Каляднае свята ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова

Зараз паўсюль пануе святочны навагодні і калядны настрой. Вядома ж, і мы - беларусы Малдовы - шчыра радуемся ўсім зімовым святам, а таксама імкнемся прыўнесці і сваю беларускую аўтэнтычную нотку ў яркі малдаўскі святочны каларыт.

З нагоды зімовых святаў 29 снежня Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова і Беларускi культурны рух Малдовы арганізавалі для дзяцей і дарослых беларусаў Малдовы святочнае мерапрыемства, накіраванае на захаванне, папулярызацыю і развіццё беларускіх калядных традыцый і беларускай мовы. Упершыню для беларускай дыяспары Малдовы такое свята мела месца ў зале самога Пасольства ў вельмі ўрачыстай, прыгожай і па-хатняму гасціннай атмасферы.

Часовы Павераны ў Справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова Аляксандр Аляксандравіч Салаўёў шчыра падзякаваў актыву арганізацый беларускай дыяспары за праведзеную ў гэтым годзе работу, адзначыўшы, што ў 2014 годзе суайчыннікі ў Малдове выдатна папрацавалі, дзякуючы чаму дамагліся адпаведных выдатных вынікаў.

Для запрошаных беларусаў Малдовы Пасольства РБ у РМ арганізавала святочны салодкі стол з разнастайнымi прысмакамі, а Беларускi культурны рух Малдовы падрыхтаваў новы беларускамоўны інтэрактыўны спектакль «Каляднае свята».

Гэтым разам удзельнікамі імпрэзы сталі не толькі маленькія прадстаўнікі руху, але і дарослыя яго ўдзельнікі. Атрымаўся па-сапраўднаму сямейны беларускі этнічны тэатр. Галоўнымі дзеючымі асобамі спектакля «Каляднае Свята» сталі, вядома ж, калядоўшчыкі - нязменныя гістарычныя героі Калядаў, а таксама да іх вельмі ўдала далучыліся старажытныя беларускія міфалагічныя персанажы: Бог Зімы Зюзя і яго памагатыя Мароз i Завіруха. У маляўнічай пастаноўцы дзеці і дарослыя ў нацыянальных касцюмах распавялі шматлікім гасцям пра гісторыю Калядаў, пра сакральны сэнс гэтага свята, пра асаблівасці яго святкавання ў Беларусі з часоў далёкіх продкаў i да сённяшніх дзён, павіншавалi ўсіх беларусаў і нашу родную Рэспубліку Беларусь з Новым годам і Ражаством Хрыстовым.

Каб атрымаць сапраўднае каляднае яднанне памiж беларусамi Малдовы, у спектаклі было шмат адмысловых інтэрактыўных момантаў, такіх як калядная віктарына, конкурсы Зюзi, загадкі і карагоды. У калядным свяце кожны, нягледзячы на ўзрост, змог сябе праявіць, былі задзейнічаны ўсе: ад малога да старога! Дзяўчынкі і хлопчыкі, мамы і таты, бабулі і дзядулі выдатна справіліся з усімі выпрабаваннямі, бліскуча адказвалі на пытанні, адгадвалі ўсе загадкі, трапна кідалі снежкі і ўсе разам вадзілі святочны карагод вакол прыгожай навагодняй ёлкі. Прысутныя ў Пасольстве РБ у РМ пажадалi адно аднаму ўсяго самага прыгожага і добрага, разам успомнілi беларускія калядныя традыцыі і павіншавалi нашу родную любую Беларусь з надыходзячымі святамі!

Напрыканцы каляднага свята ўсе маленькія беларусы Малдовы атрымалі ад Зюзі і Пасольства РБ у РМ салодкія падарункі, а артысты - шчаслівыя шчырыя ўсмешкі і бурныя апладысменты!

Беларускi культурны рух Малдовы жадае ў новым годзе ўсім беларусам свету Божага благаслаўлення ва ўсіх справах, моцнага здароўя, дабрабыту, рэалізацыі планаў i мірнага неба над галавой!

Хай ціха плывуць ад сяла да сяла

Над Божымі храмамі Калядныя звоны,

Каб Беларусь наша вечная мiрна жыла,

Каб мела i Славу, i Гонар!

Ганна Мазур