільмы! Тут напісана мала, але гэта самая аб'ёмная частка нашай дзейнасці.

На працягу года наша арганізацыя брала ўдзел у круглых сталах, грамадзянскіх форумах, канферэнцыях.

Гэта былі канферэнцыя «Этнаканфесійны дыялог, мір і згода» ў межах VIII універсітэцкіх сацыяльна-гуманітарных чытанняў, Першы міжрэгіянальны Форум Сібірскай федэральнай акругі «Сібір - тэрыторыя міжнацыянальных міру і згоды», Міжнародная канферэнцыя “Роля моладзі ва ўмацаванні міжнацыянальных адносін”. А таксама ўдзельнічалі ў працы круглых сталоў Камісіі па нацыянальных адносінах і свабодзе сумлення Грамадскай палаты Іркуцкай вобласці.

Яшчэ ў летні перыяд мы былі актыўныя фестывальшчыкі: «Будь», «Байкал-лайф», «Феерия состояний», «Мы разные, мы вместе», «Радуга над Байкалом» - усюды былі беларускія танцы, майстар-класы па беларускім рамястве (т .б. мы былі мадэратарамі), а яшчэ мы займаліся зборам смецця. Цяпер наша задача на 2015 год - выкарыстаць атрыманы вопыт ва ўласным «Фестывалі беларусаў свету на Байкале!»

Беларусы - працавітая, мірная нацыя, якая паважае сваю культуру і культуру іншых народаў. У 2014 годзе прайшло шмат сумесных мерапрыемстваў як з некамерцыйнымі арганізацыямі, так і з дзяржаўнымі ўстановамі культуры і адукацыі. Мы ўмеем сябраваць.

Вельмі плённым быў 2014 для ІТБК. Ён быў цудоўны, добры, цёплы, трохі складаны, але ўсё ж спрыяльны. Дзякуй табе, 2014-ты, і здароў, 2015-ты!

Алена Сіпакова